Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

29 Жнв 2023

Мінсельгасхарч: самая вялікая ўвага ўдзяляецца абнаўленню парку машын і новых тэхналогіях

Мінсельгасхарч: самая вялікая ўвага ўдзяляецца абнаўленню парку машын і новых тэхналогіях
Фота з архiва

Беларускія аграрыі прыкладаюць немалыя намаганні для таго, каб правесці ўборачную кампанію і сяўбу азімых якасна і ў тэрмін. Вялікую ролю тут адыгрывае сельгастэхніка. Аб тым, як у Беларусі ідуць справы з аснашчэннем парку спецыялізаванымі машынамі, іх рамонце і новых тэхналогіях у земляробстве, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча Станіслаў Карповіч.

Колькі задзейнічаецца тэхнікі ў полі

"Для правядзення палявых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях краіны ёсць звыш 216 тыс. адзінак тэхнікі і абсталявання. На ўборцы ўраджаю рапсу, збожжавых і зернебабовых культур задзейнічана 7,6 тыс. камбайнаў, 1,9 тыс. зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, 8,4 тыс. транспартных сродкаў. Да бягучай уборачнай кампаніі сельскагаспадарчымі арганізацыямі закуплена звыш 600 новых збожжаўборачных камбайнаў, 79 кормаўборачных камбайнаў, 1,1 тыс. трактароў, у тым ліку больш за 100 энерганасычаных, і іншая неабходная тэхніка", - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення Мінсельгасхарча.

Паводле яго слоў, для правядзення сяўбы азімых культур ёсць 35,3 тыс. трактароў, 6,5 тыс. плугоў, 3,3 тыс. дыскавых барон і дыскатараў, 2,5 тыс. камбінаваных глебаапрацоўчых і 2,6 тыс. камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 1,8 тыс. збожжавых сеялак і іншая неабходная тэхніка.

Цяпер фактычная забяспечанасць трактарамі складае 95 працэнтаў, энерганасычанымі трактарамі з рухавіком 250 к.с. і больш - 91 працэнт, збожжаўборачнымі камбайнамі - 93 працэнты, кормаўборачнымі камбайнамі - 97 працэнтаў.

Рамонт машын

"Рамонтны перыяд пачынаецца з 1 лістапада, да гэтага тэрміну завяршаюцца практычна ўсе палявыя работы і дэфектуецца тэхніка. Матэрыяльна-тэхнічная база сельскагаспадарчых арганізацый дазваляе рамантаваць на месцах больш за 90 працэнтаў існуючага парку, але каля 10 працэнтаў парку патрабуе рамонту ў спецыялізаваных арганізацыях. Такія арганізацыі вызначаны, кожнай з іх даводзіцца заданне па рамонце поўнакамплектнай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў", - падкрэсліў Станіслаў Карповіч.

Так, з 1 лістапада 2022 года ва ўмовах спецыялізаваных арганізацый адрамантавана 865 трактароў, 218 збожжаўборачных і 189 кормаўборачных камбайнаў, 862 адзінкі вузлоў і агрэгатаў, 1666 рухавікоў для трактароў і камбайнаў, а таксама больш за 600 прычапных машын.

"Цяпер сумесна з абласцямі пачалі ўжо фарміраванне праграмы рамонту тэхнікі да сезона наступнага года. Напрыклад, наконт тэхнікі, што вызваляеца ад палявых работ (кукурузныя сеялкі, збожжаўборачныя камбайны, не задзейнічаныя ва ўборцы кукурузы, і інш.), ужо можна прымаць рашэнні аб неабходнасці яе рамонту на спецыялізаваных прадпрыемствах ці ж ва ўмовах мехмайстэрні гаспадаркі", - дадаў спецыяліст.

Як абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база

Паводле слоў Станіслава Карповіча, штогадовая патрэбнасць у абнаўленні машынна-трактарнага парку складае каля 6-8 працэнтаў ад наяўнасці. За апошнія гады абнаўленне склалася на ўзроўні 4-5 працэнтаў. За 2022 год абнаўленне парку трактароў склала 3,4 працэнта, энерганасычаных трактароў і збожжаўборачных камбайнаў - па 4,7 працэнта, кормаўборачных камбайнаў - 4,6 працэнта.

"Нягледзячы на блізкі да аптымальнага склад парку ў колькасным выражэнні, неабходна ўлічваць і ўзрост эксплуатуемага парку. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, на 1 студзеня 2023 года звыш 10 гадоў эксплуатуецца 62 працэнты трактароў (у колькасным выражэнні гэта 23,5 тыс. адзінак), 62 працэнты збожжаўборачных (4,9 тыс. адзінак) і 47 працэнтаў кормаўборачных камбайнаў (1,9 тыс. адзінак). Адкрытым застаецца пытанне і з якасным складам існуючага парку. Востра адчуваецца нізкая забяспечанасць сучаснай высокапрадукцыйнай кормаўборачнай тэхнікай. Каля чвэрці парку касілак маюць шырыню меншую за 3 м і выкарыстоўваюцца пераважна на падкосе пашы. Для забеспячэння выканання патрабаванняў тэхналогіі пры нарыхтоўцы кукурузнага сіласу на ўборцы могуць быць задзейнічаны кормаўборачныя камбайны, якія маюць прыстасаванне для дадрабнення зерня кукурузы (корн-крэкер)", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення Мінсельгасхарча.

Так, асновай машынна-трактарнага парку сельскагаспадарчых арганізацый з'яўляецца тэхніка айчынных заводаў-вытворцаў (87 працэнтаў). "Беларуская тэхніка задзейнічана на ўсіх этапах тэхналагічнага працэсу - ад апрацоўкі глебы і пасеву да ўпакоўкі і захоўвання гатовай прадукцыі. Доля імпартных трактароў складае толькі 4 працэнты ад усяго парку, збожжаўборачных камбайнаў - 13 працэнтаў, кормаўборачных камбайнаў - 21 працэнт. Гаварыць, што сельская гаспадарка значна залежыць ад імпартнай тэхнікі, не даводзіцца", - заявіў спецыяліст.

Навінкі сельгастэхнікі

Як запэўніў Станіслаў Карповіч, машынна-трактарны парк пастаянна папаўняецца новымі айчыннымі машынамі, распрацоўка якіх вядзецца з улікам сусветных тэндэнцый развіцця сельгасмашынабудавання, у прыватнасці забеспячэння неабходнага ўзроўню камфорту для механізатара.

"Шырокае прымяненне знаходзяць элементы сістэмы дакладнага земляробства, якія дазваляюць пры апрацоўцы глебы эканоміць 10-15 працэнтаў рэсурсаў. Сярод іх сістэмы паралельнага ваджэння, дыферэнцыраванае ўнясенне ўгнаенняў, а таксама бартавыя камп'ютары, што дазваляюць механізатару кантраляваць увесь тэхналагічны працэс у рэальным часе", - канстатаваў прадстаўнік міністэрства.

Рэалізуемая дзяржаўная праграма "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады прадугледжвае дааснашчэнне сельскагаспадарчых арганізацый неабходнай тэхнікай, а таксама структурныя змяненні машынна-трактарнага парку ў частцы павелічэння долі энерганасычаных трактароў да 25 працэнтаў (цяпер 19 працэнтаў), збожжаўборачных камбайнаў з прапускной здольнасцю 12 і больш кг/с - да 85 працэнтаў (цяпер 83 працэнты), кормаўборачных камбайнаў з рухавіком 450 і больш к.с. - да 75 працэнтаў (цяпер 70 працэнтаў).

БЕЛТА.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі