Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Жнв 2019

Каляндар падзей у Беларусі: верасень 2019

Каляндар падзей у Беларусі: верасень 2019

Міжнародны фестываль пясчаных скульптур у Мінску

Тайны свету багоў, духаў і фантастычных герояў прадстаўляюць удзельнікі 4-га фестывалю пясчаных скульптур – 10 знакамітых майстроў з Беларусі і Расіі. У экспазіцыю пад адкрытым небам увайшло шмат незвычайных персанажаў. Сярод іх, напрыклад, легендарны цмок і грозны бог-грамавержац Пярун. Ёсць тут нават Расамаха і Жалезны чалавек, якія ў беларускай міфалогіі былі вядомы задоўга да папулярных блокбастараў і коміксаў…

Калі: 1 мая – 15 верасня
Дзе: парк забаў Dreamland, Мінск, вул. Арлоўская, 80

Музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе

Новы турыстычны сезон стартаваў у мінскім Верхнім горадзе яшчэ ў пачатку мая, і кожную суботу да кастрычніка будзе радаваць гасцей яркімі падзеямі. У праграме-2019 – тэатральныя паказы ад праекта "No stage / Без сцэны", фестываль вулічнай музыкі "Месца пад сонцам", музычная "Пешаходка", фестываль-кірмаш "Вясновы букет", тэматычная праграма "Гукі вуліц", танцавальныя пастаноўкі, майстар-класы, кінапаказы, аркестравыя сіесты і, вядома, вечары класічнай і джазавай музыкі...

Калі: з 4 мая
Дзе: Мінск, Верхні горад, плошча Свабоды
Даведацца падрабязней

Святы нацыянальных культур у мінскім Верхнім горадзе

У дні летняга турыстычнага сезона мінскі Верхні горад, без перабольшання, становіцца самым мультынацыянальным кварталам сталіцы. Першымі марафон фестываляў культур і традыцый краін свету адкрылі самі гаспадары-беларусы – 25 мая гасцей сабраў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш "Вясновы букет". А ўжо 1 чэрвеня на тэрыторыі гістарычнага цэнтра стартавалі нацыянальныя святы замежных гасцей і дыяспар. Адкрылі летнюю праграму шведы: хэдлайнерамі вялікага фэсту ля ратушы сталі пераможніца "Еўрабачання" -2012 Ларын і знакаміты інды-музыкант Енс Лекман.

1 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Швецыі
8 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Расіі
15 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Польшчы
23 чэрвеня (НД), 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Вялікабрытаніі
13 ліпеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Італіі
3 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Карэі
10 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Эстоніі
17 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Украіны
24 жніўня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Грузіі (Тбілісоба)
31 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Арменіі
7 верасня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Азербайджана
8 верасня (НД), 12:00–17:00 – Дзень культуры Малдовы
21 верасня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Грэцыі
22 верасня (НД), 12:00–17:00 – Дзень культуры Ізраіля
28 верасня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Кітая

Дзе: Мінск, Верхні горад

Летні кінапраект СINEMASCOPE #SHHH

У летні сезон-2019 Сinemascope #Shhh запрашае на вячэрнія кінапрагляды пад адкрытым небам ва ўтульным дворыку сталічнага Музея-майстэрні З.І. Азгура. Іх галоўная асаблівасць – выкарыстанне бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў суседніх дамоў. У афішы на жнівень – сусветныя кінашэдэўры: "Па-за законам", "Боні і Клайд", "Горад згубленых дзяцей", "Фотапавелічэнне", "Назад у будучыню", "У джазе толькі дзяўчаты", "Сіні аксаміт", "Галавакружэнне" і "Ззянне". Усе фільмы ідуць на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Калі: 24 ліпеня – 6 верасня, кожныя аўторак і пятніца
Дзе: Мінск, унутраны дворык Музея-майстэрні З.І. Азгура

Фестываль вулічнай ежы Vulitsa Ezha ("Вуліца Ежа")

Арганізаваць гарадскі пікнік у Батанічным садзе – добры спосаб правесці апошні дзень лета. Сабраць усе самыя яркія эмоцыі, атрымаць асалоду ад атмасферы (арганізатары абяцаюць "фестываль унутры фестывалю"), пабалаваць сябе новымі гастранамічнымі адчуваннямі і паслухаць цудоўную музыку можна будзе на другім у сезоне-2019 Vulitsa Ezha. З забаў – скейтборд-пляцоўкі, танцавальныя батлы, стрыт-арт мастацтва ў рэжыме рэальнага часу, музычнае афармленне ад Nizkiz, VAL, Cream Soda, Stereobeaver, KorneJ, Deech і іншых. Што датычыцца віноўніка ўрачыстасці – ежы – гасцей чакае больш за 150 розных страў на фуд-корце, а таксама кактэйльныя і піўныя бары.

Калі: 31 жніўня – 1 верасня
Дзе: Мінск, Цэнтральны батанічны сад

Дзень беларускага пісьменства-2019 у Слоніме

Адзін са старажытных культурных цэнтраў Беларусі – Слонім – упершыню прыме свята беларускага пісьменства. Спецыяльна да гэтай падзеі абноўлена набярэжная знакамітага канала Агінскага, а на цэнтральнай плошчы з'явіўся помнік старасту горада, гетману і канцлеру Вялікага Княства Літоўскага – Льву Сапегу. Менавіта тут і будзе дадзены старт праграме Дня беларускага пісьменства.

Свята разгорнецца больш як на дзесяці лакацыях і стартуе напярэдадні: ужо 31 жніўня міжнародны круглы стол аб'яднае ў Слоніме пісьменнікаў з рэгіёнаў і замежжа. Таксама адкрыюцца фотавыстава "Бачу Беларусь такой" і пляцоўка "Слова пісьменніка", дзе пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з пісьменнікамі. А 1 верасня адбудзецца шэсце, узнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, канцэрт Саюза пісьменнікаў Беларусі "Край бацькоўскі, мой край родны" і прэзентацыя кнігі "Мая Радзіма". Госці змогуць азнаёміцца з кніжнымі навінкамі, пабываць на прэзентацыях мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, набыць набор паштовак з відамі горада ў рэтрастылі, пагартаць фотаальбомы, прысвечаныя прыродзе і гісторыі Гродзеншчыны.

Калі: 1 верасня
Дзе: Гродзенская вобласць, Слонім
Даведацца падрабязней

UniCon & Game Expo Minsk 2019

Доўгачаканая падзея для паклоннікаў касплея – выстаўка-фестываль UniCon & Game Expo. Тут збяруцца аматары фантастычных сусветаў, кіберспорту, коміксаў, настольных і камп'ютарных гульняў. У праграме – выстаўка навінак гейм-індустрыі і камп'ютарных брэндаў, канферэнц-зона з семінарамі і майстар-класамі па распрацоўцы гульняў, а таксама анімацыі, 3D і 2D графіцы. Жадаючыя паспрабаваць свае сілы ў кіберспорце змогуць пазмагацца на турніры па Dota 2 і іншых гульнях.

Калі: 6–8 верасня
Дзе: Мінскі раён, в. Шчомысліца, ГЛЦ "Глобус Парк"

Фестываль Performensk

Фестываль Performensk накіраваны на прэзентацыю "жывога" мастацтва, якое ствараецца ў рэжыме рэальнага часу непасрэдна перад гледачом. У фокусе мерапрыемства – жанры эксперыментальнага тэатра, перформанса і саўнд-арту. Арганізатары Performensk – міжнародная група маладых мастакоў з Беларусі, Расіі, Чэхіі і Славакіі.

Калі: 6–8 верасня
Дзе: Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, культурны хаб "ОК16"

Тысячагоддзе Брэста

Беларускі Брэст у гэтым годзе адзначае грандыёзны юбілей – 1000-годдзе! – і стане ўжо шостым горадам краіны, які афіцыйна перасягнуў такі значны гістарычны рубеж. Ужо з пачатку 2019-га брастаўчане жывуць у рытме міленіума, прысвячаючы сотні падзей родным мясцінам, але самыя вялікія ўрачыстасці ў горадзе над Бугам пройдуць менавіта ў верасні. Гасцей вельмі чакаюць, тым больш што прыехаць сюды жыхары дзясяткаў краін свету могуць без візы. Першымі адсвяткуюць падзею ўдзельнікі міжнароднага дзіцячага фестывалю тэатраў і кніг "Кніжны шкап", пасля чаго горад будзе перадаваць эстафету ўрачыстасці разнастайным канцэртным і забаўляльным пляцоўкам. У іх ліку – музычны праект "Горад святла", міжнародны парад аркестраў краін СНД "Марш 1000-годдзя", гала-канцэрт творчых калектываў Брэста і гасцей горада, выстава беларускіх мастакоў "АРТ-Брэст-1000", фестывалі вулічных тэатраў і паветраных змей, сямейнае свята "#Каханне ёсць", спартыўныя спаборніцтвы, забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей, тэатралізаваныя паказы, гістарычныя рэканструкцыі і многае іншае. Кульмінацыяй святочных выхадных абяцае стаць міжнародны карнавал і музычна-гістарычнае шоу "Міленіум".

Калі: 6–8 верасня
Дзе: Брэст

Фестываль навукі ў Мінску

І зноў гарадскі пікнік, але на гэты раз – з навуковым падыходам! У праграме другога Фестывалю навукі пад эгідай НАН Беларусі – навукова-папулярныя лекцыі, пляцоўка "Робаты і тэхналогіі", забаўляльная і дзіцячая лакацыі, а таксама зона вулічнай ежы ад Gastrofest. Акрамя таго, у рамках свята пройдзе выстаўка-форум "Зялёны турызм у Беларусі".
 
Калі: 7 верасня
Дзе: Мінск, Цэнтральны батанічны сад

XXIV Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце

Амаль чвэрць стагоддзя міжнародны фестываль "Белая вежа" збірае ў Брэсце лепшыя пастаноўкі з усяго свету і здзіўляе паклоннікаў эксперыментамі. Цяперашні форум не стане выключэннем: у горад над Бугам прыедуць 28 тэатральных калектываў з 13 краін. У гонар 1000-годдзя Брэста асаблівая ўвага – артыстычным трупам з гарадоў-пабрацімаў. Новыя спектаклі прадставяць тэатр драмы і лялек Івана Радоева з балгарскага Плевена, Цюменскі драмтэатр, Адэскі абласны акадэмічны рускі драмтэатр, таксама ў фестывальнай афішы – пастаноўкі тэатраў з Луцка, Любліна, Батумі. Зорным госцем "Белай Вежы" стане народны артыст Расіі кіраўнік маскоўскага тэатра "Сатырыкон" Канстанцін Райкін. У апошні дзень фестывалю, 15 верасня, ён прадставіць паэтычны монаспектакль "Звычайныя словы" паводле вершаў Давіда Самойлава, Восіпа Мандэльштама і іншых класікаў літаратуры.

Калі: 8–15 верасня
Дзе: Брэст, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, абласны грамадска-культурны цэнтр

Лёгкаатлетычны матч ЗША – Еўропа ў Мінску

"Адна з лепшых пляцовак Еўропы для лёгкай атлетыкі", як неаднаразова адзначаў кіраўнік Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн, мінскі стадыён "Дынама" пасля гарачага чэрвеня Еўрапейскіх гульняў-2019 зноў прымае маштабны турнір. Удзельнікамі паядынку паміж зборнымі ЗША і Еўропы стануць амаль 350 атлетаў, у тым ліку 10 беларусаў. Пацвердзілі ўдзел ужо ў турніры чэмпіён свету ў бегу на 200 м Раміль Гуліеў, двухразовая чэмпіёнка свету па скачках у вышыню Марыя Ласіцкене і алімпійская чэмпіёнка Рыа-2016 па скачках з шастом Кацярына Стэфанідзі. Чакаецца, што балельшчыкі змогуць убачыць лёгкую атлетыку ва ўсім харастве – у адрозненне ад праграмы Еўрапейскіх гульняў, дзе было прадстаўлена ўсяго 9 відаў з 47 магчымых.

Калі: 9–10 верасня
Дзе: Мінск, стадыён "Дынама"
Даведацца падрабязней

Зорка вакальнага джаза Дэбора Картэр (ЗША) & Jazz Quartet (Расія)

У гонар 120-годдзя Дзюка Элінгтана ў Мінск прыедзе бліскучая амерыканская вакалістка салістка легендарнага біг-бэнда The Metropole Orchestra Дэбора Картэр, якая выступіць на сталічнай сцэне ў суправаджэнні St-Petersburg Jazz Quartet. Яе візітная картка – чароўны голас і адточаная джазавая тэхніка, якая прадаўжае пакараць паклоннікаў па ўсім свеце. Спявачка аб'ездзіла больш за 200 краін, выступаючы з вядомымі музыкантамі і ўласнымі канцэртамі на фестывалях, у лепшых джаз-клубах. У мінскіх меламанаў ёсць магчымасць не толькі пачуць голас Дэборы Картэр, але і дакрануцца да спадчыны "герцага джаза".

Калі, дзе:

11 верасня – Мінск, Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў
12 верасня – Мінск, Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава

Дзень горада ў Гродне

Дзень Гродна запомніцца жыхарам і гасцям горада насычанай забаўляльнай праграмай з удзелам артыстаў беларускай і расійскай эстрады. Святочную атмасферу будуць ствараць шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі, кірмашы крафтавых сувеніраў і хэнд-мэйд вырабаў, а таксама выступленні вулічных артыстаў і музыкантаў. З 891-годдзем "горад каралёў" прыедзе павіншаваць Макс Барскіх. З лепшымі хітамі, у ліку якіх трэкі, што ўзарвалі музычныя хіт-парады, – "Неземная", "Берега", "Туманы" – артыст выступіць на галоўным футбольным полі стадыёна "НЁМАН".

Калі: 14 верасня
Дзе: Гродна

Мінск святкуе Дзень горада

Верасень – без сумнення, адзін з самых актыўных месяцаў у календары Мінска. Нягледзячы на завяршэнне сезона адпачынкаў і пачатак навучальнага года, менавіта першыя тыдні восені акунаюць горад у сапраўдны кругаварот падзей. І ў адзін з насычаных уік-эндаў Мінск адзначае дзень нараджэння – на гэты раз 952-і. Па традыцыі галоўнае свята горада аб'яднае дзясяткі мерапрыемстваў, у тым ліку міжнароднага фармату. У суботу 14 верасня жыхароў і гасцей Мінска чакаюць:

  • міжнародны праект "Мінск інтэрнацыянальны" ў гістарычным Верхнім горадзе;
  • міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны"-2019 (два дні);
  • грандыёзнае закрыццё сезона H.O.G Rally Minsk 2019 ля Палаца спорту;
  • Міжнародныя спаборніцтвы "Мацнейшы пажарны-ратавальнік";
  • Маладзёжны фестываль у мінскай Студэнцкай вёсцы.

Вядучыя музеі арганізуюць для наведвальнікаў незвычайныя забавы. Напрыклад, у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі пройдзе фестываль беларускай традыцыйнай музыкі Rajok, дзе можна пачуць лепшыя этнагрупы, трапіць на ўнікальны канцэрт беларускіх лірнікаў і свята яўрэйскіх песень і танцаў Zingeray. А Дзяржаўны літаратурны музей імя народнага паэта Янкі Купалы прысвеціць гісторыі Мінска займальны квест "Код Купалы".

Акрамя таго, кожны раён Мінска падрыхтаваў нямала сюрпрызаў на розных пляцоўках горада.

Эфектным прадаўжэннем свята 15 верасня стануць традыцыйны Міжнародны Мінскі паўмарафон і вялікі фестываль "Wargaming Fest: Дзень танкіста" ў парку Перамогі.

Дарэчы, слоганам-тэмай цяперашняга Дня горада стаў "Мінск – горад для ўсіх, горад для кожнага". Хочаце праверыць? Прыязджайце святкаваць разам!

Калі: 14–15 верасня
Дзе: Мінск, цэнтральныя плошчы і вуліцы горада, зялёная зона на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава

Падрабязная праграма Дня горада Мінска – тут.

HOG Rally Minsk 2019: закрыццё мотасезона Harley-Davidson

Традыцыйнае закрыццё мотасезона Harley-Davidson – буйнейшая падзея ў СНД, якая штогод збірае ў беларускай сталіцы тысячы мотааматараў з усяго свету. У бягучым годзе HOG Rally Minsk ператворыцца ў вялікае двухдзённае свята. Упершыню ў праграму ўвойдуць спаборніцтвы па стантрайдынгу "STUNT ЗАРУБА", пераможца якога атрымае шанц прыняць удзел у фінальным заліку ў ААЭ. Калона ўдзельнікаў мотапарада праедзе ад плошчы Кургана Славы па ўсіх знакавых мясцінах горада да пляцоўкі ля Палаца спорту. Прамую трансляцыю можна будзе ўбачыць на самым вялікім лічбавым экране ў Мінску (ГЦ Galleria).

Калі: 13–14 верасня
Дзе: Мінск, пляцоўка ля Палаца спорту

Wargaming Fest 2019: Дзень танкіста

З кожным годам Дзень танкіста на радзіме знакамітай гульні World of Tanks набірае абароты: расце колькасць лакацый, павялічваецца зона фуд-корта, прыязджаюць топавыя музыканты ў якасці хэдлайнераў, прыходзіць усё больш гасцей. І гэты год – не выключэнне. У 2019-м Wargaming замахнуўся на The Offspring, а падтрымліваць драйв і энергію знакамітых рок-н-рольшчыкаў будуць групы "Звяры", "Воплі Відаплясава" і "Крамбамбуля". Яшчэ адзін сюрпрыз для паклоннікаў танкавых бітваў – аб'яднанне свята з WG Fest – фестывалем аматараў гульняў ад Wargaming, які раней праходзіў у Маскве.

Калі: 15 верасня
Дзе: Мінск, Парк Перамогі
Даведацца падрабязней

Фестываль "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю"

Экалагічнае свята ў Мёрах прысвечана бёрдвочынгу (а канкрэтна – назіранню за жураўлямі, якія пралятаюць праз мясцовыя балоты па дарозе на поўдзень) і збору "журавін". Гэтай карыснай ягадай багаты Мёрскі край – ураджаі журавін тут збіраюць немалыя. Акрамя таго, у рамках свята пройдзе традыцыйны турнір па інтэлектуальнай гульні "Што? Дзе? Калі?" і экскурсія па рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Ельня".

Калі: 15 верасня
Дзе: Віцебская вобласць, Мёрскі раён, Мёры, рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня"

Мінскі паўмарафон-2019

Амаль 40 тысяч удзельнікаў чакаюць арганізатары аднаго з самых папулярных спартыўных мерапрыемстваў беларускай сталіцы – Мінскага паўмарафону. У мінулым годзе на старт выйшлі больш за 35 000 аматараў бегу з 53 краін! Дарэчы, акрамя спаборніцтваў, гэта яшчэ і добры спосаб убачыць горад з асаблівага боку – калі яшчэ будзе магчымасць зрабіць размінку адразу на галоўнай магістралі – праспекце Незалежнасці!? Праграма забегу засталася ранейшай, уключыўшы тры дыстанцыі – 5,5 км, 10,55 км і 21 км. Затое прызавы фонд паўмарафону вырас у параўнанні з мінулым годам на 10 тысяч долараў і склаў 60 тысяч долараў.

Калі: 15 верасня
Дзе: Мінск

Прэм'ера: опера "Князь Ігар" у Вялікім тэатры Беларусі

Вялікі тэатр Беларусі адкрые 87-ы тэатральны сезон прэм'ерай оперы "Князь Ігар" Аляксандра Барадзіна. Гэта пастаноўка стане ўжо шостым зваротам да партытуры кампазітара. У склад творчай групы ўвайшлі дырыжор народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў, рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская, мастак-пастаноўшчык народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў, хормайстар-пастаноўшчык народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, балетмайстар-пастаноўшчык народны артыст Беларусі Юрый Траян. Стваральнікі спектакля абяцаюць здзівіць гледачоў, прадставіўшы зусім іншую інтэрпрэтацыю вобраза галоўнага героя, а галоўнае, паказаць яркае дзейства, адначасова манументальнае і дынамічнае, пазачасавае і актуальнае…

Калі: 15, 16 верасня
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі

Канцэрт Evanescence ў Мінску

Група Evanescence ўпершыню прыязджае ў Беларусь. Непаўторны вакал Эмі Лі прагучыць са сцэны мінскага Палаца спорту. Музыканты, у чыёй творчай скарбонцы дзве прэміі "Грэмі", прадставяць у сталіцы праграму з лепшых хітоў Evanescence, а таксама выканаюць песні са свайго апошняга альбома Synthesis, які выйшаў у 2017 годзе.

Калі: 18 верасня
Дзе: Мінск, Палац спорту

Другі Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва

Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва, які адбудзецца другі раз, абяцае стаць добрай традыцыяй. На гэты раз у беларускую сталіцу прыедуць больш за 100 майстроў цырка з розных краін, сярод якіх Расія, Украіна, Малдова, Румынія, Туркменістан, Германія, Казахстан, Таджыкістан, Бразілія, Чылі, Кітай, Аўстралія, Эфіопія, Манголія, Ізраіль, КНДР... Удзельнікі форуму пазмагаюцца не толькі за Гран-пры, золата, серабро і бронзу, але і за прызнанне публікі – у ліку асабліва ганаровых значацца "Прыз глядацкіх сімпатый" і "Прыз дзіцячага журы", а таксама спецыяльныя ўзнагароды.

Калі: 19–22 верасня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк

IX Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"

"Канцэнтрат" са смелых рэжысёрскіх рашэнняў, правакацыйных ідэй, актуальных тэм, яркага выканання і новых эмоцый прадставіць 9-ы па ліку міжнародны форум "ТЭАРТ". Буйнейшы тэатральны фестываль Беларусі ўключыць замежную праграму, шоукейс Belarus Open і адукацыйную платформу "Школа ТЭАРТа". Гледачы змогуць убачыць восем самых яркіх беларускіх спектакляў апошніх гадоў, у ліку якіх "Песня песняй" Юрыя Дзівакова, "Паляванне на сябе" ад РТБД і спектакль Ігара Казакова, які інтэрпрэтуе раман "Кандыд, або Аптымізм" Вальтэра. Таксама ўпершыню адбудзецца прэзентацыя праектаў "Тэатра сацыяльных даследаванняў", якія разглядаюць тэатр як сацыяльнае выказванне і механізм змяненняў у грамадстве.
 
Калі: 20 верасня – 8 кастрычніка
Дзе: Мінск, сталічныя тэатры

"Океан Ельзи" ў Мінску

Шоу ад украінскай групы "Океан Ельзи" ў Мінск-Арэне абяцае насычаную музычную праграму, нестандартнае афармленне сцэны і відэаінсталяцыі. У 2017 годзе калектыў з яго нязменным лідарам Святаславам Вакарчуком аб'явіў аб перапынку ў творчай дзейнасці, а цяпер вяртаецца на беларускую сцэну. "Океан Ельзи" ў кастрычніку гэтага года святкуе чвэрць стагоддзя сваёй музычнай гісторыі, а значыць, маючы адбыцца канцэрт можна назваць юбілейным!

Калі: 20 верасня, 20.00
Дзе: Мінск, "Мінск-Арэна"

XIV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ў Мінску

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета робіць нямала сюрпрызаў: у мінулым годзе яго мастацкі кіраўнік Расціслаў Крымер уразіў публіку, правёўшы канцэрт ноччу, ды яшчэ і ў метро, а гэты фестываль абяцае здзіўляць "зорнасцю" запрошаных гасцей. Уверцюрай XIV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску стане выступленне Каралеўскага філарманічнага аркестра Лондана: 27 верасня на сцэне Палаца Рэспублікі лепшыя музыканты свету выканаюць шэдэўры Бетховена, Ліста, Брамса... У Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 2 кастрычніка будзе іграць камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, у склад якога ўваходзяць лаўрэаты самых прэстыжных сусветных конкурсаў і канцэртмайстры вядучых аркестраў планеты. У якасці запрошанага саліста на сцэну выйдзе вядомы піяніст і кампазітар з Турцыі Фазыл Сай. Акрамя зорак класічнай музыкі і ўладальнікаў прэміі "Грэмі" фестываль, як заўсёды, будзе афарбаваны яркімі прэм'ерамі і красовер-праектамі ў незвычайным фармаце.

Калі: 27 верасня – 12 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі, Белдзяржфілармонія
Даведацца падрабязней

ХХХІІ Нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка"

"Языльская дзясятка", уключаная ў 2011-м у міжнародны каляндар турніраў і спаборніцтваў, ужо чацвёртае дзесяцігоддзе не страчвае папулярнасці. І калі самы першы забег, арганізаваны ў 1988-м, сабраў усяго 87 бегуноў, то ў апошнія гады ў гэтым незвычайным фестывалі прымаюць удзел звыш 2 тысяч аматараў бегу розных узростаў. У праграму-2019 уключаны: "Карпаратыўны забег" (2500 м), "Школьны камандны забег" (2500 м), "Пяцісотка" (500 м), "Сямейная эстафета 3х500 м", фірменная "Языльская дзясятка" (10 км), а для самых юных – "Старадарожскія забегі" (60 м). Акрамя азарту на дыстанцыях, удзельнікаў фэсту чакаюць конкурсы, латарэі, віктарыны, а таксама дэгустацыі страў дамашняй кухні.

Калі: 28–29 верасня
Дзе: г. Старыя Дарогі, Мінская вобласць

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі