
Акунуцца ў свет параднай і паляўнічай зброі могуць наведвальнікі Нясвіжскага замка на працягу года. Выдатныя ўзоры афіцэрскай параднай зброі (корцікі, шпагі, шашкі, шаблі), камзольныя і ведамасныя шпагі, масонскія рытуальныя мячы, экзатычная зброя розных краін – каштоўныя артэфакты сабраны і прадастаўлены прыватным калекцыянерам Анатолем Грышуком. Як адзначыў уладальнік, упершыню цікавасць да гісторыі зброі праявілася, калі ён знайшоў уланскую шаблю ўзору 1932 года, якая належала бацьку. А дзед служыў у імператарскай арміі і ахоўваў Мікалая II, калі манарх прыязджаў у нашы краі на манеўры ў 1892 годзе. Выстава расказвае і пра культуру палявання, дзе зброя – не толькі прадмет мастацтва, але і сімвал улады, інструмент дэманстрацыі перавагі над прыродай. Адметнасцю выставы стала інсталяцыя – фігура вершніка на кані, закаванага ў бліскучы даспех крылатага гусара ВКЛ. Госці таксама змогуць прымераць сярэдневяковыя даспехі, адчуўшы іх цяжар, і зрабіць фота побач з фігурай Мікалая Радзівіла Сіроткі.
Калі: 31 кастрычніка 2025 – 31 кастрычніка 2026
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", вул. Замкавая, 2, Нясвіж, Мінская вобласць

Зазірнуць у пісьмы гістарычных асоб Беларусі ХVI–ХХ стагоддзяў упершыню змогуць наведвальнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. У экспазіцыі прадстаўлена дзелавая перапіска караля Стафана Баторыя, прыватная перапіска ўладальніка Косаўскага палаца Вандаліна Пуслоўскага і яго дачкі Марты Красінскай, гісторыка і краязнаўца Аляксандра Ельскага, гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшка. Асаблівае месца адведзена пісьмам часоў Вялікай Айчыннай вайны і перапісцы беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Васіля Быкава, Міхася Васілька, Аляксея Карпюка. Дапоўняць выставу разнастайныя інструменты для пісьма, сярод якіх – чарніліцы, бутэлечкі для чарніла, пёравыя ручкі, скрынкі для пёраў, алоўкі, латок для паперы, прэс-пап'е…
Калі: з 20 лістапада
Дзе: Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, вул. Замкавая, 20, Гродна
Даведацца падрабязней

Турыстычную жамчужыну Беларусі, выдатнае абарончае збудаванне XVI стагоддзя – Мірскі замак – цяпер можна даследаваць у малых і сямейных групах на экскурсіі "Падарожжа ў часе". Госці акунуцца ў мінулае знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх (а цяпер – аб'екта са Спіса сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА) праз дыялогі будаўнікоў, якія захавалі 500-гадовыя сцены, а таксама кухмістра і кухаркі, што раскрываюць сакрэты гатавання ласункаў для гаспадароў у тыя часы. Гукі і галасы з мінулага дапамогуць гасцям акунуцца ў свет музыкі праз забытыя мелодыі, навучыцца адрозніваць па гучанні такія інструменты, як дуда, лютня, віёла да гамба і спінет, а таксама развучыць сярэдневяковы танец "Маразуля".
Калі: з 23 студзеня (кожныя панядзелак і пятніца)
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Буйнейшы выставачны праект "Арт-Мінск" адкрые новы сезон і пакажа жыхарам і гасцям сталіцы творы сучасных беларускіх мастакоў. Галоўныя мэты гэтай маштабнай падзеі – узбагачэнне культурнага жыцця горада і прадстаўленне найбольш актуальных напрамкаў мастацкай арт-сцэны. З году ў год да фестывалю мастацтваў павялічваецца цікавасць як з боку майстроў, так і гледачоў. У мінулым сезоне паступіла рэкордная колькасць – больш як 1300! – заявак, з якіх экспертнае журы адабрала да ўдзелу ў праекце 550 работ аўтараў з розных гарадоў. Наведвальнікі могуць не толькі купіць творы, якія спадабаліся (90 працэнтаў з іх даступны на анлайн-платформе Artcenter.by), але і падтрымаць мастакоў пры дапамозе галасавання.
Калі: 24 красавіка – 7 чэрвеня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

Адна з самых пазнаваемых у свеце карцін Марка Шагала – "Прагулка" – з калекцыі Рускага музея ўпершыню прадстаўлена ў Мінску. Твор, які стаў часткай трыпціха разам са знакамітымі шэдэўрамі "Двайны партрэт" і "Над горадам", адлюстроўвае адзін з самых шчаслівых перыядаў у жыцці выдатнага жывапісца. Знатакоў чакае рамантычна-метафарычная прагулка маладых закаханых Марка Шагала і Бэлы Розенфельд, якія да 1917 года ўжо ўзялі шлюб, па вулачках і над любімым горадам Віцебскам. У рамках выставы рэалізаваны імерсіўны VR-праект: пры дапамозе спецыяльных акуляраў кожны зможа падысці да мальберта і памаляваць, убачыць, як жыў і тварыў майстар, разгледзець прадметы ў інтэр’еры, а таксама пачуць галасы Марка Шагала і яго жонкі-музы Бэлы.
Калі: 8 красавіка – 6 ліпеня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

"Кінамеханіка" – сумесны культурна-асветны праект Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура і ўжо ўпадабанага мінчанамі Cinemascope. На гэты раз арганізатары прапануюць зазірнуць за кулісы кінапрацэсу і зразумець, як арганізавана кіно знутры: чаму выбраны такі ракурс, як святло змяняе ўспрыманне героя і навошта рэжысёру складаны 10-мінутны план… У афішы праекта "Кінамеханіка" на чэрвень-2026 – дэтэктыўны трылер "Сіні аксаміт" (1986) Дэвіда Лінча.
Калі: 5 чэрвеня 2026
Дзе: Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура, вул. Азгура, 8, Мінск

Летні музычна-турыстычны сезон, які традыцыйна праводзіўся ў Верхнім горадзе, а таксама на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, за больш як 10 гадоў палюбіўся жыхарам і гасцям беларускай сталіцы. У бягучым сезоне праграма праекта пашырана і выходзіць у тым ліку за межы гістарычнага цэнтра Мінска. Галоўнымі культурнымі пляцоўкамі стануць:
У дзень адкрыцця сезона 23 мая ў Верхнім горадзе пройдзе Мінскі фестываль народных рамёстваў. А на летнія выхадныя 27-28 чэрвеня запланавана "Свята льну. Роднае моднае", дзе дызайнеры прадэманструюць свае калекцыі і здзівяць новымі вобразамі з беларускага льну.
Калі: 23 мая – 12 верасня
Дзе: культурныя пляцоўкі Мінска

Адна з самых наведваемых славутасцей Беларусі – Мірскі замак – запрашае пазнаёміцца з гісторыяй яго ўладальнікаў князёў Радзівілаў і, прайшоўшы праз выпрабаванні, разгадаць таямніцы знакамітага роду. Па легендзе, у час рамонтных работ князь Міхаіл Святаполк-Мірскі знайшоў старадаўні куфар, які захоўваўся ў адным са скляпоў. З запіскі, знойдзенай побач, вынікае, што гэты клад схаваў князь Кароль Станіслаў Радзівіл Справядлівы ў час вайны са шведамі. Нягледзячы на ўсе намаганні, князю Міхаілу не ўдаецца адкрыць куфар, таму яму патрэбны памочнікі… Акрамя гэтага, удзельнікі змогуць адтачыць свае кулінарныя навыкі ў прыгатаванні вячэры для князя, пачуюць гісторыю аб сумных падзеях Паўночнай вайны, даведаюцца аб захапленнях княгіні Марыі Гогенлоэ-Шылінгсфюрст.
Калі: 20 чэрвеня, 11 і 25 ліпеня
Дзе: Мірскі замак, вул. Чырвонаармейская, 2, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Неглюбскае ткацтва – унікальная традыцыя беларускай народнай культуры, якая сфарміравалася ў XVII стагоддзі і ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’ера з выкарыстаннем самабытных тэхнік. У наш час яна захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку, а з 9 снежня 2025-га прызнана нематэрыяльнай культурнай спадчынай ЮНЕСКА. Куратары выставы імкнуліся паказаць ткацтва не толькі як рамяство і крыніцу бытавых тканін, але і як механізм захавання памяці, мастацкай мовы і пераемнасці ведаў. У праекце прадстаўлена амаль 50 твораў мастацкага ткацтва выдатных майстрых, а таксама традыцыйны касцюм вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці і разнастайнасць аўтэнтычных аксесуараў. Экспазіцыю дапоўнілі інструменты для апрацоўкі лёну, прадметы тэкстылю, а таксама рэдкія элементы касцюма, аксесуары, фатаграфіі.
Калі: 7 мая – 27 ліпеня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

Адкрыты чэмпіянат Саюзнай дзяржавы – Кубак мацнейшых спартсменаў па фехтаванні – праводзіцца з мая 2024 года. У гэтым сезоне на пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" больш за 200 лепшых фехтавальшчыкаў Беларусі і Расіі разыграюць 12 камплектаў узнагарод (па шэсць асабістых і камандных). Першымі будуць змагацца рапірысты: 27 мая выступяць мужчыны, потым на дарожкі выйдуць жанчыны, 29 мая адбудуцца камандныя турніры. З 30 мая па 1 чэрвеня прызёраў вызначаць шпажысты, 2 і 3 чэрвеня будуць спаборнічаць прадстаўнікі фехтавання на шаблях. У мінулым годзе беларускія спартсмены заваявалі два медалі: у асабістым турніры шаблістаў бронзавым прызёрам стаў Сяргей Кісель, а таксама ў мужчынскім камандным заліку ў шпажыстаў нацыянальнаму квартэту дасталася трэцяе месца.
Калі: 27 мая – 3 чэрвеня
Дзе: "Чыжоўка-Арэна", вул. Ташкенцкая, 19, Мінск

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2026 у Пінску праводзіцца ўжо шосты раз. У новым сезоне знатакоў арганнай класікі чакае 29 канцэртаў у пінскім Кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у якіх прымуць удзел ужо вядомыя выканаўцы і калектывы, а таксама навучэнцы і студэнты арганных класаў з розных куткоў краіны. Урачыстае адкрыццё музычнага форуму адбудзецца 30 мая пры ўдзеле ансамбля "Камерныя салісты Мінска" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (арган).
6 чэрвеня – навучэнцы арганнага класа Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў
7 чэрвеня – Вераніка Багдановіч-Язвінская (Віцебск)
13 чэрвеня – камерны аркестр "Еўропа-цэнтр" (Полацк), арган – Ксенія Пагарэлая
14 чэрвеня – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая (Полацк)
20 чэрвеня – Іна Шпілеўская (Наваполацк)
21 чэрвеня – студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
28 чэрвеня – Варвара Царук (Мінск)
Калі: 30 мая – 4 кастрычніка, 16:00
Дзе: Кафедральны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вул. Леніна, 18, Пінск

Спектакль "Дзядзечкаў сон", пастаўлены магілёўскім рэжысёрам Ігарам Казаковым паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага, стаў самым працяглым у рэпертуары брэсцкага тэатра – 2 гадзіны 45 мінут. Задуманая як лёгкая правінцыяльная камедыя, пастаноўка ў новай інтэрпрэтацыі напоўнена філасофскімі разважаннямі, даследаваннем складаных аспектаў чалавечай прыроды, якія прымушаюць сучаснага гледача задумацца аб жыццёвых каштоўнасцях. Як адзначыла мастак-пастаноўшчык Вольга Дваравая, галоўны герой у спектаклі – "дзядзечка, састарэлы князь, усе заганы чалавечыя раскрываюцца на фоне гэтага бяскрыўднага, наіўнага дзядка"…
Калі: 4 чэрвеня
Дзе: Брэсцкі абласны тэатр лялек, вул. Леніна, 56, Брэст

Папулярны фестываль "Вытокi", які праводзіцца з 2021 года, у гэтым сезоне разгорнецца ў "горадзе хімікаў і энергетыкаў" – Светлагорску (Гомельская вобласць). Стартуе маштабны фэст са знаёмства з яго вуліцамі і цікавымі мясцінамі. Гасцей чакаюць аглядная экскурсія, азнаямленне з мясцовай кухняй "Ежа з сэнсам", а потым удзельнікі праявяць крэатыў і ў камандзе з беларускімі мастакамі завершаць маляўнічае афармленне пляцоўкі новага шматпрофільнага комплексу для катання і заняткаў спортам. У праграме фестывалю запланаваны разнастайныя мерапрыемствы: мастацкі інтэрактыў "стАРТ", кінапаказ, спартыўна-гістарычны квест па знакавых мясцінах горада, прэзентацыя спектакля "Родныя ў модным", музычны рынг, Алімпійскі квест, канцэрт беларускіх выканаўцаў… Акрамя вядомых беларускіх атлетаў, у фестывалі прыме ўдзел і дэлегацыя камісіі спартсменаў Расіі. У яе складзе – пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў, якія правядуць майстар-класы па фігурным катанні, хакеі, адзінаборствах, веславанні, лёгкай атлетыцы і іншых відах спорту.
Калі: 4–6 чэрвеня
Дзе: Светлагорск, Гомельская вобласць

Юбілейны 15-ы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур збярэ прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцей і 800 удзельнікаў пад дэвізам "Свята, якое 30 гадоў аб’ядноўвае нацыянальнасці". Геаграфія фестывалю ў гэтым годзе значна пашырыцца: упершыню ў ім прымуць удзел прадстаўнікі Чэхіі, Турцыі, Удмуртыі, Емена, Габона, Гагаузіі. Традыцыйнае шэсце прадстаўнікоў нацыянальных культур адбудзецца ў цэнтры Гродна – ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна. Сцяг фестывалю будуць несці жанчыны, а сцяг Беларусі – мужчыны. На чале калоны пройдуць Гаспадыня і Гаспадар свята ў нацыянальных касцюмах. Паводле задумы арганізатараў, на сукенку Гаспадыні прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей павяжуць свае арнаментальныя стужкі, і такім чынам створаць касцюм з узораў усіх нацыянальных культур – удзельніц фестывалю.
Калі: 5–7 чэрвеня
Дзе: плошчы Савецкая і Леніна, Гродна

Фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах збярэ сотні ўдзельнікаў і гледачоў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У рамках форуму, які прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей (1 чэрвеня), юныя таленты будуць спаборнічаць за ўзнагароды ў вакальным майстэрстве (эстраднае, народнае), харэаграфічным (сучасны, народна-сцэнічны, народна-стылізаваны танец) і выяўленчым (жывапіс і графіка). Свята ахопіць увесь горад: госці стануць удзельнікамі вулічных паказаў, зазірнуць на каларытныя народныя падворкі, а таксама асвояць старадаўнія рамёствы беларусаў і, вядома, паспытаюць стравы нацыянальнай кухні.
Калі: 5–7 чэрвеня
Дзе: Клімавічы, Магілёўская вобласць

Прэм’ера балета "Баядэрка" ў рэдакцыі галоўнага балетмайстра беларускага Вялікага тэатра Ігара Колба абяцае стаць адной з самых яркіх падзей 93-га сезона. Дэбютаваў на мінскай сцэне балет Людвіга Мінкуса ў 1959-м у пастаноўцы Юрыя Дружыніна. У ім выступалі народныя артысткі Беларусі Лідзія Ражанава і Ніна Давыдзенка. Новая версія легендарнага балета ў інтэрпрэтацыі Ігара Колба прызначана вярнуцца да вытокаў і рэканструяваць страчаную фінальную сцэну разбурэння храма. Гаворачы аб стаўленні да спектакля, балетмайстар адзначыў: "Я не мяняю сюжэт, мне здаецца, не маю на гэта права, стаўлюся да гэтага спектакля з хваляваннем і прыдыханнем. Ключавыя моманты застануцца недатыкальнымі". Адна з асаблівасцей і ў тым, што ў тканіну балета арганічна ўплецена пантаміма, таму што ў пастаноўцы са 149-гадовай гісторыяй "яна адыгрывае ролю своеасаблівага падмурка, без якога немагчыма ўся гэта гісторыя".
Калі: 6 і 7 чэрвеня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

"Ліпнішкаўскія сенакосы" – гэта летняе свята і відовішчнае спаборніцтва ў ручной касьбе. Кожнаму ўдзельніку трэба будзе прадэманстраваць майстэрства ў вырабе "пакосніцы" (лялькі-абярэга, якім упрыгожвалі з даўніх часоў касу), а потым скасіць траву на плошчы каля адной соткі. Ацэньваецца не толькі хуткасць работы, але і якасць, вышыня пакосу. Трэці этап спаборніцтваў – "Абед на траве", які павінен прыгатаваць сам касец. Гасцей чакаюць майстар-класы па кляпанні касы, пляценні вянкоў і вырабе лялечкі "Траўніца", народныя падворкі "Сялянская трапеза", дзіцячыя атракцыёны, выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Таксама на свяце выберуць дзяўчыну з самай доўгай касой.
Калі: 6 чэрвеня
Дзе: аг. Ліпнішкі, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць

"Балетнае лета" адбудзецца 12-ы раз у Вялікім тэатры і абяцае запомніцца знатакам класічнага мастацтва яркімі адкрыццямі, новымі пастаноўкамі, канцэртамі, бенефісамі і, вядома, святам дружалюбных культур – Беларусі, Турцыі, В’етнама. Так, да 150-годдзя "Лебядзінага возера" загалоўныя партыі ў балеце выканаюць салісты Стамбульскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета Берфу Эльмас і Батур Бюклю. Запамінальнай падзеяй стане канцэрт в’етнамскага тэатра оперы "Хо Гыом" – "В’етнамская душа". А на заканчэнне паклоннікі атрымаюць задавальненне ад бенефісу вядучай балерыны Вялікага Аляксандры Чыжык і гала-канцэрта памяці народнай артысткі Беларусі, прымы-балерыны Людмілы Бржазоўскай, якой споўнілася б 80 гадоў.
7 чэрвеня – балет "Баядэрка" (Людвіг Мінкус) – паказ прэм’еры, дырыжор – Арцём Макараў
11 чэрвеня – балет "Лебядзінае возера" да 150-годдзя з дня стварэння знакамітага балетнага шэдэўра, дырыжор – Мікалай Калядка
13 чэрвеня – канцэрт тэатра оперы "Хо Гыом" – "В’етнамская душа" (у фае бельэтажа)
13 чэрвеня – балет "Жызэль", бенефіс уладальніцы медаля Францыска Скарыны Аляксандры Чыжык у гонар 15-годдзя творчай дзейнасці
14 чэрвеня – гала-канцэрт, прысвечаны юбілею выдатнай прымы-балерыны Людмілы Бржазоўскай
Калі: 7–13 чэрвеня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Народны абрад "Праводзіны русалкі", унесены ў 2016-м у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, звязаны з заканчэннем святкавання Сяміцкага, або Русальнага тыдня і праводзіцца ў наступную пасля Сёмухі нядзелю згодна з праваслаўным календаром. Удзельнікі апранаюцца ў святочнае ўбранне, збіраюць кветкі, плятуць вянкі і з песнямі ідуць ад цэнтра вёскі да поля праводзіць русалку, на ролю якой выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну. Русалку праганяюць у пшаніцу, асвячаюць над агнём сарваную з яе зелень, водзяць карагоды і скачуць праз вогнішча, каб ачысціцца полымем. Дзеянне звязана з традыцыйнымі атрыбутамі – адным вялікім і мноствам малых вянкоў, якія "асвячаюць" над агнём. Зелень з вялікага вянка і "адзення" русалкі, як правіла, выносяць, каб раскласці на агародах – для шчодрага ўраджаю.
Калі: 8 чэрвеня
Дзе: аг. Вялікі Бор, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць

Юбілейны 25-ы Нацыянальны фестываль "Маладзечна" зноў стане цэнтрам прыцяжэння для таленавітых спевакоў, музыкантаў і кампазітараў. З 9 чэрвеня стартуе музычны марафон, які ўключае канцэрты, рэспубліканскія акцыі, прэзентацыі кніг і літаратурных праектаў, выставы, мастацкія майстар-класы і творчыя лабараторыі, культурна-асветныя праекты, сустрэчы з вядомымі творчымі асобамі. 12 чэрвеня адбудзецца канцэртная праграма заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" і гала-канцэрт адкрыцця фестывалю, а 13 чэрвеня – узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Летнім амфітэатры.
Калі: 9–13 чэрвеня
Дзе: Летні амфітэатр, Палац культуры і гарадскія пляцоўкі Маладзечна

Міжнародны форум штогод збірае каля 1,5 тыс. праектаў ад крэатыўных і камунікацыйных агенцтваў, брэндаў і незалежных каманд з больш як 40 краін. Намінацыі ахопліваюць увесь спектр індустрыі камунікацый і штогод абнаўляюцца з улікам імклівай дзіджыталізацыі, актыўнага развіцця новых тэхналогій і актуальных запытаў рынку. Ацэніць праекты журы, якое прадстаўлена крэатыўнымі і арт-дырэктарамі, топ-менеджарамі вядучых міжнародных агенцтваў, якія ўзначальваюць рэйтынгі ў сваіх краінах – персонамі з сусветным прызнаннем у рэкламе і мноствам прэстыжных фестывальных узнагарод. Асноўныя крытэрыі ацэнкі – крэатыўная ідэя і яе ўвасабленне, а ў праектах, пададзеных на сацыяльныя намінацыі, будзе ацэньвацца яшчэ і іх значнасць для грамадства, пазітыўныя змяненні навакольнага асяроддзя і свету ў цэлым.
Калі: 9-10 чэрвеня
Дзе: DoubleTree by Hilton, пр. Пераможцаў, 9, Мінск

Моталь – адзін з папулярных напрамкаў турызму ў Брэсцкім рэгіёне дзякуючы брэндаваму гастранамічнаму святу "Мотальскія прысмакі", якое праходзіць раз у два гады, і фестывалю воднага турызму "Мотальская рэгата". У гэтым годзе ўдзельнікам спаборніцтваў на байдарках-двойках трэба будзе прайсці дыстанцыю 42 км па рацэ Ясельда: на першым этапе – ад вёскі Буса праз Чамярын да Парэчча, на другім – ад моста паблізу вёскі Буса супраць цячэння ракі да аграгарадка Моталь Іванаўскага раёна і назад. Пры гэтым на дыстанцыі першага этапу (дзень 1) экіпажы пазмагаюцца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі па біятлонных мішэнях (кожная закрытая мішэнь – мінус 2 мінуты ад агульнага часу). Пераможцам летняга фестывалю-2026 будзе экіпаж, які пакажа найлепшы час праходжання дыстанцыі па выніках двух дзён спаборніцтваў.
Калі: 12–14 чэрвеня
Дзе: в. Буса, рака Ясельда, Іванаўскі і Пінскі раёны, Брэсцкая вобласць

Палац-рэзідэнцыя княжацкага роду Умястоўскіх, якому ўжо больш за 140 гадоў, славіцца сваёй прыгажосцю і з’яўляецца зменшанай копіяй варшаўскіх Лазенак – палаца караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У канцы XIX стагоддзя гаспадары маёнтка – Уладзіслаў Умястоўскі і Яніна Астрог-Садоўская – стварылі побач з палацам на рацэ Гаўя "ўласную Венецыю", праклаўшы каналы, абрамленыя дрэвамі. У цудоўным парку стаяў млын, а ў каналах і сажалках плавалі лебедзі і качкі… Госці фэсту азнаёмяцца з гісторыяй маёнтка і лёсам яго ўладальнікаў, прагуляюцца па старадаўнім парку, убачаць літаратурна-тэатралізаваны паказ, канцэртную праграму ад мясцовых калектываў, навучацца танцам, традыцыйным рамёствам, наведаюць выставу-продаж народнай творчасці і сувенірнай прадукцыі.
Калі: 13 чэрвеня
Дзе: аг. Жамыслаўль, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць

Выдатны кампазітар народны артыст Расіі Аляксандр Зацэпін 10 сакавіка адзначыў 100-гадовы юбілей. За гады творчасці ён стварыў больш за 300 песень, сярод якіх вядомыя мільёнам "Есть только миг", "Куда уходит детство", "Песня про зайцев", "Помоги мне…", "Волшебник-недоучка", "Мир без любимого"… Таксама ў яго аўтарскай спадчыне – і сімфанічная музыка, і некалькі сюіт, і балет, і мюзіклы. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча падрыхтаваў канцэртную праграму "Гэты свет прыдуманы не намі", прысвечаную 100-годдзю праслаўленага кампазітара, у якой прагучаць лепшыя мелодыі ў выкананні салістаў аркестра Наталлі Брацлоўскай, Ігара Задарожнага, Андрэя Коласава, Настассі Рачыцкай і госці канцэрта – салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Вольгі Калеснікавай.
Калі: 17 чэрвеня
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Чэрвеньскія "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" стануць фінальным акордам 93-га сезона галоўнай сцэны краіны. Адзін з самых папулярных турыстычных і культурных цэнтраў Беларусі – Нясвіжскі замак, яго тэатральная зала і цэнтральны дворык стануць "жывымі" дэкарацыямі для спектакляў Вялікага. Усяго трупа падрыхтавала 13 праграм, сярод якіх – канцэрты, оперныя і балетныя пастаноўкі, дзіцячыя інтэрактывы і, вядома, гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі.
19 чэрвеня, 16:00 – канцэрт "Беларуская опера: традыцыя і сучаснасць", тэатральная зала
19 чэрвеня, 19:00 – канцэрт "Ёсць толькі імгненне паміж мінулым і будучым", тэатральная зала
19 чэрвеня, 21:00 – опера-балет "Вілісы. Фатум", цэнтральны двор
20 чэрвеня, 11:00 – канцэрт "Гісторыя Бабара, маленькага сланяня", тэатральная зала
20 чэрвеня, 13:00 – канцэрт "Боскае святло любові беларускай", тэатральная зала
20 чэрвеня, 15:00 – канцэрт "Золата і цень Нясвіжа: старадаўняя музычная фрэска", касцёл Божага Цела
20 чэрвеня, 16:30 – опера "Ацыс і Галатэя", тэатральная зала
20 чэрвеня, 19:30 – канцэрт "Цудоўная чацвёрка", тэатральная зала
20 чэрвеня, 21:00 – балет "Маленькі прынц", цэнтральны двор
21 чэрвеня, 11:00 – канцэрт флейт "Нядзельная раніца ў добрай кампаніі", тэатральная зала
21 чэрвеня, 13:30 – канцэрт "Брава! Моцарт!", тэатральная зала
21 чэрвеня, 15:30 – канцэрт "Серэнада +", тэатральная зала
21 чэрвеня, 18:00 – гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра, цэнтральны двор
Калі: 19–21 чэрвеня
Дзе: Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, вул. Замкавая, 2, Нясвіж

Vulitsa Ezha адкрывае летні сезон 2026 года адразу трыма фестывалямі і абяцае парадаваць гасцей навінкамі. Так, упершыню праект запусціў праграму падтрымкі гастранамічных ініцыятыў, дзякуючы якой на фестывалі з’явіцца больш новых імёнаў і смелых канцэпцый. Для знатакоў разнастайнасці смакаў уводзіцца дэгустацыйная карта, якая дае магчымасць паспытаць максімум страў і напіткаў. Цяпер убачыць фэст і акунуцца ў яго атмасферу можна яшчэ да афіцыйнага старту: запускаецца фармат прэпаці. У праграме – жывая музыка і кінатэатр пад адкрытым небам, кулінарная школа ад шэф-повараў, маркет з дамашнімі далікатэсамі і дызайнерскімі вырабамі ручной работы, майстар-класы, кветкавы маркет, лекцыі па хатха-ёзе, а таксама інтэрактывы для дзяцей.
Калі: 20-21 чэрвеня; ліпень; 29-30 жніўня (12:00–22:00)
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

У летнім маляўнічым шоу Белдзяржцырка "Фіеста" ў адпаведнасці з яго назвай (народнае свята ў Іспаніі, Партугаліі і краінах Лацінскай Амерыкі) манеж ператворыцца ў карнавальную плошчу з акрабатамі, паветранымі гімнастамі, джыгітамі на вярблюдах і дрэсіраванымі тыграмі. Гледачоў чакаюць захапляючыя акрабатычныя трукі ў нумары "Паветраны палёт", канатаходцы, якія балансуюць пад самым купалам цырка, трапныя "Арбалеты", якія ўражваюць сваёй ювелірнай дакладнасцю, віртуозны жанглёр, паветраная гімнастка на корд-дэ-парэлі, акрабат на рэйнскім коле і, вядома, клоўн – уладар усмешак і добрых сюрпрызаў, любімец дзетвары.
Калі: 20 чэрвеня – 23 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

22 чэрвеня – самотная дата ў календары Беларусі – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. …22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР: 85 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Доўгіх 1418 дзён і начэй народы вялікай краіны ішлі да перамогі. У гады вайны на беларускіх землях загінула звыш 2,2 млн чалавек, каля 400 тысяч чалавек былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі больш як 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Паводле няпоўных даных, толькі ў лагерах загінулі амаль 1,5 млн чалавек...
У гэты дзень па ўсёй краіне праходзяць жалобныя цырымоніі, ускладанні кветак да мемарыялаў і памятных пахаванняў, а таксама Усебеларуская мінута маўчання ў памяць аб загінулых. Традыцыйна ў 4:00 у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбудзецца тэатралізаваны мітынг-рэквіем, які ўзнаўляе падзеі таго часу. У дзень памяці на вуліцах Брэста разгорнуцца фотавыставы, выставы рэтра-тэхнікі, сцэнічныя пляцоўкі з музычным рэпертуарам ваенных гадоў, шэсці клубаў рэканструктараў.
Калі: 21-22 чэрвеня
Дзе: мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", Брэст

"Шоу аркестраў" – гэта творчы эксперымент, які стартаваў у лютым 2024 года і ўжо некалькі сезонаў запар збірае аншлагі! Фармат канцэрта-батла, у якім задзейнічаны розныя музычныя калектывы, жанры і візуальныя тэхналогіі, разбурае прывычныя ўяўленні аб класічнай музыцы. У чэрвеньскім канцэрце праграму, прысвечаную танцам свету і музыцы кіно, прадставяць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча пад кіраўніцтвам Аляксандра Крамко і Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Высоцкага.
Калі: 24 чэрвеня
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Летні праект "Музычны тэатр у Мірскім замку" ў 11-м сезоне прадставіць абноўленую версію ўжо любімай праграмы: гледачы зробяць настальгічнае падарожжа на легендарны фестываль у італьянскім гарадку Сан-Рэма, дзе бліскуча выступалі Тота Кутуньё, Адрыяна Чэлентана, Рыкарда Фольі, Аль Бана і Раміна Паўэр, Пупа, Алесандра Сафіна… У дэкарацыях сярэдневяковага замка прагучаць шлягеры замежнай эстрады 1980-х у выкананні вядучых салістаў і сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Прадоўжыць музычную эстафету канцэртная гісторыя "Любіце, пакуль любіцца", у якой прагучаць хіты Юрыя Антонава, Вячаслава Дабрыніна, Ігара Крутога, Жанны Агузаравай, Аркадзя Укупніка, Валерыя Сюткіна і многіх іншых эстрадных артыстаў. Асобным акцэнтам праграмы стануць кампазіцыі легендарных "Песняроў" у гонар 85-годдзя Уладзіміра Мулявіна.
Калі: 26 і 27 чэрвеня, 21:00
Дзе: Мірскі замак, г. п. Мір, вул. Чырвонаармейская, 2, Гродзенская вобласць

Фестываль народнай творчасці і фальклору Беларускага Прыдняпроўя, які з 2003 года з’яўляецца візітнай карткай Бабруйска і Магілёўскай вобласці, накіраваны на развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей, папулярызацыю народнай творчасці і традыцый. Ён праходзіць пад дэвізам "Фестываль дружбы – за мір і згоду без межаў". У праграме-2026 – урачыстае шэсце ўдзельнікаў фестывалю, канцэртныя і конкурсныя выступленні выканаўцаў і творчых калектываў, тэатралізаваныя паказы і масавыя гулянні, музычныя праекты, выставы, кірмашы майстроў народных мастацтваў, майстар-класы, творчыя лабараторыі вядучых спецыялістаў сферы мастацтваў Беларусі і замежжа і шмат іншага.
Калі: 27–30 чэрвеня
Дзе: Бабруйск, Магілёўская вобласць