Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

18 Врс 2023

Гарадская гаспадарка, турызм і работа з моладдзю. Мінск і Сочы сёння стануць пабрацімамі

Гарадская гаспадарка, турызм і работа з моладдзю. Мінск і Сочы сёння стануць пабрацімамі
Фота з архiва

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў правёў сустрэчу з кіраўніком гарадской акругі Сочы Аляксеем Капайгародскім для абмеркавання перспектыў супрацоўніцтва пасля заключэння Пагаднення аб устанаўленні дружалюбных адносін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дэлегацыя Краснадарскага края знаходзіцца з візітам у беларускай сталіцы з 17 па 19 верасня. Учора мэр Мінска і кіраўнік Сочы Аляксей Капайгародскі пабывалі на маштабным патрыятычным форуме ў "Мінск-Арэне", прысвечаным святкаванню Дня народнага адзінства, а да гэтага наведалі выстаўку інавацыйных распрацовак і прамысловай прадукцыі. Прадстаўленыя там дасягненні ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, айчынных прадпрыемстваў цяжкай і лёгкай прамысловасці і электронікі зрабілі вялікае ўражанне на гасцей з Расіі. А выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік расійскай дэлегацыі ахарактарызаваў словам "моцнае".

Як стала вядома ў час сустрэчы, перагаворы аб выхадзе мінска-сочынскіх адносін на новы ўзровень вяліся з канца красавіка. За гэты час быў дасягнуты кансэнсус па шэрагу цікавых для абодвух бакоў напрамкаў. У авангардзе супрацоўніцтва - пытанні эканомікі. Так, у мінулым годзе тавараабарот Мінска і Краснадарскага края склаў $141,7 млн, а за сем месяцаў бягучага года дасягнуў адзнакі $95,7 млн (тэмп росту - 138,4 працэнта). Расійскі бок праявіў ініцыятыву ў абмеркаванні пытанняў росту экспарту і імпарту тавараў сочынскіх і беларускіх вытворцаў, развіцці беларускай гандлёвай сеткі ў Сочы.

Горад-курорт не супраць пераняць вопыт Мінска ў сферы клопату аб навакольным асяроддзі, работы гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспартнай інфраструктуры і лагістыкі. Аляксей Капайгародскі быў уражаны шырынёй мінскіх праспектаў і вуліц і традыцыйна для гасцей сталіцы адзначыў чысціню горада. Важным кіраўнік гарадской акругі Сочы лічыць увагу да чалавечага капіталу, таму мае намер пераймаць вопыт беларускай сталіцы ў стварэнні ваенна-патрыятычных маладзёжных клубаў. У фокусе ўвагі новых пабрацімаў таксама сферы адукацыі і спорту. Да дружалюбнага рукапаціскання ў розных галінах супрацоўніцтва абавязвае і беларуская дыяспара, якая пражывае ў горадзе-курорце.

"Галіны нашых гарадоў будуць не проста сістэмна працаваць, але, больш правільна сказаць, - дружыць, каб выбудаваць камунікацыю бізнес-супольнасцей Мінска і Сочы. Гэты правільны палітычны і грамадскі сімбіёз дасць старт добрым пачынанням. Мы закладзём сёння ў падпісаныя дакументы ўсе неабходныя правілы і задачы. У перспектыве кожны год будзем падводзіць вынікі праведзенай работы па развіцці адносін двух пабрацімаў - Мінска і Сочы", - расказаў аб дасягнутых дамоўленасцях Аляксей Капайгародскі.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што падпісанне сённяшняга пагаднення да многага абавязвае абодва бакі. У прыватнасці, да сістэмнай работы па ўсім спектры напрамкаў супрацоўніцтва, без акцэнту на прывабных толькі для аднаго з пабрацімаў пытаннях. Мэр Мінска заўважыў, што ў бліжэйшы час будзе падрыхтаваны план мерапрыемстваў, які ахопіць усе сферы дзейнасці горада. Для выканання яго пунктаў будуць прыцягвацца сталічныя прадпрыемствы і арганізацыі, профільныя міністэрствы, пры неабходнасці ўлады абмяркуюць пытанне аб мэтанакіраванай рабоце з іншымі рэгіёнамі рэспублікі.

"Краснадарскі край - рэгіён, які дынамічна развіваецца. Сочы ідзе наперад хуткімі тэмпамі па самых розных напрамках. Мы павінны максімальна ахапіць увесь спектр супрацоўніцтва. Сёння абмяркоўвалі развіццё адносін у сістэме ЖКГ, важным для нас застаецца супрацоўніцтва ў транспартнай сферы ў частцы паставак пасажырскага транспарту. Перспектыўны напрамак дзейнасці ў галіне адукацыі, работы з моладдзю і з органамі тэрытарыяльнага кіравання. Мы гатовы працаваць з нашымі калегамі ў тым фармаце, які іх цікавіць. Са свайго боку ж будзем уносіць прапановы па ўзаемавыгадным супрацоўніцтве", - пракаменціраваў вынікі сустрэчы кіраўнік беларускай сталіцы.

Бакі дамовіліся аб актывізацыі турыстычных экскурсійных паслуг, абмене дэлегацыямі груп школьнікаў для адпачынку ў дзіцячых лагерах і ўдзеле ў творчых фестывалях, абмене спартыўнымі дзіцячымі камандамі. У перспектыве з'явяцца экскурсійныя туры для жыхароў Мінска і Сочы, актывізуецца супрацоўніцтва ў санаторна-курортнай сферы. Імпульс атрымае развіццё супрацоўніцтва ў галіне прадпрымальніцтва і прыватнай ініцыятывы, будуць прыцягвацца інвестыцыі для рэалізацыі праграм і праектаў, накіраваных на развіццё гарадскіх эканомік, укараненне сучасных тэхналогій, стварэнне ўмоў для развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей. Будзе наладжаны абмен вопытам у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Таксама абмяркоўвалася пытанне правядзення фестывалю беларускай культуры ў Сочы і фестывалю рускай культуры ў Мінску да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Наперадзе - пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Краснадарскага края, дзе Мінск і Сочы падпішуць Пагадненне аб устанаўленні дружалюбных адносін. Сочы стане 34-м горадам-пабрацімам беларускай сталіцы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі