Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа. У час экскурсіі па сядзібе наведвальнікі не толькі ўбачаць стылізаваныя інтэр'еры, у якіх жылі знакамітыя ўладальнікі Яўстафій Прушынскі, Іван і Яўстафій Любанскія, але і даведаюцца пра іх лёсы, прывычкі, уклад жыцця, сакрэты, якія захоўваюць гэтыя сцены. Музычнымі ілюстрацыямі да экскурсіі стануць паланэз дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай", твор Напалеона Орды "Серэнада", п'еса са зборніка "Полацкі сшытак", творы нямецкага кампазітара-лірыка Іаганеса Брамса і рускага кампазітара-філосафа Аляксандра Скрабіна.
Калі: кожную нядзелю ў 15.00 і 17.00
Дзе: Музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск
У гістарычным цэнтры Мінска – Верхнім горадзе, на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў – 13 мая стартуе летні музычна-турыстычны сезон, які прадоўжыцца да верасня. Важнай асаблівасцю гэтага года стане правядзенне Дзён культуры гарадоў-пабрацімаў беларускай сталіцы, у ліку якіх Санкт-Пецярбург, Калуга, Ніжні Ноўгарад, Новасібірск і іншыя. Сумесна з пасольствам КНР і артыстамі з Паднябеснай 27 мая на пляцоўцы "Верхні горад" пройдзе маштабнае культурнае мерапрыемства "Свет чаю". Арганізатары абяцаюць, што ў сезоне-2023 прадоўжаць работу любімыя мінчанамі і гасцямі праекты. На адкрытай тэрыторыі атэля "Манастырскі" з 20.00 да 22.00 па суботах у рамках праекта "Тэатральны дворык" будуць праходзіць паказы студэнцкіх аматарскіх калектываў, а таксама выступленні прафесійных акцёраў тэатраў сталіцы. "Бібліятэка пад адкрытым небам" па суботах з 13.00 да 17.00 запрашае на інтэрактыўныя сустрэчы з пісьменнікамі для дзіцячай і дарослай аўдыторыі. З мая запрашае на канцэрт вулічных музыкантаў праект "Пешаходка".
Калі: 13 мая – 16 верасня
Дзе: гістарычны цэнтр Мінска
Vulitsa Ezha 2023 прадстаўляе адразу чатыры фестывалі. Першы стартаваў у маі на ўтульнай гастранамічнай пляцоўцы "ЛЕПшая вуліца", якая адкрылася для наведвальнікаў у мінулым годзе. Наступныя тры адбудуцца ў засені дрэў Батанічнага саду. У праграме – майстар-класы, інтэрактывы, дэгустацыі, жывая музыка і танцы пад адкрытым небам пад рытмы розных стыляў. Зразумела, месцам прыцягнення застанецца вялікі фуд-корт з вулічнай ежай – традыцыйнай і арыгінальнай аўтарскай.
Калі: 22–23 ліпеня, 2–3 верасня
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск
Ураджэнцы Беларусі Хаім Суцін і Марк Шагал – мастакі ХХ стагоддзя, прадстаўнікі знакамітай Парыжскай школы – сталі героямі работ Алега Папельскага, створаных ва ўнікальнай тэхналогіі з выкарыстаннем натуральных камянёў. Прадстаўленыя ў розных камбінацыях камянёў карціны з'яўляюцца амажамі (hommage), што ў перакладзе з французскага абазначае даніну творчасці мастака. Цыкл "Дарога ў вечнасць" расказвае аб жыццёвых перыпетыях Хаіма Суціна, яго дзяцінстве ў родных Смілавічах, іўдзейскіх традыцыях, абрадах і ўкладзе сям'і. Другі цыкл – "Ля цёплага дома душы" – прысвечаны творчасці Марка Шагала, дзе галоўным элементам з'яўляецца сінагога, а дапаўняюць кампазіцыю персанажы работ майстра – жыхары роднага яму горада Віцебска.
Калі: да 1 кастрычніка
Дзе: Музей гісторыі горада Мінска, вул. Ракаўская, 17, Мінск
У самым сэрцы беларускай сталіцы – на пляцоўцы ля Купалаўскага тэатра ў Аляксандраўскім скверы – кожныя выхадныя мінчане і госці горада могуць атрымліваць асалоду ад творчасці вядомых фальклорных, вакальных і танцавальных ансамбляў краіны. У жніўні публіку парадуюць аркестр і вакальная група Пагранічнай службы Беларусі (5 жніўня), артысты Маладзёжнага тэатра эстрады (12 жніўня), Беларускі дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбль "Харошкі" (19 жніўня). Знамянальным стане канцэрт-прысвячэнне ад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Я. Фінберга памяці маэстра і заснавальніка калектыву (26 жніўня). Асеннюю старонку перагорне "Музычны вечар з Вялікім тэатрам" (2 верасня), а таксама 9 верасня праграму "Музыка кіно" прадставіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча Белдзяржфілармоніі.
Калі: 3 чэрвеня – 9 верасня (па суботах, 16.00–17.30)
Дзе: Аляксандраўскі сквер, Мінск
Даведацца падрабязней
"Вялікае мастацтва аргана" аб'яднае знатакоў арганнай і камернай музыкі: усяго за тры месяцы перад публікай выступяць 3 камерныя калектывы і 13 канцэртуючых арганістаў, якія дадуць 33 канцэрты. Сімвалічна, што фестываль адкрыўся ў Пінску: першыя акорды форуму прагучалі на другім па велічыні гістарычным аргане краіны, які знаходзіцца ў кафедральным касцёле Ушэсця Маці Божай. Прадоўжыць музычны марафон вёска Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна. Публіку чакае сем канцэртаў, якія адбудуцца па выхадных па 10 верасня і дазволяць атрымаць асалоду ад гучання адноўленага стогадовага аргана.
Дзе, калі:
2 ліпеня – 10 верасня – в. Мядзведзічы, Ляхавіцкі раён
канец ліпеня – пачатак верасня – майстар-класы ў Пінску
24 жніўня і 13 верасня – канцэрты ў Віцебскай абласной філармоніі
Даведацца падрабязней
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адкрывае новы сезон прэм'ерай: спектакль рэжысёра Алёны Зміцер "Карней" – гэта гісторыя дзівакаватага пацукалова, які шукае сваё месца на зямлі. Галоўным прадметам даследавання з'яўляецца Дом, які сімвалізуе сувязь з роднай зямлёй і аб'ядноўвае цэлыя пакаленні. Гэта і сімвал, і пачуццё, і злучальнае звяно пакаленняў, вопытаў, часоў і выпрабаванняў. У аснове спектакля – апавяданне знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча "Карней – мышыная смерць", а таксама ўрыўкі з празаічных твораў класіка, яго вершаў і эсэ.
Калі: 1, 27 верасня; 8, 21 кастрычніка
Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44, Мінск
Даведацца падрабязней
Горад Ліда, знакаміты сваёй спадчынай – замкам, закладзеным у 1323 годзе князем Гедымінам, адзначае 700-годдзе. Святочная праграма разлічана на тры дні і пачнецца з гастраноміі. У пятніцу 1 верасня госці змогуць наведаць ХарчФэстPROСмак і прадэгуставаць рэдкія і класічныя стравы ад прадпрыемстваў Гродзенскага рэгіёна. А 2 верасня адбудзецца цырымонія адкрыцця і вяртанне музычнага фестывалю Lidbeer, прычым на кожнай з пляцовак будзе гучаць свой напрамак – pop, rock, electro, folk... У замку будзе панаваць дух Сярэдневякоўя: тут разгорнуцца зброевая майстэрня, кузня, рыцарскі лагер, рамесны кірмаш, а таксама адбудуцца рэканструкцыя княжацкага палявання, конны турнір "Лідскія ваяры" і вячэрняе шоу тэатра агню.
Калі: 1–3 верасня
Дзе: Ліда, Гродзенская вобласць
З пачаткам новага навучальнага года буйнейшае навукова-папулярнае мерапрыемства – Фестываль навукі – збірае ў сталічным Батанічным садзе тысячы гасцей розных узростаў (у мінулым годзе было больш за 10 тысяч заявак на білет!). Па традыцыі больш за сотню акадэмічных арганізацый, ВНУ і прадпрыемстваў-гігантаў краіны прадстаўляюць найноўшыя распрацоўкі як вопытных, так і маладых даследчыкаў. У рамках фестывалю на галоўнай алеі саду адбудзецца выстаўка "100 інавацый маладых вучоных". Наведвальнікі ўбачаць новыя сарты раслін, азнаёмяцца з тэхналагічнымі навінкамі ў розных сферах, паўдзельнічаюць у займальных эксперыментах і віктарынах.
Калі: 2 верасня
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск
Сцяг Дня беларускага пісьменства, які адзначаецца з 1994 года, у 2023-м перайшоў да Гарадка Віцебскай вобласці. У летапісах XIII стагоддзя яго называлі "Гарадком пад Полацкам", і вядома, што тут знаходзіўся бастыённы замак з пяццю вежамі, разбураны ў час Паўночнай вайны... У нашы дні спецыяльна да свята нацыянальнага слова фасады будынкаў горада ўпрыгожылі сюжэты, прысвечаныя Году міру і стварэння, паэме знакамітага ўраджэнца Канстанціна Вераніцына "Тарас на Парнасе", а таксама цытаты вядомых пісьменнікаў. Абнавіўся і адзін з самых цікавых турыстычных маршрутаў па "Веранiцынскiх мясцiнах", які дазволіць гасцям адправіцца з Гарадка на радзіму аўтара ў вёску Астраўляне.
Сімвалічна, што 30-ы Дзень беларускага пісьменства святкуецца на Віцебшчыне, дзе нарадзіліся выдатныя асветнікі Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі. Адным з акцэнтаў стане 140-годдзе з дня нараджэння "бацькі" беларускай дзіцячай літаратуры, перакладчыка і драматурга, першаадкрывальніка прыгодніцкага жанру і стваральніка першай навукова-фантастычнай аповесці Янкі Маўра. Гасцей свята чакае насычаная праграма: цырымонія адкрыцця, круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя "Гарадоцкія чытанні", дзіцячы конкурс "Жывая класіка", навукова-асветная канферэнцыя "Дарога да святыні". На вуліцах горада разгорнуцца выставачныя і гандлёвыя павільёны фестывалю кнігі і прэсы.
Калі: 2–3 верасня
Дзе: Гарадок, Віцебская вобласць
Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", прысвечаны Году міру і стварэння, збярэ 28 калектываў з 9 краін – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Даніі, Казахстана, Расіі, Славеніі, Узбекістана. У афішы 27-га творчага форуму – пастаноўкі ў розных жанрах ад класічнай драмы да эксперыментальных рэжысёрскіх работ. Адкрые свята 8 верасня рок-опера "Граф Монтэ-Крыста" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Таксама ў першы фестывальны вечар знатакі Мельпамены ўбачаць спектакль "Сцэны з мёртвага дома" ад "Балтыйскага дома" з Санкт-Пецярбурга. Сярод удзельнікаў будуць і ўжо вядомыя публіцы імёны: рэжысёр Сяргей Фядотаў, чыя пастаноўка "Калека з Інішмана" ўдастоілася Гран-пры "Белай вежы", прадставіць спектакль "Галаўлёвы", пастаўлены ў Новасібірскім драматычным тэатры "Стары дом".
Калі: 8–16 верасня
Дзе: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Брэсцкі тэатр лялек і абласны грамадска-культурны цэнтр, Брэст
Даведацца падрабязней
Горад каралёў у XVIII стагоддзі, заходні бастыён краіны з 895-гадовай гісторыяй, які насуперак войнам захаваў унікальную забудову цэнтра – гэта ўсё беларускі горад Гродна! Адлік гісторыі ён вядзе з 1128 года, калі Гародня, Гарадзень упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як цэнтр удзельнага княства. Свята ў гонар дня нараджэння горада разгорнецца адразу на некалькіх пляцоўках. Цэнтральная частка Гродна ператворыцца ў культурна-забаўляльную інтэрактыўную зону, а на вуліцах можна будзе пачуць музыкантаў, азнаёміцца з выставамі майстроў народнай творчасці і пабываць у рэстаране пад адкрытым небам.
Калі: 9 верасня
Дзе: Гродна
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 956-годдзя беларускай сталіцы, аб'яднаны тэмай "Сэрца Беларусі – мой родны Мінск". Жыхароў і гасцей горада чакаюць яркія дзействы. Гістарычны фестываль "Мінск старажытны" разгорнецца ў паркавай зоне ўздоўж праспекта Пераможцаў і прадставіць знакавыя падзеі, пачынаючы з першага летапіснага згадвання – знакамітай бітвы на рацэ Нямізе ў 1067 годзе. На пляцоўцы ля Палаца спорту адбудуцца Міжнародны алімпійскі дзень, а таксама квест і VII Міжнародныя спаборніцтвы "Мацнейшы пажарны-ратавальнік". Музей гісторыі горада прадставіць сумесную экспазіцыю з Музеем Заіра Азгура "Сілуэты старога Мінска", прысвечаную Паўночнаму завулку. Верхні горад прыме рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, што аб'яднае прадстаўнікоў больш як 20 дыяспар, якія пражываюць у Беларусі. Госці змогуць атрымаць асалоду ад музыкі, пакаштаваць нацыянальныя стравы і прыняць удзел у танцавальных майстар-класах.
Калі: 9 верасня
Дзе: Мінск
Даведацца падрабязней
Самае маштабнае спартыўнае мерапрыемства Беларусі – Мінскі паўмарафон – у гэтым сезоне збярэ каля 15 тысяч удзельнікаў. У мінулым годзе лёгкаатлетычны форум змяніў лакацыю, і ўжо другі раз удзельнікі будуць стартаваць ад Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама". Фініш для ўсіх удзельнікаў цяпер размесціцца ў самым яго сэрцы – спартыўным ядры. У праграме вялікага свята бегу – дыстанцыі на 5 км, 10 км і паўмарафон – 21.097 км. Акрамя таго, як і ў рамках кожнага этапу Бегавой лігі, адбудзецца Сямейны забег. Самыя юныя ўдзельнікі змогуць выйсці на старт сімвалічнай дыстанцыі і пераадолець яе разам са сваімі бацькамі.
Калі: 10 верасня
Дзе: Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", вул. Кірава, 8, Мінск
Вялікі тэатр Беларусі запрашае знатакоў класічнага опернага і балетнага мастацтва атрымаць асалоду ад пастановак з рэпертуару расійскіх Марыйскага і Растоўскага тэатраў. Адкрые серыю вечароў спектакль "Рускі Гамлет" народнага артыста Расіі Барыса Эйфмана, якога называюць харэографам-інтэлектуалам, рэжысёрам-філосафам. Прататыпам галоўнага героя ў яго пастаноўцы з'яўляецца імператар Павел I – адзін з найбольш загадкавых і супярэчлівых персанажаў расійскай гісторыі. Харэограф-пастаноўшчык паказаў трагічнае процістаянне неардынарнай і душэўна далікатнай асобы варожаму свету, пабудаванаму на насіллі, вераломстве і хлусні.
Калі: 12, 22, 23 верасня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Праз 6 гадоў Фестываль мастацтваў беларусаў свету аб'яднае звыш 250 аднадумцаў – прадстаўнікоў нацыянальнай дыяспары з розных краін. Сярод удзельнікаў – творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці, асобныя выканаўцы, мастакі, скульптары, дызайнеры, майстры народных промыслаў, фотамастакі і фатографы, празаікі і паэты – беларусы замежжа. Праграма ўключае канцэрты беларускай фальклорнай і сучаснай музыкі, выставы жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотавыставы, творчыя сустрэчы з кіраўнікамі і прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў, Саюза мастакоў, Саюза майстроў народнай творчасці, майстар-класы розных напрамкаў традыцыйнай культуры.
Калі: 19–24 верасня
Дзе: Мінск і рэгіёны Беларусі
Даведацца падрабязней
Міжнародны фестываль акварэлі збярэ на малой радзіме Марка Шагала каля 30 мастакоў з рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Урачыстае адкрыццё форуму дапоўняць прэзентацыя выставы віцебскіх акварэлістаў, а таксама дэфіле з калекцыяй з акварэлі. Асновай праграмы-2023 стане пленэр у музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна "Здраўнёва" ў Віцебскім раёне. Удзельнікаў чакае аглядная экскурсія па горадзе, пад'ём на назіральную пляцоўку вежы Ратушы і візіт у Мастацкі музей, а таксама ў рамках форуму разгорнуцца майстар-класы па акварэлі, творчыя сустрэчы, арт-пляцоўкі. Акрамя таго, да фестывалю далучацца і юныя віцебскія мастакі-акварэлісты.
Калі: 22–24 верасня
Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, вул. Леніна, 36, Віцебск
Даведацца падрабязней
Дзень машынабудаўніка ў Беларусі традыцыйна адзначаюць у апошнюю нядзелю верасня. У мінулым годзе быў пакладзены пачатак традыцыі святкавання галоўнага прафесійнага дня ў гарадах краіны, і першым з іх стаў Гомель. Канцэпцыя свята ўдасканальваецца, напаўняецца новым зместам. У Год міру і стварэння праграма мерапрыемстваў Дня машынабудаўніка адлюструе тэмы гісторыі, сучаснага і будучага галіны. Маштабнае свята разгорнецца на некалькіх пляцоўках абласнога цэнтра і прыме гасцей і ўдзельнікаў з усёй краіны. У праграме – ушаноўванне лепшых работнікаў галіны, выстаўка тэхнікі прадпрыемстваў, забаўляльныя шоу, выстава-продаж кулінарных вырабаў, а таксама канцэрт артыстаў і творчых калектываў палацаў культуры прадпрыемстваў Мінпрама.
Калі: 22 верасня
Дзе: Віцебск
Экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю" праводзіцца з 2012 года і за гэты час стала адным з самых вядомых падзейных брэндаў Віцебскай вобласці. Ён прымеркаваны да часу збору ўраджаю журавін, па запасах якіх буйнейшае ў Беларусі верхавое балота Ельня займае першае месца. Акрамя таго, кожны год Мёрскі край прымае каля 4 тысяч шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў, якія спыняюцца тут у час асенняй міграцыі. Госці фестывалю пабываюць на прасторах Ельні і змогуць паназіраць за птушкамі, паўдзельнічаюць у экалагічных гульнях, выберуць лепшую сядзібу краю ў намінацыі "Багацце Ельні на нашым падвор'і", выберуць "Мёрскую журавінку", прадэгустуюць журавінавы морс і шматлікія ласункі з дабаўленнем вітаміннай ягады.
Калі: 23 верасня
Дзе: Мёры, Рэспубліканскі заказнік "Ельня", Віцебская вобласць
Юбілейны 35-ы нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка" збярэ больш за 2,5 тыс. прафесіяналаў і аматараў бегу. Праграмай спартыўнага свята прадугледжаны розныя варыянты дыстанцый: "Пяцісотка" (500 м), "Карпаратыўны забег" (2500 м), "Спартзабег" (2500 м), "Языльская дзясятка" (10 км), "Старадарожскія забегі" (60 м), "Сямейная эстафета" (3х500 м). У спаборніцтвах могуць прымаць удзел жадаючыя рознага ўзросту ў залежнасці ад дыстанцыі (12–13 гадоў, 14–15 гадоў, 16–17 гадоў; 10 км мужчыны і жанчыны). Удзельнікі фестывалю, якія пераадолелі дыстанцыю да фінішу, будуць узнагароджаны медалямі і памятнымі сувенірамі.
Калі: 29–30 верасня, 10.00
Дзе: Старыя Дарогі, Мінская вобласць