Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на чатыры гады.
Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах.
Для правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў утвараюцца выбарчыя акругі ў колькасці, якая залежыць ад колькасці насельніцтва:
• па выбарах у абласны Савет дэпутатаў, Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў - ад 40 да 60 выбарчых акруг;
• па выбарах у раённы, гарадскі Савет дэпутатаў - ад 25 да 40 выбарчых акруг;
• па выбарах у гарадскі Савет дэпутатаў (у гарадах раённага падпарадкавання) - ад 15 да 25 выбарчых акруг;
• па выбарах у пасялковы, сельскі Савет дэпутатаў - ад 11 да 15 выбарчых акруг.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў новага склікання назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дзеючага склікання. Выбары ва ўсе мясцовыя Саветы дэпутатаў праводзяцца адначасова.
Чарговыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі (28-га склікання) адбыліся 18 лютага 2018 года.
Дэпутатам мясцовых Саветаў можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18 гадоў, не мае судзімасці, пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй па сваёй прафесійнай дзейнасці.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў ад палiтычных партый ажыццяўляецца адпаведна кіруючымі органамі абласных, Мінскай гарадской, раённых, гарадскіх арганізацый гэтых партый, створаных ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты гарадскiх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў ад палiтычных партый ажыццяўляецца адпаведна кіруючымі органамі раённых, гарадскiх арганiзацыйных структур, створаных ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў.
Вылучэнне кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў таксама можа ажыццяўляцца на сходах выбаршчыкаў па месцы работы або шляхам збору подпісаў грамадзян, якія пражываюць у акрузе, у колькасці:
• у абласны і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў - не менш як 150;
• у раённы, гарадскі Савет дэпутатаў - не менш як 75;
• у гарадскі (горада раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскі Савет дэпутатаў - не менш як 20.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 40 дзён і заканчваецца за 30 дзён да выбараў.
Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымае тэрытарыяльная выбарчая камісія па выніках праверкі дакладнасці інфармацыі, якая змяшчаецца ў дакументах аб вылучэнні.
Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Пры правядзеннi галасавання па адной кандыдатуры кандыдат лiчыцца выбраным, калi ён атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.