Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

30 Жнв 2023

Тамбоўскія прадпрыемствы маюць намер выйсці на беларускую пляцоўку імпартазамяшчэння

Тамбоўскія прадпрыемствы маюць намер выйсці на беларускую пляцоўку імпартазамяшчэння
Фота БУТБ

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворцы імпартазамяшчальных тавараў з Тамбоўскай вобласці плануюць скарыстацца электроннай пляцоўкай БУТБ для рэалізацыі сваёй прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь, а ў перспектыве - і ў трэціх краінах. Адпаведная дамоўленасць дасягнута ў ходзе сустрэчы дэлегацыі дзелавых колаў рэгіёна з кіраўніцтвам БУТБ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай універсальнай таварнай біржы.

У час перагавораў з тамбоўскай дэлегацыяй было закранута пытанне цэнаўтварэння на біржавых таргах. Паводле слоў старшыні праўлення БУТБ Аляксандра Асмалоўскага, на біржы сфарміраваны значны пул замежных пакупнікоў, у тым ліку па таварных пазіцыях, актуальных для тамбоўскіх сельгасвытворцаў і перапрацоўшчыкаў. Высокая канцэнтрацыя попыту стымулюе рост экспартных цэн, што дае магчымасць рэалізоўваць прадукцыю на знешнія рынкі на максімальна выгадных умовах. "Рапсавы алей, цукар, бураковыя жамерыны і мелес уваходзяць у лік самых папулярных экспартных тавараў на нашай пляцоўцы. Асноўнымі рынкамі збыту на сённяшні дзень з'яўляюцца краіны Еўропы, Сярэдняя Азія і Кітай. Мяркуючы па дынаміцы цэн, попыт на гэту прадукцыю цяпер каласальны, таму, калі тамбоўскія экспарцёры размесцяць заяўкі на продаж у біржавой гандлёвай сістэме, з вялікай доляй верагоднасці першыя ўжо таргі будуць выніковымі. Галоўнае зрабіць першы крок - акрэдытавацца і пачаць працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Асмалоўскі.

На думку намесніка губернатара Тамбоўскай вобласці Наталлі Макарэвіч, неабходна як мага хутчэй пераходзіць да практычных крокаў. "Хацелася б у найкарацейшыя тэрміны перавесці нашы дамоўленасці ў практычную плоскасць. Тым больш, што літаральна ўчора паміж біржай і Цэнтрам каардынацыі падтрымкі бізнесу Тамбоўскай вобласці было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое прадугледжвае кансалідацыю намаганняў бакоў з мэтай развіцця біржавога гандлю і ўмацавання дзелавых сувязей. Мы шмат гаворым аб тым, як важна задзейнічаць магчымасці замежных гандлёвых пляцовак, але чамусьці забываем, што не менш эфектыўныя рашэнні ёсць у нашага бліжэйшага суседа і саюзніка - Рэспублікі Беларусь. Таму прапаную ўжо ў верасні правесці ў Тамбове першы навучальны семінар па біржавым гандлі, у рамках якога нашы прадпрымальнікі змогуць падрабязна азнаёміцца з асаблівасцямі работы на беларускай электроннай платформе і атрымаюць адказы на ўсе пытанні, якія іх цікавяць. Упэўнена, што пасля гэтага мерапрыемства колькасць акрэдытаваных на біржы кампаній з Тамбоўскай вобласці істотна вырасце", - лічыць Наталля Макарэвіч.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі