Кожны год з канца мая да сярэдзіны верасня ў Мінску праходзіць летні музычна-турыстычны сезон. З пятніцы па нядзелю ў Верхнім горадзе, каля Палаца спорту і ў Лошыцкай сядзібе арганізуюць канцэрты пад адкрытым небам, кінапаказы, інтэрактыўныя гістарычныя пляцоўкі, пешаходныя экскурсіі і танцавальныя вечары.
Гэты праект зарадзіўся ў сярэдзіне 2010-х як ініцыятыва па ажыўленні гістарычнага цэнтра беларускай сталіцы. Сёння ён вырас з кропкавых выступленняў каля Ратушы ў агульнагарадскі марафон мастацтваў на мностве пляцовак.
Асноўнай лакацыяй сезонаў першыя гады была плошча Свабоды ў Верхнім горадзе. Галоўнымі падзеямі станавіліся канцэрты "Класіка каля Ратушы" і "Джазавыя вечары", якія збіралі каля сцэны тысячы мінчан і гасцей сталіцы. Стартаваў і праект "Пешаходка", які даў легальную пляцоўку вулічным музыкантам і перформерам. Прыкладна тады ж сталі набіраць абароты Дні нацыянальных культур. Пазней праграмы адаптавалі пад сямейны адпачынак і інтэрактывы для дзяцей. Пачаліся першыя паказы фільмаў пад адкрытым небам.












У 2026 годзе праект пашырыў геаграфію. Па пятніцах дадаліся паўнацэнныя тэатральныя паказы ў Лошыцкім парку, у Ракаўскім дворыку паказваюць спектаклі для юных гледачоў, а пляцоўка каля Палаца спорту ператварылася ў штотыднёвы вялікі кінатэатр на адкрытым паветры.
Прагульваючыся па летнім Мінску, можна стаць удзельнікам цікавых падзей. Напрыклад, у ліпеньскія выхадныя інтэрактыўная пляцоўка "Мінск губернскі" перанесла гасцей у горад пачатку ХХ стагоддзя. На арт-тэрасе канцэртнай залы "Верхні горад" адбыўся танцавальны опэн-эйр. А ў рамках "Джазавых вечароў каля Ратушы" канцэрт на біс даў вядомы сталічны аркестр "Няміга".











