Вёска Бездзеж у Драгічынскім раёне на Палессі па праву лічыцца ўнікальнай. Такой яе робяць незвычайныя старадаўнія традыцыі, якія дайшлі са старажытнасці і актыўна працягваюцца ў ХХI стагоддзі. А яшчэ – цудоўныя прадметы народнай моды ранейшых часоў, якія сталі сапраўдным брэндам Бездзежа: падобных вы не ўбачыце больш нідзе! Дзякуючы ім у Беларусі з'явіўся адзіны ў свеце музей фартухоў.
Доўгія стагоддзі фартушкі ў Заходнім Палессі былі ўпрыгажэннем для дзяўчат і жанчын. Прычым іх вышывалі толькі тады, калі на душы было спакойна: сям'я сытая і здаровая, у доме парадак, у гаспадарцы ўсё ладзіцца. Аднак бездзежскія фартушкі сталі яшчэ больш адметным артэфактам народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для іх стварэння мясцовыя майстрыхі праводзілі вялізную работу: лён збіралі ў строга вызначаны час і доўга ператваралі яго ў тоненькую пражу - лічылася, 300 нітак павінны прайсці праз заручальны пярсцёнак. Фірменнай белізны вытканага палатна дасягалі з дапамогай асаблівых сакрэтаў, а потым гатовыя фартухі расшывалі ўзорамі. На бездзежскіх фартушках практычна няма арнаментаў: тутэйшыя жанчыны любілі кветкавыя матывы, пераносячы прыродную прыгажосць на тканіну.
У 1999 годзе ў вёсцы адкрыўся музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" – унікальны па тэматыцы і адзін з самых атмасферных у краіне. Сёння ў яго калекцыі каля 500 фартушкоў – і ні адзін узор не паўтараецца! Самы стары экспанат у 1880 годзе стварыла майстрыха Тадора Муха. Таксама ў музеі захоўваюцца іншыя прадметы нацыянальнага касцюма, палескія ручнікі. Тут праходзяць займальныя экскурсіі, якія расказваюць пра побыт беларусаў і традыцыі народнай моды, праводзяцца майстар-класы і аўтэнтычныя абрады.
У ліпені 2026 года музей "Бездзежскі фартушок" адкрыўся пасля капітальнага рамонту і рээкспазіцыі. Дарэчы, на час правядзення работ ён не спыняў прыём турыстаў.












Экспазіцыя размясцілася ў шасці залах. Тут прадстаўлены прадметы сялянскага побыту, працэс апрацоўкі лёну, інтэр'ер сялянскай хаты, саматканыя ручнікі, узоры народнага адзення, сучасная вышыўка і ткацтва. Жамчужына – унікальныя фартушкі.
У першай зале наведвальнікі знаёмяцца з жыццём Бездзежа. "Пачэснае месца займае панарама "міста". Каля Свята-Троіцкага храма на працягу некалькіх стагоддзяў праводзіліся вялікія кірмашы. Менавіта на прыцаркоўнай плошчы сыходзяцца вуліцы Бездзежа. Там жа праходзіць наш вясенні абрад "Стрылка", які занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, – звярнула ўвагу дырэктар музея Марыя Астаповіч. – У другой зале адноўлены інтэр'ер сялянскай хаты. У трэцяй зале будзем расказваць пра абрады нашай бездзежскай зямлі".
Чацвёртую залу можна назваць галоўнай скарбніцай музея. Да рээкспазіцыі там можна было ўбачыць каля 50 фартушкоў, цяпер прадстаўлена больш за 100. Усяго ў фондах захоўваюцца каля 500 фартушкоў, і двух аднолькавых няма. У пятай зале наведвальнікам паказваюць адзенне, якое насілі ў розныя поры года мясцовыя сяляне. Асаблівае месца займаюць вясельныя ўборы. У шостай зале дэманструюцца віды ткацтва, якім да гэтага часу займаюцца ў Бездзежы.









Пры музеі адкрыты падворак "Каля Плэса" (ад назвы на бездзежскім дыялекце мясцовай рачулкі). Гэта сапраўдная старая сялянская хата, дзе адноўлены побыт жыхароў палескай вёскі. Турысты могуць агледзець гаспадарку і схадзіць на рыбалку, пакатацца на брычцы, паспытаць старадаўнія стравы (дранікі, сала, бездзежскі хлеб, свежае малако і сыры) і ацаніць смак спрадвечнай прыправы з тоўчанага насення лёну. Дарэчы, паводле падання, з выпяканнем хлеба звязана і сама назва вёскі. Стагоддзі таму мясцовыя жыхары былі настолькі беднымі, што не мелі нават ёмістасцей для замешвання хлеба, таму ў суседніх вёсках пра іх казалі: "без дзеж", "бездзежцы".
У 2019 годзе ў музеі "Бездежскі фартушок" узнавілі страчаную тэхніку пляцення ўнікальнага мясцовага вясельнага вянка – "павы". І гэты аксесуар таксама з'яўляецца адметнасцю самабытнай вёскі. З 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя аж да канца 1980-х бездзежскія дзяўчаты ішлі да шлюбу ў створаных спецыяльна для іх павах. Выраб вянка займаў каля месяца, і рабіць яго нявесце дапамагалі сяброўкі. Матэрыяламі служылі белая і каляровая папера, яркія стужкі, а ў дачок заможных бацькоў яшчэ і пацеркі. Пава складалася з дзвюх частак: аснова – абвіты зялёнай стужкай абруч як сімвал пачатку новага перыяду жыцця, упрыгажэнне – букецікі рукатворных папяровых кветак, якія мацаваліся на драцяныя сцёблы даўжынёй каля 20 см. Па традыцыі дзесяць яркіх кветак уваходзілі ў адзін такі букецік, а іх у вясельным вянку павінна быць не менш за сем. Чым багацейшая нявеста, тым пышнейшай была яе пава!
Усе модныя аксесуары бездзежскіх прыгажунь даўніх часоў можна ўбачыць у музеі "Бездзежскі фартушок" у любую пару года. Але вясной сюды варта прыехаць дзеля яшчэ аднаго дзейства – унікальнага абраду "Стрэлка", або па-тутэйшаму "Стрылка". Удзельнічаюць у ім таксама выключна дзяўчаты і жанчыны. Яны прыбіраюцца ў народныя строі і павязваюць знакамітыя фартушкі, якія захаваліся яшчэ ў многіх сем'ях.