Фабрыкі сувеніраў, цацак
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Прамысловы турызм | Фабрыкі сувеніраў, цацак

Фабрыкі сувеніраў, цацак


У час падарожжа па Беларусі вы напэўна прыдбаеце сувеніры, якія будуць нагадваць пра мясціны, што спадабаліся, або стануць цудоўным падарункам блізкім. Але, бадай што, яшчэ цікавей – паназіраць за работай майстроў і паспрабаваць зрабіць нешта самастойна. Акрамя майстэрань індывідуальных рамеснікаў, этнаграфічных комплексаў і музеяў, у розных гарадах Беларусі можна наведаць вядомыя прадпрыемствы-брэнды, якія ствараюць як папулярныя масавыя сувеніры, так і рэдкі эксклюзіў.

"Слуцкія паясы"

Стагоддзі таму слуцкія паясы – з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, пераплеценых у непаўторныя ўзоры – былі і прадметам моднага гардэроба, і сімвалам раскошы, і творам мастацтва адмысловай работы. А пазней на доўгія гады ператварыліся ў рарытэты, якія можна было ўбачыць толькі ў нешматлікіх музейных і прыватных калекцыях некалькіх краін. Але дзякуючы адраджэнню ўнікальных традыцый вытворчасці сёння гэта яшчэ і эксклюзіўны сувенір з Беларусі, падобных да якога ў свеце няма. Убачыць, як ствараюцца сучасныя аналагі і копіі паясоў, а таксама дэкаратыўныя сувеніры з іх матывамі можна на адным з буйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў Беларусі – фабрыцы "Слуцкія паясы". Яна размешчана ў гістарычным цэнтры ткацтва – горадзе Слуцку, які і даў назву знакамітым аксесуарам. У час экскурсіі гасцей знаёмяць з сакрэтамі ручной работы і вытворчасці паясоў на асаблівым станку, а таксама запрашаюць у адзіны ў краіне музей гісторыі слуцкіх паясоў.

Адрас: г. Слуцк, вул. М. Багдановіча, 8

"Белмастацкераміка" з Радашковіч

Гісторыя завода ў пасёлку майстроў Радашковічы пачалася яшчэ ў даваенным 1940-м. І з першых дзён у лінейцы карысных тавараў для побыту яго візіткай стаў посуд з гліны – традыцыйнага, здаўна любімага беларусамі матэрыялу. Нездарма многія папулярныя стравы беларускай кухні гатуюцца менавіта ў керамічных гаршчках, якія асаблівым чынам трымаюць тэмпературу. Праз дзесяцігоддзі "Белмастацкераміка" – адна з самых вялікіх ганчарных вытворчасцей Беларусі. Тут выпускаюць посуд, вазы, гаршчкі для кветак, арыгінальныя свяцільні, карціны з гліны і разнастайныя сувеніры з беларускім каларытам. Зразумела, асноўныя працэсы аўтаматызаваныя, але шмат што па-ранейшаму робяць уручную. У час экскурсіі госці могуць паназіраць за работай майстроў, убачыць, як гліна ператвараецца ў нешта карыснае, прыгожае, арыгінальнае... І, вядома, прыняць удзел у стварэнні ўласнага сувеніра.

Адрас: Мінская вобласць, Маладзечанскі раён, г.п. Радашковічы, вул. Савецкая, 12

Шклозавод "Нёман"

Знакаміты брэнд горада Бярозаўкі Лідскага раёна – шклозавод "Нёман" – найстарэйшае прадпрыемства гэтай галіны ў Беларусі. Традыцыі вытворчасці шкла і хрусталю закладзены тут яшчэ ў ХIХ стагоддзі. Маленькая гута мясцовага шляхціца Ленскага, дзе выдзімалі піўныя бутэлькі, з новымі гаспадарамі (1883 г.) Ю.Столле і В.Крэўскім ператварылася ў знакамітую фірму, што выпускае ўсё ад раскошных сервізаў і вытанчаных упрыгажэнняў да самых даступных прадметаў побыту і сувеніраў са шкла. Сёння турысты з розных краін прыязджаюць у горад беларускіх шкловыдзімальшчыкаў. На экскурсіі можна паглядзець, з чаго і як майстры выдзімаюць шкло, наведаць шкляны музей, дзе сабраны старадаўнія і самыя прыгожыя прадметы: фірменнае малочна-дымчатае шкло з “нёманскай ніццю”, высакародны хрусталь, мноства экспанатаў, адзначаных на прэстыжных міжнародных выстаўках.

Адрас: Гродзенская вобласць, Лідскі раён, г. Бярозаўка, вул. Карзюка, 8

Цацкі "Палессе"

Адзін з самых вядомых дзіцячых брэндаў Беларусі – кампанія "Палессе", заснаваная ў канцы 1990-х у Кобрыне і пачаўшая бізнес з аднаго ручнога станка – сёння выпускае больш за 2400 найменняў, адпраўляючы цацкі ў больш як 60 краін свету. І экскурсія тут – гэта сапраўды некалькі гадзін дзяцінства. Гасцям паказваюць усе этапы вытворчасці цацак ад задумы, распрацоўкі дызайну і стварэння 3D-мадэлей да зборкі вялікай лінейкі тэхнікі, канструктараў, развіваючых набораў і гульнявых комплексаў. Можна нават пракаціцца на электрычным пазадарожніку: галоўнае абмежаванне для вадзіцеля – вага да 70 кг. Дарэчы, кампанія вырабляе выключна развіваючыя і пазітыўныя цацкі, а ў першыя выхадныя чэрвеня – у гонар Міжнароднага дня абароны дзяцей – праводзіць вялікае свята гульні і цацак.

Адрас: Брэсцкая вобласць, г. Кобрын, вул. Савецкая, 141

 

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі