Францыск Скарына, Беларусь | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Вядомыя беларусы | Францыск Скарына

Францыск Скарына

Францыск Скарына
Францыск Скарына

Ураджэнец старажытнага Полацка, выдатны філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, вучоны эпохі Адраджэння Францыск Скарына ўвайшоў у гісторыю як "бацька" ўсходнееўрапейскага кнігавыдання: менавіта ён у 1517 годзе ўпершыню выдаў Біблію на старабеларускай мове для "людзей паспалітых да добрага навучання".

Францыск Скарына – "сын з слаўнага града Полацка"

Нарадзіўся Францыск Скарына каля 1490 года ў сям'і купца Лукі (Лук'яна) у горадзе Полацку, які ў той час з'яўляўся адным з буйнейшых палітычных і культурных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.

Пачатковую адукацыю юны Францыск атрымаў у бацькоўскім доме, дзе спасцігаў азы чытання і пісьма, а затым вывучаў лацінскую мову ў школе пры Полацкім бернардзінскім манастыры, заснаваным у 1498 годзе па ініцыятыве вялікага князя Аляксандра Ягелона.

У 1504 годзе "сын з слаўнага града Полацка" паступіў у адзін з лепшых еўрапейскіх універсітэтаў таго часу – Кракаўскі – на факультэт "вольных мастацтваў" і праз два гады атрымаў сваю першую вучоную ступень – бакалаўра філасофіі.

У студэнцкія гады сярод захапленняў Францыска была і медыцына: згодна з данымі біёграфаў, праз некалькі гадоў у сценах alma mater ён атрымаў ступень магістра, а ў 1512 годзе – бліскуча здаў экстэрнам экзамен доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце.

Аб прыродных здольнасцях і стараннасці маладога вучонага хадзілі легенды, а ў актавых запісах адзначаецца, што "сын спадара Лукі Скарыны з Полацка праявіў сябе пахвальна". І сёння партрэт беларускага доктара можна знайсці ва ўніверсітэцкай галерэі сярод іншых выпускнікоў, знакамітых вучоных з розных еўрапейскіх краін.

Згодна з адной з версій, у 1512 – 1516 гадах Францыск Скарына служыў асабістым лекарам і сакратаром сына літоўскага караля Жыгімонта І Старога – княжыча Яна, з якім пазнаёміўся яшчэ ў час навучання ў Балонскім універсітэце.

Вытокі кнігадрукавання: першая Біблія на старабеларускай мове

Выдавецкую дзейнасць Францыск Скарына пачаў у Празе, дзе пры падтрымцы купцоў-мецэнатаў з Полацка і Вільні заснаваў друкарню, а ўжо ў 1517 годзе апублікаваў "Псалтыр" у перакладзе на старабеларускую мову, які стаў першым выданнем у гісторыі нацыянальнага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Усяго ж на працягу двух гадоў у пражскай друкарні ўбачылі свет 23 кнігі Бібліі, якія суправаджаліся ілюстрацыямі (ксілаграфічнымі гравюрамі, ініцыяламі і застаўкамі), а таксама аўтарскімі прадмовамі і каментарыямі, у якіх Францыск Скарына дзяліўся з чытачамі сваімі асветніцкімі ідэямі і поглядамі.

У пачатку 1520-х гадоў Францыск Скарына пераехаў у Вільню і адкрыў першую друкарню на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тут выйшла "Малая падарожная кніжка", дапоўненая акравершамі і календаром сонечных і месячных зацьменняў, і "Апостал", які расказвае аб дзеяннях і пасланнях бліжэйшых вучняў Хрыста.

"Малая падарожная кніжка" прызначалася для падарожнікаў і ўключала 18 царкоўных кніг, у лік якіх увайшлі "Псалтыр", "Часасловец", "Шасцідневец" і "Саборнік", а таксама акафісты і каноны… Унікальныя выданні невялікага фармату былі ўпрыгожаны гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, а дзевяць з іх суправаджалі пасляслоўі.

Кніжная спадчына Францыска Скарыны

Дзякуючы асветніку і першадрукару Францыску Скарыну беларускае нацыянальнае кнігавыданне ўзбагаціла не толькі еўрапейскую, але і агульнасусветную культуру. Рэнесансныя выданні знакамітага палачаніна вызначалі высокая якасць друку, характэрныя мастацкія, гравюрныя і арнаментальныя ўпрыгажэнні, шрыфты і іншыя кампаненты выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.

Адной з галоўных асаблівасцей усіх кніг Скарыны сталі аўтарскія каментарыі, якія дапамагалі "паспалітым" людзям лепш зразумець змест, асэнсаваць значэнне падзей, адлюстраваных у кнігах Свяшчэннага Пісання.

У красамоўных прадмовах, якія адлюстроўваюць гуманістычныя ідэалы і светапогляд Францыска Скарыны, прасочваюцца прыкметы іншых літаратурных жанраў, якія пазней атрымалі працяг у беларускай літаратуры і пісьменстве.

Кнігі Францыска Скарыны распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях, і  сапраўды не толькі паўплывалі на развіццё духоўнай культуры беларускіх зямель, але і ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве.

Апошнія гады жыцця Францыска Скарыны: падарожжы і ўрачэбная практыка

Апошнія гады жыцця Францыск Скарына прысвяціў медыцынскай практыцы. У 1520 – 30-я гады ён выконваў абавязкі лекара і сакратара ў віленскага біскупа Яна, а ўжо ў 1529-м па запрашэнні прускага герцага Альбрэхта Гогенцолерна наведаў Кёнігсберг, дзе ўспыхнула эпідэмія.

У сярэдзіне 1530-х ужо вядомы пры чэшскім двары па ўдзеле ў дыпламатычнай місіі Жыгімонта I Францыск Скарына прыняў прывабную прапанову ад караля Фердынанда I і стаў прыдворным лекарам і садоўнікам у раскошным батанічным садзе, які абрамляў велічны замак Градчаны.

Памёр Францыск Скарына каля 1551 года, аднак дакладная дата смерці і месца пахавання невядомы. Яго сын Сімяон у 1552 годзе атрымаў прывілей ад чэшскага караля Фердынанда I на права на спадчыну нябожчыка доктара "Францыска Руса" з Полацка.

Францыск Скарына і сучаснасць

Памяць Францыска Скарыны, імя якога стаіць у адным радзе з такімі выдатнымі дзеячамі сусветнай культуры эпохі Адраджэння, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль і Ян Амос Каменскі, увекавечана ў назвах вуліц многіх беларускіх гарадоў, універсітэта ў Гомелі, а таксама помніках, адным з якіх з'яўляецца бронзавая скульптура першадрукара каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У краіне заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды – ордэн і медаль Францыска Скарыны, якія ўручаюцца за ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны народа; асаблівыя заслугі ў гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці, поспехі на ніве нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…

Сёння спадчына Францыска Скарыны налічвае 520 кніг, многія з якіх знаходзяцца ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі. Усяго ж выданнямі беларускага першадрукара валодаюць каля 50 краін, у тым ліку і яго радзіма – Беларусь – 28 экзэмпляраў.

У 2017-м годзе, які быў прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, краіне ўдалося вярнуць унікальны помнік нацыянальнай культуры – "Малую падарожную кніжку", якая лічыцца першай кнігай, выдадзенай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сярод галоўных падзей 2017-га года – прэзентацыя 20-томнага факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", прызёра Гран-пры конкурсу "Мастацтва кнігі", маштабная выстаўка "Францыск Скарына і яго эпоха", міжнародны тэлепраект "Францыск Скарына на мовах народаў свету" і дакументальны фільм "Першадрук", які паказалі ў рамках Дня беларускага пісьменства ў Полацку

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі