Дзень беларускага пісьменства
У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства

Эмблема Дня беларускага пісьменства
Эмблема Дня беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

У Беларусі 2012 год быў аб'яўлены Годам кнігі.

Гісторыя свята

Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку.

Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў.

У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.

Юбілейны, дваццаць пяты па ліку Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прыняў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма "Мая малая радзіма".

Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства

У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме

У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Слонім Гродзенскай вобласці – адзін з самых старажытных на беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця.

У дні свята на цэнтральнай плошчы Слоніма ўрачыста адкрылі помнік легендарнаму Льву Сапегу – дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, дыпламату і палітычнаму мысліцелю, аднаму са стваральнікаў Статутаў Вялікага княства Літоўскага. Стагоддзі таму ён пачынаў сваю дзейнасць з пасады пісара ў гарадской канцылярыі Оршы, даслужыўся да найвышэйшых пасад – канцлера і гетмана Вялікага княства Літоўскага. У 1586 годзе Сапега атрымаў у кіраванне Слонім. Дзякуючы яму ў 1591 г. гораду над Шчарай было пацверджана магдэбургскае права, атрыманае Слонімам у 1531 годзе, а таксама дараваны герб з выявай ільва, што трымае залатую стралу. У часы канцлера Слонім ператварыўся ў развіты цэнтр рамёстваў, гандлю, палітычнага жыцця – тут нярэдка праходзілі сустрэчы ўплывовых дзеячаў дзяржавы.

Сярод знакамітых славутасцей Слоніма і наваколля – канал Агінскага, заснаваны ў XVIII стагоддзі гарадскім старастам і гетманам ВКЛ Міхалам Казімірам Агінскім, дзядзькам аўтара паланэза "Развітанне з Радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага. Сёння гэта маляўнічая артэрыя – цуд гідратэхнікі нараўне з Аўгустоўскім каналам – адраджаецца як турыстычны аб'ект.

Дзякуючы Агінскаму, які быў не толькі палітыкам, але і пісьменнікам, кампазітарам, мецэнатам, у Слоніме з'явіўся тэатр, які і ў нашы дні застаецца цэнтрам культурнага жыцця горада.

Недалёка ад Слоніма знаходзіцца знакамітая духоўная святыня краіны – Свята-Успенскі Жыровіцкі праваслаўны манастыр. У наступным годзе спаўняецца 550 гадоў з моманту з'яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці, а сам манастыр будзе святкаваць 500-годдзе. Падрыхтоўка да гэтай знакавай даты ідзе ўжо сёння.

І ў Дзень беларускага пісьменства падзеі гісторыі Слоніма, спадчына яго знакамітых дзеячаў розных эпох былі ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, свята нацыянальнай культуры зноў прайшло пад знакам малой радзімы – пасля 2018-га ў Беларусі было прынята рашэнне прысвяціць гэтай важнай тэме не адзін год, а трохгоддзе.

Цэнтральнымі падзеямі фестывалю пісьменства ў Слоніме сталі ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Двухдзённая культурная праграма была насычана мерапрыемствамі і сустрэчамі. З 31 жніўня па 1 верасня прайшлі Фестываль кнігі і прэсы, падагульняючы этап Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". Беларускія і замежныя пісьменнікі абмяркоўвалі актуальныя пытанні сучаснай кніжнай справы за круглым сталом.

Святочныя мерапрыемствы разгарнуліся адразу на 10 пляцоўках горада – літаратурнай, медыйнай, тэатральнай, маладзёжнай з забаўляльнымі зонамі, рамеснай, нацыянальнай кухні і г.д. Дарэчы, упершыню менавіта ў Слоніме адбыўся "літаратурны" гастрафэст, госці якога маглі пакаштаваць стравы, апісаныя ў кнігах вядомых аўтараў – Адама Міцкевіча, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа... А эксклюзіўным сувенірам Дня пісьменства-2019 стаў набор шакаладу з партрэтамі класікаў беларускай літаратуры.

Адной з асаблівасцей кульмінацыі закрыцця свята стала перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства. Наступнай сталіцай фестывалю нацыянальнага слова ў 2020 годзе стануць Бялынічы (Магілёўская вобласць) – старажытны "горад белых начэй", радзіма вядомых творчых асоб, "паклоннае месца" хрысціян Беларусі і свету. Дарэчы, як і Слонім, стагоддзі таму горад над Друццю таксама знаходзіўся пад апекаваннем канцлера Льва Сапегі.

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч уручыў свайму калегу з Бялынічаў Васілю Захаранку вымпел аб перадачы права на правядзенне XXVII Дня беларускага пісьменства і фаліянт ручной работы.

 

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс