Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

26 Врс 2023

Лукашэнка пра гандаль з Ленінградскай вобласцю Расіі: мільярдам мы дакладна не будзем абмяжоўвацца

Лукашэнка пра гандаль з Ленінградскай вобласцю Расіі: мільярдам мы дакладна не будзем абмяжоўвацца
Фота з архiва

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дасягненне аб'ёму ўзаемнага гандлю з Ленінградскай вобласцю Расіі ў памеры $1 млрд з'яўляецца ўмоўным арыенцірам, і бакі не маюць намеру абмяжоўвацца гэтым паказчыкам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў ходзе папярэдняй сустрэчы з кіраўніком рэгіёна была абазначана мэта - выйсці на запаветны мільярд у гандлі.

"Для гэтага ў гадавым вылічэнні аб'ёмы паставак давядзецца нарасціць прыкладна пятую частку - 20 працэнтаў. Мяркую, выканальная задача ў цяперашняй сітуацыі, і мільярдам мы дакладна не будзем абмяжоўвацца. Гэта такі ўмоўны арыенцір для нас", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Дзякуючы прамысловай кааперацыі Беларусі і Расіі ўдалося максімальна эфектыўна выкарыстаць моцныя бакі адна адной для дасягнення тэхналагічнага суверэнітэту, заявіў Прэзідэнт.

"Гэта не толькі дазволіць даць адказ на любыя спробы націску Захаду, але і створыць новае, здаровае канкурэнтнае асяроддзе ўнутры нашага саюза (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага БЕЛТА)", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў просты прыклад: нягледзячы на моцнае развіццё АПК як у Беларусі, так і Ленінградскай вобласці, бакі не канкурыруюць, а паспяхова знаходзяць напрамкі, дзе могуць адзін аднаго падтрымліваць.

"Нашы моцныя бакі - вытворчасць сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў, зернесушыльных комплексаў, абсталявання для камбікормавых заводаў, выпуск харчовай прадукцыі, насенняводства, шмат іншага", - прадоўжыў Прэзідэнт. Беларусь актыўна дзеліцца з аграрыямі Ленінградскай вобласці сваімі напрацоўкамі, у тым ліку ў галіне ветэрынарыі, дзе зроблены першыя крокі па развіцці супрацоўніцтва.

"Якіх вынікаў удалося дасягнуць? Якія, на ваш погляд, перспектывы яшчэ ёсць у гэтай галіне? І, зразумела, якія праблемы, якія трэба пераадольваць?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Для Беларусі ўяўляюць цікавасць напрацоўкі Ленінградскай вобласці ў племянной жывёлагадоўлі, вытворчасці каштоўных парод рыбы, тэхналогіі работы цяплічных комплексаў.

"У сваю чаргу аграрыям Ленінградскай вобласці можа быць карысны наш вопыт вырошчвання азімых культур - ячменю і рапсу, - дадаў беларускі лідар. - Прапаную таксама больш дэталёва адпрацаваць пытанні павелічэння паставак беларускай сельгастэхнікі, у тым ліку з прыцягненнем рэгіянальных субсідый, а таксама абсталявання для перапрацоўчай прамысловасці".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў вопыт такога супрацоўніцтва з Кубанню: "Яны зрабілі стаўку на нашу тэхніку, мы адгукаемся. Мы ідзём туды з тэхналогіямі, з людзьмі... Пачыналі са зборачных вытворчасцей, цяпер сумесныя прадпрыемствы арганізавалі, лакалізацыю ўзмацнілі. Тым больш мы можам гэта зрабіць у вас", - заўважыў ён.

Як важны фактар Прэзідэнт адзначыў прадаўжэнне супрацоўніцтва ў сферы развіцця транспартнай інфраструктуры. Беларускія прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве ў Выбаргскім раёне Высоцкага збожжавага тэрмінала, які будзе мець магутнасці па захоўванні 210 тыс. т збожжа (праектная прапускная здольнасць тэрмінала - 4 млн т у год).

"Упэўнены, гэты праект таксама прынясе важкую карысць і нашым сябрам у Лацінскай Амерыцы: Бразіліі, Венесуэле і іншых краінах", - сказаў беларускі лідар.

Словы ўдзячнасці ён выказаў Аляксандру Драздзенку за прыцягненне айчынных прадпрыемстваў да рэалізацыі важнейшых для Ленінградскай вобласці праграм. Адна з іх - будаўніцтва станцый па водаачыстцы і водападрыхтоўцы. У Ленінградскай вобласці працуе 37 аб'ектаў, пабудаваных пад ключ з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій.

"Мне дакладваюць, што вамі падрыхтавана праграма будаўніцтва больш як 100 такіх аб'ектаў. Да яе фінансавання гатовы падключыцца і наш Банк развіцця", - сказаў Прэзідэнт.

Сярод праектаў, якія рэалізуе беларускі бок, - будаўніцтва школы на 825 месцаў у Ламаносаўскім раёне. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, урад вырашае пытанне аб выдзяленні спецыяльнага экспартнага крэдыту.

Гаворачы пра новыя напрамкі супрацоўніцтва, кіраўнік дзяржавы згадаў пра ўдзел беларускіх праектных і будаўніча-мантажных арганізацый у комплекснай мадэрнізацыі аб'ектаў паліўна-энергетычнага комплексу (кацельняў), стварэнне і рэканструкцыю крыніц цеплазабеспячэння муніцыпальных раёнаў вобласці, а таксама пра пастаўку беларускіх будаўнічых матэрыялаў, дарожна-будаўнічай тэхнікі, цэменту, сценавых матэрыялаў, зборных канструкцый, бітуму, абмен вопытам у прымяненні сучасных тэхналогій дарожнага будаўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не ствараць паралельных (дубліруючых) вытворчасцей, калі ёсць магчымасць экспартаваць тыя ці іншыя тавары з Беларусі. "Мы з вамі заўсёды дамовімся па пастаўках, заўсёды, прытым на працяглую перспектыву. Сёння трэба грошы траціць на самае неабходнае і вам, і нам таксама. Навошта паралельную вытворчасць ствараць? І вось пералічаныя мною напрамкі якраз датычацца гэтага пытання, - растлумачыў беларускі лідар. - Такі ўзаемны абмен прадукцыяй вельмі важны".

"Можаце на нас разлічваць, калі вам патрэбна будзе нейкая дапамога, і мы можам яе вам аказаць, мы абавязкова гэта зробім, - дадаў Прэзідэнт. - Нам трэба вельмі ўважліва паглядзець, дзе мы можам, дапаўняючы адзін аднаго, сур'ёзна працаваць на вынік для дасягнення той мэты, якую мы абазначылі".

Тавараабарот Беларусі і Ленінградскай вобласці Расіі ў гэтым годзе дэманструе рост. Так, за перыяд са студзеня па ліпень 2023-га ён склаў каля $533 млн, што амаль на чвэрць больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў $139 млн і павялічыўся больш як на 44 працэнты ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Сярод асноўных экспартных пазіцый - нафтапрадукты, мяса і субпрадукты свойскай птушкі, стальныя і алюмініевыя пруткі, мужчынскае адзенне, машыны і прылады для пад'ёму, перамяшчэння, пагрузкі або разгрузкі.

Па выніках 2022 года ўзаемны тавараабарот перасягнуў $834 млн і павялічыўся амаль на 19 працэнтаў у параўнанні з 2021-м.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі