14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як Дзяржстандарт рыхтуецца да маючага адбыцца Года якасці, расказаў журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Валянцін Татарыцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусі 2024-ы аб'яўлены Годам якасці. Па гэтым напрамку праводзіцца адпаведная работа, і Дзяржстандарт сур'ёзна задзейнічаны ў падрыхтоўцы адзінага дзяржаўнага знака якасці, а таксама нарматыўных прававых актаў. "Ужо рыхтуецца праект указа аб заснаванні адзінага дзяржаўнага знака якасці. Гэта даволі высокая ўзнагарода, якая будзе прадугледжваць вялікую адказнасць, і патэнцыяльныя прэтэндэнты павінны гэта разумець. Атрымаць такую ўзнагароду будзе не вельмі проста. Для гэтага ўдзельніку трэба прайсці пэўныя этапы, атрымаць адабрэнне ад урада, а канчатковае рашэнне будзе за кіраўніком дзяржавы", - сказаў Валянцін Татарыцкі.
Старшыня Дзяржстандарту дадаў, што ўжо ідзе прапрацоўка варыянтаў дызайну знака якасці. "Пасыл быў у тым, каб захаваць лепшыя традыцыі мінулага. Так, больш сталае насельніцтва помніць, што ў СССР знак якасці быў пяцівугольнай формы. Цяпер мы бяром яго за аснову і крыху інтэрпрэтуем, дабаўляючы сімвалічныя элементы. Ёсць шмат узораў, але адназначнае рашэнне пакуль не прынята", - падкрэсліў ён.
Валянцін Татарыцкі таксама расказаў аб правядзенні работ па патэнтным пошуку. "Гэта трэба для таго, каб не было аднолькавых прэтэндэнтаў з пункту гледжання інтэлектуальнай уласнасці. Некаторыя нашы прадпрыемствы маюць падобныя знакі і абрэвіятуры, таму будзем старацца пазбягаць такіх супадзенняў", - рэзюмаваў кіраўнік Дзяржстандарту.