Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Чэр 2026

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIПЕНЬ 2026

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIПЕНЬ 2026

Выстава "Гонар. Доблесць. Годнасць" у Нясвіжскім замку

Акунуцца ў свет параднай і паляўнічай зброі могуць наведвальнікі Нясвіжскага замка на працягу года. Выдатныя ўзоры афіцэрскай параднай зброі (корцікі, шпагі, шашкі, шаблі), камзольныя і ведамасныя шпагі, масонскія рытуальныя мячы, экзатычная зброя розных краін – каштоўныя артэфакты сабраны і прадастаўлены прыватным калекцыянерам Анатолем Грышуком. Як адзначыў уладальнік, упершыню цікавасць да гісторыі зброі праявілася, калі ён знайшоў уланскую шаблю ўзору 1932 года, якая належала бацьку. А дзед служыў у імператарскай арміі і ахоўваў Мікалая II, калі манарх прыязджаў у нашы краі на манеўры ў 1892 годзе. Выстава расказвае і пра культуру палявання, дзе зброя – не толькі прадмет мастацтва, але і сімвал улады, інструмент дэманстрацыі перавагі над прыродай. Адметнасцю выставы стала інсталяцыя – фігура вершніка на кані, закаванага ў бліскучы даспех крылатага гусара ВКЛ. Госці таксама змогуць прымераць сярэдневяковыя даспехі, адчуўшы іх цяжар, і зрабіць фота побач з фігурай Мікалая Радзівіла Сіроткі.

Калі: 31 кастрычніка 2025 – 31 кастрычніка 2026
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", вул. Замкавая, 2, Нясвіж, Мінская вобласць

Экскурсія "Падарожжа ў часе" ў Мірскім замку

Турыстычную жамчужыну Беларусі, выдатнае абарончае збудаванне XVI стагоддзя – Мірскі замак – цяпер можна даследаваць у малых і сямейных групах на экскурсіі "Падарожжа ў часе". Госці акунуцца ў мінулае знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх (а цяпер – аб'екта са Спіса сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА) праз дыялогі будаўнікоў, якія захавалі 500-гадовыя сцены, а таксама кухмістра і кухаркі, што раскрываюць сакрэты гатавання ласункаў для гаспадароў у тыя часы. Гукі і галасы з мінулага дапамогуць гасцям акунуцца ў свет музыкі праз забытыя мелодыі, навучыцца адрозніваць па гучанні такія інструменты, як дуда, лютня, віёла да гамба і спінет, а таксама развучыць сярэдневяковы танец "Маразуля".

Калі: з 23 студзеня (кожныя панядзелак і пятніца)
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

"Прагулка" Марка Шагала: выстава аднаго шэдэўра ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Адна з самых пазнаваемых у свеце карцін Марка Шагала"Прагулка" – з калекцыі Рускага музея ўпершыню прадстаўлена ў Мінску. Твор, які стаў часткай трыпціха разам са знакамітымі шэдэўрамі "Двайны партрэт" і "Над горадам", адлюстроўвае адзін з самых шчаслівых перыядаў у жыцці выдатнага жывапісца. Знатакоў чакае рамантычна-метафарычная прагулка маладых закаханых Марка Шагала і Бэлы Розенфельд, якія да 1917 года ўжо ўзялі шлюб, па вулачках і над любімым горадам Віцебскам. У рамках выставы рэалізаваны імерсіўны VR-праект: пры дапамозе спецыяльных акуляраў кожны зможа падысці да мальберта і памаляваць, убачыць, як жыў і тварыў майстар, разгледзець прадметы ў інтэр’еры, а таксама пачуць галасы Марка Шагала і яго жонкі-музы Бэлы.

Калі: 8 красавіка – 6 ліпеня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

Летні музычна-турыстычны сезон-2026 у Мінску

Летні музычна-турыстычны сезон, які традыцыйна праводзіўся ў Верхнім горадзе, а таксама на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, за больш як 10 гадоў палюбіўся жыхарам і гасцям беларускай сталіцы. У бягучым сезоне праграма праекта пашырана і выходзіць у тым ліку за межы гістарычнага цэнтра Мінска. Галоўнымі культурнымі пляцоўкамі стануць:

  • гісторыка-культурны комплекс "Лошыцкі" на вул. Чыжэўскіх: па пятніцах – тэатральныя вечары, па суботах – выступленні прафесійных музыкантаў;
  • тэрыторыя каля музея "Лошыцкая сядзіба": кожную суботу будуць праходзіць канцэрты з удзелам аркестра "Няміга" і аркестра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;
  • тэрыторыя каля мінскай Ратушы ў Верхнім горадзе: аматараў музыкі чакаюць традыцыйныя мерапрыемствы, уключаючы серыю канцэртаў "Класіка каля Ратушы", а таксама праз пяць гадоў вяртаецца праект "Джазавыя вечары каля Ратушы";
  • КЗ "Верхні горад": праект "Арган у Верхнім горадзе" (кожная субота);
  • Музычны завулак у Верхнім горадзе: караоке "Ваша сола" па суботах (18:00–21:00);
  • Верхні горад: дзіцячыя пляцоўкі "Майстэрня цудаў" і "Чытальная сімфонія", інфармацыйна-адукацыйныя праграмы і інтэрактыўныя мерапрыемствы;
  • пляцоўка каля Палаца спорту: вячэрнія кінапаказы, музычныя і інтэлектуальныя квізы, сямейныя мерапрыемствы (з пятніцы па нядзелю).

У дзень адкрыцця сезона 23 мая ў Верхнім горадзе пройдзе Мінскі фестываль народных рамёстваў. А на летнія выхадныя 27-28 чэрвеня запланавана "Свята льну. Роднае моднае", дзе дызайнеры прадэманструюць свае калекцыі і здзівяць новымі вобразамі з беларускага льну.

Калі: 23 мая – 12 верасня
Дзе: культурныя пляцоўкі Мінска

Гістарычны квест "Таямніца двух куфраў" у Мірскім замку

Адна з самых наведваемых славутасцей БеларусіМірскі замак – запрашае пазнаёміцца з гісторыяй яго ўладальнікаў князёў Радзівілаў і, прайшоўшы праз выпрабаванні, разгадаць таямніцы знакамітага роду. Па легендзе, у час рамонтных работ князь Міхаіл Святаполк-Мірскі знайшоў старадаўні куфар, які захоўваўся ў адным са скляпоў. З запіскі, знойдзенай побач, вынікае, што гэты клад схаваў князь Кароль Станіслаў Радзівіл Справядлівы ў час вайны са шведамі. Нягледзячы на ўсе намаганні, князю Міхаілу не ўдаецца адкрыць куфар, таму яму патрэбны памочнікі… Акрамя гэтага, удзельнікі змогуць адтачыць свае кулінарныя навыкі ў прыгатаванні вячэры для князя, пачуюць гісторыю аб сумных падзеях Паўночнай вайны, даведаюцца аб захапленнях княгіні Марыі Гогенлоэ-Шылінгсфюрст.

Калі: 20 чэрвеня, 11 і 25 ліпеня
Дзе: Мірскі замак, вул. Чырвонаармейская, 2, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Выстава "Гармонія свету неглюбскіх ткачых" у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Неглюбскае ткацтва – унікальная традыцыя беларускай народнай культуры, якая сфарміравалася ў XVII стагоддзі і ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’ера з выкарыстаннем самабытных тэхнік. У наш час яна захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку, а з 9 снежня 2025-га прызнана нематэрыяльнай культурнай спадчынай ЮНЕСКА. Куратары выставы імкнуліся паказаць ткацтва не толькі як рамяство і крыніцу бытавых тканін, але і як механізм захавання памяці, мастацкай мовы і пераемнасці ведаў. У праекце прадстаўлена амаль 50 твораў мастацкага ткацтва выдатных майстрых, а таксама традыцыйны касцюм вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці і разнастайнасць аўтэнтычных аксесуараў. Экспазіцыю дапоўнілі інструменты для апрацоўкі лёну, прадметы тэкстылю, а таксама рэдкія элементы касцюма, аксесуары, фатаграфіі.

Калі: 7 мая – 27 ліпеня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

Фестываль акадэмічнай арганнай музыкі ARS MAGNA ORGANI 2026

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2026 у Пінску праводзіцца ўжо шосты раз. У новым сезоне знатакоў арганнай класікі чакае 29 канцэртаў у пінскім Кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у якіх прымуць удзел ужо вядомыя выканаўцы і калектывы, а таксама навучэнцы і студэнты арганных класаў з розных куткоў краіны. Урачыстае адкрыццё музычнага форуму адбудзецца 30 мая пры ўдзеле ансамбля "Камерныя салісты Мінска" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (арган).

6 чэрвеня – навучэнцы арганнага класа Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў
7 чэрвеня – Вераніка Багдановіч-Язвінская (Віцебск)
13 чэрвеня – камерны аркестр "Еўропа-цэнтр" (Полацк), арган – Ксенія Пагарэлая
14 чэрвеня – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая (Полацк)
20 чэрвеня – Іна Шпілеўская (Наваполацк)
21 чэрвеня – студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
28 чэрвеня – Варвара Царук (Мінск)

Калі: 30 мая – 4 кастрычніка, 16:00
Дзе: Кафедральны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вул. Леніна, 18, Пінск

Гарадскі пікнік Vulitsa Ezha: летні сезон-2026 у Мінску

Vulitsa Ezha адкрывае летні сезон 2026 года адразу трыма фестывалямі і абяцае парадаваць гасцей навінкамі. Так, упершыню праект запусціў праграму падтрымкі гастранамічных ініцыятыў, дзякуючы якой на фестывалі з’явіцца больш новых імёнаў і смелых канцэпцый. Для знатакоў разнастайнасці смакаў уводзіцца дэгустацыйная карта, якая дае магчымасць паспытаць максімум страў і напіткаў. Цяпер убачыць фэст і акунуцца ў яго атмасферу можна яшчэ да афіцыйнага старту: запускаецца фармат прэпаці. У праграме – жывая музыка і кінатэатр пад адкрытым небам, кулінарная школа ад шэф-повараў, маркет з дамашнімі далікатэсамі і дызайнерскімі вырабамі ручной работы, майстар-класы, кветкавы маркет, лекцыі па хатха-ёзе, а таксама інтэрактывы для дзяцей.

Калі: 20-21 чэрвеня; ліпень; 29-30 жніўня (12:00–22:00)
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

"ФІЕСТА": новая шоу-праграма ў Белдзяржцырку

У летнім маляўнічым шоу Белдзяржцырка "Фіеста" ў адпаведнасці з яго назвай (народнае свята ў Іспаніі, Партугаліі і краінах Лацінскай Амерыкі) манеж ператворыцца ў карнавальную плошчу з акрабатамі, паветранымі гімнастамі, джыгітамі на вярблюдах і дрэсіраванымі тыграмі. Гледачоў чакаюць захапляючыя акрабатычныя трукі ў нумары "Паветраны палёт", канатаходцы, якія балансуюць пад самым купалам цырка, трапныя "Арбалеты", якія ўражваюць сваёй ювелірнай дакладнасцю, віртуозны жанглёр, паветраная гімнастка на корд-дэ-парэлі, акрабат на рэйнскім коле і, вядома, клоўн – уладар усмешак і добрых сюрпрызаў, любімец дзетвары.

Калі: 20 чэрвеня – 23 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Выстава "Маляваная душа" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Самабытная беларуская мастачка-прымітывістка Алена Кіш вядома дзякуючы маляваным дыванам ручной работы (бел. маляваныя дываны), якія адлюстроўваюць не толькі аўтэнтычнасць культуры яе малой радзімы – вёскі Раманава Слуцкага павета, але і ўсяго мастацкага напрамку, папулярнага ў ХХ стагоддзі. Выставачны праект, прысвечаны 130-годдзю прадстаўніцы наіўнага мастацтва, чыё імя ў сусветным маштабе стаіць у адным шэрагу з Анры Русо і Ніко Пірасмані, прадставіць каля 30 маляваных дываноў, сярод якіх – работы сучаснікаў Алены Кіш, вясковых майстроў, сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях, а таксама творы, створаныя ў 2000-я гады ў час першых творчых пленэраў, прысвечаных памяці мастачкі.

Калі: 11 чэрвеня – 31 жніўня
Дзе: галерэя "Лабірынт", Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, Мінск

Трансляцыі чэмпіянату свету па футболе-2026 у Мінску

Фінальная частка чэмпіянату свету па футболе-2026, якая аб'яднала 48 зборных, праходзіць у трох краінах – ЗША, Канадзе і Мексіцы – і прадоўжыцца да 19 ліпеня. Мундзіяль гэтага года ўжо абяцае стаць рэкордным па наведвальнасці, сабраўшы на стадыёнах больш за 2,3 мільёна балельшчыкаў за першыя тыдні турніру і звыш 1,5 мільярда гледачоў па ўсім свеце. Пры гэтым жыхары і госці беларускай сталіцы змогуць далучыцца да прагляду матчаў чэмпіянату свету на вялікім экране пад адкрытым небам: упершыню праект аб'яднаў адразу дзве самыя вялікія спартыўныя арэны краіны – Нацыянальны футбольны стадыён і Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама". Спецыяльна для балельшчыкаў разгорнуцца фудкорты і зоны адпачынку, актыўнасці і розыгрышы ад партнёраў, а таксама забаўляльныя праграмы.

Калі: 28 чэрвеня – 19 ліпеня
Дзе: Нацыянальны футбольны стадыён, Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", Мінск

Экскурсіі "Унікальны свет закулісся Вялікага тэатра Беларусі"

Як жыве Вялікі тэатр? Што адбываецца на сцэне, пакуль гледачы адпачываюць? І якія сакрэты захоўваюць з іншага боку заслоны? Аб гэтым можна даведацца на экскурсіях, якія праводзяць для гасцей у галоўным тэатры краіны. Гіды раскажуць пра насычанае жыццё тэатра, тонкасці стварэння рэквізіту, касцюмаў і дэкарацый, пра магчымасці сцэны, пра самыя цікавыях старонкі гісторыі. У будні наведвальнікі могуць убачыць пажарную заслону, паназіраць за падрыхтоўкай да вячэрняга спектакля, а таксама ўбачыць, як ствараюцца масіўныя дэкарацыі і паразмаўляць з майстрамі тэатральнага адзення.

Калі: 1, 4, 7, 8, 9, 10 ліпеня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Будслаўскі фэст-2026

Свята ў гонар аднаго з самых шануемых абразоў Багародзіцы – абраза Маці Божай Будслаўскай – у гэтым годзе адбудзецца пад дэвізам "Богу хвала – Марыі давер – Касцёлу вернасць". Яно прымеркавана да яшчэ адной значнай даты – 35-годдзя аднаўлення дзейнасці каталіцкай царквы ў Беларусі. У першы дзень адбудзецца імша  з удзелам Мінскага кафедральнага капітула, а 3 ліпеня разгорнуцца асноўныя падзеі: сустрэча і прывітанне паломнікаў, імша, акафіст у выкананні хору Грэка-каталіцкай царквы, марыйныя вячэрні, хрэсны ход, маладзёжная праграма. Кранаючай кульмінацыяй стане працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. У заключны дзень – 4 ліпеня – вернікаў чакае насычаная праграма набажэнстваў і духоўных мерапрыемстваў: святая імша, Пакланенне Прасвятым Дарам, боская літургія Грэка-каталіцкай, Гадзіны аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Фацімскі ружанец, прэзентацыя песенніка "Божа, мы Цябе праслаўляем", урачыстая святая імша і інш.

Калі: 2–4 ліпеня
Дзе: касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, Чырвоная плошча, 8, Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць

3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі)

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь як дзяржаўнае свята заснаваны ў 1996 годзе па выніках рэспубліканскага рэферэндуму. Дата 3 ліпеня выбрана сімвалічна: менавіта ў гэты дзень у 1944-м сталіца была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ходзе буйнейшай стратэгічнай наступальнай аперацыі ''Баграціён''.

Рэканструкцыю гістарычных падзей – фрагмента маштабнага акружэння 105-тысячнай групоўкі нямецкіх войскаў (4-я армія вермахта) на ўсход ад Мінска ў ходзе аперацыі "Баграціён", якое атрымала назву "Мінскі кацёл", і вызвалення сталіцы ў ліпені 1944-га – можна ўбачыць у Дзень Незалежнасці на "Лініі Сталіна".

Святкаванне Дня Незалежнасці ў Беларусі традыцыйна пачынаецца з мітынгаў і цырымоній ускладання да манументаў і помнікаў, а затым прадаўжаецца патрыятычнымі акцыямі, гістарычнымі рэканструкцыямі, аўтапрабегамі, канцэртамі, спартыўнымі мерапрыемствамі, кірмашамі і народнымі гуляннямі на цэнтральных плошчах, у парках і скверах. Кульмінацыяй урачыстасцей у сталіцы стануць святочны гала-канцэрт і акцыя "Спяём гімн разам!", якія адбудуцца 3 ліпеня з 21:00 да 00:10 каля стэлы "Мінск – горад-герой".

Дзень Незалежнасці ў Мінску: праграма мерапрыемстваў-2026

Калі: 3 ліпеня
Дзе: Мінск, стэла "Мінск – горад-герой"; гарады краіны, музеі, турыстычныя комплексы

Міжнародны водны сплаў "Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча" ў Камена

Выдатны гісторык, археолаг, этнограф і краязнавец Канстанцін Піевіч Тышкевіч увайшоў у гісторыю як адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. У чэрвені 1857-га вучоны арганізаваў першую маштабную навуковую водную экспедыцыю па Віліі ад вытоку да вусця, прайшоўшы на спецыяльна пабудаваных лодках і плытах 682 вярсты за 4 месяцы! У ходзе сплаву Канстанцін Тышкевіч падрабязна апісваў прыбярэжныя паселішчы, уклад жыцця, побыт і культуру мясцовага насельніцтва, а таксама даследаваў гарадзішчы і курганы. Вынікам экспедыцыі стаў унікальны атлас, які ўключыў 39 парогаў на Віліі, а сабраныя даныя паклалі аснову для пастаянных гідралагічных назіранняў. Натхніўшыся праектам Канстанціна Тышкевіча, у 2007-м краязнаўцы арганізавалі водны сплаў, які кожны год збірае энтузіястаў з розных краін.

Калі: 3–10 ліпеня
Дзе: в. Камена, Вілейскі раён, р. Вілія, Мінская вобласць

Фестываль "Купальскія агні" ў мінскім Батанічным садзе 

Адно са старажытных народных свят – Купалле (Івана Купала) – адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Менавіта з ім звязаны таямнічыя рытуалы, у тым ліку пошук "папараць-кветкі", скаканне цераз ачышчальнае купальскае вогнішча, пляценне вянкоў з палявых кветак і пусканне іх на ваду, умыванне расой на світанні... Фестываль "Купальскія агні" ў Батанічным садзе створыць прастору, дзе ажывуць легенды продкаў, аб’яднае  беларускія абрады, рыцарскую культуру, народную гастраномію і відовішчныя вячэрнія паказы. У праграме – рыцарскі лагер і турнір, купальскія абрады і рытуалы, духоўныя практыкі, дзіцячая зона з гульнямі, майстар-класамі і анімацыяй, фудкорт з разнастайнай кухняй, канцэртная праграма. Кульмінацыяй стануць вогненнае шоу, а таксама факельнае шэсце з пусканнем вянкоў у вадасховішча.

Калі: 4 і 5 ліпеня
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

Святкаванне Купалля-2026 у Беларусі на іншых пляцоўках:

4 ліпеня, 19:00 – "Купальскі сон" у Бярэзінскім біясферным запаведніку
5 ліпеня, 16:00 – Купалле ў экапарку "Акварэль"
20, 21, 27, 28 чэрвеня, 4 і 5 ліпеня – Купалле ў парку гісторыі "Вялікае княства Сула"
11-12 ліпеня – Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў"-2026

Прэм'ера балета "Салавей" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр завяршае 55-ы сезон прэм'ерай балета "Салавей" на музыку Ігара Стравінскага ў пастаноўцы Сяргея Мікеля, які ўпершыню выступіў яшчэ і ў ролі стваральніка лібрэта. У аснове спектакля – казка Ханса Крысціяна Андэрсена, опера Ігара Стравінскага, сучаснае бачанне класічнай гісторыі аўтарам лібрэта. У эпоху інфарматызацыі і лічбавай рэальнасці гісторыя пра Салаўя прызначана нагадаць аб каштоўнасці шчырасці і недасканаласці жывога пачуцця. Танец стане медытацыяй пра выбар паміж знешнім ззяннем і ўнутранай праўдай.

Калі: 10 і 22 ліпеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск

Творчы праект "Музычнае лета з аркестрам" у Мірскім замку

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга прадставіць дзве праграмы – "Сусветныя саўндтрэкі" і "Эстрадны суперхіт" у рамках новага творчага праекта "Музычнае лета з аркестрам". У першы дзень (10 ліпеня) госці Мірскага замка зробяць захапляючае падарожжа, якое аб’яднае культавыя мелодыі кінематографа ў жывым аркестравым выкананні – ад класікі Галівуда да сучасных хітоў. У другі дзень на адкрытай сцэне ў дворыку замкавага комплексу ў выкананні салістаў і легендарнага аркестра пад кіраўніцвам мастацкага кіраўніка Максіма Расохі прагучаць эстрадныя суперхіты розных гадоў, якія ў наш час аб’ядноўваюць цэлыя пакаленні слухачоў.

Калі: 10 і 11 ліпеня, 20:00
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Фестываль вулічных відаў спорту і гарадской культуры Minsk Urban Fest 2026

Фестываль Minsk Urban Fest 2026, прысвечаны экстрэмальным, вулічным відам спорту і гарадской культуры, аб'яднае аматараў спорту і стрыт-арта. Усяго ў ім восем напрамкаў – стрытбол 3х3, эндура-крос, самакат, BMX, скейтбордынг, брэйк-данс, функцыянальнае мнагабор’е, Urban Run (забег з перашкодамі). Кожны жадаючы зможа стаць удзельнікам мерапрыемства: для гэтага неабходна прайсці рэгістрацыю і азнаёміцца з рэгламентамі. Для гасцей прадугледжаны розныя актыўнасці: графіці-зона, дзе можна пакінуць свой творчы след, інтэрактыўныя гульні. Таксама разгорнуцца фудкорт, спецыяльныя зоны і гульні для самых юных наведвальнікаў фестывалю.

Калі: 11-12 ліпеня
Дзе: парк імя Уга Чавеса, Мінск

Фестываль жывой музыкі "Класіка. LIVE" ў мінскім Батанічным садзе

Прырода і музыка стануць галоўнымі героямі фестывалю "Класіка. LIVE" ў мінскім Батанічным садзе. Упершыню госці атрымаюць задавальненне ад жывога выступлення салістаў, якія выканаюць фартэпіянныя шэдэўры Баха, Моцарта, Шапэна, Бетховена, Чайкоўскага на раскошным белым раялі, устаноўленым на цэнтральным лужку. На працягу дня наведвальнікаў чакае насычаная праграма – гукавы рэтрыт (тыбецкія спяваючыя чашы, званочкі), музычны квест, майстар-класы, інтэрактывы, дзіцячы амфітэатр. Кульмінацыяй стане медытатыўны канцэрт "Музыкатэрапія" пад адкрытым небам – спалучэнне шуму летняга ветру, спеваў птушак, вогненнага захаду сонца і гарманізуючых мелодый.

Калі: 11-12 ліпеня, 12:00 – 21:30
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў"-2026

Свята "Купалле" ў Александрыі ў ліпені 2025-га наведалі 115 тысяч чалавек, што стала рэкордам за ўсю гісторыю правядзення фестывалю. Але, магчыма, ужо ў новым сезоне ён будзе пабіты! Ужо ў чэрвеньскія дні на Магілёўшчыне стартаваў фотаконкурс "Купальская краса", прымеркаваны да рэспубліканскага фестывалю і прызначаны прыцягнуць увагу да самабытных звычаяў Купалля,  паказаць хараство роднай прыроды. Сімвалам відовішчнага свята ў гэтым годзе стане купальская Берагіня – славянскі міфалагічны вобраз, які ўвасабляе жаночы пачатак, ахову і магічную сілу прыроды ў купальскую ноч. Чакаецца, што кожны раён вобласці створыць і прадставіць свой касцюм галоўнай гераіні. Праграма мерапрыемстваў-2026 у Александрыі стартуе з адкрыцця выставы-кірмашу народнай творчасці "Пад пакровам купальскай Берагiні".

Калі: 11-12 ліпеня
Дзе: аг. Александрыя, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць

XXXV Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску"

Візітная картка культурнага жыцця Беларусі – міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску" – у гэтым годзе адзначае 35-годдзе і сустракае яго ў новым канцэптуальным стылі, што вяртае да вытокаў. Напярэдадні маштабнага юбілейнага форуму – за 35 дзён да афіцыйнага адкрыцця – стартаваў марафон мерапрыемстваў, які выходзіць за межы Віцебска і нават краіны, а па вялікіх гарадах адправіўся канцэртна-забаўляльны "Васільковы тур".

Галоўная фестывальная пляцоўка – Летні амфітэатр – сёлета прыме восем гала-шоу, у тым ліку цырымоніі адкрыцця і закрыцця, гала-канцэрт артыстаў Саюзнай дзяржавы, канцэрты "Залаты хіт", "Кубак гумару", шоу Ані Лорак, "ШАНСОН ТБ – усе зоркі". Навінкай стане харэаграфічнае дзейства "Танцуй, славянская душа",  якое аб'яднае танцы 13 славянскіх народаў у выкананні беларускіх калектываў, нацыянальнага харэаграфічнага ансамбля Сербіі і легендарнага ансамбля Ігара Майсеева.

Інтрыга форуму – дзіцячы і дарослы музычныя конкурсы. Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні прадставіць мінчанка Алена Кузняцова – педагог Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у дзіцячым музычным спаборніцтве за Гран-пры будзе спаборнічаць 14-гадовая брастаўчанка Лізавета Цупрык. 
 
Калі: 14–20 ліпеня
Дзе: Летні амфітэатр (пр. Фрунзэ, 13а), Канцэртная зала "Віцебск", цэнтральны спартыўны комплекс, абласная філармонія, Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Якуба Коласа і Беларускі тэатр "Лялька", Віцебск

Прэм’ера спектакля "Злачынства і кара" ў Тэатры юнага гледача

Мінскі ТЮГ да 205-годдзя з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага падрыхтаваў прэм'еру спектакля паводле знакамітага рамана "Злачынства і кара". Гэта ўжо другі вопыт на беларускай сцэне для рэжысёра з Масквы Ксеніі Самадуравай пасля поспеху "Пікавай дамы", якая пакарыла сэрцы гледачоў. Паводле яе слоў, сюжэт рамана Дастаеўскага, які і ў нашы дні чытаюць у школе, як ніколі актуальны ў сучасных рэаліях. Галоўнай ідэяй новай пастаноўкі стала думка аб тым, што "чалавеку патрэбны чалавек у любой сітуацыі" і ўсеагульная любоў, якая не абмяжоўваецца ўзаемаадносінамі мужчыны і жанчыны. Адна з асаблівасцей спектакля – задзейнічанне рэлігійнай музыкі, малітоўных вакальных твораў.

Калі: 16 і 17 ліпеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, вул. Энгельса, 26, Мінск

Міжнародны веламарафон "Суседзі"-2026 на Аўгустоўскім канале

Адно з буйнейшых летніх спартыўных мерапрыемстваў у Гродзенскай вобласці – веламарафон "Суседзі" – праводзіцца ўжо больш за 10 гадоў і аб’ядноўвае  прафесіяналаў і аматараў веласпорту з Беларусі і краін-суседзяў. З цягам часу "Суседзі" пашыраюць геаграфію і склад удзельнікаў. Напрыклад, у 2025-м свята на Аўгустоўскім канале сабрала больш за 600 аматараў актыўнага ладу жыцця, якія спаборнічалі на розных дыстанцыях у індывідуальным і камандным фармаце: марафон (80 км), паўмарафон (53 км), фіт-марафон (20 км), міні-марафон 10 км і дзіцячы заезд 200 м. Адзінае абмежаванне веламарафону: удзельнік можа быць заяўлены толькі на адной дыстанцыі.

Калі: 18 ліпеня
Дзе: Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка, Гродзенскі раён

Вішнёвы фестываль-2026 у Глыбокім

Старажытны горад у цэнтры беларускага Паазер'я, "вішнёвая сталіца Беларусі"Глыбокае – зноў чакае гасцей. За больш як дзесяць гадоў смачнае свята вырасла да міжнароднага фармату, стаўшы культурным і гастранамічным брэндам Віцебскага рэгіёна. Кожны год вясной край літаральна патанае ў вішнёвай квецені, а летам атрымлівае асалоду ад сакавітых ягад. І ўсё дзякуючы мясцоваму аграному і садаводу-селекцыянеру Баляславу Лапыру, які больш за 100 гадоў таму вывеў прыстасаваны да суровых зім паўночнага рэгіёна сорт вішні і дзяліўся ім з жыхарамі акругі. Госці прымуць удзел у тэатралізаваным шэсці "У гасцях у вішні" і шматлікіх "вішнёвых" забавах (конкурсах песень і танцаў, фота і малюнкаў, прычосак), выберуць "вішнёвую прынцэсу" і, вядома, ацэняць смак глыбоцкіх ягад на вішнёвым кірмашы. А завершыцца свята гала-канцэртам "Вішнёвая квецень сяброўства".

Калі: 24-25 ліпеня
Дзе: Глыбокае, Віцебская вобласць

Міжнародны "Мінскі трыятлон-2026"

"Мінскі трыятлон" за дзевяць гадоў стаў уплывовым турнірам і па ўзроўні, і па колькасці ўдзельнікаў – ад 300 да больш як 2 тысяч! Аднак сёлета спартыўны форум ператворыцца ў фестываль цыклічных відаў спорту, тым самым пераадолеўшы рамкі класічнага трыятлона. Атлетаў зноў чакаюць новаўвядзенні: маршруты забегаў стартуюць і фінішуюць на тэрыторыі аквапарка "Лябяжы", а заплывы адбудуцца на  вадасховішчы Дразды. Змяненні закранулі і дысцыпліны: дабаўлены старты на 5 і 10 км, а таксама прадугледжана магчымасць выбраць заплыў без праходжання веласіпеднага этапу на дыстанцыях 750 м, 3 км і 5 км. У ліку асноўных дысцыплін: "Поўная 226" (3800 м плаванне + 180 км велагонка + 42,2 км бег), "Палавінка 113" (1900 м плаванне + 90 км велагонка + 21 км бег), "Алімпік 56,5" (1000 м плаванне + 45 км велагонка + 10,5 км бег), "Спрынт 25,75" (500 м плаванне + 22 км велагонка + 5,25 км бег).

Калі: 25-26 ліпеня
Дзе: аквапарк "Лябяжы", вадасховішча Дразды, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі