Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў-2015 у Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Спорт | Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў-2015 у Беларусі

Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў-2015 у Беларусі


Чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў па біятлоне прайшоў 17–24 лютага 2015 года ў Беларусі.

Галоўнай пляцоўкай спаборніцтваў стала знакамітая спартыўная база – Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", дзе знаходзіцца адзін з лепшых у свеце біятлонных комплексаў. Напярэдадні першынства ў цэнтры завяршылася маштабная рэканструкцыя, дзякуючы чаму сёння "Раўбічы" аснашчаны найноўшым абсталяваннем і тэхналогіямі, якія адпавядаюць усім сусветным стандартам.

Чэмпіянат па традыцыі ўключаў два залікі:

  • сярод юніёраў і юніёрак (ва ўзросце 19-21 года);
  • сярод юнакоў і дзяўчат (маладзейшых за 19 гадоў).

Чэмпіёны і прызёры чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў

Індывідуальная гонка, дзяўчаты (10 км) – Ганна Крыванос (Украіна), Інгрыд Ландмарк Тандрэвалд (Нарвегія), Лізавета Капліна (Расія)

Індывідуальная гонка, юнакі (12,5 км) – Кірыл Стральцоў (Расія), Андэрс Эміл Шылеруп (Данія), Ігар Шацько (Расія)

Індывідуальная гонка, юніёркі (12,5 км) – Юлія Журавок (Украіна), Кінга Мітарай (Польшча), Галіна Вішнеўская (Казахстан)

Індывідуальная гонка, юніёры (15 км) – Арыстыд Бегу (Францыя), Аляксандр Дзядзюхін (Расія), Вемунд Гурыгард (Нарвегія)

Спрынт, дзяўчаты (6 км) – Дар'я Блашко (Беларусь), Джулія Швайгер (Аўстрыя), Інгрыд Ландмарк Тандрэвалд (Нарвегія)

Спрынт, юнакі (7,5 км)  – Ёнас Углем Мабакен (Нарвегія), Фелікс Ляйтнер (Аўстрыя), Матыс Хауг (Нарвегія)

Спрынт, юніёркі (7,5 км) – Лена Арно (Францыя), Галіна Вішнеўская (Казахстан), Хлой Шэвалье (Францыя)

Спрынт, юніёры (10 км) – Аляксандр Дзядзюхін (Расія), Фаб'ен Клод (Францыя), Шон Доэрці (ЗША)

Гонка праследавання, дзяўчаты (7,5 км) – Інгрыд Ландмарк Тандрэвалд (Нарвегія), Джулія Швайгер (Аўстрыя), Сімона Купфнер (Аўстрыя)

Гонка праследавання, юніёркі (10 км)– Мары Хайнрых (Германія), Галіна Вішнеўская (Казахстан), Юлія Журавок (Украіна)

Гонка праследавання, юнакі (10 км)– Фелікс Ляйтнер (Аўстрыя), Кірыл Стральцоў (Расія), Матыяс Хауг (Нарвегія)

Гонка праследавання, юніёры (12,5 км) – Эдуард Латыпаў (Расія), Вемунд Гурыгард (Нарвегія), Аляксандр Паварніцын (Расія)

Эстафета, дзяўчаты (3х6 км) – Беларусь, Расія, Нарвегія

Эстафета, юнакі (3х7,5 км) – Расія, Украіна, Нарвегія

Эстафета, юніёркі (3х6 км) – Францыя, Расія, Германія

Эстафета, юніёры (4х7,5 км) – Расія, Нарвегія, Францыя

Беларусь – месца правядзення ЧС-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў

Зорка сусветнага біятлона – беларуска Дар'я ДомрачаваСусветнае першынство па біятлоне сярод юніёраў заснавана ў 1967 годзе. З 1989 года праходзяць  спаборніцтвы сярод юніёрак, а з 2002 года – сярод юнакоў і дзяўчат.

У лютым 2013 г. Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) прыняў рашэнне аб правядзенні юніёрскага ЧС-2015 менавіта ў Беларусі. Безумоўна, аргументамі на карысць краіны сталі сучасны біятлонны комплекс і поспехі нашых спартсменаў на сусветнай арэне.

Сярод знакамітых беларускіх страляючых лыжнікаў – Сяргей Булыгін, Аляксандр Папоў, Святлана Парамыгіна, Алег Рыжанкоў, Алена Зубрылава, Вадзім Сашурын, Аляксей Айдараў, Уладзімір Драчоў… І, зразумела, зорка сучаснага біятлонаДар'я Домрачава, якая на працягу многіх сезонаў знаходзіцца сярод лідараў сусветнага рэйтынгу. А свае першыя міжнародныя ўзнагароды спартсменка заваявала менавіта на чэмпіянатах свету сярод юніёраў.

У лютым 2014-га на зімовай Алімпіядзе ў Сочы "беларуская ракета" Даша Домрачава стала трохразовай чэмпіёнкай і першай жанчынай у біятлоне, якая заваявала адразу тры алімпійскія ўзнагароды ў асабістых гонках. Бронзу Сочы-2014 заваявала яшчэ адна беларуская біятланістка Надзея Скардзіна.

Сапраўды, біятлон у Беларусі карыстаецца вялікай папулярнасцю. Больш за 2 тысячы юных спартсменаў займаюцца гэтым відам спорту, і многія беларусы з'яўляюцца паклоннікамі біятлона, балельшчыкамі нацыянальнай зборнай.
 
У Беларусі да чэмпіянату свету па біятлоне-1974 быў пабудаваны знакаміты спартыўны комплекс "Раўбічы",  дзе за дзесяцігоддзі было праведзена мноства міжнародных турніраў топ-узроўню па біятлоне, лыжных гонках і фрыстайле.

У 2015 годзе ў краіне з'явіцца яшчэ адзін біятлонны комплекс са стрэльбішчам – у наваколлі Гарадка Віцебскай вобласці.

"Раўбічы" – галоўная пляцоўка чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў

Біятлонны стадыён у РаўбічахРэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" адкрыўся ў лютым 1974 года. Узведзены спецыяльна да  чэмпіянату свету па біятлоне, ён ідэальна адпавядаў усім умовам для такіх аб'ектаў. Сярод іх мяккі зімовы клімат з умеранымі ападкамі і спрыяльнай ружай вятроў, перасечаная мясцовасць, неабходная для стварэння трас рознай складанасці, зручнае размяшчэнне недалёка ад Мінска і добрыя  транспартныя зносіны…

У наваколлі вёскі Раўбічы, дзе знаходзіцца спарткомплекс, захаваўся асаблівы ландшафт, які нярэдка параўноўваюць са Швейцарыяй. Пакрытыя хвойнымі лясамі ледніковыя ўзгоркі чаргуюцца з раўніннымі лугамі ля берагоў ракі Усяжы і маляўнічага штучнага возера.

Цэнтр "Раўбічы" прызначаны для трэніровак і спаборніцтваў па зімовых відах спорту: біятлоне, лыжных гонках і лыжным дваябор'і, скачках на лыжах з трампліна, слаламе, канькабежным спорце, фрыстайле, снаўбордзе.

Галоўныя спартыўныя аб'екты комплексу:

  • біятлонны стадыён (асноўнае і трэніровачнае стрэльбішчы на 38 мішэней, крыты 50-метровы цір, трыбуны)
  • лыжаролерная траса (працягласць 7,5 км, шырыня 6 м)
  • скачковыя трампліны
  • крыты каток
  • спартыўная зала
  • судзейскі павільён
  • трэнажорныя залы
  • ролікадром
  • гарналыжны схіл
  • тэнісныя корты, пляцоўкі для баскетбола, міні-футбола

На тэрыторыі цэнтра працуюць медыка-аднаўленчы цэнтр, гасцініцы і камандныя катэджы, рэстаран, кафэ і бар-піцэрыя, пункты пракату спартыўнага інвентару

У беларускіх "Раўбічах" праходзілі буйнейшыя турніры:

  • чэмпіянаты свету па біятлоне (1974, 1976, 1982, 1990);
  • чэмпіянаты Еўропы па біятлоне (1998, 2004);
  • Кубак свету па лыжных гонках (1991);
  • этапы Кубка Еўропы па фрыстайле (1995, 2006).

За правядзенне чэмпіянату свету па біятлоне-1982 комплекс адзначаны залатым знакам UIPMB.

У 1996 годзе Міжнародны саюз біятланістаў прысвоіў цэнтру "Раўбічы" катэгорыю А – з ліцэнзіяй на правядзенне спаборніцтваў вышэйшага  ўзроўню без выключэнняў.

Сёння "Раўбічы" – адзін з лепшых зімовых спартыўных комплексаў у свеце. Пасля грандыёзнай рэканструкцыі, якая працягвалася некалькі гадоў, комплекс набыў суперсучасную інфраструктуру і стаў яшчэ больш камфортным для спартсменаў і трэнераў, суддзяў і журналістаў, турыстаў.

Спаборніцтвы юніёрскага ЧС-2015, на які прыедуць больш за 600 удзельнікаў, будзе прымаць абноўлены біятлонны стадыён:

  • спаборніцкія трасы даўжынёй 1,5 км, 2 км, 2,5 км, 3 км, 3,3 км, траса для трэніровак даўжынёй да 5 км (якаснае пакрыццё, 4 рэжымы асвятлення – дзяжурны, трэніровачны, спаборніцкі і спаборніцкі з тэлездымкамі);
  • стрэльбішча с 30 мішэнямі (Kurvinen);
  • сучасныя вакс-кабіны і памяшканні для падрыхтоўкі рыштунку;
  • зручныя памяшканні для пераапранання;
  • адкрытыя трыбуны для гледачоў на 2,5 тысячы месц (у цэнтры стадыёна будуць працаваць два вялікія электронныя табло);
  • судзейскі павільён (цэнтр збору інфармацыі, сакратарыят, каментатарскія пазіцыі, допінг-кантроль, офісы Міжнароднага саюза біятланістаў);
  • прэс-цэнтр плошчай звыш 600 м².

Як дабрацца ў Раўбічы?

РаўбічыЦэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы" знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Мінска – недалёка ад аўтатрасы Мінск – Віцебск (М3).

Адлегласць ад Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" да комплексу "Раўбічы" – каля 25 км (аўтадарогі М2, Р80).

Дабрацца з Мінска ў Раўбічы можна на маршрутных аўтобусах (ад ДС "Славінскага" ў напрамках Аколіца, Батурынка), на аўтамабілі (каардынаты – N 54° 03. 718', E 27° 44. 381').

Праграма чэмпіянату свету сярод юнакоў і юніёраў па біятлоне-2015

Праграма чэмпіянату ўключала спаборніцтва юніёраў і юнакоў, юніёрак і дзяўчат па 4 спаборніцкіх дысцыплінах біятлона:

  • індывідуальная гонка,
  • спрынт,
  • гонка праследавання,
  • эстафета.

На працягу некалькіх дзён удзельнікі сусветнага першынства разыгралі 16 камплектаў узнагарод.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі