Беларуская гульня "Свет танкаў" | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Прыклады паспяховага бізнесу | Свет танкаў

Беларуская гульня "Свет танкаў"


World of Tanks – масавая многакарыстальніцкая online-гульня, прысвечаная браніраваным машынам сярэдзіны ХХ стагоддзя – заваявала паклоннікаў ва ўсім свеце. Яна ўваходзіць у лік самых папулярных гульнявых праектаў Інтэрнэту, мае прэстыжныя ўзнагароды і ў кароткія тэрміны стала новай кіберспартыўнай дысцыплінай.

Праект "Свет танкаў" створаны мінскай студыяй "Гейм Стрым" – рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій і адным з галоўных цэнтраў распрацоўкі кампаніі Wargaming. І сёння каманда СТАА "Гейм Стрым" прадаўжае развіваць і ўдасканальваць World of Tanks.

Гісторыя кампаніі Wargaming

Сусветна вядомая кампанія Wargaming – буйнейшы распрацоўшчык і выдавец online-гульняў – заснавана ў 1998 гдозе. Энтузіясты з Мінска, паклоннікі ваенна-стратэгічных камп'ютарных гульняў, вырашылі паспрабаваць сябе ў якасці распрацоўшчыкаў.

Прэзідэнт кампаніі Wargaming і галоўны сузаснавальнік – Віктар Кіслы, выпускнік фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

За 18 гадоў створаная ў Беларусі невялікая студыя ператварылася ў гіганта індустрыі камп'ютарных гульняў з падраздзяленнямі і прадстаўніцтвамі на ўсіх кантынентах.

Першы камерцыйны праект Wargaming – пакрокавая стратэгія DBA Online, якая выйшла ў 2000 годзе.

У 2003 годзе ўбачыла свет ваенная стратэгія Massive Assault, якая ўмацавала пазіцыі распрацоўшчыка на рынку камп'ютарных гульняў і вырасла ў паўнацэнную медыяфраншызу.

У 2007 годзе кампанія выпусціла гульню паводле матываў аповесці братоў Стругацкіх - "Населены востраў: Пасляслоўе" (Galactic Assault: Prisoner of Power).

У 2008 годзе кампанія выпрабавала сілы ў новым жанры, выпусціўшы стратэгію ў рэальным часе "Аперацыя "Баграціён", дзеянне якой адбываецца на беларускай зямлі летам 1944 года. Канферэнцыя распрацоўшчыкаў камп'ютарных гульняў назвала "Аперацыю "Баграціён" лепшай стратэгічнай гульнёй 2008 года. Услед за ёй з'явіліся яшчэ дзве гульні – Order of War і Order of War: Challenge.

У жніўні 2010 года на суд аматараў многакарыстальніцкіх online гульняў Wargaming прадставіла навінку – ММО-экшэн з дэталёвай графікай, захапляючым стратэгічным геймплэем і вялікім выбарам тэхнікі сярэдзіны ХХ стагоддзя – World of Tanks. У 2011 годзе адбыўся глабальны рэліз World of Tanks.

Сёння ў гульні, якая вельмі дакладна і праўдзіва перадае падзеі Другой сусветнай вайны, прысутнічае больш як 480 баявых машын з СССР, Германіі, ЗША, Кітая, Францыі, Вялікабрытаніі, Японіі, Чэхаславакіі, Швецыі і Польшчы. Распрацоўшчыкі "Свету танкаў" кансультуюцца з вядомымі гісторыкамі, пры стварэнні мадэлей улічваюць самыя дробныя дэталі канструкцыі баявой тэхнікі, архітэктуру будынкаў і руіны бамбёжак удакладняюць па кінафотадакументах з архіваў і музеяў.

Прадаўжэннем "ваеннай сагі", якая пачалася з World of Tanks, сталі ваенна-паветраны экшэн World of Warplanes (2013) і ММО-гульня аб ваенных караблях World of Warships (2015). Паводле задумы распрацоўшчыкаў, усе праекты аб'яднаны ва ўнікальную гульнявую прастору.

У 2014 годзе выйшла мадыфікацыя знакамітай гульні для смартфонаў і планшэтаў (iOS і Android), камп'ютараў на Windows 10 і MacOS – World of Tanks Blitz.

Сёння ў World of Tanks можна гуляць практычна на любой з існуючых платформ - персанальных камп'ютарах, мабільных устройствах, кансолях.

Дасягненні і ўзнагароды  World of Tanks

Гульня World of Tanks заваявала мноства прэстыжных узнагарод і занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Сярод значных дасягненняў беларускага "Свету танкаў":

  • Лепшая кліенцкая online-гульня КРГ-2010
  • Рэкорд па адначасовым знаходжанні ігракоў на адным гульнявым ММО-серверы па версіі Кнігі рэкордаў Гінеса (больш як 91 тыс. чалавек - 23 студзеня 2011 года і больш за 190 тыс. - 21 студзеня 2013)
  • Лепшая гульня КРГ-2011
  • Прыз сімпатый гледачоў КРГ-2011
  • Званне "Народны лідар" у ходзе Усерасійскай анлайн-акцыі "Народнае галасаванне Прэміі Рунэту-2011"
  • Узнагарода "Залаты байт 2011" ад Парка высокіх тэхналогій Беларусі
  • "Best Use of Online" Develop Award 2012
  • "Golden Joystick Awards 2012" Best MMO
  • "Golden Joystick Awards 2013": Best Online Game
  • D.I.C.E. Awards 2014: "Анлайн-гульня года"
  • 19 студзеня 2014 г. адначасова выйшлі ў анлайн больш за 1114337 карыстальнікаў
  • "Golden Joystick Awards 2017": Still Playing

Да канца 2012 года гульня была прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, уключаючы Ватыкан.

З 2012 года World of Tanks стала новай кіберспартыўнай дысцыплінай, з'явіўшыся на нацыянальных гульнях многіх краін і буйнейшым міжнародным чэмпіянаце – World Cyber Games.

У 2013 годзе кампанія Wargaming адкрыла глабальную ініцыятыву "Помнім усё", якая ўключае ў сябе розныя праекты, прызначаныя адрадзіць цікавасць да гісторыі і натхніць людзей на вывучэнне мінулага сваёй краіны. У рамках кампаніі Wargaming здымае фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне, дапамагае ваенна-гістарычным музеям па ўсім свеце захоўваць унікальныя гістарычныя помнікі і легендарныя ўзоры ваеннай тэхнікі.

World of Tanks у Беларусі

У Беларусі гульня "Свет танкаў" прыцягнула больш  сотні тысяч актыўных карыстальнікаў.

З удзелам распрацоўшчыкаў з СТАА "Гейм Стрым" у Беларусі праводзяцца нацыянальныя і міжнародныя кіберспартыўныя спаборніцтвы, адбор на World Cyber Games.

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь падтрымлівае праграму папулярызацыі камп'ютарных гульняў у інтарэсах патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі. У жніўні 2011 года быў праведзены першы турнір па дысцыпліне World of Tanks, і з таго часу буйныя кіберспаборніцтвы рэгулярна праходзяць у розных рэгіёнах краіны.

Мінабароны і кампанія Wargaming стварылі камп'ютарныя класы, дзе служачыя могуць адпрацоўваць тактыку і стратэгію танкавых баёў у гульні "Свет танкаў" і на сімулятарах.

У 2016-м World of Tanks "загаварыў" па-беларуску: MMO-экшэн афіцыйна атрымаў беларускую лакалізацыю, і ў гульні з'явілася поўная беларуская агучка.

Летам 2016 года "Свет танкаў" і "Белавія" прадставілі брэндзіраваны авіялайнер, расфарбаваны ў фірменныя колеры гульні. "The game from Belarus enjoyed worldwide" ("Гульня з Беларусі, у якую гуляе ўвесь свет") – гаворыць надпіс на борце самалёта. А ў 2018 годзе кампаніі прэзентавалі гледачам другое паветранае судна: "танкалёт" з выявай аднаго з галоўных сімвалаў Беларусі – зубра.

Штогод Wargaming праводзіць у Беларусі свята "Дзень танкіста". Традыцыйнай пляцоўкай для яго стаў гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", а ў 2017 годзе ў гонар 950-годдзя Мінска свята выйшла на гарадскі ўзровень: у сталічным Парку Перамогі адбыўся маштабны фестываль, які ўключае ў сябе гульнявую зону на 120 камп'ютараў, спартыўныя і забаўляльныя актыўнасці для дарослых і дзяцей, святочны канцэрт і салют.

У жніўні 2017-га аматар гульні – механізатар з расійскага Краснадара Юрый Бялых – трактарам "намаляваў" на полі вялікі лагатып World of Tanks памерам 216 на 158 метраў. Свой варыянт прапанавалі беларускія ваенныя: на палігоне пад Барысавам два танкі Т-72 выканалі малюнак 300 на 200 метраў, і гэту выяву можна было ўбачыць з борта самалёта, які вылятае з Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Акрамя святкавання дня нараджэння папулярнай гульні, такім спосабам ваеннаслужачыя вырашылі падтрымаць сваю каманду танкістаў перад танкавым біятлонам на АрМГ-2017.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі