Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Нараджэнне Хрыстова і Новы год-2020 у Беларусі

Нараджэнне Хрыстова і Новы год-2020 у Беларусі

Новы год і Нараджэнне Хрыстова – дзівосны час незалежна ад таго, у якім пункце свету іх сустракаюць: на беразе цёплага мора з прахаладжальным кактэйлем або ў заснежаным горадзе, дзе цяпло разліваецца ад мільёнаў мігатлівых агнёў і вастраводарных напіткаў.

У Беларусі на гэтыя зімовыя святы надвор'е можа быць непрадказальным: і ўзбадзёрыць моцным паўночным марозам, і накрыць лёгкай еўрапейскай зімой. Але ў любым выпадку добры настрой і забавы абавязковыя. Ужо з першых дзён снежня настае час калядных кірмашоў і распрадаж, яркіх вулічных шэсцяў казачных персанажаў і тэатралізаваных паказаў, самабытных абрадаў, урачыстых баляў у старадаўніх сядзібах, замках і палацах і, безумоўна, святочных тураў і экскурсій па краіне…

Кульмінацыяй стане навагодняя ноч-2020: у Мінску 31 снежня гулянні разгорнуцца ва ўсіх раёнах горада (на 24 пляцоўках) і прадоўжацца да 3.00-4.00. Эпіцэнтрам, вядома ж, будзе Кастрычніцкая плошча, дзе ўстаноўлена самая вялікая ёлка краіны. Свята тут пачнецца ў 23.30 і прадоўжыцца да 4.00. Мінчан і гасцей чакаюць выступленні папулярных беларускіх артыстаў, музычных калектываў і дыджэяў.

Як правесці зімовыя канікулы ў Беларусі: куды адправіцца, што ўбачыць і дзе сустрэць Новы год-2020 - у святочным анонсе Belarus.by.

Навагоднія шэсці і вулічныя паказы

"НаШэсце Дзядоў Марозаў" у Магілёве

"НаШэсце Дзядоў Марозаў" чакаюць жыхары Магілёва напярэдадні зімовых свят: амаль сотня навагодніх чарадзеяў "наводніць" цэнтральныя вуліцы горада. Святочная праграма пачнецца 15 снежня на плошчы Леніна: тут сустрэнуць галоўнага Дзеда Мароза, які прыляціць на верталёце, і ўключаць агні цэнтральнай ёлкі. А на працягу пяці вечароў з каляднай куцці будзе праходзіць тэатралізаванае шэсце навагодніх чарадзеяў. Чакаецца, што калона будзе рухацца пад музыку аркестра, а потым на плошчы ля гарадскога ГЗЦ "Атрыум" запрашаць гасцей на незвычайны флэш-моб з адлічваннем часу да Новага года…

Калі: 25–30 снежня, з 17.00 да 18.00
Дзе: цэнтральныя вуліцы Магілёва

Шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурачак у Мінску

Не менш як тысяча навагодніх персанажаў 28 снежня пройдзе па галоўным сталічным праспекце ад плошчы Незалежнасці да Кастрычніцкай. Чакаецца, што ў святочным шэсці прымуць удзел Дзяды Марозы і Снягурачкі ад многіх вядомых прадпрыемстваў Мінска. Напрыклад, прадстаўнікі кандытарскай фабрыкі "Камунарка" і Мінскага трактарнага завода анансуюць нешта незвычайнае. Эфектным завяршэннем традыцыйнага шэсця стане музычная казка "Навагодні зарапад". Пасля прэм'еры яе можна будзе ўбачыць на сцэне Кастрычніцкай плошчы і ў іншыя вечары - з 29 снежня па 5 студзеня (у 19.00 і 21.00).

Калі: 28 снежня, 17.00
Дзе: Мінск, пл. Незалежнасці – пл. Кастрычніцкая

Навагодні спектакль "Чароўная шкатулка Дзеда Мароза"

У гістарычным цэнтры сталіцы падарункам да Новага года стане інтэрактыўны спектакль пад адкрытым небам "Чароўная шкатулка Дзеда Мароза". На працягу некалькіх вечароў мінскі Верхні горад будзе запрашаць гасцей стаць часткай добрай святочнай гісторыі. Паводле задумы рэжысёраў, прафесійным акцёрам могуць дапамагчы і самі гледачы. Здзіўляць будуць і найноўшыя тэхналогіі, з дапамогай якіх абяцаюць паказаць сапраўднае чарадзейства.

Калі: 28 снежня – у 20.00; 29 снежня – 5 студзеня 2020 года (17.00 і 20.00)
Дзе: Мінск, Верхні горад, плошча Свабоды

У госці да Дзеда Мароза

Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

У гэтым годзе рэйтынг самых папулярных Дзядоў Марозаў у краінах СНД і Грузіі зноў узначаліў беларускі чарадзей, а яго рэзідэнцыя ў старажытнай Белавежскай пушчы ўжо даўно з'яўляецца адным з найбольш наведвальных месцаў Беларусі. Штогод да галоўнага чарадзея краіны прыязджаюць амаль 150 тысяч чалавек. Казачная рэзідэнцыя займае 15 га, і акрамя дома Дзеда Мароза, тут можна зазірнуць у церам Снягурачкі, убачыць Чароўны Млын, загадаць жаданне на паляне Дванаццаці месяцаў і прайсціся па алеі знакаў усходняга календара.

Калі: рэзідэнцыя адкрыта круглы год, а навагоднія святы тут афіцыйна пачаліся 7 снежня
Дзе: Брэсцкая вобласць, Белавежская пушча

Па традыцыі ў снежні пачынае курсіраваць і навагодні поезд з Мінска ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза.

Ад чыгуначнага вакзала ў Брэсце турысты на аўтобусах адпраўляюцца ў Белавежскую пушчу, дзе праводзяць цэлы дзень. Падарожнікаў чакае насычаная экскурсійная праграма і навагодні падарунак ад Дзеда Мароза. У праграму туру таксама ўваходзяць знаёмства з музеем прыроды, прагулка ўздоўж вальераў з жывёламі і частаванне блінамі з чаем на пушчанскіх травах.

Маршрут: Мінск-Пасажырскі – Брэст – Мінск-Пасажырскі
Калі: 13, 20, 24 і 27 снежня, 2, 4, 6 і 11 студзеня
Час у дарозе: 21.57–07.50 (з Мінска ў Брэст); 17.28–22.18 (з Брэста ў Мінск)

Сядзіба Дзеда Мароза ў нацыянальным парку "Прыпяцкі"

Галоўны навагодні чарадзей Гомельшчыны і гаспадар "беларускай Амазоніі" запрашае зрабіць падарожжа ў дзіўны край Палессе. Наведвальнікі перанясуцца ў старажытныя часы і пазнаёмяцца з насельнікамі гэтых запаведных мясцін, загадаюць жаданне па славянскім звычаі, наведаюць сядзібу Дзеда Мароза-палешука, прыадкрыюць яго куфар цудаў і пабываюць у святліцы яго ўнучкі Снягурачкі…

Калі: з 30 лістапада
Дзе: Гомельская вобласць, нацыянальны парк "Прыпяцкі"

Ледзяная рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Падніколлі

Ледзяная рэзідэнцыя Дзеда Мароза зноў адкрыецца для наведвальнікаў магілёўскага парку Падніколле. Над яе стварэннем працавалі майстры з мінскай студыі ледзянога мастацтва, а спецыяльна для гэтага з Урала прывезлі 10 т прыроднага (не штучнага!) лёду, што падганялі па памеры і збіралі ў адзінае цэлае. Ідэю для стварэння доміка для магілёўскага чарадзея падказалі суседзі: падобны церам ёсць у расійскага Дзеда Мароза ў Вялікім Усцюгу.

Калі: са снежня
Дзе: Магілёў, парк Падніколле

Навагоднія канцэрты і шоу-праграмы

Калядны вечар з джаз-трыа Яўгеніі Лятун

Калядныя кампазіцыі ў джазавай імправізацыі прадставяць публіцы праект BlackWhiteJazz і джаз-трыа Яўгеніі Лятун. Заснавальніца калектыву – адна з лепшых вакалістак краіны ў гэтым музычным жанры, раней – стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з ёй на сцэне "Верхняга горада" выступяць таленавітыя музыканты Людміла Крукоўская (бас-гітара і кантрабас) і Максім Ласкутоў (трамбон).

Калі: 26 снежня, 21.00
Дзе: Мінск, КЗ "Верхні горад"

"Венскі Новы год" з аркестрам "Мінск-Класік"

За два дні да Новага года аркестр "Мінск-Класік" пад кіраўніцтвам дырыжора Максіма Расохі прапануе мінчанам і гасцям горада зрабіць музычнае падарожжа ў Вену. Як вядома, з 1939 года ў аўстрыйскай сталіцы склалася традыцыя навагодніх канцэртаў, якія праводзіліся ў знакамітай залатой зале Венскага музычнага таварыства. У праграме мінскага вечара прагучаць вясёлыя полькі з тэатральнымі жартамі, лірычныя вальсы і натхняльныя маршы.

Калі: 29 снежня (18.00 і 21.00)
Дзе: Мінск, КЗ "Верхні горад"

Навагоднія цыркавыя праграмы і лядовыя шоу

"У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве..." у Белдзяржцырку

"У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве..." разгортваюцца падзеі святочнай праграмы, якую да зімовых канікулаў падрыхтавалі артысты Белдзяржцырка. Напярэдадні свят гледачоў чакаюць навагоднія цуды і любімыя персанажы. У новым шоу выступяць лятаючыя акрабаты, вясёлыя клоўны, а таксама дрэсіраваныя сабачкі, гордыя вярблюды, забаўныя малпачкі, трапічныя папугаі...

Калі: 14 снежня 2019 – 18 студзеня 2020
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк

Дзяржаўны балет на лёдзе Санкт-Пецярбурга

Жамчужыны сусветнай культуры – балеты "Лебядзінае возера", "Шчаўкунок" і "Спячая прыгажуня" – прадставіць дзяржаўны балет на лёдзе Санкт-Пецярбурга. Заснаваны ў 1967-м выдатным харэографам Канстанцінам Баярскім, ён з'яўляецца прадаўжальнікам традыцый рускай школы. Ужо на працягу 15 гадоў класіка на лёдзе пад музыку Пятра Чайкоўскага заваёўвае сэрцы мільёнаў паклоннікаў мастацтва па ўсім свеце…

Дзе, калі:

"Лебядзінае возера"
25 студзеня – Брэст, Брэсцкі лядовы палац
26 студзеня – Гродна, Гродзенская абласная філармонія
27 студзеня – Ліда, Лядовы палац Ліды
29 студзеня – Гомель, Палац культуры чыгуначнікаў
1 лютага – Наваполацк, Лядовы палац
2 лютага – Віцебск, КЗ "Віцебск"

''Шчаўкунок''
26 студзеня – Гродна, Гродзенская абласная філармонія
2 лютага – Віцебск, КЗ "Віцебск"

"Спячая прыгажуня"
31 студзеня – Мінск, Палац спорту

Цырк на вадзе "Тайны Атлантыды" ў "Чыжоўка-Арэне"

Адправіцца на міфічны востраў Атлантыда і паспрабаваць разгадаць яго тайны прапануюць стваральнікі цыркавога паказу ў мінскай "Чыжоўка-Арэне". У захапляльнай гісторыі задзейнічаны гімнасткі-русалкі, якія ўзнімаюцца пад купал, ілюзіяністы, канатаходцы, дрэсіраваныя мядзведзі і тыгры... А эфектнае шоу ствараецца пры дапамозе гіганцкіх святломузычных фантанаў (120 тон вады), самы вялікі з якіх дасягае ў вышыню 24 метры!

Калі: 29 снежня (16:00, 19:00), 30 снежня (13:00, 16:00, 19:00)
Дзе: Мінск, "Чыжоўка-Арэна"

Навагоднія выстаўкі

Выстаўка навагодніх цацак "20.20. З Новым годам!"

Дзед Мароз і Снягурачка, плюшавыя насельнікі казачнага зімовага лесу і, вядома, традыцыйныя атрыбуты навагодняй ёлкі прадстаўлены ў экспазіцыі "20.20. З Новым годам!". Тут сабраны дзясяткі навагодніх цацак 1960–80-х гадоў з прыватнай калекцыі віцябчан Алега і Алены Карпіцкіх. Куратары выстаўкі прапануюць дарослым зрабіць падарожжа ў дзяцінства, а маленькім гасцям – азнаёміцца з цацкамі з савецкага мінулага, пачуць цікавыя гісторыі і ўспаміны старэйшага пакалення.

Калі: 5 снежня 2019 – 13 студзеня 2020
Дзе: Віцебск, Музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання

Выстаўка ёлачных упрыгажэнняў і навагодніх паштовак у Гомелі

Сведкі савецкай эпохі – ёлачныя цацкі і навагоднія паштоўкі 1940–80-х гадоў – прадстаўлены ў навагодняй экспазіцыі гомельскай карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі. Яркія макушкі, шкляныя шары, мініяцюрныя домікі, шышкі і ледзяшы, ліхтарыкі і каралі, матрошкі, ватныя Дзяды Марозы і Снягурачкі – многія з экспанатаў мінулага стагоддзя ствараліся ўручную... Усе экспанаты – а іх больш за 1000! – з прыватнай калекцыі бабруйчанкі Галіны Жук, якая прысвяціла яе стварэнню амаль 10 гадоў.

Калі: 5 снежня 2019 – 31 студзеня 2020
Дзе: Гомель, карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі

"Музей ёлачных цацак" у Мінску

Далучыцца да свята ў мініяцюры запрашае абноўлены "Музей ёлачных цацак". Тут можна ўбачыць эксклюзіўную калекцыю ўпрыгажэнняў з усяго свету, прасачыць гісторыю вытворчасці шкляных ёлачных цацак з сярэдзіны XIX стагоддзя, азнаёміцца з традыцыямі навагодніх свят розных краін – Карэі, Ірана, Конга, Перу, Руанды, Антыгуа і Барбуды, Новай Зеландыі... А на заканчэнне кожны госць зможа пад кіраўніцтвам майстра вырабіць аўтарскі сувенір.

Калі: 6 снежня 2019 – 20 студзеня 2020
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі

Калядныя кірмашы

У час калядных і навагодніх свят у Беларусі адкрыюцца больш за 900 кірмашоў, 16,5 тысяч мерапрыемстваў адбудуцца ў гарадах па ўсёй краіне. Тут можна набыць крафтавыя ёлачныя ўпрыгажэнні і handmade сувеніры, а таксама ў марозныя дні сагрэцца духмяным глінтвейнам і пачаставацца традыцыйнымі беларускімі стравамі і ласункамі. Акрамя таго, у святочным меню – смажаныя слімакі, венгерскія калачы, бургеры і хот-догі, шашлыкі і закускі на мангале, мяса ў тандыры…

Сучасны кірмаш аўтарскіх падарункаў Sarafan

Калі: 1-31 снежня
Дзе: Мінск, ГЦ Galileo, 10.00–22.00

"Калядны кірмаш"

Калі: 14 снежня 2019 – 7 студзеня 2020 (12.00–23.00), 8 студзеня – 15 студзеня (да 20.00)
Дзе: Мінск, пляцоўка ля Палаца спорту

Калядны кірмаш на Кастрычніцкай плошчы

Калі: 14 снежня 2019-га – 7 студзеня 2020 года (12.00–23.00), 8 студзеня – 15 студзеня (да 20.00)
Дзе: Мінск, Кастрычніцкая плошча

Навагодні кірмаш "Мяцеліца"

Калі: з 22 снежня (з 12.00 да 22.00, у навагоднюю ноч – да 6.00)
Дзе: Мінск, пляцоўка ля Камароўскага рынку

Святочныя балі

Дзіцячы баль-казка ў Мірскім замку

У час зімовых канікулаў аб'ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Мірскі замак запрашае юных дам і кавалераў ад 6 да 12 гадоў стаць героямі сусветна вядомай казкі "Шчаўкунок". Усім удзельнікам дзейства трэба будзе зрабіць нямала, каб вызваліць ад чараў прынца і перамагчы Мышынага караля і... атрымаць ва ўзнагароду падарунак ад смелага Шчаўкунка. Акрамя таго, гасцей балю чакаюць урокі прыдворнага этыкету, старадаўнія танцы, гульні і, вядома, загадванне жаданняў...

Калі: 3, 4 і 5 студзеня 2020 года
Дзе: Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, Мірскі замак

Калядны баль-маскарад у Мірскім замку

А дарослых Мірскі замак чакае на Калядны баль-маскарад. Элегантныя кавалеры ў фраках і строгіх касцюмах, прыгожыя дамы, адзетыя па модзе XVIII стагоддзя, таямнічыя маскі і сілуэты, якія плаўна перамяшчаюцца па паркеце, – ці гэта не сапраўдны калядны цуд!? Арганізатары мерапрыемства запрашаюць акунуцца ў рамантычную атмасферу арыстакратычнага балю ў рэзідэнцыі знакамітых дынастый арыстакратаў.

Калі: 11 студзеня 2020 года, 19.00
Дзе: Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, Мірскі замак

Вялікі Навагодні баль у Вялікім тэатры

Вялікі Навагодні баль у галоўным тэатры краіны ў 2020-м адзначыць 10-годдзе: за гэты час мерапрыемства стала візітнай карткай беларускага Вялікага. З году ў год сцэнарыі мяняюцца – але час (баль праводзіцца напярэдадні Старога Новага года) і атмасфера застаюцца ранейшымі. У абрамленні камерных канцэртаў ад зорак беларускай оперы, забаўляльных віктарын і таямнічай варажбы знаходзіцца галоўнае дзейства свята – урачысты баль, на працягу якога змяняецца некалькі вялікіх танцавальных праграм.

Калі: 13 студзеня 2020 года, 20.30
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: