Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Jun 2018

Каляндар падзей у Беларусі: ліпень 2018

Інтэрактыўная выстаўка ''Future LIVE'' ў Мінску

Future LIVE – дзіўная прастора, населеная незямнымі істотамі, чароўнымі кветкамі і іншапланетнымі раслінамі, якія створаны з дапамогай такіх сучасных тэхналогій як арт-інсталяцыя і 3D mapping, праекцыйны інтэрактыў, віртуальная і дапоўненая рэальнасць. Наведвальнікі змогуць ажыццявіць сапраўднае "Міжгалактычнае Падарожжа" і азнаёміцца з незвычайнымі арт-аб'ектамі, сярод якіх экран трохметровай вышыні, набор дапоўненай рэальнасці на чатырох чалавек, арэлі з гірадатчыкамі, фламастары вышынёй з  чалавечы рост... Згодна з ідэяй, выставачны праект у фармаце Educatement дае магчымасць вучыцца ў забаўляльнай форме, а інтэрактыўна-мультымедыйныя зоны вучаць узаемадзеянню з навакольнай рэальнасцю, фарміруюць крэатыўнае мысленне і ўражваюць удзельнікаў.

Калі: 15 сакавіка – ліпень 2018 года
Дзе: Мінск, ГЗЦ Dana Mall
Даведацца больш

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад", які ў гэтым годзе адкрывае сёмы сезон, па традыцыі знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-сюррэаліста і графіка Георгія Скрыпнічэнкі, якога нярэдка называюць адной з ключавых фігур у нацыянальным мастацтве 1950-х. Аб многім сведчыць і той факт, што ў 2005-м рашэннем Кембрыджскага ўніверсітэта ён быў удастоены звання "Чалавека года". Для шырокай публікі гэта ўнікальны шанц уласнымі вачыма ўбачыць цэлы збор работ "беларускага Далі": пры жыцці мастак не любіў выстаўляць свае творы, больш таго, некаторыя з іх ён прадаўжаў удасканальваць нават праз 40 гадоў! Чакаецца, што пасля Дня горада ў Мінску – з 20 верасня – жывая выстава пераедзе ў Віцебск.

Калі: 17 мая – 8 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа

Новая праграма "Цырк! Цырк! Цырк!" у Белдзяржцырку

Новая праграма "Цырк! Цырк! Цырк!" запрашае любіцеляў гэтага дзіўнага мастацтва акунуцца ў атмасферу сапраўднага свята. Гледачы ўбачаць гісторыю таленавітага артыста з сусветным імем, які, стаміўшыся ад руціны і сваёй вядомасці, пакінуў любімую справу, а калі зразумеў, што без цырка яму не жыць, зноў вярнуўся ў горад на родную арэну. У новую праграму ўвайшлі відовішчныя нумары ў розных жанрах у выкананні лепшых беларускіх і расійскіх артыстаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і фестываляў, сярод якіх паветраныя гімнасты, экстрэмальныя акрабаты, ілюзіяністы, жанглёры, клоўны, асілкі. Героем праграмы і часткай эфектнага нумара сілавых акрабатаў нават стаў сапраўдны аўтамабіль – красовер беларускай зборкі Geely Atlas. Таксама ў шоу задзейнічаны дрэсіраваныя жывёлы – вярблюды, ламы, малпы, сабачкі. Прадстаўляючы новае шоу, у Белдзяржцырку расказалі, што ўжо рыхтуюцца і да грандыёзнага юбілею галоўнай арэны краіны: яе 60-годдзе будзе адзначацца ў 2019-м. Акрамя таго, дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан анансаваў сюрпрызы ў праграме, якая будзе ісці ў час II Еўрапейскіх гульняў.

Калі: 19 мая – 22 ліпеня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк

Джазавыя вечары ля мінскай ратушы

За пяць гадоў – а менавіта столькі радуе сталічных меламанаў і гасцей беларускай сталіцы міжнародны праект "Джазавыя вечары" – ужо стала добрай традыцыяй у прамянях вячэрняга сонца адпраўляцца на плошчу Свабоды паслухаць лепшыя мелодыі ў выкананні віртуозаў з усяго свету. Вось і на гэты раз у самым "сэрцы" гістарычнага Мінска пройдуць тры музычныя вечары, кожны з якіх прысвечаны пэўнай тэматыцы, – "Лацінаамерыканскі джаз", "Традыцыі і сучаснасць", "У джазе толькі дзяўчаты". Чакаецца, што на сцэне ля мінскай ратушы выступяць музыканты з Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, ЗША, Ізраіля і Кубы. Пакуль поўны спіс удзельнікаў і імёны выканаўцаў трымаюцца ў сакрэце, але, несумненна, усіх, хто прыйдзе на гэту канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам, чакаюць яркія выхадныя, незабыўныя сустрэчы і толькі прыемныя адкрыцці.

Калі: 23 чэрвеня, 30 чэрвеня і 7 ліпеня
Дзе: Мінск, плошча Свабоды

Святы нацыянальных культур у Верхнім горадзе Мінска

Новы турыстычны сезон пачаўся ў Верхнім горадзе яшчэ ў маі, і з першых дзён лета ў гістарычным цэнтры Мінска стартаваў марафон фестываляў культур і традыцый розных краін. У гэтым годзе іх 15: Швецыя, Расія, Грэцыя, Літва, Польшча, Рэспубліка Карэя, Украіна, Італія, Арменія, Грузія, Малдова, Ізраіль, Азербайджан і – упершыню – Эстонія і Вялікабрытанія. Канцэрты і каларытныя выступленні, выстаўкі і кірмашы, нацыянальная ежа і напіткі – абавязковыя атрыбуты, але кожная краіна, вядома, здзіўляе па-свойму.

2 чэрвеня – Дзень культуры Швецыі
9 чэрвеня – Дзень шматнацыянальнай Расіі
16 чэрвеня – Вялікі брытанскі фестываль
21 ліпеня – Дзень культуры Эстоніі
28 ліпеня – Дзень культуры Грэцыі
4 жніўня – Дзень культуры Літвы
5 жніўня – Дзень культуры Польшчы
11 жніўня – Дзень культуры Карэі
18 жніўня – Дзень культуры Украіны
25 жніўня – Дзень культуры Італіі
26 жніўня – Дзень культуры Арменіі
1 верасня – Дзень культуры Грузіі – фестываль "Тбілісоба"
(дарэчы, менавіта грузінскі фестываль у 2015-м паклаў пачатак традыцыі нацыянальных свят у мінскім Верхнім горадзе)
15 верасня – Дзень культуры Малдовы
16 верасня – Дзень культуры Ізраіля
22 верасня – Дзень культуры Азербайджана

Дзе: гістарычны цэнтр Мінска Верхні горад (плошча Свабоды, вуліцы Кірылы і Мяфодзія, Герцэна, Зыбіцкая)

Міжнародны мотафестываль "ШТОРМ"

Першы ў Беларусі міжнародны мотафестываль, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці, запрашае як байкераў са стажам, так і навічкоў прыняць удзел у экстрэмальных спаборніцтвах. Адкрые фестываль мотапарад "Перамога": тысячы байкераў праедуць калонай са сцягамі ваенных падраздзяленняў і часцей, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, ад базы адпачынку "Алімпіец" да мемарыяла экіпажу Мікалая Гастэлы (Радашковічы) і назад. Акрамя таго, у праграме фэсту – экстрым-шоу, тэст-драйвы і майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы, а кульмінацыяй свята стане начны open air ад беларускіх і замежных дыджэяў і пенная вечарынка пад адкрытым небам. У распараджэнні гасцей (а іх чакаецца каля 8 тысяч!) – палатачны гарадок, інтэрактыўныя зоны, дзіцячая пляцоўка, конкурсы, латарэі...

Калі: 30 чэрвеня – 2 ліпеня
Дзе: база адпачынку "Алімпіец", в. Сёмкава, Мінскі раён

Будслаўскі фэст-2018

Штогод тысячы паломнікаў адпраўляюцца ў 537-кіламетровую "пілігрымку" ў Нацыянальны санктуарый Беларусі – храм у Будславе – каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях у гонар цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Дарэчы, цяпер гэта вялікае хрысціянскае свята з'яўляецца прэтэндэнтам на ўключэнне ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. У бягучым годзе Будслаўскі фэст прысвечаны 20-годдзю каранацыі адной з самых вядомых святынь Беларусі, а таксама веруючай моладзі: ён пройдзе пад дэвізам "Моладзь – надзея Касцёла і грамадства". У рамках свята пад купалам знакамітага храма пройдуць урачыстыя богаслужэнні і святая імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. За паўгадзіны да поўначы пачнецца, бадай, самая відовішчная падзея – працэсія са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Чакаецца, што ў Будслаўскім фэсце-2018 прыме ўдзел і пасол Ватыкана ў Беларусі Габар Пінтэр.

Калі: 1–2 ліпеня
Дзе: Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць

Гарадскі музычны фестываль "21 vek"

Сапраўды "гучны" летні падарунак чакае мінчан і гасцей горада 1 ліпеня. Музычны open air фестываль еўрапейскага фармату – "21 vek" – збярэ на адной сцэне такіх хэдлайнераў, як Земфіра, LP, Дэльфін, Therr Maitz, Бумбокс, і ўдзельнікаў нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2018" – беларускі праект Shuma. Упершыню за некалькі гадоў пасля шоу "Маленькі чалавек" меламаны змогуць спець з зоркай сучаснай рок-сцэны Земфірай задушэўныя "Ариведерчи" або "Бесконечность", атрымаць асалоду ад кампазіцый у стылі інды-поп ад лепшага выканаўцы 2015-га па версіі iTunes групы Therr Maitz, пачуць любімыя хіты "Квити в волоссі", "Наодинци", "Колишня" ў выкананні ўкраінскай групы "Бумбокс" на чале з яе нязменным вакалістам Андрэем Хлыўнюком, а таксама адкрыць для сябе як правераныя ўжо часам, так і свежыя трэкі з новага альбома Дэльфіна "442"... Акрамя цудоўнай музыкі на пляцоўцы старога аэрапорта – зялёныя газоны, фуд-корты, забаўляльныя зоны і, вядома, драйв, які магчымы толькі ў атмасферы вялікага фестывалю.

Калі: 1 ліпеня
Дзе: Мінск, тэрыторыя аэрапорта Мінск-1

Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў"

Маштабнае свята Купалле традыцыйна адзначаць на беразе Дняпра. Галоўным мерапрыемствам сёлетняга фестывалю ў Александрыі стане тэатралізаваная пастаноўка ў гонар Года малой радзімы, у якой прымуць удзел папулярныя выканаўцы з Беларусі, Расіі і Украіны – Сяргей Трафімаў, ВІА "Сіняя птушка", група "Бліскучыя", Таісія Павалій, Мікалай Гнацюк і многія іншыя. У рамках свята таксама адбудзецца Дзень культуры Украіны: наведвальнікі змогуць пабываць на Сарочынскім кірмашы і атрымаць асалоду ад вялікай канцэртнай праграмы вядомых украінскіх выканаўцаў, у ліку якіх – народныя артысты краіны Ціна Караль і Іа Бобул. Для аматараў зялёнага турызму арганізатары падрыхтуюць выстаўку аграсядзіб. А самыя крэатыўныя змогуць паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы купальскі касцюм!

Калі: 7–8 ліпеня
Дзе: Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён, аграгарадок Александрыя
Даведацца падрабязней

XXVII Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску"

Грандыёзнае свята мастацтваў, якое за 26 гадоў існавання набыло статус візітнай карткі Беларусі, – "Славянскі базар" у гэтым годзе стане пляцоўкай для выступлення артыстаў з 21 краіны, у ліку якіх Вялікабрытанія, Канада, Калумбія, Гвінея і Егіпет. Сярод удзельнікаў буйнейшага музычнага форуму – Мікалай Баскаў, Ірына Алеграва, Зара, Алег Газманаў, Алена Ваенга, Стас П'еха, Цімаці, прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні ALEKSEEV і многія іншыя. У час урачыстага адкрыцця фестывалю пройдзе канцэрт, прысвечаны Году малой радзімы, – і як адзначаюць арганізатары, віцебскі амфітэатр за гэтыя гады стаў сапраўднай творчай "радзімай" для многіх артыстаў, адкрыўшы ім дзверы ў свет мастацтва. Акрамя насычанай музычнай праграмы, госці "Славянскага базару" змогуць атрымаць асалоду ад мноства культурных мерапрыемстваў: у гэтым годзе святочны Віцебск прыме фестываль вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" і традыцыйныя "Тэатральныя сустрэчы" з пастаноўкамі ад знакамітых рэжысёраў.

Калі: афіцыйныя даты фестывалю – 12-16 ліпеня, але мноства мерапрыемстваў пройдзе 7-11 і 17-18 ліпеня
Дзе: Віцебск, Летні амфітэатр, тэатральныя і канцэртныя пляцоўкі горада
Даведацца падрабязней

VIII Міжнародны марафон дружбы "Друскінінкай – Гродна"

Міжнародны марафон дружбы 8-ы раз звяжа беларускі і літоўскі гарады. Трансгранічны марафон паміж Друскінінкаем і Гроднам у гэтым годзе стаў яшчэ больш даступным для ўдзельнікаў з іншых краін: Аўгустоўскі канал – адну з пляцовак спаборніцтва – замежныя госці цяпер могуць наведаць без візы. Традыцыйна старт і фініш марафону мяняюцца месцамі: у 2018-м атлеты стартуюць з Друскінінкая і завершаць спаборніцтва ў Гродне. Дыстанцыю 42,195 км удзельнікі пераадолеюць без прыпынку на граніцы паміж дзяржавамі: пагранічны кантроль будзе арганізаваны ў месцах старту і фінішу. Марафон дружбы стане адным з этапаў "Гродзенскай бегавой лігі", якая аб'ядноўвае самыя рэйтынгавыя і цікавыя старты сезона.

Калі: 15 ліпеня
Дзе: г. Друскінінкай, Вільнюская алея (Літва) – г. Гродна, стэла Алімпійскай Славы (Беларусь)

Вішнёвы фестываль у горадзе Глыбокае

Горад-сад, "вішнёвая сталіца" Беларусі – Глыбокае – у гэтым годзе зноў стане пляцоўкай для аднаго з самых "смачных" фестываляў краіны. Гасцей свята запросяць падняцца на "вішнёвую вышыню" спартыўных спаборніцтваў і паўдзельнічаць у "вішнёвай феерыі" – насычанай забаўляльнай праграме. Не абыдзецца і без традыцыйных мерапрыемстваў – этнавечарынкі, конкурсу баяністаў, "вішнёвага вяселля" і святочнага шэсця з удзелам Вішнёвай каралевы.

Калі: 17–21 ліпеня
Дзе: Віцебская вобласць, горад Глыбокае

Міжнародны аўтамабільны фестываль SunDay-2018

На адзін ліпеньскі дзень Гродзенскі раён стане цэнтрам прыцягнення аўтамабілістаў, калекцыянераў рэтраматацыклаў, паклоннікаў цюнінгу, аэра- і вінілаграфіі, а таксама любіцеляў рамантыкі вінтажных аўтамабіляў. Буйнейшы аўтафестываль у Беларусі SunDay праводзіцца з 2010 года, а з 2013-га атрымаў міжнародны статус. У гэтым годзе ён збярэ каля 300 удзельнікаў – уладальнікаў рэдкіх марак аўто і матацыклаў з 7 краін свету, якія будуць прадстаўлены ў такіх намінацыях, як рэтрамабілі (да 1983 года выпуску), янгтаймеры (да 1993 года), а таксама цюнінг, стэнс, матацыклы, аўтагук (этап чэмпіянату Беларусі па аўтагуку "ЕММА-Беларусь"). Акрамя аўтасалона эксклюзіўных аўтамабіляў, які разгорнецца пад адкрытым небам, гасцей фестывалю чакаюць шматлікія забавы і спартыўны гарадок, а на заканчэнне адбудзецца вячэрні рок-канцэрт і начны танцавальны open air.

Калі: 21 ліпеня
Дзе: Гродзенскі раён, пляцоўка каля возера Юбілейнае

ЧС-2018 па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў (U-17)

Чэмпіянат свету-2018 па баскетболе сярод дзяўчат упершыню ў гісторыі пройдзе ў Мінску, што асабліва значна напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, і збярэ 16 лепшых жаночых каманд (дзяўчаты да 17 гадоў) з розных краін: ЗША, Канады, Аргенціны, Калумбіі, Малі, Анголы, Італіі, Францыі, Венгрыі, Латвіі, Іспаніі, Аўстраліі, Кітая, Новай Зеландыі, Японіі... Фаварытамі фінальнага этапу планетарнага першынства з'яўляюцца амерыканкі, якія ўжо тройчы заваёўвалі чэмпіёнскі тытул. Чакаецца, што на шляху да трафея саперніцамі гаспадынь турніру – юных падапечных трэнера Вікторыі Дацун – стануць прадстаўніцы Францыі, Японіі і Калумбіі. Згодна з прагнозамі, беларускім юніёркам пад сілу ўвайсці ў заліковую васьмёрку. Сёння ж для дзяўчат галоўным прыкладам для пераймання з'яўляюцца прадстаўніцы нацыянальнай жаночай зборнай, якая ў 2017 годзе ўвайшла ў сусветны топ-12 баскетбольных дружын.

Калі: 21–29 ліпеня
Дзе: Мінск, Палац спорту і Falcon Сlub

X Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры і музыкі "Наш Грунвальд"

Штогод у рамках міжнароднага фестывалю "Наш Грунвальд" праходзяць рэканструкцыі рыцарскіх турніраў, спаборніцтвы лучнікаў, масавыя бітвы, відовішчныя конныя баі па правілах XIV стагоддзя. Маштабнае свята прыцягвае гасцей мноствам інтэрактыўных пляцовак: праводзяцца майстар-класы па сярэдневяковых танцах, працуе "горад майстроў", адразу на некалькіх сцэнах праходзяць выступленні лепшых фолк-калектываў Беларусі і краін блізкага замежжа. Традыцыйна галоўным мерапрыемствам фестывалю з'яўляецца рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года на ўзгорыстым полі ля прускага мястэчка Грунвальд, паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і саюзнікамі – Вялікім Княствам Літоўскім (сучасная Беларусь) і Каралеўствам Польскім. У тэатралізаванай рэканструкцыі бітвы прымаюць удзел прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Расіі.

Калі: 21–22 ліпеня
Дзе: Мінская вобласць, этнаграфічны комплекс "Дудуткі"

XVI Чэмпіянат свету па верталётным спорце ў Мінску
16TH FAI WORLD HELICOPTER CHAMPIONSHIP

Чэмпіянат свету па верталётным спорце ўпершыню пройдзе ў суверэннай Беларусі. Праз 40 гадоў пасля правядзення сусветнага першынства ў Віцебску краіна прымае 16-я па ліку спаборніцтвы планетнага маштабу. На аэрадроме пад Мінскам прадэманструюць валоданне верталётным майстэрствам больш за 40 экіпажаў з 15 дзяржаў. Найбольш відовішчным шоу чэмпіянату абяцаюць быць верталётныя гонкі. Арганізатары запрашаюць падтрымаць беларускіх пілотаў, якія знаходзяцца ў ліку фаварытаў спаборніцтва: тры айчынныя спартсмены ўжо ўвайшлі ў дзясятку лепшых верталётчыкаў свету. У рамках сусветнага чэмпіянату ў сталіцы таксама пройдзе штогадовы фестываль #ПраНеба, у час якога ўзляцяць увысь разнастайныя лятальныя апараты – ад аэрастата да самалёта.

Калі: 23–29 ліпеня
Дзе: Мінск, аэрадром Баравая

Міжнароднае музычна-спартыўнае свята "Вялікая бард-рыбалка"

Міжнароднае свята актыўнага адпачынку, спорту, экатурызму, музыкі і, вядома ж, рыбалкі праходзіць на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча з 2010 года. У новым сезоне бард-рыбалка зробіць акцэнт на тэматычныя музычныя праграмы з удзелам вядомых бардаў і музыкантаў з васьмі краін – Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Славакіі, Грузіі і ЗША. Традыцыйна замежныя госці паўдзельнічаюць у праекце "Суседзі", дзе будуць спяваць песні на родных мовах. Спецыяльным госцем творчага праекта стане знаток, бард, тэлевядучы Барыс Бурда, які ўзяўся за арганізацыю і правядзенне кулінарнага шоу "Кірмаш смаку" і інтэлектуальных гульняў. Гледачоў таксама чакае сустрэча з вядомым расійскім аўтарам – выканаўцам і акцёрам Аляксеем Івашчанкам, які выступіць на фестывалі з сольным канцэртам. Таксама ў ліку знакамітых гасцей – вядомая грузінская паэтэса Ірына Парошына, уладальніца ўнікальнага тэмбру і пранікнёнай манеры выканання.

Калі: 27–29 ліпеня
Дзе: Магілёўская вобласць, Быхаўскі раён, вёска Грудзічына
Даведацца падрабязней

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя вызвалення Брэста

Радавы маёнтак Нямцэвічаў, які ў мінулым годзе адзначыў 240-годдзе, традыцыйна з'яўляецца месцам правядзення знакамітага снежаньскага ваенна-гістарычнага фестывалю "Скокі", прысвечанага ваенным дзеянням на тэрыторыі Беларусі ў час Першай сусветнай вайны. Яшчэ адна традыцыя, але ўжо летняя – рэканструкцыя напружаных баёў, якія разгортваліся на тэрыторыі Брэста і ў яго наваколлі ў ліпені 1944-га ў рамках Люблінска-Брэсцкай наступальнай аперацыі па вызваленні краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці ўбачаць эпізод бою за адзін з населеных пунктаў Брэсцкага раёна, а таксама жыццё мясцовых жыхароў на акупіраванай тэрыторыі і іх узаемадзеянне з войскамі Чырвонай Арміі. Сімвалічна, што фестываль пройдзе напярэдадні Дня горада Брэста (29 чэрвеня) і стане своеасаблівай рэпетыцыяй у падрыхтоўцы да святкавання ў 2019-м яго 1000-годдзя.

Калі: 28 ліпеня
Дзе: Брэсцкі раён, в. Скокі, гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў"

Арт-пікнік Freaky Summer Party 2018 у Мінску

Летні арт-пікнік Freaky Summer Party, які праводзіцца ўжо 10-ы год запар, з'яўляецца адным з самых яркіх і паспяховых маладзёжных праектаў, увасобленых у беларускай сталіцы. Юбілейную дату FSP адзначыць поўнай свабодай творчых ідэй: "сярод самай шматабяцальнай музыкі" арганізатары абяцаюць "толькі самую лепшую". І не дзіўна: хэдлайнерамі святочнай вечарынкі стануць украінская спявачка Луна, расійская інды-група Pompeya, трыа "Пасаш" і праект Маартэна Дэвальдэрэ Warhaus. А ў дзённы час на фестывальнай пляцоўцы ў парку Dreamland разгорнуцца крэатыўныя "астраўкі": пленэр, арт-інсталяцыі, fashion-маркет, майстар-класы па стрыт-арце, гульні, фудкорты, дзіцячая пляцоўка Kidsters, а таксама інтэрактыўныя зоны для гульняў і забаў. Таксама ў рамках адукацыйнай секцыі Edutainment адбудуцца лекцыі па міжнародным медыярынку, рэкламным менеджменце, сямейным бізнесе і гарадскім грамадскім харчаванні.

Калі: 28–29 ліпеня
Дзе: Мінск, парк Dreamland

Фестываль авіяцыйнага спорту #ПРАНЕБА

Адзін з самых паветраных і любімых мінчанамі ўжо чацвёрты па ліку авіяфестываль #ПРАНЕБА вяртаецца: на працягу двух дзён яго ўдзельнікі – прафесійныя пілоты і парашутысты – прадэманструюць сваё майстэрства ў гонках і відовішчных спаборніцтвах. Гасцей фестывалю чакае своеасаблівы экскурс у гісторыю беларускай і сусветнай авіяцыі на выстаўцы авіятэхнікі пад адкрытым небам: менавіта тут увазе публікі будзе прадстаўлена каля 30 лятальных апаратаў розных эпох, у тым ліку паветраныя шары, аўтажыры, самалёты і верталёты... Аднак, бадай, самымі эфектнымі стануць спаборніцтвы парашутыстаў на дакладнасць прызямлення, выступленні дрон-рэйсераў і "паветраныя баі" з удзелам жаночых каманд. Для наведвальнікаў будзе адкрыты лекторый вядомых авіятараў, фотазоны, дзіцячы цэнтр, фудкорт ад Vulitsa Ezha, і, вядома, (як без прыгод?) усе жадаючыя змогуць палятаць на паветраным шары.

Калі: 28–29 ліпеня
Дзе: Мінск, аэрадром "Баравая"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі