Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" у Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" | Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" у Беларусі

Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" у Беларусі


Згодна з рашэннем Еўрапейскага вяшчальнага саюза Беларусь стала краінай – гаспадыняй музычнага конкурсу другі раз – у 2010 годзе дзіцячае "Еўрабачанне" праходзіла ўжо ў Мінску. Папулярнае шоу адбылося ў сталіцы 25 лістапада 2018 года. Па выніках галасавання гледачоў і ацэнак прафесійнага журы першае месца і галоўны прыз – хрустальны мікрафон – заваявала выканаўца з Польшчы Раксана Венгель. Прадстаўнік Беларусі Даніэль Ястрэмскі заняў адзінаццатае месца. Арганізатарам песеннага форуму выступіў адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза – Белтэлерадыёкампанія.

Міжнародны конкурс дзіцячай песні – гэта заўсёды яркае шоу і насычаная культурная праграма, падрыхтаваная арганізатарамі спецыяльна для гасцей з краін-удзельніц і гледачоў.

Удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску

Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні"-2018 сабрала рэкордную колькасць выканаўцаў. У міжнародным конкурсе афіцыйна паўдзельнічалі 20 дзяржаў: Албанія, Арменія, Аўстралія, Азербайджан, Беларусь, Францыя, Македонія, Грузія, Ірландыя, Ізраіль, Італія, Казахстан, Мальта, Польшча, Партугалія, Расія, Сербія, Нідэрланды, Уэльс (Вялікабрытанія), Украіна.

Згодна з правіламі дзіцячага "Еўрабачання", у конкурсе могуць прымаць удзел да 18 краін (у 2010 годзе, калі Беларусь упер шыню прымала форум, у ім спаборнічала 16 дзяржаў). Аднак на гэты раз арганізатары зрабілі выключэнне для Ізраіля як краіны – пераможцы дарослага "Еўрабачання"-2018. Акрамя таго, Украіна, якая спачатку заявіла аб адмове ад удзелу па прычыне фінансавых цяжкасцей, вярнулася ў конкурс пасля дэдлайну падачы заявак.

Пляцоўкі галоўнага дзіцячага шоу Еўропы

Урачыстая цырымонія адкрыцця "Еўрабачання"-2018 адбылася 19 лістапада ў выставачным цэнтры "Белэкспа". Менавіта тут дэлегацыі краін-удзельніц прайшлі па чырвонай дарожцы, а выканаўчы дырэктар конкурсу Ён Ола Санд і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант далі старт Еўратыдню. Дарэчы, цэнтр размешчаны ў знакавым месцы Мінска – побач з плошчай Дзяржаўнага сцяга і Палацам Незалежнасці.

І ўжо наступнай раніцай – 20 лістапада – юныя выканаўцы наведалі з экскурсіяй Палац і ў нефармальнай абстаноўцы сустрэліся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Месцам правядзення фіналу "Еўрабачання", як і ў 2010 годзе, стала самая вялікая пляцоўка краіны – спартыўна-забаўляльны комплекс "Мінск-Арэна", што ўмяшчае 15 тыс. гледачоў. Дызайн сцэны, якая злучыла мноства ноу-хау, распрацавала мастак-пастаноўшчык генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі Галіна Гоманава. Дарэчы, гэта рэдкі выпадак на дзіцячым "Еўрабачанні", калі сцэнаграфіяй займаецца спецыяліст з краіны-арганізатара, а не Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Паводле задумы аўтара, "Мінск-Арэна" ператварылася ў сонечную сістэму дзіцячага "Еўрабачання"-2018: напрыклад, Green Room нібыта лунаў у зорным небе, а купал арэны аформілі спецыяльна спраектаванымі шмат'яруснымі святлодыёднымі люстрамі. Стылізавалі пад зорнае неба таксама Press Room, індывідуальныя грымёркі і вялікі агульны хол.

Лакацыяй традыцыйнага "Еўраклуба" стаў 5-зоркавы гасцінічны комплекс "Прэзідэнт-Атэль", дзе пражывалі ўсе дэлегацыі ўдзельнікаў.

Лагатып і слоган дзіцячага "Еўрабачання-2018"

Лагатыпам дзіцячага "Еўрабачання"-2018 па выніках конкурсу, у якім удзельнічала больш за 300 чалавек з розных краін, стала ўзыходзячая зорка. Аўтар малюнка Максім Букас паказаў яе ў выглядзе вертыкальна перавернутых гукавых хваль у стылістыцы вышыванкі. Крыніцай натхнення паслужыў для дызайнера верш беларускага паэта Максіма Багдановіча "Зорка Венера".

Як адзначыў аўтар, удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання"-2018 прыехалі ў Беларусь, каб ярка пачаць свой творчы шлях на песенны небасхіл. Пакараць сэрцы гледачоў заклікаў юных талентаў і слоган "Еўрабачання"-2018 – LightUp! ("Запальвай!").

Пераможца дзіцячага "Еўрабачання"-2018

Галоўны трафей конкурсу – хрустальны мікрафон – атрымала прадстаўніца Польшчы Раксана Венгель, якая выканала кампазіцыю Anyone I Want to Be. Па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў яна набрала 215 балаў.

13-гадовая Раксана паспела перамагчы ўжо ў The Voice Kids Poland. Акрамя вакалу захапляецца акрабатыкай, харэаграфіяй, дзюдо. Дзяўчына папулярная ў сацыяльных сетках: за яе акаўнтам сочаць амаль 300 тыс. чалавек, а першы сінгл Раксаны – Zyj – набраў на YouTube каля 9 млн праглядаў.

Другое месца на дзіцячым "Еўрабачанні"-2018 заняла Анжэліна з Францыі (яна набрала 203 балы), трэцяе – Джаэль з Аўстраліі (201 бал).

Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні"-2018

Беларусь на конкурсе прадставіў пераможца нацыянальнага адборачнага тура Даніэль Ястрэмскі. Юны выканаўца выступіў пад восьмым нумарам з песняй Time. Ён набраў 114 балаў і заняў адзінаццатае месца.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі