Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Jun 2019

Каляндар падзей у Беларусі: ліпень 2019

Міжнародны фестываль пясчаных скульптур у Мінску

Тайны свету багоў, духаў і фантастычных герояў прадстаўляюць удзельнікі 4-га фестывалю пясчаных скульптур – 10 знакамітых майстроў з Беларусі і Расіі. У экспазіцыю пад адкрытым небам увайшло шмат незвычайных персанажаў. Сярод іх, напрыклад, легендарны цмок і грозны бог-грамавержац Пярун. Ёсць тут нават Расамаха і Жалезны чалавек, якія ў беларускай міфалогіі былі вядомы задоўга да папулярных блокбастараў і коміксаў…

Калі: 1 мая – 15 верасня
Дзе: парк забаў Dreamland, Мінск, вул. Арлоўская, 80

Музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе

Новы турыстычны сезон стартаваў у мінскім Верхнім горадзе яшчэ ў пачатку мая, і кожную суботу да кастрычніка будзе радаваць гасцей яркімі падзеямі. У праграме-2019 – тэатральныя паказы ад праекта "No stage / Без сцэны", фестываль вулічнай музыкі "Месца пад сонцам", музычная "Пешаходка", фестываль-кірмаш "Вясновы букет", тэматычная праграма "Гукі вуліц", танцавальныя пастаноўкі, майстар-класы, кінапаказы, аркестравыя сіесты і, вядома, вечары класічнай і джазавай музыкі... Акрамя таго, у час II Еўрапейскіх гульняў у Верхнім горадзе будзе шумна не толькі па выхадных: кожны будны дзень з 24 па 28 чэрвеня для жыхароў сталіцы і гасцей, спартсменаў і балельшчыкаў будуць праходзіць канцэрты маладзёжных груп, творчых калектываў і вулічных музыкантаў.

Калі: з 4 мая
Дзе: Мінск, Верхні горад, плошча Свабоды
Даведацца падрабязней

Святы нацыянальных культур у мінскім Верхнім горадзе

У дні летняга турыстычнага сезона мінскі Верхні горад, без перабольшання, становіцца самым мультынацыянальным кварталам сталіцы. Першымі марафон фестываляў культур і традыцый краін свету адкрылі самі гаспадары-беларусы – 25 мая гасцей сабраў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш "Вясновы букет". А ўжо 1 чэрвеня на тэрыторыі гістарычнага цэнтра стартуюць нацыянальныя святы замежных гасцей і дыяспар. Адкрыюць летнюю праграму шведы: хэдлайнерамі вялікага фэсту ля ратушы стануць пераможца "Еўрабачання" -2012 Ларын і знакаміты інды-музыкант Енс Лекман.

1 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Швецыі
8 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Расіі
15 чэрвеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Польшчы
23 чэрвеня (НД), 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Вялікабрытаніі
13 ліпеня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Італіі
3 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Карэі
10 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Эстоніі
17 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Украіны
24 жніўня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Грузіі (Тбілісоба)
31 жніўня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Арменіі
7 верасня, 13:00–17:00, 20:30–23:00 – Дзень культуры Азербайджана
8 верасня (НД), 12:00–17:00 – Дзень культуры Малдовы
21 верасня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Грэцыі
22 верасня (НД), 12:00–17:00 – Дзень культуры Ізраіля
28 верасня, 13:00–17:00 – Дзень культуры Кітая

Дзе: Мінск, Верхні горад

Новая праграма "Парад але-але-але!"у Белдзяржцырку

Летні сезон у Белдзяржцырку стартуе "Парадам але-але-але!", у якім прымуць удзел артысты Маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна на Цвятным бульвары. Візітная картка шоу – калейдаскоп жанраў, выдатная дрэсура і клаўнада. Гледачоў чакае захапляльны паказ: эквілібрысты, акрабатычная пара, паветраны гімнаст з мячом, сабачкі на скейтах і веласіпедах... Сапраўдным сюрпрызам для публікі стане нумар "Вяселле" з акрабатамі на дарожцы, а таксама цудоўнае выступленне маладой артысткі, якая пройдзе па канаце на пуантах. А ў фінале шоу на манежы з'явяцца белыя тыгры ў суправаджэнні знакамітага дрэсіроўшчыка Сяргея Несцерава.

Калі: 14 чэрвеня – 11 жніўня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк
Даведацца падрабязней

Казімір Малевіч і XXI стагоддзе

Выстава "Казімір Малевіч і XXI стагоддзе" ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прысвечана ўзаемадзеянню народнага і сучаснага мастацтва Беларусі. Галоўным акцэнтам экспазіцыі стане палатно, як мяркуецца, пэндзля Казіміра Малевіча – "Чалавек з лапатай". Абрамляюць карціну жывапіс і графіка 57 беларускіх мастакоў, якія развіваюць традыцыі школы знакамітага авангардыста, – Аляксандра Салаўёва, Аляксандра Дасужава, Сяргея Кірушчанкі, Аляксандра Малея, Анатоля Кузняцова, Віктара Шылко, Зоі Літвінавай, Віталя Чарнабрысава, Сяргея і Эвяліны Крыштаповічаў, Барыса і Івана Семілетавых, Леаніда Хобатава....

Народнае мастацтва прадстаўлена экспанатамі Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук: нацыянальнымі касцюмамі, гаршчкамі, вырабамі з дрэва і іншымі прадметамі побыту.

Калі: 14 чэрвеня – 1 верасня
Дзе: НЦСМ на Незалежнасці
Мінск, пр. Незалежнасці, 47

Выстава "Эмі Уайнхаус: Сямейны партрэт"

Выстава Яўрэйскага музея Лондана Amy Winehouse: А Family Portrait прысвечана культавай спявачцы, чыё імя шэсць разоў гучала ў час уручэння "Грэмі". Акрамя статуэтак знакамітай музычнай прэміі, гітар і пласцінак Эмі Уайнхаус, у экспазіцыю ўвайшлі асабістыя рэчы і калекцыя сямейных здымкаў спявачкі. Выстава ў Мінску стане сапраўды ўнікальнай падзеяй, бо гэта будзе першы і адзіны яе паказ на тэрыторыі СНД, а пасля завяршэння экспазіцыю расфарміруюць і вернуць экспанаты сям'і Эмі і іншым уладальнікам. Невыпадкова выбраны і горад, дзе пройдзе мерапрыемства: прапрадзед брытанскай спявачкі пераехаў з Мінска ў Лондан у 1890 годзе.

Калі: 15 чэрвеня – 31 жніўня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Мінск, пл. Свабоды, 15

Фестывальная зона II Еўрапейскіх гульняў

Фестывальная зона II Еўрапейскіх гульняў прадоўжыць сваю работу і пасля закрыцця маштабнага спартыўнага форуму. 1 ліпеня гасцей парка забаў "Дрымлэнд" чакае рэлакс-дзень, у праграме якога – аднаўленне сіл з дапамогай хатха-, аштанга-ёгі і ёгі "Разумнае цела", а таксама карысны wellness-коўчынг – гід па здаровым ладзе жыцця і атрыманні гармоніі з самім сабой. 2 ліпеня Фестывальная зона ператворыцца ў сапраўдны баксёрскі рынг, на які выйдуць спартсмены, што прымалі ўдзел у Гульнях, а таксама атлеты з Літвы і Беларусі. Акрамя таго, у "Дрымлэндзе" гасцей чакаюць зоны актывацый, прысвечаныя мастацтву, нацыянальным традыцыям, спорту і актыўным забавам, камп'ютарным гульням і віртуальнай рэальнасці, пляцоўка для дзяцей і фуд-корт.

Калі: 1–2 ліпеня
Дзе: Парк забаў "Дрымлэнд"
Мінск, вул. Арлоўская, 80

MuzzicLeto ў Батанічным садзе

Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі 3 ліпеня запрашае на рэлакс-вечар – свята цвіцення руж. У садзе прагучаць вальсы, полькі і маршы Іагана Штрауса ў выкананні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Сасноўскага. Акрамя таго, для наведвальнікаў правядуць экскурсію па дэкаратыўнай калекцыі руж, а таксама майстар-клас па доглядзе гэтых раслін.

Калі: 3 ліпеня
Дзе: Мінск, Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі

Фестываль "Баграціён"

У гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на "Лініі Сталіна" адбудзецца XIII фестываль "Баграціён". Традыцыйна мерапрыемства праходзіць у фармаце ваенна-гістарычнай рэканструкцыі падзей 28 чэрвеня 1944 года – аднаго з дзён маштабнай наступальнай аперацыі, у ходзе якой была вызвалена БССР і амаль цалкам разгромлена нямецкая група армій "Цэнтр". У фестывалі прымуць удзел рэканструктары не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Славакіі, Чэхіі і Польшчы – усяго больш за 200 чалавек. Гледачы ўбачаць рарытэтную ваенную тэхніку – Т-34-76, Су-76М, ГАЗ-67, ЗІС-3, а таксама рэплікі нямецкіх танкаў Panzer III і Panzer 38 (t). У зонах актыўнасцей размесцяцца школа артылерыста і пляцоўка перашкод "Сцежка разведчыка".

Калі: 3 ліпеня
Дзе: Мінскі раён, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна"

Джазавыя вечары ля Мінскай ратушы

Любімае месца сталічных меламанаў – пляцоўка ля мінскай ратушы – зноў напоўніцца гукамі музыкі. У першую суботу ліпеня гасцей Верхняга горада чакаюць джазавыя рытмы ў выкананні амерыканскага музыканта ў чацвёртым пакаленні, не раз прызнанага лепшым джазавым арганістам і віртуозам вакалу – Joey DeFrancesco. Прадоўжыць музычны вечар сямейны джазавы дуэт з ЗША The Baylor Project.

Калі: 6 ліпеня
Дзе: Мінск, Верхні горад

Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў"

Галоўнай тэмай Купалля ў Александрыі стане трохгоддзе малой радзімы. На працягу двух дзён – 6 і 7 ліпеня – на беразе Дняпра будуць праходзіць народныя гулянні. Удзельнікі з 7 краін – Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы – выступяць на сцэне і пакажуць майстэрства на выстаўцы-кірмашы.

Для гасцей свята будуць абсталяваны забаўляльныя пляцоўкі: "Творчасць маладых" з музычна-гульнявой праграмай "Казка пра чароўную кветку", канцэртамі маладзёжных калектываў і квестамі; зона цыркавых выступленняў; варкаўт-лакацыя; атракцыёны для самых юных наведвальнікаў Купалля.

У насычанай праграме фестывалю – "Свята квасу" з прэзентацыяй брэндавага напітку, прыгатаванага па ўнікальным рэцэпце, "Кніжны кірмаш" і "Друкарскі двор", канцэрты і дыскатэкі.

Маштабным шоу на Купалле ў Александрыі стане гала-канцэрт "Зроблена ў Беларусі", які завершыцца маляўнічым феерверкам.

Калі: 6–7 ліпеня
Дзе: Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён, аграгарадок Александрыя
Даведацца падрабязней

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

Візітная картка ВіцебскаСлавянскі базар – падрыхтаваў для гасцей фестывалю-2019 нямала сюрпрызаў. У іх ліку – бязвізавы рэжым з 1 па 20 ліпеня, што будзе дзейнічаць для замежных наведвальнікаў, якія набылі білет на адно з мерапрыемстваў свята мастацтваў. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця пройдуць у Летнім амфітэатры 11 ліпеня, аднак фестывальнае жыццё закіпіць у Віцебску за некалькі дзён да афіцыйнага старту. Традыцыйна ў горад прыбудуць зорныя госці, у ліку якіх Тамара Гвердцытэлі, Сафія Ратару, "Кіпелаў", "Сурганава і аркестр", Аляксандр Панаётаў, Стас Міхайлаў, Валерый Лявонцьеў, Надзея Кадышава і ансамбль "Залатое кальцо", шоу-балет Алы Духавай Todes.

У праграме марафону мастацтваў – XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2019", XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019", "Тэатральныя сустрэчы", вулічны фэст "На сямі вятрах", лялечны квартал, вечары ў Віцебскай абласной філармоніі. Упершыню ў Віцебску пройдзе міжнародны танцавальны батл Dream Dance Fest, а таксама вялікі опэн-эйр на плошчы Перамогі з удзелам груп NaviBand, "Без білета" і "J:Морс". Яшчэ адной навінкай стане лядовае шоу "Лебядзінае возера" ў выкананні прафесійнага класічнага балета на лёдзе з Санкт-Пецярбурга.

Калі: 8–17 ліпеня
Дзе: Віцебск
Даведацца падрабязней

Фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Мір-1812"

Рэканструкцыя кавалерыйскай бітвы 1812 года паміж рускай і напалеонаўскай арміямі пройдзе 13–14 ліпеня ў Міры. У рамках фестывалю будзе працаваць французскі дворык, а таксама кірмаш вырабаў ручной работы і забаўляльная пляцоўка для дзяцей.

Калі: 13–14 ліпеня
Дзе: Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір

Bring Me The Horizon у Мінску

Група Bring Me The Horizon прывязе ў сталіцу свой шосты студыйны альбом Amo. Сам дыск выйшаў у студзені 2019-га і, мяркуючы па сінглах Mantra і Wonderful Life, будзе не менш паспяховы, чым папярэднія работы. Адрэналінавую сумесь метала, альтэрнатыўнага рока і электроннай музыкі мінчане змогуць пачуць 14 ліпеня на "Чыжоўка-Арэне".

Калі: 14 ліпеня
Дзе: Мінск, вул. Ташкенцкая, 19-2, "Чыжоўка-Арэна"

"У-лётны фэст"-2019

Назва фестывалю гаворыць сама за сябе: "У-лётны фэст" будзе прысвечаны авіяцыі і рамантыцы паветраных палётаў. Арганізатары свята запрашаюць палятаць на "прадзедушцы" вінтакрылых машын – аўтажыры, атрымаць прыліў адрэналіну ў адкрытай кабіне мотадэльтаплана або пабываць у карзіне паветранага шара на вышыні птушынага палёту…

Калі: 14–15 ліпеня
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Thirty Seconds To Mars у Мінску

Акцёр і харызматычны фронтмен Джарэд Лета разам са сваёй групай Thirty Seconds To Mars прадставяць Мінску новы альбом America. Пласцінка паспела ўжо дэбютаваць у хіт-парадзе "Білборд" і заняць у ім другі радок, а таксама званне самага разнастайнага ў гісторыі групы альбома. Акрамя таго, на канцэрце выступіць беларуская рок-група Nizkiz.

Калі: 15 ліпеня
Дзе: Мінск, вул. Ташкенцкая, 19-2, "Чыжоўка-Арэна"

"Наш Грунвальд"-2019

Фестываль-рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы пройдзе 19-21 ліпеня ў "Дудутках". Наведвальнікі ўбачаць сярэдневяковыя бітвы, бугурты (масавыя бітвы), конныя турніры і турніры лучнікаў, штурм "замка", а таксама змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах і атрымаць асалоду ад якаснай музыкі. Дарэчы, музычная праграма заяўлена арганізатарамі як асобны опэн-эйр і пройдзе пад слоганам "Баляванне пасля бітвы".

Калі: 19–21 ліпеня
Дзе: Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Музейны комплекс "Дудуткі"

Веласіпедны марафон "Суседзі-2019"

Марафон "Суседзі-2019" на Аўгустоўскім канале запрашае палюбавацца маляўнічымі краявідамі знакамітага воднага шляху Гродзеншчыны ў час велапрагулкі. У бягучым годзе да міні-марафону (7 км) і паўмарафону (40 км) прыбавілася яшчэ адна дыстанцыя – фіт-марафон (23 км), які будзе пад сілу адолець як прафесіяналам, так і аматарам веласпорту. Акрамя таго, у праграме запланаваны дзіцячыя заезды. Умовы ўдзелу ў "Суседзях" простыя – неабходна толькі наяўнасць веласіпеда і шлема.

Калі: 20 ліпеня
Дзе: Гродзенскі раён, Аўгустоўскі канал, шлюз "Дамброўка"

Класіка ля ратушы з velcom | A1

Фестываль класічнай музыкі ад velcom | A1 у бягучым годзе святкуе 5-гадовы юбілей, у гонар чаго фармат мерапрыемства значна пашырыўся. Канцэрты пройдуць не толькі ў Мінску, але і ў трох абласных цэнтрах – Гродне (ансамбль "Мінск-Класік"), Гомелі і Брэсце (Art Music Orchestra). У сталіцы выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь (20 ліпеня) і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча (27 ліпеня).

Калі, дзе:
20 і 27 ліпеня, 3, 10, 17, 31 жніўня – Мінск, Верхні горад
3 ліпеня – Гомель, сцэна на пл. Леніна
3 ліпеня – Гродна, сцэна ў парку Жылібера
28 ліпеня – Брэст, сцэна на пл. Леніна

Viva Braslav Open Air 2019

Арганізатары называюць гэты фестываль галоўным музычным уік-эндам паўночнага захаду краіны, а пастаянныя наведвальнікі ўжо ахрысцілі яго "беларускай Ібіцай". Опэн-эйр традыцыйна праходзіць на беразе маляўнічага возера Дрывяты. Некалькі сцэн, буйнейшы ў краіне кемпінг, конкурсы, забаўляльная праграма і выступленні хэдлайнераў – GRUPPA SKRYPTONITE, W&W, Ляпіс 98, T-Fest, Ціма Беларускіх – і многае іншае чакае наведвальнікаў Viva Braslav Open Air 2019.

Калі: 26–27 ліпеня
Дзе: Віцебская вобласць, г. Браслаў

"Біг-Міні-фестываль вулічнага мастацтва" ў Гродне

Фестываль вулічнага мастацтва ў Гродне збярэ мноства артыстаў арыгінальных жанраў з Беларусі, Польшчы, Расіі і Літвы. Стары горад стане вялікай святочнай пляцоўкай, дзе выступяць музыканты, мастакі, акцёры і майстры фаер-шоу.

Калі: 27 ліпеня
Дзе: Гродна

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі