"Чорны замак" – гэта сучасная экранізацыя гістарычнага дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". Пры гэтым з моманту яго першай экранізацыі мінула ўжо 40 гадоў: у 1984-м на экранах прэзентавалі аднайменны фільм кінарэжысёра Міхаіла Пташука, зняты ў жанры гістарычнага дэтэктыва. На гэты раз за пераасэнсаванне рамана ўзяліся сцэнарыст Глеб Шпрыгаў і рэжысёр Кірыл Кузін. Яшчэ да афіцыйнай прэм'еры ў Мінску фільм "Чорны замак" быў удастоены спецпрыза журы конкурсу ігравых фільмаў і спецпрыза Выканкама СНД "Кіно без меж" на ММКФ "Лістапад-2024". Згодна з сюжэтам гістарычнай драмы, малады прафесар Антон Косміч (Яўген Шварц) аказваецца ў бядзе пасля таго, як старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх, трапляе ў яго антыкварны магазін. Каб выратаваць сябе і разгадаць тайны мінулага, ён адпраўляецца ў Альшаны... У экранізацыі аднаго з самых вядомых твораў беларускай літаратуры прынялі ўдзел Настасся Красоўская, Яўген Стычкін, Яўген Шварц і Віталь Кішчанка.
Калі: 12 снежня 2024 – 2 снежня 2025
Дзе: кінатэатры гарадоў Беларусі
Наведаць асаблівую планету ў сусвеце пад назвай "Цырк" запрашаюць артысты Белдзяржцырка. Гледачоў чакае эфектны паказ: у новую праграму ўвайшлі захапляльныя трукі акрабатаў у коле смеласці і на рускай палцы, нумар паветраных гімнастаў на мачце і ў скрыпічным ключы! На галоўным манежы краіны выступяць вальтыжоры, жанглёр, майстры трансфармацыі, клоўны, а таксама дрэсіраваныя мядзведзі, сабачкі і каты. "Планета "Цырк" абяцае стаць незабыўным шоу, у якім аб'ядноўваюцца фантазія і рэальнасць, а кожны нумар напоўніць сэрцы гледачоў захапленнем.
Калі: 1 лютага – 11 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
"Натхняць. Вылучацца. Марыць" заклікаюць куратары выстаўкі аб модных тэндэнцыях ХІХ – пачатку XX стагоддзя. Тут можна ўбачыць прадметы жаночага адзення, знакавыя ўзоры аксесуараў, парфумерыі, касметыкі сусветных і айчынных вытворцаў. Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена больш за 700 прадметаў, сярод якіх "залатая" прыдворная сукенка канца XIX стагоддзя, калье 1970-х як адлюстраванне ўсеагульнага захаплення скарбамі з грабніцы Тутанхамона, упрыгажэнні ад моднага дызайнера Хэці Карнэгі, натхнёнай мастацтвам старажытных цывілізацый Мексікі. Асновай выстаўкі з'яўляецца прыватная калекцыя Таццяны Фядосавай. Акружаюць экспазіцыю прадметы ХІХ – пачатку XX стагоддзя з калекцыі музея гісторыі рэлігіі: жывапіс, мастацкія вырабы з фарфору і металу, старадаўняя мэбля, якая дэманструецца наведвальнікам упершыню.
Калі: 23 лютага – 17 мая
Дзе: Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, вул. Замкавая, 16, Гродна
Выставачны праект, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, аб'яднаў на адной пляцоўцы экспанаты з 14 музеяў краіны. Наведвальнікі азнаёмяцца з гісторыяй у адваротным храналагічным парадку – ад Парада Перамогі да пачатку вайны. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы акопнай творчасці, асабістыя рэчы герояў, самаробная зброя партызан, рэчы вязняў канцлагераў, самаробныя кнігі і дзённікі, медалі, архіўныя дакументы, артыкулы і нарысы пра подзвігі на палях бітваў. Сярод самых яркіх экспанатаў – арыгінал уваходнага білета на парад 1945 года, фатаграфіі салдат ля купала Рэйхстага і каля Брандэнбургскіх варот…
Калі: 27 лютага – 21 верасня
Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, Мінск
Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў этнаграфічнае падарожжа па экспазіцыі сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Скарбонка памяці". Інтэрактыўная праграма заснавана на беларускім народным календары і прысвечана вясеннім абрадам. Гасцям давядзецца разгадаць, якія сэнсы закладзены ў назву "Саракі", азнаёміцца з больш як 40 атрыбутамі народнага свята, даведацца, чаму ў гэты дзень нашы продкі з цеста выпякалі сорак жаўрукоў, успомніць аб павер'ях і традыцыях, а таксама прыняць удзел у тэматычным квесце "Сорак сарок" і змайстраваць папяровыя фігуркі птушак.
Калі: 17 сакавіка – 1 мая
Дзе: музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск
Вялікі выставачны праект "Арт-Мінск" пакажа жыхарам і гасцям сталіцы больш за 550 твораў мастацтва ад 225 сучасных беларускіх мастакоў. Адной з мэт гэтай маштабнай падзеі з'яўляецца ўзбагачэнне культурнага жыцця горада і прадстаўленне найбольш актуальных напрамкаў мастацкай арт-сцэны. У гэтым сезоне паступіла рэкордная колькасць – больш за 1300! – заявак, з якіх экспертнае журы адабрала да ўдзелу ў праекце 550 работ аўтараў з розных гарадоў. Наведвальнікі могуць не толькі купіць творы, якія спадабаліся (90% з іх даступны на анлайн-платформе Artcenter.by), але і падтрымаць мастакоў пры дапамозе галасавання.
Калі: 28 сакавіка – 4 мая
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск
Праект "Парушаючы цішыню" ў НЦСМ прадстаўляе канцэптуальнае выказванне аб камунікацыі: як яна зараджаецца, праяўляецца, развіваецца і абрываецца. У экспазіцыі больш за 50 твораў сучасных беларускіх мастакоў. У сваіх работах аўтары выкарыстоўваюць розныя мастацкія формы, традыцыйныя і эксперыментальныя тэхнікі і фарматы: жывапіс, графіку, фатаграфію, відэа-арт, інсталяцыі, саўнд-арт. Праект даследуе, як слова становіцца магутным інструментам і візуальным аб'ектам, а маўчанне – спосабам перадачы пачуццяў. Куратары запрашаюць гледачоў задумацца аб тым, як сучасныя тэхналогіі і чалавечыя эмоцыі ствараюць новыя формы дыялогу і сувязей паміж людзьмі.
Калі: 10 красавіка – 1 чэрвеня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, вул. Някрасава, 3, Мінск
Выстава, прысвечаная Міжнароднаму дню касманаўтыкі і першаму ў гісторыі суверэннай рэспублікі палёту жанчыны-касманаўта – Героя Беларусі Марыны Васілеўскай, з'яўляецца працягам міжнароднага праекта "Сто ўсмешак Гагарына", створанага да 90-годдзя Юрыя Гагарына. У экспазіцыі прадстаўлены некалькі соцень фатаграфій з 30 краін і творы беларускіх мастакоў на тэму космасу з "яго здольнасцю змяшчаць бясконцы сусвет і адначасова пранізваць унутраны свет кожнага з нас". Сярод аўтараў работ – Галіна Васільева, Аляксандр Забаўчык, Сяргей Крыштаповіч, Анатоль Кузняцоў, Леанід Хобатаў...
Калі: 12 красавіка – 21 верасня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, вул. Някрасава, 3, Мінск
"Ад сына салдата", "На захаванне маме", "На памяць родным і блізкім", "Чакай мяне, і я вярнуся" – фотакарткі з такімі памятнымі надпісамі, што ўцалелі ў час Вялікай Айчыннай вайны, увайшлі ў экспазіцыю асаблівага праекта, прысвечанага 80-годдзю Перамогі. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага можна ўбачыць каля 200 фатаграфій 1940-х – 2000-х. Гэта здымкі з фронту, памятныя партрэты родным і блізкім ад салдат з сямейных архіваў, фотахроніка ваенных карэспандэнтаў. Выкарыстоўваючы тагачаснае абсталяванне, карэспандэнты і кінааператары, адпраўленыя на перадавую, рабілі неверагоднае, перадаючы эмоцыі, боль і надзею праз чорна-белыя фатаграфіі. Экспазіцыю дапоўнілі тэматычныя цыклы работ сучасных фатографаў, якія адлюстравалі гарадскія святы, парады і шэсці да памятных дат Вялікай Айчыннай вайны, мемарыялы і помнікі.
Калі: 24 красавіка – 1 чэрвеня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
Юбілейны, 30-ы міжнародны фестываль "Рэнесанс гітары" і 20-ы аднайменны конкурс адбудуцца ў горадзе над Сожам у першыя дні мая. У выканальніцкім майстэрстве будуць спаборнічаць музыканты з розных краін. Сярод намінацый – сольнае выкананне на класічнай гітары, электрагітара, бас-гітара, акустычная гітара, выкананне ў ансамблі або аркестры, а таксама конкурс гітарных майстроў. Акрамя музычнага спаборніцтва, у праграме – лекцыі, майстар-класы з вядучымі выканаўцамі і педагогамі, выстава гітар.
Калі: 3-4 мая
Дзе: Гарадскі цэнтр культуры, вул. Ірынінская, 16, Гомель
Значныя моманты Вялікай Перамогі ў 1945-м пакажуць на цэнтральнай плошчы Гродна – Савецкай. Тут рэканструююць падзеі, якія адбываліся ў Берліне восем дзесяцігоддзяў таму. Для максімальнай дакладнасці ўдзельнікі рэжысёрскай групы вывучалі гістарычную літаратуру, фатаграфіі, дакументы, фармулёўкі загадаў, якія аддавалі ў тыя дні Георгій Жукаў і Васіль Чуйкоў, а таксама задачы, пастаўленыя камандзірамі Савецкай арміі па радыёсувязі. Гледачы ўбачаць мноства яркіх эпізодаў, у тым ліку ўезд на плошчу знакамітай "Кацюшы", работу рэгуліроўшчыцы, звяржэнне фашысцкіх сімвалаў – сцягоў і герба, устанаўленне Чырвонага Сцяга Перамогі. Асаблівым момантам стане рэканструкцыя канцэрта Лідзіі Русланавай, якая ў маі 1945-га выступіла на прыступках Рэйхстага, выканаўшы знакамітыя "Валенки", "Синий платочек", "Темная ночь"…
Калі: 4 мая
Дзе: пл. Савецкая, Гродна
Адным з самых вядомых веснавых абрадаў у народным календары з'яўляецца "Юр'я". Гэта земляробчае свята названа ў гонар заступніка сялянскай нівы і свойскай жывёлы cвятога Юрыя і спрадвеку ўшаноўваецца як "Другі Вялікдзень". Удзельнікі абраду праходзяць па вёсцы, спыняючыся каля крыжоў, і ў песнях просяць у святога Юр'я заступніцтва, багатага ўраджаю, добрага надвор'я, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Гэты рытуал праводзіцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Аднак асаблівасць свята "Юр'я" ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна заключаецца ў тым, што ў яго традыцыі – абход вянчаных на працягу года маладых.
Калі: 5 мая
Дзе: Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, в. Ахонава, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць
Ад рамантычнай пяшчоты "Лебядзінага возера", загадкавай чароўнасці "Баядэркі" да асляпляльнай пышнасці "Дон Кіхота" – Вялікі тэатр Беларусі запрашае атрымаць асалоду ад свята музыкі, хараства і грацыі. У праграме гала-канцэрта – харэаграфічныя нумары з сусветна вядомых твораў, якія пакарылі сэрцы гледачоў. Вытанчаную ноту прыўнясуць сучасныя кампазіцыі галоўнага балетмайстра Ігара Колба і маладога харэографа Настассі Голешавай. У гэты вечар на галоўнай сцэне краіны выступяць як зоркі нацыянальнага балета – Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Марына Вежнавец, Юрый Кавалёў, Аляксандра Чыжык, так і маладыя артысты – Лізавета Мусорына, Андрэй Барыеў, Дар'я Чуваргіна, Дзіяна Багатава, Іван Камышоў…
Калі: 7 мая
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Беларусь адзначыць маштабнымі патрыятычнымі акцыямі, урачыстымі мітынгамі, ускладаннямі кветак да манументаў і помнікаў героям, тэматычнымі выставамі, святочнымі канцэртамі і кранальнымі сустрэчамі з ветэранамі. У гонар юбілейнага года ў сталіцы адбудзецца грандыёзны ваенны парад, элементы якога нагадаюць пра Парад Перамогі 1945 года ў Маскве. Дзейства будзе складацца з дзвюх частак – гістарычнай і сучаснай. Традыцыйна гістарычную частку пачнуць ваеннаслужачыя са штандарамі франтоў – сцягамі злучэнняў і воінскіх часцей, з якімі вызвалялі Беларусь. З навацый – парадныя разлікі ў форме і з узбраеннем, якія аднаўляюць атмасферу парада 1945-га, таксама з'явяцца разлікі партызан, ваенных кінолагаў і сапёраў, якія выконвалі задачы па размініраванні пад кулямі. У сучаснай частцы парада будзе прадстаўлена тэхніка і ўзбраенне УС Беларусі: пачынаючы ад браніраваных машын і заканчваючы рознымі ўзорамі тэхнікі сувязі, радыёэлектроннай барацьбы.
Вядома, што ў юбілейным парадзе прымуць удзел 24 разлікі і больш за 220 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі.Таксама запланаваны традыцыйны пралёт баявых верталётаў і самалётаў Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі. Запрошаны разлікі з дружалюбных краін – Расіі і Кітая, будуць і знакамітыя групы з дзяржаўнымі сцягамі рэспублік СНД.
Дзе: усе гарады Беларусі, мемарыяльныя комплексы, музеі
Аўтапрабегі, форум гарадоў-герояў, экспедыцыя "Няскораныя". Што рыхтуе Брэсцкая вобласць да 9 Мая
"Відовішчна і грандыёзна. Якія новаўвядзенні чакаюць гледачоў парада 9 Мая ў Мінску
Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль збольш як 50-гадовай гісторыяй стварыў цікавую канцэртную праграму, прысвечаную 80-годдзю Вялікай Перамогі. У ёй прысутнічаюць і светлы сум са слязамі на вачах, і радасць, звязаная з пераможным заканчэннем вайны, вяртаннем салдат дадому. Упрыгажэнне праграмы – харэаграфічныя кампазіцыі "Лявоніха", "Мядуначка", "Жытнёвы раманс", "Карагод", "Віцебская полька", "Вяселле", аўтарам якіх з'яўляецца выдатны харэограф, стваральнік ансамбля, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. Гледачоў таксама чакаюць прэм'еры харэаграфічных і вакальна-інструментальных кампазіцый у пастаноўцы мастацкага кіраўніка, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Грушавой. Акцэнтамі стануць кранальныя песні ваенных гадоў "Катюша", "Темная ночь", "Мне кажется порою, что солдаты", "Вот кто-то с горочки спустился"…
Калі: 10 мая
Дзе: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, вул. Энгельса, 7, Мінск
Адзін з буйнейшых на постсавецкай прасторыфестываляў аўтамабіляў "Рэтра-Мінск", які праводзіцца з 2008 года, запрашае ўладальнікаў рэдкіх аўто, з моманту выпуску якіх мінула больш за 40 гадоў. Тэма мерапрыемства – 80-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Асноўная праграма адбудзецца 10 мая: пасля ўрачыстага адкрыцця злёту і экспазіцыі пад адкрытым небам (да 13.00) удзельнікі праедуць калонай ад пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе і разгорнецца выстава-прэзентацыя. Гасцей фестывалю-2025 чакае сустрэча з унікальнымі экзэмплярамі нестарэючай аўтакласікі (аўтамабілі і матацыклы), конкурсы і прызы, жывая музыка, забавы і, вядома, галоўнае – сустрэчы з аднадумцамі.
Калі: 10 мая
Дзе: пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – Кастрычніцкая плошча, Мінск
Адзін з самых тытулаваных фігурыстаў свету, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Яўген Плюшчанка прадставіць новую прэм'еру на лёдзе "Мінск-Арэны". Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля па знакамітай казцы "Папялушка" Шарля Перо стаў прэм'ер Вялікага тэатра Расіі Сяргей Філін. Гледачоў чакае сапраўднае шоу пры ўдзеле балета, паветраных акрабатаў, з выкарыстаннем спецэфектаў, мультымедыйных тэхналогій. Акрамя выканаўцы ролі Караля Яўгена Плюшчанкі, у галоўных партыях выступяць: чэмпіёнка Расіі сярод юніёраў, "дзяўчынка, якая адзіная ў свеце на гэты час выконвае чацвяртныя скачкі" – Алена Кастылева (Папялушка), чэмпіёнка Еўропы і свету, алімпійская чэмпіёнка 2022 года Ганна Шчарбакова (Фея-хросная). Таксама ў шоу прымуць удзел чэмпіён Расіі і Еўропы Дзмітрый Аліеў, віцэ-чэмпіён Расіі Макар Ігнатаў, Ганна Фралова, Вераніка Жыліна, Соф'я Цітова.
Калі: 10 мая, 17.00
Дзе: Мінск-Арэна, пр. Пераможцаў, 111, Мінск
Салодкае свята ў Парэччы прымеркавана да Міжнароднага дня пчалы, які адзначаецца 20 мая. Гасцей абяцаюць здзівіць разнастайнасцю лакацый, дзе можна будзе прадэгуставаць прадукцыю мясцовых пчаляроў. Таксама ў праграме – майстар-клас па пчалярстве, выставы меданосных кветак і раслін, выстава мясцовага мастака Уладзіміра Пакумейкі, рамесная выстава-кірмаш, інтэрактыўныя лакацыі, фотазоны, тэматычны флэш-моб, выязны гандаль і шмат іншага. Завершыцца мерапрыемства яркім фестывалем фарбаў. А тыя, хто наведае свята ў вобразе галоўнага сімвала – пчалы, атрымаюць каштоўны падарунак.
Калі: 17 мая
Дзе: аг. Парэчча, Гродзенскі раён
Гісторыя брэндавага свята ў аграгарадку Паляцкішкі ўзыходзіць да заснавання ў 1930-я гады невялікай кандытарскай фабрыкі сям'і Вайцяховічаў, дзе пачалі вырабляць цукеркі па ўласных аўтарскіх рэцэптах. Галоўнай гераіняй сучаснага дзейства стала Цукерка, якая праводзіць вясёлыя конкурсы і эстафеты, загадвае загадкі. Госці зазірнуць у краіну ласункаў і пачастуюцца мясцовымі прысмакамі, прыгатаванымі па старажытным сямейным рэцэпце, які захаваўся з 1937 года.
Калі: 18 мая
Дзе: аг. Паляцкішкі, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Фестываль духоўнай і патрыятычнай музыкі і песні праводзіцца ў гонар святкавання з'яўлення абраза Маці Божай Жыровіцкай – апякункі Беларусі. У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбудуцца традыцыйнае ўрачыстае богаслужэнне і Хрэсны ход. У другой палавіне дня адкрыецца фестываль, у якім прымуць удзел харавыя калектывы, вакальныя ансамблі і сольныя выканаўцы з розных куткоў Беларусі. Гасцей духоўнага фестывалю-2025 чакаюць майстар-класы рамеснікаў, выстава народнай творчасці і прадукцыі манастырскіх падворкаў, акунанне ў купелі, частаванне гаючай вадой са святой крыніцы.
Калі: 20 мая
Дзе: аг. Жыровічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Фінальны паядынак 34-га па ліку розыгрышу Кубка Беларусі збярэкаля 8,5 тысячы гледачоў на трыбунах гродзенскага ЦСК "Нёман". Зусім хутка вызначацца і каманды-ўдзельніцы вырашальнай сустрэчы. На гэты час барацьбу за галоўны трафей краіны прадаўжаюць чатыры паўфіналісты: у першай гульні гродзенскі "Нёман" у дамашнім матчы разграміў футбалістаў "Віцебска" (3:0), а жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" і "МЛ Віцебск" разышліся мірам (0:0). Чакаецца, што паядынкі ў адказ за выхад у фінал адбудуцца 7 і 8 мая. Дарэчы, Гродна другі раз стане гаспадаром фінальнага матчу Кубка Беларусі: у 2017 годзе футбалісты брэсцкага "Дынама" заваявалі трафей, перамогшы ў серыі пасляматчавых пенальці салігорскі "Шахцёр".
Калі: 24 мая
Дзе: ЦСК "Нёман", вул. Камунальная, 3, Гродна
Даведацца больш
Соф'я Гальшанская – беларуская князёўна, чацвёртая жонка караля і князя Ягайлы, якая стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў, праўленне якой доўжылася амаль 200 гадоў. Ідэя аднавіць "Вечары ў Соф'і Гальшанскай" з'явілася пасля завяршэння рэстаўрацыі Гальшанскага замка ў 2021 годзе, і з таго часу госці Паўночнай вежы штогод акунаюцца ў атмасферу сярэдневяковых забаў, грацыёзных убораў, містычных гісторый і легенд. Кожны раз гаспадыня падносіць сюрпрызы: вогненныя шоу, выступленні артыстаў і калектываў, шоу пяючых келіхаў, сустрэчы з катрыншчыкамі, ажыўшымі статуямі… Фестываль суправаджаецца сярэдневяковай музыкай, танцавальнымі майстар-класамі, рыцарскімі забавамі, пацешнымі баямі, спаборніцтвамі лучнікаў…
Калі: 24 мая
Дзе: аг. Гальшаны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць
Бярэзінскі біясферны запаведнік – прыродная жамчужына Беларусі, адна з найстарэйшых прыродаахоўных тэрыторый самага высокага рангу ў нашай краіне. Удзельнікі тэматычнага майскага туру азнаёмяцца з птушкамі на экскурсіі ў Музеі прыроды, а затым у суправаджэнні арнітолагаў адправяцца на познюю прагулку па наваколлі цэнтральнай сядзібы запаведніка ў вёсцы Домжарыцы. У час "Салаўінай ночы" госці даведаюцца пра цікавыя факты аб салаўях, атрымаюць асалоду ад іх спеваў і, магчыма, убачаць гэтых дзіўных "выканаўцаў" у дзікай прыродзе. На наступны дзень удзельнікі адправяцца ў "Школу бёрдынгу", дзе будуць вучыцца навыкам вызначэння птушак па знешнім выглядзе і па голасе.
Калі: 25-26 мая
Дзе: Бярэзінскі біясферны запаведнік, Лепельскі раён, Віцебская вобласць
У новым сезоне "Шоу аркестраў", які дэбютаваў у лютым мінулага года, на суд публікі прадставяць праграму, прысвечаную танцам свету і музыцы кіно. Фармат вечара застаецца ранейшым: адначасова на сцэне Вялікай залы сталічнай Філармоніі выступяць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча і Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Высоцкага.
Калі: 28 мая
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск
Штогадовы фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" збярэ ў Клімавічах сотні талентаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. У рамках форуму, які прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, юныя таленты будуць спаборнічаць за ўзнагароды ў вакальным майстэрстве (эстраднае, народнае), харэаграфічным (сучасны, народна-сцэнічны, народна-стылізаваны танец) і выяўленчым (жывапіс і графіка). Свята ахопіць увесь горад: госці стануць удзельнікамі вулічных міні-паказаў, зазірнуць на каларытныя народныя падворкі, а таксама асвояць старажытныя рамёствы беларусаў і, вядома, пакаштуюць стравы нацыянальнай кухні.
Калі: 29 мая – 1 чэрвеня
Дзе: Клімавічы, Магілёўская вобласць
"Ноч пажыральнікаў рэкламы" – гэта захапляючае шоу, якое ўяўляе сабой паказ лепшых рэкламных ролікаў за год, адабраных па законах драматургіі, што дэманструюцца на вялікім экране да світання. Праграма падзелена на некалькі сегментаў з аб'яднальнай ідэяй ад калекцыянера-знаўцы сусветнай рэкламы Жана Мары Бурсіко. Дзякуючы яго намаганням рэклама паўстае як самастойная форма крэатыўнага кантэнту, поўная ідэй, інсайтаў і мастацкіх шэдэўраў. Кожная "Ноч" становіцца выказваннем, за якім стаяць дзясяткі аўтараў і сам майстар, які па-майстэрску выкладае гэту ўнікальную мазаіку.
Калі: 30 мая, 22.00
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск
"Аўгустоўскі канал запрашае сяброў" на адкрыццё летняга турыстычнага сезона-2025, а гэта значыць, што гасцей зноў чакае незабыўная забаўляльная праграма. Пачнецца фэст шэсцем з удзелам творчых калектываў Гродзенскага раёна і канцэртам народных ансамбляў, разгорнуць свае падворкі мясцовыя дамы культуры. Арганізатары абяцаюць, што ў 2025-м будзе яшчэ ярчэй, весялей і эфектней, чым папярэднія гады! Запланаваны экскурсійныя праграмы па маляўнічых мясцінах з наведваннем музея канала, падарожжа па водным маршруце, займальныя майстар-класы па ганчарнай справе, саломапляценні, вышыўцы, размалёўцы.
Калі: 31 мая
Дзе: Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка, Гродзенскі раён
Фестываль сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава", названы ў гонар князя-заснавальніка горада, існуе з 2011 года, і за гэты час стаў візітнай карткай браслаўскага краю. Галоўныя падзеі мерапрыемства разгорнуцца на Замкавай гары. Госці ўбачаць паказальныя выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, навучацца здабываць жывы агонь, атрымаюць асалоду ад выступленняў фальклорных музыкантаў і ансамбляў, вулічных тэатраў, пакаштуюць сярэдневяковыя стравы беларускай кухні.
Калі: 31 мая
Дзе: Браслаў, Віцебская вобласць