Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Jul 2018

Каляндар падзей у Беларусі: жнівень 2018

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад", які ў гэтым годзе адкрывае сёмы сезон, па традыцыі знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-сюррэаліста і графіка Георгія Скрыпнічэнкі, якога нярэдка называюць адной з ключавых фігур у нацыянальным мастацтве 1950-х. Аб многім сведчыць і той факт, што ў 2005-м рашэннем Кембрыджскага ўніверсітэта ён быў удастоены звання "Чалавека года". Для шырокай публікі гэта ўнікальны шанц уласнымі вачыма ўбачыць цэлы збор работ "беларускага Далі": пры жыцці мастак не любіў выстаўляць свае творы, больш таго, некаторыя з іх ён прадаўжаў удасканальваць нават праз 40 гадоў! Чакаецца, што пасля Дня горада ў Мінску – з 20 верасня – жывая выстава пераедзе ў Віцебск.

Калі: 17 мая – 8 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа

Святы нацыянальных культур у Верхнім горадзе Мінска

Новы турыстычны сезон пачаўся ў Верхнім горадзе яшчэ ў маі, і з першых дзён лета ў гістарычным цэнтры Мінска стартаваў марафон фестываляў культур і традыцый розных краін. У гэтым годзе іх 15: Швецыя, Расія, Грэцыя, Літва, Польшча, Рэспубліка Карэя, Украіна, Італія, Арменія, Грузія, Малдова, Ізраіль, Азербайджан і – упершыню – Эстонія і Вялікабрытанія. Канцэрты і каларытныя выступленні, выстаўкі і кірмашы, нацыянальная ежа і напіткі – абавязковыя атрыбуты, але кожная краіна, вядома, здзіўляе па-свойму.

2 чэрвеня – Дзень культуры Швецыі
9 чэрвеня – Дзень шматнацыянальнай Расіі
16 чэрвеня – Вялікі брытанскі фестываль
21 ліпеня – Дзень культуры Эстоніі
28 ліпеня – Дзень культуры Грэцыі
4 жніўня – Дзень культуры Літвы
5 жніўня – Дзень культуры Польшчы
18 жніўня – Дзень культуры Украіны
19 жніўня – Дзень культуры Карэі
25 жніўня – Дзень культуры Арменіі
1 верасня – Дзень культуры Грузіі – фестываль "Тбілісоба" (дарэчы, менавіта грузінскі фестываль у 2015-м паклаў пачатак традыцыі нацыянальных свят у мінскім Верхнім горадзе)
9 верасня – Дзень культуры Італіі
15 верасня – Дзень культуры Малдовы
16 верасня – Дзень культуры Ізраіля
22 верасня – Дзень культуры Азербайджана

Дзе: гістарычны цэнтр Мінска Верхні горад (плошча Свабоды, вуліцы Кірылы і Мяфодзія, Герцэна, Зыбіцкая)

Летні кінапраект СINEMASCOPE #SHHH

У працяг ужо вядомага летняга фестывалю нямога кіно і сучаснай музыкі "КІНЕМО" Музей-майстэрня З. І. Азгура запускае новы праект – Сinemascope #Shhh. Цяпер арганізатары запрашаюць аматараў класікі на вячэрнія кінапрагляды пад адкрытым небам у камернай атмасферы музейнага дворыка. Іх асаблівасцю з'яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў. Беларускіх кінаманаў чакаюць сустрэчы з лепшымі стужкамі сусветнага кінематографа розных жанраў – ад меладрамы да трылера – ад такіх знакамітых рэжысёраў, як Білі Уайлдэр, Альфрэд Хічкок, Стэнлі Кубрык, Джым Джармуш, Вудзі Ален, Дэвід Лінч, Рыдлі Скот, Уолтар Салес...

Калі: 24 ліпеня – 30 жніўня
Дзе: Мінск, унутраны дворык Музея-майстэрні З. І. Азгура

XVI Міжнародны праваслаўны маладзёжны фестываль "Адзігітрыя"

Міжнародны фестываль, які ў мінулым годзе адзначыў 15-годдзе, зноў запрашае на Віцебшчыну прадстаўнікоў праваслаўнай моладзі са славянскіх краін-суседак – Беларусі, Расіі і Украіны. Дзякуючы вернасці хрысціянскім каштоўнасцям і традыцыям, форум "Адзігітрыя" і ў нашы дні з'яўляецца своеасаблівым мостам дружбы і маштабнай крэатыўнай пляцоўкай, што аб'ядноўвае сотні таленавітых паэтаў, аўтараў-выканаўцаў і музычныя калектывы, якія займаюцца духоўнай творчасцю. Стартуе праграма-2018 адборачнымі турамі, маладзёжнымі секцыямі і канцэртамі на тэрыторыі лагера "Дружба" ў вёсцы Вароны, прадоўжыць эстафету канцэрт у Палацы культуры ў Рубе, а таксама гала-шоу і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску. А завершыцца фестываль ужо ў расійскім Смаленску, куды, згодна з праграмай, праз чатыры дні прыбудуць удзельнікі вялікага хрэснага ходу.

Калі: 31 ліпеня – 9 жніўня
Дзе: в. Вароны, г. п. Руба, г. Віцебск (Беларусь); г. Смаленск (Расія)

Канцэрт Рэнэ Рэйн у Мінску

Джаз-соўл-дзіва Рэнэ Рэйн упершыню прыедзе ў Мінск з двухгадзіннай канцэртнай праграмай, у якую ўвайшлі лепшыя кампазіцыі ў самых розных стылях – ад соўл-джаза, джаз-рока і нават эйсід-джаза да сусветнай класікі. Унікальны выканальніцкі стыль Рэнэ Рэйн склаўся на перасячэнні афрыканскай і брытанскай культур: візітнай карткай спявачкі стала дзіўнае спалучэнне соўла, блюза, рытм-энд-блюза і джазавых танальнасцей, пан-афрыканскай музыкі і гарачых рытмаў R'n'B. Мяркуючы па водгуках аўтарытэтных крытыкаў, мінскіх меламанаў чакае элегантнае, чароўнае, утульнае шоу, у якім акрамя аўтарскіх кампазіцый прагучаць і знакамітыя хіты з рэпертуару Фрэнка Сінатры, Шадэ, Стыві Уандэра, Ніны Сімон, Эла Джаро і Эмі Уайнхаус...

Калі: 1–2 жніўня
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі, Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава

Viva Braslav Open Air 2018

Браслаўшчына славіцца далёка за межамі Беларусі сваімі маляўнічымі ледніковымі азёрамі (нездарма гэты край называюць "блакітнымі каралямі" краіны) і яркімі летнімі фестывалямі. Адзін з іх – музычны Viva Braslav Open Air, які ў мінулым годзе сабраў рэкордную пляцоўку – больш за 21 тысячу чалавек! І ў жніўні 2018-га зноў гатовы здзіўляць гарачымі навінкамі ад самых папулярных выканаўцаў хіп-хоп, поп-рока і электроннай музыкі з усяго свету. На працягу двух вечароў на буйнейшай браслаўскай сцэне выступяць беларускія і замежныя зоркі: "каралева R&B" Б'янка, Іван Дорн, прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2018" ALEKSEEV, Jay Hardway, Dannic, Stadiumx, Скруджы, Арцём Півавараў, Мальбэк і Сюзанна, Сяргей Бабунец (экс-лідар групы "Сэнсавыя Галюцынацыі"), Арстон, NUTEKI, NIZKIZ, CMC$, Kill the Buzz, Intelligency...

Калі: 3–5 жніўня
Дзе: Віцебская вобласць, Браслаў, гарадскі пляж "Дрывяты"

IV Міжнародны ваенна-гістарычны фестываль "Афганскае неба"

Цікавы ваенны музей пад адкрытым небам – "Лінія Сталіна" – запрашае ўбачыць захапляльную рэканструкцыю эпізоду з вядомай аперацыі "Пастка", праведзенай савецкімі войскамі ў жніўні 1986-га і прызнанай адной з самых маштабных у гісторыі Афганскай вайны. Падзеі больш як 30-гадовай даўнасці адновяць ваенна-гістарычныя клубы з дапамогай баявой тэхнікі таго часу. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй знакамітага музейнага комплексу, дзе да нашых дзён захаваліся сапраўдныя ДОТы, а цяпер знаходзіцца самая вялікая ў краіне экспазіцыя ваеннай тэхнікі, авіяцыі і зброі розных гадоў. Для самых юных адкрыюцца інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе можна будзе пабываць унутры танка ваенных часоў, а таксама праехацца і нават зрабіць сэлфі ўнутры браніраванай машыны.

Калі: 4 жніўня
Дзе: Мінскі раён, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна"

Фестываль "Рок за Баброў"

Адна з буйнейшых музычных падзей Беларусі, якая з году ў год трапляе ў рэйтынгі лепшых фестываляў Усходняй Еўропы, пачала адлічваць другі дзясятак свайго існавання. На "беларускім Вудстоку" гасцей парадуюць жывыя выступленні вядомых выканаўцаў, сярод якіх ДДТ, Ляпіс-98, Сплін, Зверы, NOIZE MC і J:Морс. Аматараў рока чакае шмат музыкі, вялікі танцпол з асобнай VIP-пляцоўкай і фудкорт, зона якога ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася ўдвая.

Калі: 4 жніўня
Дзе: Мінск, аэрадром Баравая

Свята сярэдневяковай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў"-2018

Фестываль сярэдневяковай культуры запрашае наведаць старажытны Мсціслаў, гісторыя якога налічвае звыш 880 гадоў. Турысты гэты горад нярэдка называюць беларускім Суздалем, а з лёгкай рукі знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча ён мае рамантычную назву "Дыяментавы горад". У Мсціславе і наваколлі захаваліся ўнікальныя выдатныя мясціны розных эпох: Замкавая гара, сабор Аляксандра Неўскага, будынак былога езуіцкага калегіума, касцёл кармелітаў, а таксама Пустынскі Свята-Успенскі манастыр, якому каля 700 гадоў. Усяго на два дні гарадскія вуліцы стануць дэкарацыямі для сярэдневяковых падзей, якія адновяць прадстаўнікі гістарычных клубаў з Беларусі, Расіі і Польшчы. Госці ўбачаць рыцарскія турніры, конныя і паказальныя выступленні, турніры лучнікаў, атрымаюць асалоду ад старадаўніх мелодый у выкананні этна- і фолк-музыкантаў і груп, развучаць сярэдневяковыя танцы, а на заканчэнне фэсту іх чакаюць вогненнае і светлавое шоу.

Калі: 4–5 жніўня
Дзе: Магілёўская вобласць, Мсціслаў
Даведацца больш

Фестываль-узаемадзеянне Sprava

Міжнародны фестываль-узаемадзеянне Sprava робіць акцэнт на гістарычных і прыродных ландшафтах Беларусі, сучасным мастацтве і музыцы. Арганізатары абяцаюць на адзін жнівеньскі ўік-энд ператварыць паўвостраў ля Чарэйскага возера ў новую культурную прастору. Фестываль традыцыйна праходзіць з удзелам архітэктараў, мастакоў, рамеснікаў і музыкантаў. Тут можна адправіцца на экскурсію па наваколлі – Чарэі і мясцовай сцежцы здароўя, наведаць імправізаваны кінатэатр на адкрытым паветры, купіць экалагічна чыстыя прадукты на фермерскім кірмашы, заняцца спортам на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы, паўдзельнічаць у шматлікіх майстар-класах і, вядома, атрымаць асалоду ад добрай музыкі. Дарэчы, лайн-ап мерапрыемства абяцае шматжанравую праграму: джаз, фальклор, харавую музыку, нойз і эмбіент.

Калі: 4–5 жніўня
Дзе: Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, бераг Чарэйскага возера

"Класіка ля ратушы" ў Мінску

Фестываль "Класіка ля ратушы", які ўжо стаў цудоўнай летняй традыцыяй, запрашае атрымаць асалоду ад шэдэўраў класічнай музыкі пад адкрытым небам у самым сэрцы гістарычнага Мінска. Праграма творчага праекта, які чацвёрты сезон запар разгорнецца на пляцоўцы ля сталічнай ратушы, абяцае здзівіць эклектыкай і поўным "акунаннем" у класіку на стыку з рознымі сучаснымі напрамкамі: "Класіка NEXT", "Ад барока да сучаснасці", "Minsk festival orchestra", "Класіка сустракае рок"... Сярод удзельнікаў – Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, заслужаны калектыў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, канцэртны аркестр "Няміга", музычная капэла "Санорус", Мінскі маладзёжны камерны аркестр... Не абыдзецца і без сюрпрызаў: у адным з суботніх канцэртаў выступіць удзельніца "Еўрабачання-2015" скрыпачка Маймуна.

Калі: 4, 11, 18, 25 жніўня
Дзе: Мінск, пляцоўка ля гарадской ратушы

Суботы з музычным акцэнтам у палацы Радзівілаў

Кожную суботу жніўня Нясвіж ахутаны музыкай: пад барабанны дробат і заклікальныя гукі валынкі ў цэнтральным двары палаца гасцей сустракаюць маршалак і прыдворныя музыканты. Тут можна навучыцца галоўным па старадаўніх танцаў, паўдзельнічаць у конкурсе на званне ўдзельніка палацавай харавой капэлы, сыграць на "свабодным піяніна", прагуляцца па старадаўніх бастыёнах і разгадаць "Тайны і загадкі палаца Радзівілаў", прыняўшы ўдзел у аднайменным квэсце.

Калі: усе суботы жніўня
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", палацавы ансамбль

"Свята мора" на Аўгустоўскім канале

Аўгустоўскі канал – любімае месца для турыстаў з даўніх часоў. Пасля таго, як унікальнае гідратэхнічнае збудаванне перастала быць запатрабаваным для перавозкі грузаў, тут пачалі прымаць падарожнікаў. Гэтай добрай традыцыі ўжо стагоддзе – пачынаючы з 1920 года ў раёне шлюза Дамброўка праводзілася "Свята мора", якое стала гістарычнай рэканструкцыяй свята, што з размахам арганізоўвалі ў часы Стафана Баторыя. У 2017 годзе "Свята мора" зноў папоўніла каляндар падзей Аўгустоўскага канала, і ў мерапрыемства ёсць усе шанцы стаць штогадовым. Насычаная праграма свята-2018 абяцае шмат сюрпрызаў. Гэта і вясёлае плаванне "На чым папала", і чэмпіянат па балотным футболе, і літаратурная бухта "Па кніжных парусах". А таксама кірмашы, фуд-корт са стравамі беларускай кухні, майстар-класы, яркія выступленні і дыскатэка!

Калі: 11 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка

A-fest у Мінску

Лошыцкі парк зноў стане пляцоўкай для аднаго з буйнейшых летніх фестываляў Беларусі – "А-фэсту". Арганізатары абяцаюць мерапрыемства "ў лепшых еўрапейскіх традыцыях". Ствараць адпаведную атмасферу будуць хэдлайнеры: спявачка з Вялікабрытаніі Сафі Эліс-Бэкстар, Ян Дэсталь з французскага new-disco дуэта Modjo і беларуская група "Без Білета". Сярод іншых "інгрэдыентаў" гарадскога свята – шмат актыўнасцей на любы густ і вялікі фуд-корт.

Калі: 11 жніўня
Дзе: Мінск, Лошыцкі парк

Фестываль славянскай кухні "Панскі базар"

Калдуны, клёцкі, галубцы, боршч, бліны, варэнікі, дранікі – пакаштаваць славянскую кухню на смак ва ўсёй разнастайнасці запрашае новы гастранамічны фестываль "Панскі базар", першыя серыі якога ў маі і чэрвені пакарылі ўжо сталічных гурманаў. У гэтым сезоне лепшыя шэф-повары мінскіх кафэ і рэстаранаў прадставяць сучасныя і аўтарскія варыяцыі класічных страў народнай кухні, а таксама правядуць дэгустацыі і майстар-класы для кулінараў і аматараў старадаўніх традыцый. Гасцей чакаюць шматлікія забавы: рыцарскія турніры, сярэдневяковыя танцы, вясёлыя конкурсы і квэсты, горад майстроў... Тут можна будзе прыняць удзел у народных забавах і, напрыклад, сплесці лапці з лазы і нават знайсці іголку ў стозе сена. Задаваць рытмы для "сытага" свята будуць выканаўцы этнічнай музыкі, сярод якіх групы "Стары Ольса", "Палац", "Znich" і многія іншыя.

Калі: 11–12 жніўня
Дзе: Мінск, забаўляльны парк Dreamland

Фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі"

Дрыбінскі край славіцца сваім шапавальным промыслам: здаўна мясцовыя майстры тварылі сапраўдныя "цуды з шэрсці", ствараючы размаляваныя валёнкі, шапкі-магеркі, рукавіцы, упрыгажэнні... Нават праз стагоддзі ў гарадку Дрыбін на Магілёўшчыне захавалі старадаўнія тэхналогіі, традыцыі і нават сакрэтную мову мясцовых шапавалаў – нацыянальны скарб, які прэтэндуе на ўключэнне ў Папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І штогадовы кірмаш ("таржкі"), які праводзіцца з XIX стагоддзя, знаёміць гасцей з гэтым старадаўнім рамяством, а таксама іншымі беларускімі народнымі промысламі, сярод якіх ганчарная справа, бондарства і разьба па дрэве, салома- і бісерапляценне, ткацтва і вышыўка... Акрамя горада майстроў, у рамках свята адкрыюцца пякарня пад адкрытым небам, "Літаратурная гасцёўня" (знакамітыя паэты і пісьменнікі правядуць юбілейнае пасяджэнне літаратурнага клуба "Вянок Дрыбіншчыны"), адбудуцца конкурсы і выступленні творчых калектываў Дрыбінскага краю.

Калі: 16–18 жніўня
Дзе: Магілёўская вобласць, г. п. Дрыбін

ІІ Міжнародны фестываль VAGFest 2018

Міжнародны фестываль аматараў VW, AUDI, SKODA, SEAT і проста неабыякавых да аўтамабіляў людзей стартуе 18 жніўня. Цэнтральнае мерапрыемства VAGFest 2018 – выстаўка арыгінальных, дапрацаваных і адноўленых аўтамабіляў канцэрна VAG, якія прыбылі ў Лагойск з усёй Беларусі, а таксама Расіі, Украіны і Прыбалтыкі. Гасцям свята прапануюць таксама паўдзельнічаць у майстар-класах па аказанні розных аўтамабільных паслуг, шматлікіх конкурсах і тэст-драйвах. Акрамя таго, у рамках фестывалю пройдзе афіцыйны этап ІІІ Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па аўтагуку і цюнінгу – EMMA Belarus.

Калі: 18–19 жніўня
Дзе: Мінская вобласць, гарналыжны комплекс "Лагойск"

Этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы BSB BANK 2018

Ужо трэці раз Мінск прыме этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы: асноўны турнір разгорнецца на пляцоўцы спартыўна-забаўляльнага комплексу Falcon Club, а напярэдадні – 15 і 16 жніўня – у Палацы гімнастыкі, які адкрыўся ў сакавіку гэтага года, адбудуцца юніёрскія спаборніцтвы "Хрустальная ружа". Свята аднаго з самых прыгожых відаў спорту зноў збярэ ў беларускай сталіцы лепшых грацый з усёй планеты, якія парадуюць паклоннікаў сваім майстэрствам і яркімі нумарамі. Для беларускай жа зборнай гэта заўсёды асабліва хвалююча і адказна, аднак, паводле слоў саміх дзяўчат, яны любяць выступаць дома і шчыра дзеляцца эмоцыямі з балельшчыкамі. У мінулым годзе выступленне нацыянальнай каманды на дамашнім этапе Кубка свету ўвянчалася трыумфам: Кацярына Галкіна, Аліна Гарнасько і спартсменкі ў групавых практыкаваннях – Ганна Гайдукевіч, Марыя Кацяк, Маргарыта Авадзінская, Настасся Рыбакова, Ганна Швайба і Арына Цыцыліна заваявалі 10 медалёў.

Калі: 17–19 жніўня
Дзе: Мінск, спартыўна-забаўляльны комплекс Falcon Club, Палац мастацкай гімнастыкі

XII Міжнародны лідскі байк-фестываль

Адной з буйнейшых падзей мотасезона-2018 стане міжнародны байк-фестываль, які ўжо 12-ы год запар збярэ аматараў скорасці і экстрыму ў горадзе Ліда. З кожным годам мотафэст становіцца ўсё больш маштабным, аб'ядноўваючы ўжо не дзясяткі, як у першыя гады, а сотні байкераў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Дарэчы, у 2017-м фестываль пашырыў і свае геаграфічныя межы: традыцыйны мотапарад упершыню прайшоў і ў Лідзе, і ў Шчучыне. Яшчэ адным новаўвядзеннем, якое захаваецца і на гэты раз, стала адкрыццё адразу дзвюх канцэртных пляцовак: такім чынам, у рамках байк-фэсту змаглі выступіць не толькі хэдлайнеры, але і мясцовыя музыканты. У праграму фестывалю-2018 увойдуць парад байкераў у горадзе Ліда, выстаўка рарытэтных і элітных матацыклаў, рок-канцэрт пад адкрытым небам, лазернае і фаер-шоу і дыскатэка.

Калі: 24–26 жніўня
Дзе: аздараўленчы лагер "Бярозка", за 15 км ад горада Ліда (в. Белагруда)

Ганненскі кірмаш-2018 у Зэльве

На знакамітым кірмашы ў Зэльве ў гэтым годзе адсвяткуюць 760-годдзе гарадскога пасёлка. "Ганненскі кірмаш" – а менавіта так называлі мясцовы кірмаш з XVIII стагоддзя, калі Зэльва належала магнатам Сапегам, – збіраў не менш як 5000 купцоў з усёй Еўропы. Аб гэтай грандыёзнай падзеі гаварылі, што "зэльвенцы 11 месяцаў у годзе сумуюць, а месяц жывуць". Адметнасцю Ганненскага кірмашу, які другі па велічыні ў Старым свеце пасля Лейпцыгскага, былі конскія таргі. Пасля доўгага перапынку кірмаш зноў сталі праводзіць у Зэльве з 2010 года. На свяце-2018, прысвечаным юбілею гарадскога пасёлка, абяцаюць віншаванні ад артыстаў беларускай эстрады, фестываль ежы і вулічных тэатраў, мастацкі і архітэктурны пленэры, конкурсы і выстаўкі пад адкрытым небам, у ліку якіх – экспазіцыя робататэхнікі і дронаў.

Калі: 24–25 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, гарадскі пасёлак Зэльва

Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў"

Аўгустоўскі канал – знакамітая інжынерная і турыстычная "жамчужына" – запрашае на фестываль, які аб'ядноўвае фальклорных выканаўцаў і творчыя калектывы з трох краін-суседак: Беларусі, Польшчы і Літвы. На пляцоўцы ля шлюза Дамброўка разгорнуцца імправізаваная сцэна, рамесны кірмаш, а таксама майстар-класы па старадаўніх промыслах славянскіх народаў – салома- і лозапляценні, ганчарстве, выцінанцы, ткацтве, вышыванцы, мастацкім роспісе... Далей гасцей свята чакаюць "Аўгустоўскія забавы": усе жадаючыя змогуць паспрабаваць свае сілы ў спартыўных спаборніцтвах і займальных конкурсах: гасцям давядзецца прабегчы з каромыслам, даганяць адзін аднаго ў мяшках, біць гліняныя гаршкі, праявіць спрытнасць у конкурсах і нават высветліць, хто самы меткі ў баі з падушкамі. З захадам сонца пазітыўны настрой гасцям свята пад адкрытым небам створыць танцавальна-забаўляльная праграма "Аўгустоўскі Open Air".

Калі: 25 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка

Віцебскі фестываль індустрыі забаў RUDYCON

Мультыфестываль, створаны на прыкладзе сусветна вядомага Comic Con, фэст індустрыі забаў у Віцебску другі раз парадуе паклоннікаў коміксаў, папулярных серыялаў, камп'ютарных гульняў, анімэ і мангі. Інтэрактыўныя лакацыі адновяць на мерапрыемстве папулярныя фантастычныя сусветы, любіцелі касплэя прадэманструюць яркія вобразы любімых персанажаў, а госці фестывалю змогуць ператварыцца ў вядомага героя ў гульнях ролевага дзеяння.

Калі: 25–26 жніўня
Дзе: Віцебск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі