Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

4 Кст 2023

Беларусь і ААЭ маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў галіне стандартызацыі

Беларусь і ААЭ маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў галіне стандартызацыі
Фота Дзяржстандарту

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Напрамкі развіцця супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ ў галіне стандартызацыі абмеркавалі ў Дзяржстандарце, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Адпаведная тэма стала адной з цэнтральных на сустрэчы старшыні Дзяржстандарту Валянціна Татарыцкага і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь Ібрагіма Саліма Махамеда Аль-Мушараха, якая адбылася 3 кастрычніка на базе БелДІСС. Да яе далучыліся таксама намеснік начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і інтэграцыі Дзяржстандарту Крысціна Ненадавец і дырэктар БелДІСС Аляксандр Скуратаў.

Перад пачаткам перагавораў удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з арганізацыяй радыёбязрэхавай камеры, дзе праводзяцца выпрабаванні розных транспартных сродкаў, прамысловага абсталявання і электратэхнікі па параметрах электрамагнітнай сумяшчальнасці.

Дзяржстандарт развівае супрацоўніцтва з профільнымі арганізацыямі ААЭ ў галіне стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці, акрэдытацыі, навучання і інфармацыйнага абмену, а таксама прымянення стандартаў для прадукцыі халяль з 2018 года. З гэтай мэтай заключаны і рэалізуюцца чатыры мемарандумы.

У пачатку верасня супрацоўнікі дэпартамента па акрэдытацыі Міністэрства прамысловасці і перадавых тэхналогій ААЭ наведалі Мінск. Яны правялі трэнінг па новых патрабаваннях стандартаў ААЭ, якія прымяняюцца для ацэнкі адпаведнасці халяльнай прадукцыі пры яе пастаўцы, а таксама ацэнку кампетэнтнасці беларускага органа па сертыфікацыі ТАА "БелХаляль".

"Трэнінг выклікаў вялікі інтарэс у нашых спецыялістаў, а таксама Расійскай Федэрацыі, Узбекістана, меў практыкаарыентаваны характар. У цэлым беларускі падыход па выкананні спецыяльных патрабаванняў стандартаў ААЭ ў сферы халяль таксама атрымаў высокую ацэнку. Гэта дасць магчымасць прадоўжыць работы па садзейнічанні экспарту халяльнай прадукцыі беларускіх вытворцаў на рынак ААЭ пры эканоміі затрат, пашыраць яе наменклатуру. Выказваю ўдзячнасць за такую плённую працу і разлічваю на яе прадаўжэнне", - падкрэсліў кіраўнік камітэта Валянцін Татарыцкі.

У якасці перспектыўнага напрамку кіраўнік камітэта назваў развіццё супрацоўніцтва паміж Міністэрствам прамысловасці і перадавых тэхналогій ААЭ і БелДІСС па ўзнаўленні і распаўсюджванні стандартаў.

"Праект адпаведнага мемарандума падрыхтаваны, і мы гатовы правесці двухбаковую сустрэчу для яго абмеркавання альбо падпісання на палях Генеральнай асамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі, якая пройдзе ў Каіры 22-26 кастрычніка. Лічым узаемадзеянне ў гэтай сферы вельмі важным, паколькі гэта аблегчыць прадпрыемствам доступ да патрабаванняў, што дзейнічаюць на рынках нашых краін", - адзначыў ён.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ААЭ запэўніў, што пасадзейнічае актывізацыі такога супрацоўніцтва. Ён таксама адзначыў значны патэнцыял такога ўзаемадзеяння.

"За той час, які я знаходжуся ў Беларусі, мне стала абсалютна відавочна, што патэнцыял, які мае ваша краіна, варты рэалізоўвацца на нашым рынку. Наша палітыка заключаецца ў тым, каб ААЭ сталі тымі варотамі, праз якія беларуская прадукцыя будзе трапляць і на рынкі краін Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу. Мая задача ацаніць гэты патэнцыял, каб забяспечыць яму выхад на такія рынкі. Вядома, сёння прысутнічае высокая канкурэнцыя, але я пераканаўся ў якасці беларускай прадукцыі, чаго не хапае многім таварам на нашым рынку цяпер. Нам разам трэба зрабіць так, каб якасць беларускай прадукцыі стала той планкай, якую будуць імкнуцца дасягнуць і іншыя вытворцы, якія працуюць, у тым ліку, і ў ААЭ", - сказаў ён.

На яго думку, каб уваходжанне беларускіх тавараў на ўзрастаючыя і шматабяцальныя рынкі было паспяховым, важна аб'ядноўваць намаганні і ўмацоўваць супрацоўніцтва паміж кампетэнтнымі ў тэхнічнай сферы органамі. Гэта будзе садзейнічаць спрашчэнню руху прадукцыі па розных напрамках без істотных перашкод, якой да нядаўняга часу быў сертыфікат халяль.

Таксама ішла размова аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы навучання спецыялістаў ААЭ ў арганізацыях Дзяржстандарту. "Беларускі бок гатовы разгледзець і рэалізаваць прапановы сваіх калег, прадаставіўшы як тэарэтычныя веды, так і магчымасць атрымання практычных навыкаў у выпрабавальных лабараторыях", - падкрэслілі ў прэс-службе.

Падводзячы вынікі сустрэчы, бакі пацвердзілі намеры развіваць супрацоўніцтва. Па ўзаемным перакананні, гэта пойдзе на карысць для эканомік краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі