Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

5 Снж 2023

Марыніч: беларускім вытворцам трэба займаць больш агрэсіўную пазіцыю на рынку Узбекістана

Марыніч: беларускім вытворцам трэба займаць больш агрэсіўную пазіцыю на рынку Узбекістана
Фота з архiва

5 снежня, Самарканд /Кар. БЕЛТА/. Беларускім вытворцам неабходна займаць больш агрэсіўную пазіцыю на рынку Узбекістана. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан Леанід Марыніч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Леанід Марыніч адзначыў, што ва Узбекістане ў год нараджаюцца 700 тыс. дзяцей (гэта значная лічба), таму дзіцячае харчаванне, малочныя прадукты высокай якасці, што выпускаюцца ў Беларусі, тут вельмі запатрабаваны.

"Я хацеў бы сказаць нашым вытворцам дзіцячага харчавання, добрых малочных прадуктаў: прыходзьце сюды, ваш тавар будзе запатрабаваны", - абазначыў пасол.

Яшчэ адным топавым напрамкам у супрацоўніцтве Беларусі і Узбекістана Леанід Марыніч назваў пастаўкі мясной прадукцыі. На думку пасла, тут запатрабавана прадукцыя беларускіх вытворцаў, асабліва ялавічына.

"Апошняя выстаўка "Узпрадэкспа-2023", якая праходзіла літаральна тры тыдні таму, паказала, што наша гатовая мясная прадукцыя, каўбасныя вырабы, вэнджаніна (рынак, вядома, спецыфічны, без прысутнасці свініны ў вырабах), вельмі запатрабаваны. Усе, хто прыходзіў да нашага стэнда, былі ўражаны іх смакавымі якасцямі. Я бачу, што гатовая прадукцыя павінна заваёўваць гэты рынак, і трэба займаць не пазіцыю чакання, а, на мой погляд, агрэсіўную, паказваць сябе, удзельнічаць ва ўсіх выстаўках, іншых шоу, праводзіць рэкламныя акцыі з дэгустацыяй, тады мы атрымаем новых пакупнікоў", - расказаў пасол.

"У чым бачу перспектывы? Трэба прыходзіць сюды з інвестыцыямі, будаваць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (малочныя, мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы), як у нас у рэспубліцы: падыходзіць комплексна, каб ад зямлі і да прылаўка. Сёння ва Узбекістане гэта толькі-толькі зараджаецца, і ў гэтым я бачу будучыню нашых вытворцаў, нашага гандлю", - абазначыў ён.

Леанід Марыніч лічыць, што ў Беларусі неабходна ствараць асацыяцыі сумесных прадпрыемстваў, куды ўвойдуць і вытворцы, і пастаўшчыкі. Гэта дасць магчымасць працаваць больш эфектыўна, паколькі пасля стварэння такіх асацыяцый, акцэнтаваў увагу Леанід Марыніч, "тут на рынку канкурэнтаў нам не будзе".  

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва - сфера машынабудавання. Тут, на думку пасла, таксама важна правільна выбудаваць крокі па рэалізацыі розных праектаў.

"Тут я бачу вялікую будучыню, але, зноў жа, не толькі па прынцыпе купі-прадай, а дзякуючы стварэнню сумесных прадпрыемстваў, вытворчасцей. Сёння ва Узбекістане палітыка такая: калі вы прыходзіце з прапановай аб стварэнні сумеснага прадукту, вам адкрыты ўсе дзверы ва ўсе міністэрствы, ведамствы, гандлёвыя сеткі і базы продажу тэхнікі", - сказаў Леанід Марыніч.

Сёння ў Самаркандзе адбыліся перагаворы намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Леаніда Зайца з намеснікам прэм'ер-міністра Узбекістана Жамшыдам Хаджаевым.

"Мы дасягнулі пэўных вынікаў у нашай сумеснай рабоце, аднак ёсць усе падставы палепшыць гэтыя вынікі", - абазначыў гатоўнасць узмацняць узаемадзеянне з беларусамі намеснік прэм'ер-міністра Узбекістана.

Леанід Заяц адзначыў, што беларуская дэлегацыя гатова напоўніць дарожныя карты новымі праектамі, здольнымі вывесці беларуска-ўзбекскія ўзаемаадносіны на зусім іншы ўзровень.

Сёння другі дзень рабочага візіту беларускай урадавай дэлегацыі, якую ўзначаліў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, ва Узбекістан. У Самаркандзе праходзіць пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан. У другой палове дня пачне работу ўзбекска-беларускі бізнес-форум.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі