
Акунуцца ў свет параднай і паляўнічай зброі могуць наведвальнікі Нясвіжскага замка на працягу года. Выдатныя ўзоры афіцэрскай параднай зброі (корцікі, шпагі, шашкі, шаблі), камзольныя і ведамасныя шпагі, масонскія рытуальныя мячы, экзатычная зброя розных краін – каштоўныя артэфакты сабраны і прадастаўлены прыватным калекцыянерам Анатолем Грышуком. Як адзначыў уладальнік, упершыню цікавасць да гісторыі зброі праявілася, калі ён знайшоў уланскую шаблю ўзору 1932 года, якая належала бацьку. А дзед служыў у імператарскай арміі і ахоўваў Мікалая II, калі манарх прыязджаў у нашы краі на манеўры ў 1892 годзе. Выстава расказвае і пра культуру палявання, дзе зброя – не толькі прадмет мастацтва, але і сімвал улады, інструмент дэманстрацыі перавагі над прыродай. Адметнасцю выставы стала інсталяцыя – фігура вершніка на кані, закаванага ў бліскучы даспех крылатага гусара ВКЛ. Госці таксама змогуць прымераць сярэдневяковыя даспехі, адчуўшы іх цяжар, і зрабіць фота побач з фігурай Мікалая Радзівіла Сіроткі.
Калі: 31 кастрычніка 2025 – 31 кастрычніка 2026
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", вул. Замкавая, 2, Нясвіж, Мінская вобласць

Зазірнуць у пісьмы гістарычных асоб Беларусі ХVI–ХХ стагоддзяў упершыню змогуць наведвальнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. У экспазіцыі прадстаўлена дзелавая перапіска караля Стафана Баторыя, прыватная перапіска ўладальніка Косаўскага палаца Вандаліна Пуслоўскага і яго дачкі Марты Красінскай, гісторыка і краязнаўца Аляксандра Ельскага, гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшка. Асаблівае месца адведзена пісьмам часоў Вялікай Айчыннай вайны і перапісцы беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Васіля Быкава, Міхася Васілька, Аляксея Карпюка. Дапоўняць выставу разнастайныя інструменты для пісьма, сярод якіх – чарніліцы, бутэлечкі для чарніла, пёравыя ручкі, скрынкі для пёраў, алоўкі, латок для паперы, прэс-пап'е…
Калі: з 20 лістапада
Дзе: Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, вул. Замкавая, 20, Гродна
Даведацца падрабязней

Турыстычную жамчужыну Беларусі, выдатнае абарончае збудаванне XVI стагоддзя – Мірскі замак – цяпер можна даследаваць у малых і сямейных групах на экскурсіі "Падарожжа ў часе". Госці акунуцца ў мінулае знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх (а цяпер – аб'екта са Спіса сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА) праз дыялогі будаўнікоў, якія захавалі 500-гадовыя сцены, а таксама кухмістра і кухаркі, што раскрываюць сакрэты гатавання ласункаў для гаспадароў у тыя часы. Гукі і галасы з мінулага дапамогуць гасцям акунуцца ў свет музыкі праз забытыя мелодыі, навучыцца адрозніваць па гучанні такія інструменты, як дуда, лютня, віёла да гамба і спінет, а таксама развучыць сярэдневяковы танец "Маразуля".
Калі: з 23 студзеня (кожныя панядзелак і пятніца)
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Унікальныя гістарычныя артэфакты, знойдзеныя археолагамі за амаль 20 гадоў раскопак Гальшанскага археалагічнага комплексу (а гэта паселішча XI-XVI стагоддзяў, тры іншыя паселішчы і шэраг курганоў), упершыню прадстаўлены шырокай публіцы. Мангольскія стрэлы сярэдзіны XIII стагоддзя, візантыйскія амфары, шкляныя бранзалеты і паясныя накладкі Х-XI стагоддзяў – усяго амаль 600 экспанатаў! – раскажуць гасцям краязнаўчага музея аб гісторыі Гальшан і ўсяго рэгіёна ў перыяд з V да ХІХ стагоддзяў. Асобны раздзел выставы прысвечаны Айчыннай вайне 1812 года: тут можна ўбачыць сведчанні баёў у наваколлі Гальшан – кулі, накладкі на ківер, гузікі французскай і рускай армій, шрапнель…
Калі: 3 лютага – 15 мая
Дзе: Ашмянскі краязнаўчы музей, вул. Савецкая, 108, Ашмяны, Гродзенская вобласць

Новае шоу Белдзяржцырка "Магія экстрыму" прысвечана філіграннаму майстэрству і пакарэнню хуткасці, прыгажосці манеўру і адрэналіну ад паспяховага акрабатычнага трука. Гледачоў чакаюць "Моташар", ад якога займае дух, – аналаг прыдуманага легендарным мотагоншчыкам Пятром Маяцкім "Шара смеласці", а таксама нумар "Кола смеласці", у час якога артыст робіць трукі ў гіганцкім коле на арэне. Таксама ў праграме прымуць удзел акрабаты на першах, сілавы атлет, паветраныя гімнасты і акрабаты, клоўн і, вядома, любімцы публікі – дрэсіраваныя сабачкі.
Калі: 6 лютага – 10 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Буйнейшы выставачны праект "Арт-Мінск" адкрые новы сезон і пакажа жыхарам і гасцям сталіцы творы сучасных беларускіх мастакоў. Галоўныя мэты гэтай маштабнай падзеі – узбагачэнне культурнага жыцця горада і прадстаўленне найбольш актуальных напрамкаў мастацкай арт-сцэны. З году ў год да фестывалю мастацтваў павялічваецца цікавасць як з боку майстроў, так і гледачоў. У мінулым сезоне паступіла рэкордная колькасць – больш як 1300! – заявак, з якіх экспертнае журы адабрала да ўдзелу ў праекце 550 работ аўтараў з розных гарадоў. Наведвальнікі могуць не толькі купіць творы, якія спадабаліся (90 працэнтаў з іх даступны на анлайн-платформе Artcenter.by), але і падтрымаць мастакоў пры дапамозе галасавання.
Калі: 24 красавіка – 7 чэрвеня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

Самая чаканая прэм'ера 93-га сезона ў Вялікім тэатры Беларусі – "Набука" ў пастаноўцы знакамітага італьянскага рэжысёра Джанкарла дэль Манака, які за сваю кар'еру (яму 82 гады!) паставіў больш за сотню опер у буйнейшых тэатрах свету і прадаўжае актыўна працаваць. На галоўнай сцэне Беларусі дэбют оперы Джузэпэ Вердзі адбыўся ў 1999-м, а пазней – у 2010-м – сваю версію прадставіў Міхаіл Панджавідзэ. Апошні раз на мінскіх падмостках яна гучала ў 2016-м. У 2021 годзе канцэртна-сцэнічная версія адкрыла Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў. Адна з самых манументальных опер маладога Вердзі, створаная на біблейскі сюжэт, пераносіць гледача ў Іерусалім 587 года да н.э. і расказвае пра вавілонскага цара-заваёўніка, які прыйшоў праз грахі і пакуты да сапраўднай веры. Публіка зможа ацаніць актуальнасць твора, які сам італьянскі кампазітар лічыў пачаткам творчага ўзлёту: пасля "Набука" да яго прыйшоў вялікі поспех.
Калі: 2 мая
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Адна з самых пазнаваемых у свеце карцін Марка Шагала – "Прагулка" – з калекцыі Рускага музея ўпершыню прадстаўлена ў Мінску. Твор, які стаў часткай трыпціха разам са знакамітымі шэдэўрамі "Двайны партрэт" і "Над горадам", адлюстроўвае адзін з самых шчаслівых перыядаў у жыцці выдатнага жывапісца. Знатакоў чакае рамантычна-метафарычная прагулка маладых закаханых Марка Шагала і Бэлы Розенфельд, якія да 1917 года ўжо ўзялі шлюб, па вулачках і над любімым горадам Віцебскам. У рамках выставы рэалізаваны імерсіўны VR-праект: пры дапамозе спецыяльных акуляраў кожны зможа падысці да мальберта і памаляваць, убачыць, як жыў і тварыў майстар, разгледзець прадметы ў інтэр’еры, а таксама пачуць галасы Марка Шагала і яго жонкі-музы Бэлы.
Калі: 8 красавіка – 6 ліпеня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

"Кінамеханіка" – сумесны культурна-асветны праект Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура і ўжо ўпадабанага мінчанамі Cinemascope. На гэты раз арганізатары прапануюць зазірнуць за кулісы кінапрацэсу і зразумець, як арганізавана кіно знутры: чаму выбраны такі ракурс, як святло змяняе ўспрыманне героя і навошта рэжысёру складаны 10-мінутны план… У афішы праекта "Кінамеханіка" на май-2026 – карціны 1950-1960-х гадоў, сярод якіх філасофская прытча "Сёмая пячатка" (1957) Інгмара Бергмана, класічны трылер "Галавакружэнне" (1958) Альфрэда Хічкака, драма "Твары" (1968) Джона Касавеціса, якая атрымала намінацыю на "Оскар" за лепшы сцэнарый, а таксама навукова-фантастычны фільм "2001 год: касмічная адысея" (1968) Стэнлі Кубрыка.
Калі: сакавік – чэрвень 2026
Дзе: Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура, вул. Азгура, 8, Мінск

Народны абрад "Юраўскі карагод", уключаны ў 2019-м у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, у нашы дні праводзіцца кожны год у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Традыцыя 6 мая адзначаць Юр’еў дзень (святы Юрый лічыўся апекуном пастухоў і сельскай гаспадаркі) вядома з даўніх часоў, калі нашы продкі ўпершыню пасля зімы выводзілі жывёлу на пашу, абыходзілі пасевы азімых, узворвалі першую баразну і – у часы язычніцтва – задобрывалі бога ўрадлівасці, вясны і любові Ярылу. Менавіта з гэтым прыгожым веснавым абрадам беларускія сяляне звязвалі надзеі на шчодры ўраджайны год.
Калі: 6 мая
Дзе: в. Пагост, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць

Аднымі з самых экстрэмальных і відовішчных з’яўляюцца спаборніцтвы на балотах Беларусі. Аматараў бездарожжа чакае адкрыццё 16-га спартыўнага сезона і першы этап чэмпіянату краіны па трофі-рэйдах. Трофі-рэйд "Целяханская дрыгва" традыцыйна збірае каля сотні гоншчыкаў на пазадарожніках і квадрацыклах. За 24 гадзіны ўдзельнікам гонкі трэба будзе пераадолець 100 кантрольных кропак па лясах і балотах – а гэта дыстанцыя агульнай працягласцю амаль 200 км! "Целяханская дрыгва" цікава для ўдзельнікаў перш за ўсё складанасцю трасы, тут сустракаецца сапраўдная багна. Для гледачоў акрамя старту прадугледжана некалькі кантрольных кропак, дзе можна паназіраць за гонкамі.
Калі: 7–10 мая
Дзе: г.п. Целяханы, возера Вулькаўскае, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць

Адно з самых памятных і значных у сваёй гісторыі свят – Дзень Перамогі – Беларусь адзначае мноствам мерапрыемстваў: урачыстымі шэсцямі ў сталіцы і па ўсёй краіне, ускладаннем кветак да манументаў і помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, кранальнымі сустрэчамі з ветэранамі, канцэртамі, мастацкімі і фотавыставамі, гістарычнымі рэканструкцыямі баявых дзеянняў.
Напярэдадні Дня Перамогі ў Віцебску стартаваў патрыятычны праект "Маршрут Памяці", ён аб’яднаў больш за 100 удзельнікаў, якія адправіліся ў Брэст, каб наведаць мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", прыняць удзел у дыялогавай пляцоўцы з моладдзю, перадаць падарункі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Брэстчыны.
Яшчэ з 13 красавіка стартавала рэспубліканская патрыятычная акцыя "Кветкі Вялікай Перамогі", якая прадоўжыцца да 9 мая і аб’яднае тысячы прадстаўнікоў моладзі па ўсёй краіне. У праграме мерапрыемстваў – добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, брацкіх магіл, мемарыяльных комплексаў, высадка алей памяці; тэматычныя экскурсіі, наведванне музеяў і мемарыяльных комплексаў, культурна-асветныя мерапрыемствы (спектаклі, літаратурныя чытанні, інтэрнэт-марафон "Чытаем вершы Перамогі"); віншаванне беларускіх ветэранаў, дзяцей вайны, вязняў канцлагераў, правядзенне адрасных віншавальных акцый, флэш-мобаў, канцэртаў, імерсіўных пастановак.
Дзе: Мінск і ўсе гарады краіны, мемарыяльныя комплексы і помнікі героям

Спектакль Надзеі Коршунавай "Каляндар памяці: старонкі лёсу", прэзентацыя якога адбылася 13 красавіка ў Мінску, пакажуць ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Унікальнасць пастаноўкі ў тым, што яе ўдзельнікамі сталі не прафесійныя акцёры, якія ўжо адбыліся, а маладыя людзі з устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі, ССНУ, ВНУ, пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў. У аснове спектакля – сапраўдныя дакументы, фатаграфіі, франтавыя трохкутнікі і ўспаміны відавочцаў. Кожны эпізод у ім гучыць як рэквіем мінуламу і адначасова як зварот да будучых пакаленняў з заклікам памятаць цану мірнага жыцця і подзвіг сваіх продкаў.
Калі: май 2026 года
Дзе: Магілёў, Гомель, Віцебск, Гродна, Брэст
Даведацца больш

Упершыню за больш як 15 гадоў сваёй гісторыі адзін з буйнейшых на постсавецкай прасторы фестываляў аўтамабіляў "Рэтра-Мінск" адбудзецца не ў беларускай сталіцы, а ў Нясвіжы. У гэтым сезоне ўдзельнікі злёту – уладальнікі рэдкіх і класічных аўтамабіляў, з моманту выпуску якіх прайшло больш за 40 гадоў – праедуць калонай у складзе святочнага шэсця "Беларусь памятае", прымеркаванага да 81-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Больш за 50 аўтамабіляў будуць рухацца ад вуліцы Савецкай па вуліцы Т. Макоўскага, далей – па Ленінскай, а завершаць прабег па вуліцы Замкавай у гарадскім парку. У праграме злёту – ускладанне кветак да Брацкай магілы, удзел у мітынгу-рэквіеме і ў нацыянальнай мінуце маўчання.
Калі: 9 мая
Дзе: вул. Савецкая – вул. Тамаша Макоўскага – вул. Ленінская – вул. Замкавая, Нясвіж, Мінская вобласць

У ліпені 1944-га да канчатковага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заставалася менш за два тыдні (28 ліпеня). А перад гэтым савецкім войскам трэба было фарсіраваць Нёман, улічваючы, што нямецкія абарончыя пазіцыі на рацэ лічыліся непрыступнымі, а Гродна – крэпасцю. Толькі праз 13 дзён пасля вызвалення Мінска войскі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў вызвалілі асноўную правабярэжную частку (16 ліпеня). Нёман савецкія воіны фарсіравалі ў некалькіх месцах на пантонах, лодках, бярвёнах, дошках і нават пераходзячы ўброд. За здзейсненыя подзвігі мужныя салдаты і афіцэры былі ўдастоены званняў Героя Савецкага Саюза. Канчаткова горад вызвалілі толькі 24 ліпеня. За час баявых дзеянняў у Гродне былі разбураны 43 працэнты будынкаў, фашыстамі знішчаны больш за 50 тысяч гараджан.
Рэканструкцыю знакавых гістарычных падзей – пераправу савецкіх войскаў цераз Нёман і штурм акупіраванага нямецка-фашысцкімі захопнікамі горада – пакажуць удзельнікі Беларускага ваенна-гістарычнага клубнага аб’яднання "Гонар мундзіра".
Калі: 10 мая
Дзе: каля Старога моста цераз раку Нёман, Гродна

У рамках цыкла канцэртаў-спектакляў "Твой геній" разгорнецца трэці касмічны перформанс, прысвечаны выдатнаму беларускаму мастаку ХХ стагоддзя Язэпу Драздовічу, які ўвайшоў у гісторыю як аўтар цыкла фантастычных і апярэджваючых час твораў. Музычна-драматычная пастаноўка ўяўляе сабой падарожжа ў свет генія, дзе дзённікі, пісьмы і апісанні іншапланетнага жыцця спалучаюцца з самабытнай фальклорнай і медытатыўна-касмічнай музыкай. Гэта творчы праект-супрацоўніцтва капэлы "Санорус" пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Вячаслава Ларына, заснавальніка Тэатра на Нямізе рэжысёра Алега Коца і акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Сяргея Бірульчыка.
Калі: 13 мая
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Фестываль духоўнай і патрыятычнай музыкі і песні праводзіцца ў гонар святкавання з’яўлення цудатворнага абраза Божай Маці Жыровіцкай – адной з самых шануемых святынь, нябеснай заступніцы Беларусі. У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбудуцца ўрачыстае богаслужэнне і хрэсны ход. У другой палове дня адкрыецца фестываль, у якім прымуць удзел харавыя калектывы, вакальныя ансамблі і сольныя выканаўцы з розных куткоў краіны. Гасцей духоўнага фестывалю-2026 чакаюць майстар-класы па народных мастацкіх рамёствах і іканапісе, а таксама выстаўкі народнай творчасці і прадукцыі манастырскіх падворкаў.
Калі: 17 мая
Дзе: аг. Жыровічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць

Салодкі фестываль у аграгарадку Паляцкішкі адбудзецца чацвёрты раз і яго ўжо называюць візітнай карткай Воранаўскага раёна. Вясёлае і дружнае свята знаёміць жыхароў і гасцей з гісторыяй краю. У ХХ стагоддзі ў гэтых мясцінах сям'я Вайцяховічаў заснавала кандытарскую фабрыку, дзе вырабляліся цукеркі па аўтарскай рэцэптуры, якая захавалася з 1937-га да нашых дзён. Госці свята наведаюць краіну Цукерак і пачастуюцца асаблівым прысмакам – паляцкішскай цукеркай. Галоўнай гераіняй смачнага фестывалю з'яўляецца сама Цукерка ў раскошнай сукенцы, якая праводзіць разнастайныя гульнявыя конкурсы, вясёлыя эстафеты, а таксама загадвае гасцям загадкі.
Калі: 17 мая
Дзе: аг. Паляцкішкі, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць

Пад дэвізам "Тэатр дорыць шчасце!" фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы" збярэ ў горадзе над Сожам рэгіянальныя калектывы з розных куткоў Беларусі і Расіі. Форум, гісторыя якога налічвае ўжо больш за 35 гадоў, прысвечаны стварэнню адзінай культурнай прасторы і ўзаемаўзбагачэнню тэатральных культур славянскіх народаў. На працягу чатырох дзён на гомельскіх сцэнах жыхары і госці абласнога цэнтра ўбачаць 10 спектакляў, а ў скверы імя Кірылы Тураўскага разгорнецца вулічны перформанс. Адкрыецца марафон камедыяй Астроўскага "Лес" у выкананні Бранскага тэатра драмы імя А.К.Талстога. Таксама знатакоў мастацтва чакае сустрэча-дыялог з актрысай тэатра і кіно, заслужанай артысткай Рэспублікі Паўднёвая Асеція Марыяй Парошынай.
Калі: 20–24 мая
Дзе: Гомельскі абласны драматычны тэатр, Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр

Адзін з самабытных абрадаў Гомельскай вобласці – "Ваджэнне і пахаванне стралы" – з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Гэты рытуал праводзіцца ў чацвер на 40-ы дзень пасля праваслаўнага Вялікадня і цесна звязаны з урадлівасцю зямлі, уміласціўленнем прыроднай стыхіі – маланкі-стралы. У гэты дзень жанчыны апранаюць святочнае ўбранне, збіраюцца ў цэнтры вёскі і пачынаюць вадзіць карагоды, а потым дзеляцца на шарэнгі і з песнямі, трымаючыся за рукі, накіроўваюцца да пшанічнага поля. Тут адбываецца кульмінацыя – пахаванне стралы: удзельніцы абраду бяруць гузікі, манеты, іншыя металічныя прадметы і закопваюць іх у зямлю, загадваючы пры гэтым жаданні. З гэтага моманту лічыцца, што вясна заканчваецца, таму жанчыны вяртаюцца ў вёску з летнімі і пазаабрадавымі песнямі.
Калі: 21 мая
Дзе: аг. Неглюбка, в. Казацкія Балсуны, аг. Стаўбун, аг. Янова, Веткаўскі раён, Гомельская вобласць

Свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы" прысвечана захаванню, развіццю і папулярызацыі народных традыцый і самабытнай культуры Браслаўскага краю. У "азёрнай сталіцы" зноў збяруцца песенныя і танцавальныя калектывы народнай творчасці, клубы гістарычнай рэканструкцыі, рамеснікі і майстры народных промыслаў з розных краін. У двухдзённай праграме форуму – адкрыты конкурс аматарскіх вакальна-харавых калектываў "Браслаўская харавая асамблея", конкурс народнага танца "Паазерскія тапаткі", выступленне тысячнага зводнага хору і гала-канцэрт, а таксама ўпадабанае браслаўчанамі і гасцямі горада свята сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава". Дарэчы, "Браслаўскія зарніцы" – старэйшае ў Беларусі свята традыцыйнай культуры: у 2027-м яно адзначыць 60-годдзе.
Калі: 22–24 мая
Дзе: Браслаў, Віцебская вобласць

Прыма-балерына Вялікага тэатра Расіі Святлана Захарава прадставіць у Мінску праект Modanse, які аб’яднаў эстэтыку харэаграфічнага майстэрства і высокай моды. Беларускія знатакі танцавальнага мастацтва ўбачаць два балеты – "Як дыханне", створаны італьянскім харэографам Маўра Біганцэці на музыку Георга Фрыдрыха Гендэля, і біяграфічны Gabrielle Chanel, прысвечаны легендарнай французскай іконе стылю і заканадаўцы мод, якая ўвайшла ў гісторыю пад імем Како Шанэль. У праграме прымуць удзел артысты балета Вялікага тэатра Расіі: Міхаіл Лабухін, Арцемій Белякоў, Аляксей Пуцінцаў, Ана Туразашвілі, Ульяна Мокшава і іншыя.
Калі: 23 мая
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Соф’я Гальшанская – беларуская князёўна, чацвёртая жонка караля і князя Ягайлы, якая стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў, праўленне якой доўжылася каля 200 гадоў. Ідэя ўзнавіць "Вечары ў Соф’і Гальшанскай" з’явілася пасля завяршэння рэстаўрацыі Гальшанскага замка ў 2021 годзе, і з таго часу госці Паўночнай вежы штогод трапляюць у атмасферу сярэдневяковых забаў, грацыёзных убораў, містычных гісторый і легенд. Кожны раз гаспадыня робіць сюрпрызы: вогненныя шоу, выступленні артыстаў і калектываў, шоу спяваючых бакалаў, сустрэчы з катрыншчыкамі, ажыўшымі статуямі… Фестываль суправаджаецца сярэдневяковай музыкай, танцавальнымі майстар-класамі, рыцарскімі забавамі, пацешнымі баямі, спаборніцтвамі лучнікаў…
Калі: 23 мая
Дзе: Гальшанскі замак, аг. Гальшаны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць

Летні музычна-турыстычны сезон, які традыцыйна праводзіўся ў Верхнім горадзе, а таксама на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, за больш як 10 гадоў палюбіўся жыхарам і гасцям беларускай сталіцы. У бягучым сезоне праграма праекта пашырана і выходзіць у тым ліку за межы гістарычнага цэнтра Мінска. Галоўнымі культурнымі пляцоўкамі стануць:
У дзень адкрыцця сезона 23 мая ў Верхнім горадзе пройдзе Мінскі фестываль народных рамёстваў. А на летнія выхадныя 27-28 чэрвеня запланавана "Свята льну. Роднае моднае", дзе дызайнеры прадэманструюць свае калекцыі і здзівяць новымі вобразамі з беларускага льну.
Калі: 23 мая – 12 верасня
Дзе: культурныя пляцоўкі Мінска

Адна з самых наведваемых славутасцей Беларусі – Мірскі замак – запрашае пазнаёміцца з гісторыяй яго ўладальнікаў князёў Радзівілаў і, прайшоўшы праз выпрабаванні, разгадаць таямніцы знакамітага роду. Па легендзе, у час рамонтных работ князь Міхаіл Святаполк-Мірскі знайшоў старадаўні куфар, які захоўваўся ў адным са скляпоў. З запіскі, знойдзенай побач, вынікае, што гэты клад схаваў князь Кароль Станіслаў Радзівіл Справядлівы ў час вайны са шведамі. Нягледзячы на ўсе намаганні, князю Міхаілу не ўдаецца адкрыць куфар, таму яму патрэбны памочнікі… Акрамя гэтага, удзельнікі змогуць адтачыць свае кулінарныя навыкі ў прыгатаванні вячэры для князя, пачуюць гісторыю аб сумных падзеях Паўночнай вайны, даведаюцца аб захапленнях княгіні Марыі Гогенлоэ-Шылінгсфюрст.
Калі: 23 мая, 20 чэрвеня, 11 і 25 ліпеня
Дзе: Мірскі замак, вул. Чырвонаармейская, 2, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Буйнейшы ў Беларусі аматарскі марафон "Налібокі" 18-ы раз збярэ энтузіястаў і паклоннікаў актыўнага ладу жыцця. Асаблівасцю праграмы спаборніцтваў з’яўляецца вялікі выбар дысцыплін. Напрыклад, для паклоннікаў велагонак – вела-ультрамарафон (200 км) і веламарафон (100 км), бегавой дыстанцыі – трэйл-ультрамарафон (100 км) і трэйл-марафон (42 км), а для аматараў змешаных відаў – мультымарафон, які спалучае бег (30 км), велагонку (42 км) і сплаў на сапе (9 км). Юныя атлеты ва ўзросце да 15 гадоў могуць паўдзельнічаць у дзіцячым трэйле на 1 км.
Калі: 23-24 мая
Дзе: Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць

ТІБО – міжнародная выстаўка ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у Беларусі і адна з буйнейшых у Еўропе, унікальная пляцоўка для аналізу сусветнага вопыту, стану і перспектыў лічбавага развіцця дзяржавы, абмеркавання сучасных тэндэнцый развіцця IT-сферы. Галоўная тэма форуму ў 2026-м – штучны інтэлект як драйвер тэхналагічнага развіцця. Гасцей чакае маштабная дзелавая праграма, прысвечаная глабальным тэндэнцыям развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, дэманстрацыя інавацый ад буйнейшых вытворцаў і пастаўшчыкоў, практычныя кейсы эфектыўнага прымянення перадавых тэхналогій у розных сферах дзейнасці, нетворкінг – магчымасць наладзіць дзелавыя кантакты з ключавымі ігракамі рынку, абмяняцца вопытам і знайсці партнёраў для рэалізацыі праектаў.
Калі: 26–29 мая
Дзе: Мінск-Арэна, пр. Пераможцаў, 111а, Мінск

Маймуна вядома публіцы па дуэце са спеваком Юзары на конкурсе "Еўрабачанне-2015", у мінулым – першая скрыпка Прэзідэнцкага аркестра. Выканаўца віртуозна валодае інструментам: ёй удалося сыграть "Палёт чмяля" за 54 секунды, пабіўшы сусветны рэкорд немца Дэвіда Гарэта. Новай старонкай у яе творчай біяграфіі стала супрацоўніцтва з аркестрамі: у 2018-м – з аркестрам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, а з 2024-га – з сімфанічным аркестрам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. У праграму майскага канцэрта "У чаканні любові" ў сталічнай Філармоніі ўвайшлі творы К.Сен-Санса, А.П’яцолы, М.Каламб’е, Х.Цымера, Р.Джавадзі…
Калі: 27 мая
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

"Ноч пажыральнікаў рэкламы" – гэта шоу-паказ рэкламных ролікаў з усяго свету, які ўжо амаль 40 гадоў стварае эксцэнтрычны і крэатыўны француз Жан Мары Бурсіко. Дзякуючы намаганням заснавальніка, рэклама паўстае перад гледачом як самастойная форма крэатыўнага кантэнту, поўная ідэй, інсайтаў і мастацкіх шэдэўраў. Кожны год "Ноч пажыральнікаў рэкламы" з'яўляецца маштабнай культурнай падзеяй, прызначанай стаць крыніцай добрага настрою і прафесійнага натхнення.
Калі: 29 мая, 22:00
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск