Асенняе свята японскай культуры шосты раз аб'яднае паклоннікаў культуры Краіны ўзыходзячага сонца і прапануе разнастайную праграму: лекцыі і майстар-класы, канцэрты і літаратурна-музычныя вечары, чайныя прэзентацыі, спартыўныя спаборніцтвы па ўсходніх адзінаборствах і сямейныя квэст-эстафеты... Адкрые фестываль выстава "Фотавобразы і матэрыялы: японская графіка 1970-х гадоў" у Нацыянальным мастацкім музеі: агляд галоўных тэндэнцый таго часу прадставяць 14 сучасных японскіх мастакоў. У бягучым годзе арганізатары запрашаюць азнаёміцца з класікай японскага кінематографа, адпрацаваць пару баявых прыёмаў на майстар-класах па айкідо і каратэ, асвоіць азы ігры на бамбукавай флейце сякухаці, спасцігнуць вытанчанасць ліній суміэ (жывапіс тушшу), навучыцца лёгкасці папяровага мастацтва арыгамі і нават раскрыць некаторыя сакрэты аранжыроўкі кветак (ікебана).
Калі: 20 верасня – 29 лістапада
Дзе: Мінск, Барысаў, Гродна, Віцебск, Магілёў, Гомель
Пятнаццаты раз краіна прымае тыдні нямецкай культуры. У 11 гарадах Беларусі пройдуць канцэрты – ад класікі да рока, а ў сталіцы ўпершыню прагучыць фестываль XJAZZ. Кінапаказы на мове арыгінала з субцітрамі, кароткаметражныя фільмы і дакументалістыка парадуюць аматараў сінематографа. Абавязковая праграма – пачастункі. Нацыянальныя стравы будуць не толькі прапаноўваць прадэгуставаць, але і навучыць іх гатаваць: на майстар-класах пакажуць, як самастойна стварыць шэдэўр баварскай кухні. Акрамя таго, запланавана канферэнцыя па аднаўляльнай энергетыцы, Мінскі ўрбаністычны форум, тэматычныя фотавыстаўкі, лекцыі, сустрэчы і дыскусіі з германскімі дзеячамі культуры і мастацтва.
Калі: 23 верасня – 18 лістапада
Дзе: Мінск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Маладзечна, Пінск і Полацк
Даведацца падрабязней
Ужо чацвёрты па ліку сезон адкрые буйнейшая выстава выяўленчага мастацтва Беларусі, створаная па аналогіі з легендарнымі Парыжскімі салонамі, якія штогод збіраюць на Елісейскіх палях самых таленавітых тварцоў нашага часу. "Асенні салон" усяго за некалькі гадоў стаў пляцоўкай для прэзентацыі тэндэнцый сучаснага беларускага мастацтва. А дзякуючы адукацыйнай праграме (лекцыі, творчыя сустрэчы, майстар-класы, інтэрактыўныя экскурсіі, квэсты, заняткі з дзецьмі) ён набыў шырокую папулярнасць: у мінулым годзе выставу ў Палацы мастацтва наведалі каля 10 тысяч чалавек, і гэта далёка не мяжа! Дарэчы, гэты год стаў рэкордным па колькасці пададзеных заявак на ўдзел у мінскай выставе-продажы. Плануецца, што эксклюзіўны арт-праект аб'яднае 124 маладых мастакоў, адабраных прафесійным журы з больш як 450 прэтэндэнтаў з усёй краіны.
Калі: 5 кастрычніка – 4 лістапада
Дзе: Мінск, Палац мастацтва, галерэя "Арт-Беларусь"
Дэбютны праект галерэі "Libra" прадстаўляе каля 50 палотнаў вядомых майстроў ХХ стагоддзя. У экспазіцыі – работы Сальвадора Далі, Марка Шагала, Рэнэ Магрыта, Жоржа Брака, Пола Вундэрліха, Васіля Кандзінскага…
Калі: 5 кастрычніка – 4 снежня
Дзе: Мінск, выставачная зала "Libra", праспект Незалежнасці, 37
У гэтым годзе "Званы Сафіі" пачаліся з музычнага прысвячэння 30-годдзю канцэртнай дзейнасці ў зале легендарнага храма і 10-годдзю камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр". Лістападаўская афіша прапануе наведвальнікам атрымаць асалоду ад вечароў арганнай музыкі, у якіх прымуць удзел віртуозы з усяго свету: Іаган Трумер (Аўстрыя), Томас Ніп (Ліхтэнштэйн), Туамас Пірханен (Фінляндыя) і японская выканаўца Хірока Іноўэ.
Калі: 21 кастрычніка – 25 лістапада
Дзе: Полацк, канцэртная зала Сафійскага сабора
Выстаўка "Мастацтва шакаладу" ў рамках сусветнага туру, які прыцягнуў звыш мільёна наведвальнікаў, адкрываецца ў беларускай сталіцы. Праект абяцае гледачам поўнае акунанне ў салодкі свет шакаладу дзякуючы асаблівай канцэпцыі – "watch, touch, play, feel, shoot, smell" ("глядзі, дакранайся, гуляй, адчувай, фатаграфуй, удыхай").
Калі: 25 кастрычніка – 8 студзеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей
Персанальная выстава жывапісца, графіка, мастака анімацыйнага кіно Дзмітрыя Сурыновіча, чыё мастацтва, паводле слоў арт-крытыкаў, цікавае сваёй поліфаніяй. Экспазіцыя складаецца з жывапісу – работ, напісаных акрылам, акварэллю, тушшу, калажаў і мультыплікацыйных фільмаў, створаных Сурыновічам.
Калі: 1–25 лістапада
Дзе: Мінск, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
Ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню перамір'я і памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны, а таксама 100-годдзю падпісання прымірэння ў Солах. Акрамя рэканструкцыі баявога фрагмента, наведвальнікаў чакаюць канцэрт "Песні Вялікай вайны", прагулкі на конях, наведванне Барысаглебскай капліцы і выстаўка рэтрааўтамабіляў.
Калі: 1 лістапада
Дзе: Мінская вобласць, Вілейскі раён, сядзіба-музей Заброддзе
Вядучы кінафорум Беларусі – адзін з буйнейшых у Еўропе – адзначае 25-годдзе і запрашае аматараў cinema "пазнаць белы свет". Менавіта так гучыць слоган "Лістапада"-2018 у гонар назвы карціны рэжысёра Кіры Муратавай, якой прысвечаны юбілейны сезон ММКФ. Адкрые праграму польская стужка "Халодная вайна" Паўла Паўлікоўскага – аўтара "Іды" і ўладальніка дзвюх узнагарод "Лістапада"-2013. Гучныя прэм'еры, рэтраспектывы, дакументальныя стужкі, маладое беларускае кіно, і, упершыню, паўнакупальныя фільмы... Усяго ў афішы кінатыдня – 167 фільмаў з 48 краін, у тым ліку дэбютантаў Кеніі і ПАР. Для юных гледачоў "Лістападзік" падрыхтаваў 6 карцін на тэму дзяцінства.
Калі: 2–9 лістапада
Дзе: Мінск, кінатэатры Мінска
Даведацца падрабязней
2 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці, у народзе – "асеннія Дзяды". Дзень ушаноўвання продкаў – звычай, які існуе ў беларускай культуры яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Лічылася, што да свята ў доме трэба вымыць вокны, а перад рытуальнай вячэрай адкрыць усе дзверы – каб душам памерлых было лягчэй вярнуцца туды, дзе жывуць родныя. Аўтэнтычны абрад і экскурс у гісторыю традыцый беларусаў падрыхтавалі ў Музеі народнай архітэктуры і побыту.
Калі: 3 лістапада
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Конкурс вакальнага, харэаграфічнага, тэатральнага, інструментальнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў "RoskvitBY" адбудзецца ў Магілёве 3–4 лістапада. Ацэньваць нумары юных артыстаў (на конкурс могуць падаваць заяўкі ўсе жадаючыя старэйшыя за 3 гады) будзе зорнае журы: удзельнікі шоу "Голас", "Я спяваю!", "Танцуюць усе!", "Еўрабачанне", "Таленты краіны", "Украіна мае талент", "Маладыя таленты Беларусі". Тэматыка цяперашніх спаборніцтваў прысвечана Году малой радзімы, і ўпершыню ў рамках фестывалю пройдзе фотаконкурс "Беларусь – радзіма таленту".
Калі: 3–4 лістапада
Дзе: Магілёў
Арганізатары называюць падзею "дабрачынным фестывалем разумнага спажывання" і абяцаюць экамаркет, цыкл пазнавальных лекцый, майстар-класы па гатаванні здаровай ежы, дэгустацыі і фуд-корт. Усё гэта ў спалучэнні з кінапаказамі і "прыемнымі музычнымі вібрацыямі" ў жывым выкананні – ВЕГАН ФЭСТ.
Калі: 4 лістапада
Дзе: Мінск, культурны цэнтр "КОРПУС"
Монаспектакль Яўгена Грышкаўца, паводле слоў самога выканаўцы, – вынік шматгадовай карпатлівай работы. Спектакль-прадмова да рамана "Театр отчаяния или отчаянный театр" расказвае пра тое, што не ўмясціла ў сябе кніга: пра ўзнікненне літаратурнага вобраза, пра ўспаміны, пра тое, што адбываецца з чалавекам, які ў думках звяртаецца да мінулага.
Калі: 6 лістапада
Дзе: Мінск, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага
"Яўген Анегін" у выкананні расійскага акцёра Дзмітрыя Дзюжава – інтэрпрэтацыя бессмяротнага літаратурнага шэдэўра А.С.Пушкіна. Музычнае суправаджэнне пастаноўкі – твор Сяргея Пракоф'ева, напісаны спецыяльна для спектакля "Яўген Анегін" у знакамітым камерным тэатры.
Калі: 6 лістапада
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"
Спектакль аднаго з выдатных акцёраў сучаснасці – Сяргея Макавецкага – раскажа гледачу пра свет тэатра і кіно, пра таленавітыя асобы, якія паўплывалі на яго творчасць. Праграма ўключае ў сябе ўрыўкі са спектакляў, паэзію і рэдкія кадры з фільмаў, знятых з удзелам акцёра.
Калі: 7 лістапада
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"
Belarus Fashion Week SS'2019 прадставіць калекцыі самых паспяховых дызайнераў і брэндаў: Nickolia Morozov, Nelva, Favorini, Kseniya Romanova, Lakbi, Condra Deluxe, ton-in-ton, emse, Devur, Larisa Balunova, Tarakanova, Natalia Korzh, T. Efremova... Традыцыйна ў рамках Тыдня адбудуцца прэзентацыя дзіцячай моды Kids' Fashion Days BFW і сацыяльны праект "Новыя магчымасці". Яшчэ адна навінка – See Now & Buy Now – паказы лепшых стылістаў краіны і дэманстрацыя іх бачання сучаснай беларускай моды.
Калі: 7–11 лістапада
Дзе: Мінск, НВЦ "Белэкспа"
Даведацца падрабязней
Свята млынароў у Гродзенскай вобласці пачнецца з тэатралізаванага шэсця, пасля чаго ўсіх жадаючых пачастуюць традыцыйнай адэльскай кухняй: рэцэпты мясцовых страў унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Забаўляць гасцей абяцаюць конкурсамі караваяў і беларускіх падворкаў, канцэртамі і экскурсіямі.
Калі: 10 лістапада
Дзе: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, аграгарадок Адэльск
Паспрабаваць сябе ў ролі каваля і асвоіць няпростае рамяство ўціхамірвання агню і металу (а ў мінулыя часы на тое, каб навучыцца гэтай справе, ішло ад 3 да 10 гадоў) можна на свяце ў Музеі народнай архітэктуры і побыту. Мерапрыемства ў гонар заступнікаў кавалёў святых Кузьмы і Дзям'яна абяцае быць насычаным яркай музычнай і забаўляльнай праграмай. Арганізатары запрашаюць пабываць у рыцарскім лагеры, павучыцца на майстар-класах у рамеснікаў, прайсці квэст і паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і танцах.
Калі: 11 лістапада
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Рамантычная камедыя з зоркамі расійскага кіно Марыяй Парошынай і Яраславам Бойкам у галоўных ролях. Лірычны спектакль, пастаўлены рэжысёрам Наталляй Булыга з іранічным і тонкім гумарам, абяцае гледачам нечаканую развязку рамантычнай гісторыі аб пошуку кахання.
Калі: 16 лістапада
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"
Гісторыя ўзорнага сем'яніна і будучага палітыка Стафана ў цудоўным выкананні каманды любімых гледачамі артыстаў – Фёдара Дабранравава, Алены Сафонавай, Таццяны Васільевай, Піліпа Васільева і Марыі Балонкінай.
Калі: 19 лістапада
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"
У Мінску амерыканская поп-дзіва выступіць у падтрымку сваёй новай пласцінкі Evolution, гучанне якой сама выканаўца апісвае кароткім словам "SPRock", што азначае збалансаваная сумесь соўл-, поп- і рок-музыкі. Вечар абяцае шмат сюрпрызаў, улічваючы, што канцэрт пройдзе ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.
Калі: 20 лістапада
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі
Свята беларускай лялькі, якое стала ўжо брэндавым, пройдзе ў аграгарадку Індура. На мерапрыемстве народныя ўмельцы Гродзенскага раёна прадэманструюць свае работы – калекцыі абрадавых, нацыянальных і сучасных лялек з традыцыйных для беларускіх рамеснікаў матэрыялаў: саломы, ільну, тэкстылю, пап'е-машэ. На выстаўцы-кірмашы адбудуцца майстар-класы, на якіх усе жадаючыя змогуць стварыць уласную ляльку-абярэг. Акрамя таго, у праграме свята – тэатралізаваны паказ пра традыцыі і тонкасці рамяства "Лялька ў карагодзе жыцця".
Калі: 21 лістапада
Дзе: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, аграгарадок Індура
Міжнародны фестываль у Віцебску ўжо больш за 30 гадоў захоўвае статус аўтарытэтнага форуму сучаснай харэаграфіі. Спектаклем адкрыцця-2018 стане пластычная драма без слоў "Калігула" ў выкананні артыстаў Губернскага тэатра пад кіраўніцтвам Сяргея Бязрукава. "Кіеў мадэрн-балет" пакажа "Спячую прыгажуню", "Балет Яўгена Панфілава" прапануе паразважаць пра свабоду ў перформансе "Паветра" і спектаклі "Паноптыкум", прадставіць прысвячэнне Віктару Цою "Зорка 62090" і балет-сюіту "TOLSTOY" да 190-годдзя вялікага класіка. Завершыцца форум "Уверцюрамі Расіні" ад Spellbound Contemporary Ballet (Італія).
Калі: 21–25 лістапада
Дзе: Віцебск, КЗ "Віцебск", Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа
VII Міжнародны фестываль JazzinMinsk запрашае аматараў атрымаць асалоду ад выступленняў лепшых музыкантаў з усяго свету. У канцэрце-адкрыцці высокую ноту форуму зададуць іспанскі квінтэт "Ларэда джаз" і ўладальнікі Jazz Awards – салісты Эл Сандэрс, Лі Мейс і саксафаніст Уіл Полак. Хэдлайнеры фестывалю JazzinMinsk 2018 – Дэдэ Сен-Пры (Марцініка), Майкл Варэкамп (ЗША), Мейчэлд Кембрыдж (Швейцарыя).
Калі: 22–25 лістапада
Дзе: Мінск, Палац прафсаюзаў, Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава (Палац Рэспублікі)
Брытанская трыб'ют-група Brit Floyd прадставіць у Мінску рэтраспектыву альбома легендарных Pink Floyd – The Dark Side of the Moon. З 1973 года тыраж гэтай пласцінкі склаў больш за 45 млн копій. Як адзначаюць крытыкі, The Dark Side Of The Moon – амбіцыйны і крэатыўны рок-шэдэўр, які пераасэнсаваў саму рок-музыку і ўзняў Pink Floyd на новую прыступку музычнага Алімпа. У сваю чаргу, Brit Floyd скрупулёзна аднаўляе гучанне і сцэнічныя эфекты "флойдаў".
Калі: 24 лістапада
Дзе: Мінск, Палац спорту
Оперны тэнар Хасэ Карэрас упершыню выканае на мінскай сцэне хіты сусветнай класікі ў суправаджэнні акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Імклівая кар'ера спевака пачалася яшчэ ў 1970-я трыумфам у лепшых тэатрах: Ла Скала, Метраполітэн-опера, у Венскай дзяржаўнай і Лонданскай каралеўскай операх. Сёння ў рэпертуары Карэраса – больш за 60 опер, сярод якіх "Андрэ Шэнье", "Багема", "Тоска", "Вертэр", "Дон Карла", "Кармэн", "Баль-маскарад". І ў Мінску гледачоў чакае цудоўны вечар!
Калі: 25 лістапада
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі
Ужо другі раз Беларусь стане краінай – гаспадыняй прэстыжнага музычнага конкурсу: дзіцячае "Еўрабачанне" пад лозунгам Light Up! аб'яднае выканаўцаў з 20 краін, што стане рэкордам у яго гісторыі. Цырымонія адкрыцця адбудзецца ў выставачным цэнтры "Белэкспа", а фінальнае шоу прыме "Мінск-Арэна", здольная ўмясціць 15 тысяч гледачоў. Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2018" прадставіць 14-гадовы Даніэль Ястрэмскі з песняй Time ("Час").
Калі: 25 лістапада
Дзе: Мінск-Арэна
Даведацца падрабязней