Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Вялікі брытанскі фестываль у Мінску

Вялікі брытанскі фестываль у Мінску: ірландскія валыншчыкі, парад элітных аўто, fashion-шоу і open air канцэрт у Верхнім горадзе

Вялікі брытанскі фестываль у Мінску: ірландскія валыншчыкі, парад элітных аўто, fashion-шоу і open air канцэрт у Верхнім горадзе
16 Чэр 2018

Каларытная музыка каралеўскіх валыншчыкаў, open air аўтасалон і прабег знакамітых МІNI, выступленні лепшых кавер-бэндаў з легендарнымі брытанскімі хітамі, імправізаваны паб, міні-Уімблдон і гольф-поле ў цэнтры беларускай сталіцы... Першы брытанскі фестываль шумеў у суботу 16 чэрвеня ў мінскім Верхнім горадзе, сабраўшы тысячы паклоннікаў культуры туманнага Альбіёна.

І невялікая прахалода разам з шэрымі воблакамі над Мінскам зусім не сталі перашкодай – наадварот, як адзначыла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, такое тыпова брытанскае надвор'е стала яшчэ адным дапаўненнем да свята.

Пачаўся фестываль з прыгожага дзейства: валыншчыкі 2-га Каралеўскага ірландскага палка, якія, дарэчы, ужо вядомы мінчанам, прайшлі ад будынка брытанскага пасольства да плошчы Свабоды. У гэты ж час на пляцоўцы Палаца спорту стартаваў аўтапарад, у якім прынялі ўдзел аўто элітных марак Land Rover, Bentley, Jaguar, MINI. Адным з іх кіравала хэдлайнер фестывалю – экс-вакалістка трып-хоп калектыву Kosheen з Брысталя Шан Эванс.

І роўна ў 13.00 на галоўнай сцэне ля мінскай Ратушы ўрачысты старт святу далі пасол Фіёна Гіб і мэр Мінска Андрэй Шорац. Пасля іх прывітальных слоў канцэртную праграму адкрылі ірландскія валыншчыкі і ўзорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які добра ведаюць і меламаны Вялікабрытаніі: за сваю гісторыю калектыў нярэдка бываў з гастролямі ў розных гарадах краіны. Прадоўжылі музычную эстафету шатландскія танцы і суперхіты The Beatles, Queen, David Bowie, Ed Sheeran у выкананні кавер-бэндаў The Apples, Somethin' Regenerated (UK), камернага хору "Паліфоніка". Асаблівую фестывальную атмасферу стварылі народныя мелодыі для флейты, акардэона і валынкі, якія стагоддзямі выконвалі музыканты на вуліцах старога Лондана і Эдынбурга...

Тым часам на тэрыторыі Верхняга горада разгарнуліся 10 тэматычных зон, прысвечаных бізнесу, культуры, спорту, модзе, кулінарыі... Напрыклад, ва Універсітэцкім дворыку госці маглі даведацца пра брытанскую адукацыю, праверыць сваё веданне англійскай мовы, прайсці моўны экспрэс-тэст IELTS або далучыцца да гульні скрэбл. А спусціўшыся на вуліцу Зыбіцкую – атрымаць урок вялікага тэніса на міні-версіі знакамітага корта ва Уімблдоне і зрабіць сэлфі побач з кубкам 10-разовага пераможцы турніраў Вялікага шлема беларуса Максіма Мірнага, а таксама адчуць сябе ўдзельнікам элітнага клуба па гольфе.

Усяго на адзін дзень на вуліцах гістарычнага цэнтра Мінска з'явіліся атрыбуты лонданскіх кварталаў – вядомага сваёй дзелавой хваткай Сіці і багемнага Соха. Усе жадаючыя змаглі сфатаграфавацца з каралеўскімі "гвардзейцамі", а таксама пабываць у знакамітай чырвонай тэлефоннай будцы. Для гурманаў адкрыліся фудкорты, дзе повары 17 сталічных кафэ і рэстаранаў прадставілі каля 40 аўтарскіх варыяцый любімых брытанцамі страў і напіткаў, такіх як ростбіф, фіш-энд-чыпс, мясны пірог, клубніцы з вяршкамі і традыцыйны англійскі чай...

У вячэрнюю праграму гэтага насычанага дня ўвайшлі модны паказ вядомага брэнда Longshaw Ward, унікальнае шоу барабанаў Melodians Steel, сольны канцэрт папулярнай спявачкі Шан Эванс (ex-Kosheen), а таксама сэт DJ Blaise і вечарынка ад лонданскага клубнага брэнда праекта Ministry Of Sound. Фінальныя акорды Вялікага брытанскага фестывалю ў Мінску прагучалі амаль апоўначы...

Вялікі брытанскі фестываль у Мінску
Вялікі брытанскі фестываль у Мінску
Вялікі брытанскі фестываль у Мінску: ірландскія валыншчыкі, парад элітных аўто, fashion-шоу і open air канцэрт у Верхнім горадзе
Выступленне валыншчыкаў другога Каралеўскага ірландскага палка
Першы брытанскі фестываль у Мінску
1 2 3      Наступная