Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Барысаве: месцы легендарных бітваў 1812 года, цудоўныя храмы і стадыён самага тытулаванага клуба краіны

Што паглядзець у Барысаве: месцы легендарных бітваў 1812 года, цудоўныя храмы і стадыён самага тытулаванага клуба краіны

Гэты горад вядомы далёка за межамі Беларусі. Футбольныя балельшчыкі ведаюць яго дзякуючы ігракам самага паспяховага клуба краіны – БАТЭ. Аматары гісторыі і падарожжаў – па эпахальных падзеях 1812 года. Побач з Барысавам адбылася рашаючая бітва паміж напалеонаўскай і рускай арміямі і праходзіла легендарная пераправа цераз раку Бярэзіну, што забрала тысячы жыццяў і ў французскай мове нават стала сінонімам катастрофы… Стары Барысаўскі турэмны замак не ўцалеў, і сёння ўявіць яго дапамагаюць толькі невялікія руіны, але містычныя апавяданні пра мінулае і таямніцы вязняў гісторыя захавала. І вядома, у горадзе па-ранейшаму можна ўбачыць нямала адметных мясцін, якія ўваходзяць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны: некаторыя ўнікальныя для Беларусі.

Годам заснавання Барысава лічыцца 1102-і – па першым згадванні ў летапісах, калі полацкі князь Барыс Усяславіч хадзіў на яцвягаў і ў гонар сваёй перамогі заклаў горад на месцы зліцця рэк Бярэзіны і Схі. Пазней гэта пасяленне згарэла, але хутка адбудаваўся новы горад на 4 км ніжэй па цячэнні каля прытока Бярэзіны Прыллі.

Сёння Барысаў – буйны прамысловы і транспартны вузел сталічнага рэгіёна. Тут працуе больш за 40 прадпрыемстваў, у тым ліку своеасаблівыя для Беларусі і ключавыя для СНД. А госці Барысава могуць наведаць месцы, звязаныя з незвычайным мінулым горада. Акрамя таго, у 2021-м Барысаў стане культурнай сталіцай Беларусі і на працягу ўсяго года будзе цэнтрам маштабных мерапрыемстваў.

Руіны Барысаўскага замка

У XII стагоддзі на рачным востраве з'явіўся драўляны замак-крэпасць, які прастаяў да XVIII стагоддзя і не аднойчы абараняў гараджан ад ворагаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя на месцы старых, ужо даволі гнілых пабудоў былі ўзведзены новыя – мураваныя, а сам замак стаў выконваць функцыі турмы. Яго – як славутасць! – нават адлюстроўвалі на паштоўках Барысава тых часоў. Пасля Першай і Другой сусветных войнаў будынкі замка вельмі пацярпелі, былі закінуты і пачалі разбурацца. І да гэтага часу ўцалелі толькі невялікія руіны з рашоткамі ў аконных праёмах, частка агароджы з цэглы і старыя равы. Мясцовыя жыхары расказваюць містычныя гісторыі, як па начах чуваць гукі ланцугоў арыштантаў, якія ў даўнія часы дабіраліся сюды пехатой.

Барысаўскія "Батарэі"

Адна з самых вядомых мясцін Барысава – земляныя артылерыйскія ўмацаванні, пабудаваныя перад мостам цераз Бярэзіну для абароны горада ў час вайны 1812 года, помнік гісторыі і ваенна-інжынернага мастацтва. У нашы дні на "Батарэях" абсталявана назіральная пляцоўка, устаноўлены абеліск у памяць аб воінах і мадэлі марцір. Акрамя таго, тут захаваліся рэшткі акопаў і бліндажоў перыяду Савецка-Польскай вайны 1919-1920 гг. А ў 1930-я гады на гэтым месцы былі расстраляны некалькі соцень удзельнікаў Барысаўскага галоднага бунту. Сёння "Батарэі" з'яўляюцца часткай экспазіцыі, з якой знаёміць гасцей Барысаўскі музей.

Дзе: пр. Рэвалюцыі

Барысаўскі аб'яднаны музей

Краязнаўчы музей Барысава адкрыўся ў канцы 1950 года, і да гэтага часу тут сабралі больш за 57 тысяч рарытэтаў – калекцыі фатаграфій, дакументаў, шкла, керамікі, нумізматыкі. Экспазіцыя аб'ядноўвае 6 залаў, прысвечаных розным перыядам гісторыі горада і наваколля.

Самая маштабная тэма - "Гісторыя вайны 1812 года на Барысаўшчыне. Бярэзінская пераправа". У калекцыі можна ўбачыць адрэстаўрыраваныя мундзіры і галаўныя ўборы, халодную і агнястрэльную зброю, партрэты рускіх і французскіх генералаў. Тут жа захоўваецца копія часткі ўнікальнай панарамы польскіх мастакоў Войцеха Косака і Юльяна Фалата "Пераход арміі Напалеона цераз раку Бярэзіну ў 1812 годзе, пасля адступлення з Масквы". Яе гісторыя незвычайная! Мастакі пачалі работу ў 1895 годзе, і ўжо праз 16 месяцаў прадставілі панараму памерам 120 на 15 м. Прэм'ерны паказ адбыўся ў арандаваным памяшканні на берлінскай Гервартштрасе, потым яе ўбачылі ў Варшаве, Кракаве, Маскве, Кіеве. Але ў 1907 г. аўтары так пасварыліся, што не пашкадавалі нават разрэзаць грандыёзную работу на часткі – многія фрагменты згублены да гэтага часу. Захавалася палатно толькі ў наборы чорна-белых паштовак. З іх, як у мазаіцы, можна было выкласці ўсю карціну. У 1978 г. рэжысёр-дакументаліст з Мюнхена Георг Марышак перадаў Барысаўскаму музею фотарэпрадукцыю панарамы.

Значная частка музея прысвечана Івану Каладзееву – барысаўскаму памешчыку, значнаму грамадскаму дзеячу, калекцыянеру, бібліяфілу і мецэнату. У свой час ён сабраў унікальную калекцыю рарытэтаў – бібліятэку па гісторыі 1812 года з больш як 11 тысяч тамоў кніг, рукапісаў і часопісаў, а таксама партрэты афіцэраў і генералаў, 7 тысяч прадметаў. У зборы таксама было два наборы паштовак панарамы Косака і Фалата…

Дзе: пр. Рэволюцыі, 67
Час работы: аўторак-пятніца – з 9.00 да 18.00; субота-нядзеля – з 9.00 да 17.00, панядзелак – выхадны

Філіял Барысаўскага аб'яднанага музея – Музей народнай славы – дзейнічае ў аграгарадку Зембін. Яго экспазіцыя расказвае аб барацьбе жыхароў раёна з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама тут адкрыта мастацкая галерэя, прысвечаная вядомай мастачцы і мазаісту ХХ стагоддзя Надзі Хадасевіч-Лежэ, маці якой нарадзілася менавіта ў Зембіне, а бацька – у другой вёсцы Барысаўскага павета.

Брылёўскае поле

Госці Барысава, якім цікавы падзеі 1812 года, абавязкова павінны прадоўжыць падарожжа па слядах вайны і ненадоўга выехаць за горад. Менш як за 20 км ад "Батарэй" знаходзіцца гістарычны мемарыял "Брылёўскае поле", створаны побач з вёскамі Брылі і Студзёнка ў месцы знакамітай бітвы рускай і напалеонаўскай армій. У лістападзе 1812-га на працягу 4 дзён тут вяліся бязлітасныя баі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад агульнай назвай "Бітва на Бярэзіне". На берагах беларускай ракі вырашаўся лёс не толькі самога Напалеона і яго войска, але і ўсёй Еўропы.

У ходзе баёў на Бярэзіне з абодвух бакоў загінулі каля 50 тысяч чалавек – французы, рускія, беларусы, палякі, немцы. Да стагоддзя бітвы ў 1912 годзе на Брылёўскім полі ўстанавілі знак у памяць аб загінулых тут рускіх байцах. Сёння комплекс "Брылёўскае поле" аб'ядноўвае помнікі і мемарыяльныя пахаванні, сімвалічны гай і курганы. Манумент у гонар французскіх воінаў узведзены і каля вёскі Студзёнка.

Кожны год у лістападзе ў гадавіну Бярэзінскай пераправы праходзіць маштабная гістарычная рэканструкцыя, у якой прымаюць удзел клубы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі... На працягу двух дзён "баі" ідуць на Брылёўскім полі і рэштках артылерыйскай батарэі на правым беразе ракі. Яшчэ адно ўражальнае відовішча – заплыў цераз Бярэзіну: яго ўдзельнікі пераадольваюць халоднае лістападаўскае цячэнне ў памяць аб тым, як гэта давялося ў свой час рабіць салдатам напалеонаўскай арміі…

Недалёка ад месца пераправы і горада размешчана вёска Старабарысаў, дзе захаваўся фрагмент флігеля дваранскага маёнтка. У 1812 г. тут спыняўся Напалеон, і ўжо больш за два стагоддзі флігель называюць "Домам Напалеона".

Музей Дом-сядзіба І.Х. Каладзеева

Барысаўскі памешчык Іван Хрысанфавіч Каладзееў увайшоў у гісторыю як уплывовы грамадскі дзеяч, камергер, прадпрымальнік, мецэнат, знаток гісторыі, які сабраў самую вялікую ў Еўропе калекцыю па напалеоніцы. Як адзначалі сучаснікі, гэта быў вельмі энергічны і дзейны чалавек, які змог не толькі прымножыць спадчыну бацькі, але стаць мільянерам. У 1871 г. праз уладанні Каладзеева пралягла чыгунка, якая злучыла Маскву з Мінскам, а пазней з Брэстам і Варшавай. І паколькі новая магістраль з'явілася побач з суднаходнай ракой, маёнтак ператварыўся ў сапраўднае залатое дно.

Захапленнем Івана Каладзеева было калекцыяніраванне. Не шкадуючы грошай, ён выкупляў рэдкія кнігі, планы, карты, чарцяжы, партрэты палкаводцаў, малюнкі і гравюры з ваеннымі эпізодамі. Да 1912 года гэта быў самы маштабны і каштоўны збор Еўропы па тэме вайны 1812 г. Пасля смерці Івана Каладзеева яго жонка перадала асноўную частку ўнікальнай калекцыі ў маскоўскі музей. Тым не менш, у Барысаўскім доме-сядзібе, дзе адноўлены інтэр'еры канца XIX стагоддзя, можна ўбачыць цікавыя экспанаты – кнігі, фотакопіі карцін, гравюр, архіўных здымкаў і г.д. У залах размешчаны калекцыі аб вайне 1812 года, галерэя мастакоў, экспазіцыя аб яўрэях Барысаўшчыны, сувенірная крама мясцовых майстроў. Таксама тут праводзяць гістарычныя квесты, прэзентацыі і грамадскія мерапрыемствы.

Дзе: вул. 30 гадоў УЛКСМ, 38

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

Адзін з самых старых будынкаў горада, якія захаваліся, – касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, будаўніцтва якога завяршылася ў 1823 годзе. На гэтым месцы яшчэ ў 1642 г. барысаўскі стараста заклаў першы ў горадзе каталіцкі храм, але будынак быў драўляным і ў 1806 г. згарэў. Праз некалькі месяцаў пачалі ўзводзіць новы мураваны храм у стылі позняга класіцызму. Касцёл быў цэнтрам духоўнага жыцця прыхаджан, займаўся асветай і дабрачыннасцю. Пад заступніцтвам храма працавалі пачатковая школа на 80 вучняў і лазарэт на 27 ложкаў. Кожную пятніцу на працягу многіх гадоў ажыццяўлялася памінальная літургія за душы караля Уладзіслава IV і заснавальніка касцёла старасты Адама Казановіча.

Дзе: вул. 3-га Інтэрнацыянала, 28

Васкрасенскі сабор

Уражальная выдатная мясціна Барысава – Кафедральны сабор Уваскрэсення Гасподняга – стаіць у старой частцы горада на рыначнай плошчы. Каменны храм у рэтраспектыўна-рускім (псеўдарускім) стылі па праекце архітэктара з Пецярбурга Пятра Мяркулава быў закладзены ў 1871 г. і будаваўся тры гады. Яго ўзвялі на сімвалічным месцы, дзе яшчэ з ХІІ стагоддзя стаяла першая барысаўская царква: у час вайны 1812 г. яна была спалена. У 1830-м пабудавалі новую драўляную царкву, а праз яшчэ чатыры дзесяцігоддзі было вырашана стварыць велічны мураваны храм. Урачыстае адкрыццё і першае богаслужэнне адбыліся ў кастрычніку 1874 г. з удзелам вышэйшых асоб губерні і духавенства.

У пачатку ХХ стагоддзя побач з саборам з'явілася брама-званіца. У 1937 г. богаслужэнні спыніліся, у храме знеслі крыжы, а памяшканні пачалі выкарыстоўваць для захоўвання збожжа. Пасля Вялікай Айчыннай вайны сабор заставаўся духоўным цэнтрам, служэнні прадаўжаліся, аднак савецкія ўлады ўвялі істотныя абмежаванні: аж да перабудоўчых часоў забаранялася біць у званы.

Сёння Васкрасенскі сабор у Барысаве справядліва лічаць адным з самых прыгожых у Беларусі. Гэта дзевяцікупальны трохапсідны храм, у плане крыжовы. Яго яркі чырвона-тэракотавы фасад багата ўпрыгожаны беласнежнымі дэкаратыўнымі элементамі – какошнікамі, налічнікамі з паўкруглымі і трохвугольнымі франтонамі, прафіляванымі карнізамі, пілястрамі і філёнгамі. Галоўны арачны ўваход падкрэслівае вялікі партал на 4 слупах. І ўнутры храм таксама захапляе дэталямі. Галоўны прастол у імя Уваскрэсення Хрыстова размешчаны ў апсідзе, злева – прастол у гонар святога князя Уладзіміра, справа – прастол у гонар святога князя Аляксандра Неўскага.

Таксама на плошчы побач з саборам устаноўлены помнік заснавальніку горада князю Барысу.

Дзе: вул. Лапаціна, 34

Гандлёвыя рады на рыначнай плошчы і дамы старога Барысава

Побач з Васкрасенскім саборам у гістарычным цэнтры горада, дзе праходзілі кірмашы, захаваліся гандлёвыя рады забудовы XIX стагоддзя. Сёння яны таксама заняты магазінамі і рыначнымі павільёнамі.

У Барысаве можна ўбачыць і іншыя будынкі з гісторыяй. На сродкі мецэната Івана Каладзеева ў канцы XIX стагоддзя была пабудавана частка дамоў на цэнтральнай вуліцы горада. Таксама па яе правым баку стаяць дамы сталінскага перыяду. Сёння праспект Рэвалюцыі вядзе да цэнтральнай плошчы, дзе да Вялікай Айчыннай вайны быў іпадром, а цяпер размешчаны бібліятэка, цэнтральны ўнівермаг, будынак гарвыканкама і помнік Леніну.

Чыгуначны вакзал станцыі Барысаў

Станцыя Барысаў была заснавана ў лістападзе 1871 года. Першапачаткова гэта быў невялікі вузел на двухпутным участку. Але паступова станцыя набывала ўсё большае значэнне, і ў 1914 г. тут пабудавалі новы будынак, які стаў адзіным двухпавярховым вакзалам на 200-кіламетровым шляху ад Мінска да Оршы. Першы паверх занялі службова-тэхнічныя памяшканні і багажнае аддзяленне з выхадам на перон. На другім паверсе жылі работнікі станцыі і фінансава-камерцыйны рэвізор. Побач у прыбудаваным драўляным павільёне размясціўся рэстаран.

У гады Грамадзянскай вайны станцыя вельмі пацярпела, але была адноўлена. Вялікая Айчынная таксама прынесла страты, аднак чыгуначны вузел прадаўжаў дзейнічаць і будынак вакзала захаваўся да нашых дзён.

На прывакзальнай плошчы можна ўбачыць "барысаўскія вароты" – вуглавыя вежы дамоў нагадваюць "Вароты горада" ў Мінску. Таксама тут устаноўлена стэла "Барысаў –ардэнаносны горад".

Шухаўская воданапорная вежа

Пабудаваная па праекце Уладзіміра Шухава гіпербалоідная вежа ў Барысаве – адна з рэдкіх адметнасцей. У Беларусі такіх аб'ектаў усяго два, на постсавецкай прасторы – 11, ды і ў свеце такіх канструкцый няшмат. 27-метровая вежа ў Барысаве з'явілася ў 1927 г. і мела важнае значэнне – забяспечваць паравозы, якія праходзяць праз чыгуначную станцыю, вадой: а яе патрэбна было не менш, чым паліва. Воданапорныя вежы былі неабходны па ўсім шляху руху такіх саставаў. Але паколькі цагляныя вышкі атрымліваліся больш дарагімі і складанымі для пабудовы, інжынер-вынаходнік Уладзімір Шухаў прапанаваў больш танны, але такі ж трывалы варыянт – гіпербалоідныя металічныя канструкцыі. Яны атрымалі шырокае распаўсюджванне. На тэрыторыі былога СССР пабудавалі каля 200 гіпербалоідаў, самы вядомы з якіх – Шабалаўская тэлевышка ў Маскве.

Аднак у час Вялікай Айчыннай вайны многія вежы былі разбураны, паколькі з'яўляліся ключавымі стратэгічнымі аб'ектамі. Барысаўская – адна з нямногіх што дайшлі да нашага часу, хоць сёння яна знаходзіцца не ў лепшым стане. У адпаведнасці з планамі, у бліжэйшы час можа пачацца рэстаўрацыя ўнікальнай адметнасці.

Дзе: скрыжаванне вул. Гастэлы і вул. Энгельса

Пакроўская стараверская царква

У Барысаве знаходзіцца адзін з нямногіх у сталічным рэгіёне стараверскіх храмаў. Доўгія гады стараверы горада збіраліся ў дамах прыхаджан, але ў 1989 годзе абшчына атрымала драўляны будынак – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Некалі тут стаяў праваслаўны мужчынскі манастыр, а храм быў асвячоны ў гонар святога Андрэя. У савецкія гады ў сценах царквы знаходзіўся склад, і толькі ў канцы ХХ стагоддзя храм быў адноўлены.

Дзе: зав. Газетны, 3

Барысаўская Вялікая сінагога

Яўрэйская абшчына ў Барысаве існуе з XVI стагоддзя. І некалі яна была адной з самых багатых і ўплывовых на тэрыторыі Беларусі. Барысаўскія яўрэі актыўна гандлявалі хлебам і лесам з прыбалтыйскімі землямі, паўночным Прычарнамор'ем. Акрамя таго, людзі займаліся земляробствам, кравецкім рамяством. На пачатак ХХ стагоддзя ў горадзе жылі больш за 10 тысяч яўрэяў, дзейнічала сем сінагог. У 1911 годзе ў Барысаве з'явілася сінагога "Хеўрэ тылім", будынак якой захаваўся да нашага часу амаль у першапачатковым выглядзе (вул. Лапаціна, 41). А ў 1912 годзе была пабудавана Вялікая сінагога. На фоне іншых гарадскіх пабудоў яе будынак вылучаўся і маштабамі, і асаблівасцямі архітэктуры: фасад упрыгожвалі пілястры, арачныя вокны, вітражная зорка Давіда. Аднак у савецкія гады сінагога страціла частку дэкору, выкарыстоўвалася як будынак для дзіцячых устаноў. Сёння яна закрыта, а мясцовыя ўлады зацікаўлены знайсці інвестара, гатовага ўзяцца за рэстаўрацыю і вяртанне гістарычнай каштоўнасці да жыцця.

Дзе: вул. 3-га Інтэрнацыянала, 49

У ліпені 1941 г. у Барысаве фашыстамі было створана яўрэйскае гета – некалькі кварталаў у межах вуліц Свабоды, Перамогі, Савецкай, Чырвонаармейскай і Слабодка. А ўжо ў кастрычніку больш за 7 тысяч яго жыхароў былі бязлітасна знішчаны. Усяго за гады вайны ў горадзе забіта амаль 9 тысяч яўрэяў…

Барысаў-Арэна

Галоўная спартыўная адметнасць горадафутбольны стадыён "Барысаў-Арэна". Гэта дамашняя пляцоўка знакамітага клуба БАТЭ. І менавіта шматгадовыя поспехі самай тытулаванай каманды краіны дапамаглі гораду атрымаць маштабны аб'ект, аналагаў якому ў Беларусі пакуль няма. Будаўніцтва пачалося ў лістападзе 2010 года ў лясным масіве побач з аўтатрасай на Мінск і чыгуначнай станцыяй, на адлегласці 60 кіламетраў ад галоўнай паветранай гавані – Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Пры праектаванні за ўзор быў узяты стадыён "Людскі врт" у Марыбары, але барысаўская арэна атрымалася па-свойму арыгінальнай і эфектнай. Серабрысты аб'ект з ілюмінатарамі-кроплямі не толькі ўражвае ў прыгожым вячэрнім асвятленні, але і днём выглядае загадкава сярод вечназялёных тонкіх сосен.

Афіцыйнае адкрыццё адбылося 3 мая 2014 года фінальным матчам розыгрышу Кубка Беларусі. Футбольны стадыён разлічаны на больш як 13 тысяч месцаў, адпавядае патрабаванням чацвёртай катэгорыі УЕФА, дае магчымасць праводзіць не толькі паядынкі кваліфікацыйных раўндаў еўракубкаў, але і сустрэчы групавога этапу і плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. На галоўным полі Барысава гулялі футбалісты "Барселоны", "Ромы", "Баера"…

Таксама на "Барысаў-Арэне" праводзяць экскурсіі, дзе прапануюць пабываць у раздзявалцы футбалістаў, пасядзець на трэнерскай лаўцы, зазірнуць у VIP-ложу і даведацца шмат цікавага аб стадыёне.

Дзе: вул. Гагарына, 119

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: