Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

17 Кст 2023

3D-друк, ядзерная медыцына, ІТ. Што ўвойдзе ў праграму супрацоўніцтва Беларусі з "Расатамам"

3D-друк, ядзерная медыцына, ІТ. Што ўвойдзе ў праграму супрацоўніцтва Беларусі з

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар краінавага офіса дзяржкарпарацыі "Расатам" у Беларусі Станіслаў Лявіцкі расказаў журналістам, што плануецца ўключыць у комплексную праграму супрацоўніцтва з беларускім бокам. Гэту інфармацыю ён агучыў на XXVII Беларускім энергетычным і экалагічным форуме Energy Expo, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з беларускім бокам падрыхтавалі вялікі стратэгічны дакумент - комплексную праграму развіцця супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Гэта і адытыўныя тэхналогіі, і ядзерная медыцына, і лічбавізацыя, і многія другія. Праграма ў хуткім часе будзе зацверджана, і пачнецца яе рэалізацыя. Гарызонт планавання - з канца гэтага года да 2030-х гадоў. Праграма прадугледжвае ўкараненне інавацыйных рашэнняў і інвестыцыйную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі, стварэнне сумесных вытворчасцей. Мы з радасцю глядзім у будучыню і ўпэўнены, што такі стратэгічны дакумент закладзе трывалую аснову для супрацоўніцтва", - сказаў Станіслаў Лявіцкі.

"Расатам" цяпер развівае работу па больш як 90 напрамках. "Што датычыцца канкрэтных праектаў з Беларуссю, адзін з іх - па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра адытыўных тэхналогій агульнага доступу. Мы ініцыявалі накіраванне ў адрас кіраўніцтва Беларусі адпаведнага звароту. Пайшла планамерная работа. Ужо на падпісанні знаходзіцца дарожная карта, якая прадугледжвае стварэнне да канца наступнага года на тэрыторыі Беларусі ў фармаце сумеснага прадпрыемства інавацыйнага цэнтра для 3D-друку металаў. 3D-друк дае магчымасць нам вельмі аператыўна замяшчаць камплектуючыя ва ўмовах дзеючых абмежаванняў, паскараць правядзенне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ", - адзначыў дырэктар краінавага офіса "Расатам" у Беларусі.

У сферы ядзернай медыцыны пачынаецца рэалізацыя праграмы па стварэнні інавацыйнага радыефармпрэпарату з прыцягненнем адной з беларускіх арганізацый да правядзення выпрабаванняў, да адпрацоўкі тэхналогій прамысловага вырабу. "У нас будзе прапрацавана пытанне частковай лакалізацыі і, магчыма, стварэння новай лінейкі медыцынскага абсталявання, якая будзе распрацоўвацца за кошт сродкаў саюзнага бюджэту", - адзначыў Станіслаў Лявіцкі.

"Што датычыцца лічбавізацыі, мы пастаўляем у Беларусь бясплатныя ліцэнзіі для ВНУ. Ідзе працэс афармлення экспартнай ліцэнзіі па інавацыйным праграмным забеспячэнні матэматычнага мадэлявання, гатовы прадаставіць яго. А на будучае плануем ствараць тут цэнтры распрацоўкі "Расатама" з запрашэннем да нас IT-беларускіх распрацоўшчыкаў і атрымліваць сумесныя прадукты", - дадаў дырэктар краінавага офіса "Расатама" ў Беларусі.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - электратранспарт. "Цяпер рэалізуецца праект электрамабіля "Атам". Мы плануем у бліжэйшы час абмеркаваць пытанне ўваходжання ў гэты праект Беларусі ў асобе некаторых арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў. Мы зацікаўлены ў тым, каб краіна стала нашым паўнацэнным партнёрам у частцы вытворчасці камплектуючых, арганізацыі сумесных камерцыйных збытавых сетак, - праінфармаваў Станіслаў Лявіцкі. - Акрамя таго, дзяржкарпарацыя цяпер будуе гігафабрыку па вытворчасці накапляльнікаў энергіі ў Калінінградскай вобласці. У комплекснай праграме ў нас згадана магчымасць у перспектыве рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве гігафабрыкі на тэрыторыі Беларусі. Але толькі калі гэта будзе выгадна і беларускаму боку, і "Расатаму".

Беларускі энергетычны і экалагічны форум Energy Expo - адно з буйнейшых спецыялізаваных выставачных мерапрыемстваў, якое праводзіцца штогод у мэтах развіцця інавацыйнага патэнцыялу паліўна-энергетычнага комплексу. Форум аб'ядноўвае галіновыя арганізацыі і вядучых вытворцаў абсталявання і тэхналогій для энергетыкі і сумежных галін. У гэтым годзе яны традыцыйна прадстаўляюць інавацыйныя праекты і перадавыя рашэнні ў сферы электраэнергетыкі, газавай галіны, энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій, лічбавага развіцця, экалогіі.

Арганізаваны спецыялізаваныя выстаўкі: "Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра", "Інавацыйныя прамысловыя тэхналогіі" (Green INDUSTRY), салон інавацыйнага транспарту "Е-ТРАНС" (eTRANS), "Тэхналогіі для нафтахімічнай галіны" (OIL & GAS Technologies), "Атамэкспа-Беларусь", "ЭкспаСВЯТЛО", "Водныя і паветраныя тэхналогіі", "ЭкспаГорад".

Дзелавая праграма форуму ўключае навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы і семінары, у тым ліку па пытаннях развіцця атамнай энергетыкі, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы інжынерных кадраў, развіцці электратранспарту, уключэнні ў паліўна-энергетычны баланс краіны мясцовых відаў паліва. У рамках форуму пройдзе таксама Дзень моладзі - школьнікі, студэнты і маладыя спецыялісты змогуць дэталёва азнаёміцца з апошнімі дасягненнямі галіны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі