Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

12 Май 2023

Грызлоў: прынятыя Расіяй і Беларуссю меры па процідзеянні санкцыям прыносяць рэальныя вынікі

Грызлоў: прынятыя Расіяй і Беларуссю меры па процідзеянні санкцыям прыносяць рэальныя вынікі
Фота з архіва

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынятыя ўрадамі Расіі і Беларусі меры па процідзеянні санкцыйнаму націску прыносяць рэальныя вынікі. Аб гэтым заявіў журналістам пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў перад сустрэчай прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі з намеснікам старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі - міністрам прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Дзянісам Мантуравым, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Прынятыя ўрадамі Расіі і Беларусі канкрэтныя меры па процідзеянні санкцыйнаму націску прыносяць абсалютна рэальныя і вымерныя вынікі. За мінулы год удалося пераарыентаваць значную частку беларускіх паставак на расійскі рынак. Гэта дазволіла кампенсаваць каля 40 працэнтаў экспарту, які Беларусь не змагла ажыццявіць з-за ўведзеных Захадам абмежаванняў, уключаючы фактычна транспартную блакаду. У маштабах эканомікі дзяржавы 40 працэнтаў - гэта вельмі істотная велічыня. Для такой перабудовы звычайна патрабуюцца гады, а мы ўклаліся ўсяго за 12 месяцаў", - сказаў пасол.

Паводле даных дыпламата, доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі вырасла да 60 працэнтаў - гэта значыць прыбавіла 10 працэнтных пунктаў. Па выніках мінулага года аб'ёмы расійска-беларускага гандлю дасягнулі ўзроўню $45,8 млрд - прырост на 14,3 працэнта. Пры гэтым беларускаму боку ўдалося нарасціць свой экспарт у Расію на 40,2 працэнта да $22,9 млрд. "Такая дадатная дынаміка захавалася і ў пачатку 2023 года. Паводле апошніх даных, у студзені Беларусь павялічыла экспарт у Расію больш як на 50 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года", - адзначыў Барыс Грызлоў.

Ён падкрэсліў, што важную ролю ў гэтых працэсах адыграла міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, яно на практыцы стала адным з эфектыўных механізмаў вырашэння самага шырокага спектра задач у гандлёва-эканамічнай і іншых галінах.

"Бізнес-місіі і візіты кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў у Беларусь далёка не пратакольныя. Кожны прыезд губернатара прыносіць новыя кантракты і доўгатэрміновыя праекты. Гэта работа прадаўжаецца. Толькі за чатыры месяцы бягучага года Беларусь наведалі дзевяць расійскіх губернатараў. Да канца мая плануюцца візіты кіраўнікоў Уладзімірскай і Ліпецкай абласцей", - расказаў пасол.

Асаблівы фокус у рамках гэтых візітаў зроблены на замяшчэнні заходняй сельскагаспадарчай, камунальнай і іншай спецыяльнай тэхнікі на машыны беларускай вытворчасці. Тым больш што ў Беларусі ёсць усе неабходныя тэхналогіі і кампетэнцыі. Паралельна вядзецца актыўная работа па пашырэнні сеткі дылерскіх і сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні беларускай тэхнікі ў Расіі.

У якасці прыкладу Барыс Грызлоў прывёў сур'ёзныя поспехі Рэспублікі Башкортастан. У ліку флагманскіх праектаў - будаўніцтва ва Уфе завода "АМКАДОР" па вытворчасці машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа. Яго адкрыццё плануецца прымеркаваць да юбілейнага Х Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які пройдзе ва Уфе 26-28 чэрвеня.

Важнымі пытаннямі для прапрацоўкі ў рамках візітаў дэлегацый з рэгіёнаў Расіі застаюцца транспарт і лагістыка. У 2023 годзе былі адкрыты прамыя авіязносіны Уфы, Калугі і Пермі з Мінскам. Актыўна абмяркоўваецца тэма падключэння беларускіх партнёраў да міжнароднага транспартнага калідора "Поўнач-Поўдзень" і рэалізацыі праекта стварэння мультымадальнага транспартна-лагістычнага цэнтра ў Калужскай вобласці. Інтэнсіўна развіваецца супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва і аграпрамысловага комплексу.

Барыс Грызлоў таксама нагадаў аб візіце ў красавіку ў Мінск часова выконваючага абавязкі кіраўніка ДНР Дзяніса Пушыліна. "Праведзеныя сустрэчы былі вельмі плённымі. Ужо намечаны шэраг перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння рэгіёна з Рэспублікай Беларусь", - сказаў ён.

"Безумоўна, усе нашы праекты і ініцыятывы будуць рэалізаваны. Гэта ўпэўненасць зусім не дэкларатыўная. Яна заснавана на канкрэтных даных статыстыкі, якія пацвярджаюць, што мы ідзём у правільным напрамку ", - рэзюмаваў дыпламат.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі