Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Врс 2018

Каляндар падзей у Беларусі: кастрычнік 2018

Месяц фатаграфіі ў Мінску

Праект, прысвечаны мастацтву фатаграфіі, праводзіцца пяты раз ужо і, нягледзячы на назву, геаграфія яго пляцовак ахоплівае акрамя Мінску яшчэ Брэст і Гродна. Акрамя 18 экспазіцый ад фотамастакоў з 10 краін, арганізатары абяцаюць лекцыі, майстар-класы і дыскусіі з удзелам фатографаў і куратараў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Расіі і Францыі. Юбілейны "Месяц фатаграфіі" абяцае разнастайнасць тэм і канцэпцый для роздуму – пачынаючы ад вясельных традыцый Кітая 1985–2005 (Томас Савін) да партрэтаў індзейцаў і здымкаў Дзікага Захаду ад Эдварда Кёрціса.

Калі: 6 верасня – 6 кастрычніка
Дзе: арт-пляцоўкі Мінска, Брэста, Гродна

Футбольныя матчы Лігі нацый УЕФА-2018 у Мінску

Мінскі стадыён "Дынама", які адкрыўся ў чэрвені пасля маштабнай рэканструкцыі, упершыню прыме матчы новага міжнароднага футбольнага турніру сярод зборных Еўропы – Лігі нацый УЕФА, які, як плануецца, заменіць большую частку таварыскіх матчаў і забяспечыць для многіх каманд пуцёўку на Еўра-2020. Згодна з вынікамі жараб'ёўкі, якая адбылася ў студзені ў швейцарскай Лазане, зборная Беларусі апынулася ў лізе D. Першы круг паядынкаў за галоўны трафей прэстыжнага турніру – Кубак Лігі нацый – нашы футбалісты правядуць на дамашняй арэне: 8 верасня адбудзецца матч супраць зборнай Сан-Марына, а 12 і 15 кастрычніка – з камандамі Малдовы і Люксембурга. Паводле слоў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Ігара Крывушэнкі, каманда настроена на вынік і разлічвае ўзяць рэванш у маючым адбыцца матчы са зборнай Люксембурга.

Калі: 8 верасня, 12 кастрычніка, 15 кастрычніка
Дзе: г. Мінск, стадыён "Дынама"

Вялікі Венгерскі цырк у Гомелі

Хуткія і грацыёзныя коні, пярэстыя зебры, павольныя вярблюды, вялізны слон, пацешны бегемот і мілыя ламы – праграма "Вялікага Венгерскага цырка" абяцае мноства экзатычных артыстаў. Адметнасцю шоу стане захапляючы нумар з адначасовым жангліраваннем рукамі і нагамі "Антыпод". Пад купалам цырка адбудзецца не менш грандыёзны паказ – артысты прадэманструюць цуды акрабатыкі і гібкасці. А падтрымліваць атмасферу чароўных цыркавых паказаў сваімі гарэзлівымі выхадкамі будуць любімцы публікі – клоўны.

Калі: 15 верасня – 14 кастрычніка
Дзе: Гомель, Гомельскі дзяржаўны цырк

VIII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"

"Разгерметызацыя" – такі слоган аднаго з буйнейшых тэатральных форумаў краіны. У афішы восьмага па ліку "ТЭАРТа" – міжнародная праграма з 9 спектакляў, шоукейс Belarus Open, які дэманструе 10 лепшых беларускіх пастановак і "Школа ТЭАРТа", на якой навучаць "чуць, бачыць і гаварыць". На падмостках беларускіх тэатраў выступяць артысты з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Бельгіі, Францыі, Фінляндыі, В'етнама і Рэспублікі Карэя.

Калі: 20 верасня – 16 кастрычніка
Дзе: г. Мінск

Міжнародная выстаўка "Беларусь і Біблія"

Выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету –  помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не дэманстраваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прадстаўлены на выстаўцы "Беларусь і Біблія" ў Нацыянальнай бібліятэцы. Каштоўныя рарытэты з Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, Карэі, узрост якіх дасягае 5 тысяч гадоў, упершыню сабраны ў адной экспазіцыі. Ганаровае месца ў выстаўцы займаюць беларускія экспанаты: рукапісныя Торы, Евангеллі, Апосталы XVІ-XXІ стагоддзяў, выданні беларускага першадрукара Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Свяшчэннага Пісання лепшымі майстрамі XVІ-XXІ стагоддзяў.

Калі: 20 верасня – 21 кастрычніка
Дзе: Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Фестываль "Японская восень"-2018 у Беларусі

Асенняе свята японскай культуры шосты раз аб'яднае паклоннікаў культуры Краіны ўзыходзячага сонца і прапануе разнастайную праграму: лекцыі і майстар-класы, канцэрты і літаратурна-музычныя вечары, чайныя прэзентацыі, спартыўныя спаборніцтвы па ўсходніх адзінаборствах і сямейныя квэст-эстафеты... Адкрые фестываль выстава "Фотавобразы і матэрыялы: японская графіка 1970-х гадоў" у Нацыянальным мастацкім музеі: агляд галоўных тэндэнцый таго часу прадставяць 14 сучасных японскіх мастакоў. У бягучым годзе арганізатары запрашаюць азнаёміцца з класікай японскага кінематографа, адпрацаваць пару баявых прыёмаў на майстар-класах па айкідо і каратэ, асвоіць азы ігры на бамбукавай флейце сякухаці, спасцігнуць вытанчанасць ліній суміэ (жывапіс тушшу), навучыцца лёгкасці папяровага мастацтва арыгамі і нават раскрыць некаторыя сакрэты аранжыроўкі кветак (ікебана).

Калі: 20 верасня – 29 лістапада
Дзе: Мінск, Барысаў, Гродна, Віцебск, Магілёў, Гомель

Выстава "Майстры Манпарнаса з беларускіх мястэчак"

Марк Шагал, Шрага Царфін, Восіп Любіч, Роберт Генін, Яўген Зак, Пінхус Крэмень, Восіп Цадкін, Міхаіл Кікоін – гэта імёны выдатных мастакоў – ураджэнцаў Беларусі, якія атрымалі вядомасць у ХХ стагоддзі і ўвайшлі ў склад знакамітай Парыжскай школы. Ужо на працягу стагоддзя, пачынаючы з Першай сусветнай вайны, іх работамі цікавяцца багатыя калекцыянеры, дзякуючы якім таленавітыя насельнікі Манпарнаса – паўднёвай ускраіны Парыжа – нарэшце, змаглі не толькі прадаць свае работы, але і ўвайсці ў гісторыю як выдатныя майстры жывапісу ў такіх напрамках мадэрнізму, як фавізм, кубізм і экспрэсіянізм. У новай экспазіцыі гістарычнага музея прадстаўлена 100 твораў, датаваных 1915–1970 гадамі, аўтарства знакамітых мастакоў – ураджэнцаў нашай краіны. Акрамя таго, у рамках выставы адбудуцца лекцыі даследчыкаў Парыжскай школы і прагляды дакументальных фільмаў пра мастакоў.

Калі: 21 верасня – 14 кастрычніка
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі

Тыдні Германіі ў Беларусі

Пятнаццаты раз краіна прымае тыдні нямецкай культуры. У 11 гарадах Беларусі пройдуць канцэрты – ад класікі да рока, а ў сталіцы ўпершыню прагучыць фестываль XJAZZ. Кінапаказы на мове арыгінала з субцітрамі, кароткаметражныя фільмы і дакументалістыка парадуюць аматараў сінематографа. Абавязковая праграма – пачастункі. Нацыянальныя стравы будуць не толькі прапаноўваць прадэгуставаць, але і навучыць іх гатаваць: на майстар-класах пакажуць, як самастойна стварыць шэдэўр баварскай кухні. Акрамя таго, запланавана канферэнцыя па аднаўляльнай энергетыцы, Мінскі ўрбаністычны форум, тэматычныя фотавыстаўкі, лекцыі, сустрэчы і дыскусіі з германскімі дзеячамі культуры і мастацтва.

Калі: 23 верасня – 18 лістапада
Дзе: Мінск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Маладзечна, Пінск і Полацк
Даведацца падрабязней

Міжнародны дзень музыкі ў Белдзяржфілармоніі

Міжнародны дзень музыкі, які традыцыйна адзначаецца 1 кастрычніка, адкрывае цыкл канцэртаў "Класіка для ўсіх" у Белдзяржфілармоніі ў выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Першай у праграме вечара прагучыць уверцюра Вячаслава Кузняцова, на стварэнне якой майстра натхнілі беларускія канты і майстэрства музыкантаў аркестра. Прадоўжыць святочную эстафету сімфанічная класіка – сюіта "Шэхеразада", знакамітая спалучэннем гарачых усходніх рытмаў і чароўнай экзотыкі любоўных тамленняў, і паэма Чайкоўскага "Франчэска Да Рыміні", якая з самага першага выканання ў 1876 годзе палюбілася паклоннікам класікі і ўвайшла ў праграму вядучых аркестраў усяго свету. А на заканчэнне вечара слухачоў чакае сюрпрыз: салісткі Ірына Крыкунова і Наталля Руднева прадставяць сцэну пісьма Таццяны з оперы Чайкоўскага "Яўген Анегін".

Калі: 1 кастрычніка
Дзе: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія

Гастролі тэатра на Малой Броннай у Мінску: спектакль "Сірано дэ Бержэрак"

Маскоўскі драматычны тэатр на Малой Броннай пакажа на мінскай сцэне рамантычную драму "Сірано дэ Бержэрак" у пастаноўцы рэжысёра Паўла Сафонава паводле аднайменнай п'есы французскага драматурга і паэта Эдмона Растана. Цікава, што спектакль у прэм'ерным сезоне 2014/2015 намініраваўся на прэстыжную прэмію "Зорка Тэатрала" як лепшы спектакль года. Згодна з рэжысёрскай задумай, мінімалістычная сцэнаграфія Марыуса Яцоўскіса акуне гледачоў у свет творчасці, які існуе па-за часам, дзе дзякуючы людзям на сцэне абнаўляецца прастора, а прадметы мяняюць сваё прызначэнне. Галоўныя ролі – Сірано і Раксаны – выканаюць зорныя акцёры Вольга Ламаносава і Рыгор Анціпенка, якія сталі папулярнымі пасля расійскага тэлесерыяла "Не нарадзіся прыгожай". Асаблівым персанажам з'яўляецца музыка Фаўстаса Латэнаса, якая адклікаецца толькі на рэплікі і настрой герояў…

Калі: 1–2 кастрычніка
Дзе: Мінск, Цэнтральны дом афіцэраў

Арт-праект "Асенні салон з Белгазпрамбанкам" у Мінску

Ужо чацвёрты па ліку сезон адкрые буйнейшая выстава выяўленчага мастацтва Беларусі, створаная па аналогіі з легендарнымі Парыжскімі салонамі, якія штогод збіраюць на Елісейскіх палях самых таленавітых тварцоў нашага часу. "Асенні салон" усяго за некалькі гадоў стаў пляцоўкай для прэзентацыі тэндэнцый сучаснага беларускага мастацтва. А дзякуючы адукацыйнай праграме (лекцыі, творчыя сустрэчы, майстар-класы, інтэрактыўныя экскурсіі, квэсты, заняткі з дзецьмі) ён набыў шырокую папулярнасць: у мінулым годзе выставу ў Палацы мастацтва наведалі каля 10 тысяч чалавек, і гэта далёка не мяжа! Дарэчы, гэты год стаў рэкордным па колькасці пададзеных заявак на ўдзел у мінскай выставе-продажы. Плануецца, што эксклюзіўны арт-праект аб'яднае 124 маладых мастакоў, адабраных прафесійным журы з больш як 450 прэтэндэнтаў з усёй краіны.

Калі: 5 кастрычніка – 4 лістапада
Дзе: Мінск, Палац мастацтва, галерэя "Арт-Беларусь"

"Рускі балет. Гісторыі Ілзе Ліепа" ў Вялікім тэатры Беларусі

Вечар з народнай артысткай Расіі Ілзе Ліепа ў Вялікім абяцае знатакам балетнага мастацтва шэдэўры сусветнай харэаграфіі ад вядучых артыстаў тэатраў Масквы і Санкт-Пецярбурга. Праграма вечара складаецца з перапляцення сюжэтаў – ад жамчужын мастацтва (па-дэ-дэ з балета "Спячая прыгажуня", дуэт з балета "Кармэн-сюіта", па-дэ-дэ з балетаў "Сільфіда", "Дон Кіхот") да гісторый з жыцця знакамітай балерыны, якая вырасла ў доме, дзе ўсё было звязана са светам танца.

Калі: 6 кастрычніка
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета

XIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ў Мінску

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета зноў запрашае на сустрэчу з шэдэўрамі сусветнай класікі ў выкананні лепшых сучасных вакалістаў і музыкантаў. Адкрыецца форум канцэртам уладальнікаў прэміі "Грэмі" – камернага ансамбля "Салісты Масквы" пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета. Адметнасцю вечара стане сусветная прэм'ера канцэрта для альта і фартэпіяна з аркестрам "Ландшафты знікаючай памяці (майстра Арнольта Шліка)", прысвечанага Юрыю Башмету і Расціславу Крымеру ў выкананні саміх музыкантаў. Асаблівай увагі заслугоўвае музычна-тэатральная пастаноўка "Чорт, салдат і скрыпка", прысвечаная 100-годдзю вялікага кампазітара Ігара Стравінскага, галоўныя ролі ў якой выканаюць не акцёры, а вядомыя асобы нашага часу – Уладзімір Познер, Андрэй Макарэвіч і Дзмітрый Сіткавецкі. Яшчэ адным прыемным сюрпрызам для беларускай публікі стане выступленне шматразовага прызёра чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы лідара нацыянальнай каманды Кацярыны Галкінай на вечары міжнароднага камернага аркестра East-West Chamber Orchestra.

Калі: 7–20 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі, Беларуская дзяржаўная філармонія
Даведацца падрабязней

Выстава "Круг Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі" ў Магілёве

Яшчэ ў верасні пасля пяцігадовай рэстаўрацыі ў Магілёве адкрыўся мемарыяльны музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Першых наведвальнікаў ён сустрэў абноўленай экспазіцыяй, у якую ўвайшлі і знакамітыя эцюды майстра лірычнага пейзажа. Цяпер жа дзякуючы сумеснаму праекту Нацыянальнага мастацкага музея і Траццякоўскай галерэі тут можна ўбачыць больш за 20 твораў мастакоў з ліку сяброў, калег і саратнікаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Сярод шэдэўраў расійскай скарбніцы асаблівай увагі заслугоўваюць палотны "Над вечным спакоем" Ісаака Левітана, "Лютаўскі блакіт" Ігара Грабара, "Мужыкі" Аляксандра Маравава і іншыя. Аднак цэнтральнае месца ў экспазіцыі адведзена работам самога Бялыніцкага-Бірулі: тут прадстаўлены вучнёўская работа "З ваколіц Пяцігорска" і карціна "Зімовы сон", удастоеная бронзавага медаля ў 1911 годзе на Міжнароднай выставе ў Барселоне, а таксама пейзажы "Хмарны дзень" і "Квітнеючы сад".

Калі: 11 кастрычніка
Дзе: Магілёў, Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

Экстрэмальны бег: "Bison Race" ў Лагойску

Экстрэмальны бег з перашкодамі на тэрыторыі гарналыжнага комплексу "Лагойск" – гэта сапраўдныя "агонь, вада і медныя трубы" на працягу 12 кіламетраў. Траса ўключае ў сябе больш за 40 перашкод – халодная вада, драўляныя бар’еры, кантэйнеры з граззю, горы пластыкавых пакрышак, вулічныя рукаходы і нават палаючая трава. Сапраўднае трохдзённае "свята выжывання" для аматараў экстрыму, спартсменаў і ўсіх тых, хто даўно хацеў праверыць сябе на трываласць.

Калі: 12 – 14 кастрычніка
Дзе: Мінская вобласць, ГСАК "Лагойск"

Начны забег у Брэсце

У Брэсце актыўна развіваецца бегавы рух: пасля мясцовага паўмарафону аматары актыўнага ладу жыцця паспрабуюць свае сілы ў начным забегу, які, дарэчы, праводзіцца тут упершыню. Ад набярэжнай Францыска Скарыны да цэнтральных вуліц Брэста і назад – працягласць маршруту складзе 7,4 км. З 500 бегуноў выберуць лепшага не толькі ў спорце, але і ў арыгінальнасці – арганізатары абяцаюць каштоўны прыз для ўладальніка самага крэатыўнага адзення, якое будзе свяціцца. Для бяспекі ўдзельнікаў рух транспарту на месцах спаборніцтваў будзе абмежаваны.

Калі: 13 кастрычніка
Дзе: Брэст
Даведацца падрабязней

Вечар памяці Уладзіміра Высоцкага "Я, вядома, вярнуся"

Песні знакамітага барда ў выкананні Артура Федаровіча і Паўла Нарачанскага прагучаць пад акампанемент Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Праграма "Я, вядома, вярнуся" прысвечана 80-годдзю Уладзіміра Высоцкага – культавай персоны XX стагоддзя.

Калі: 18 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Максім Галкін у Мінску

Таленавіты гумарыст падрыхтаваў для мінскай публікі цэлы феерверк з ужо любімых пародый, гумарыстычных нумароў, песень, а таксама прэм'ер і нечаканых сюрпрызаў. Жывы іскрамётны гумар і душэўныя маналогі Максіма Галкіна парадуюць мінскую публіку 20 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі.
 
Калі:
20 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Тэатр кошак Куклачова ў Мінску: шоу "Клоўн і кошкі"

Маскоўскі тэатр кошак Юрыя Куклачова, які ў 1990-м упершыню адчыніў дзверы для маленькіх наведвальнікаў, да гэтага часу не мае аналагаў у свеце: і сапраўды, у якасці артыстаў у паказах прымаюць удзел выключна кошкі, і пры гэтым іх свабода нічым не абмежавана, больш таго, тут створаны ўсе ўмовы, каб максімальна раскрыць творчыя здольнасці яго пушыстых гадаванцаў. Цяпер творчую дынастыю прадаўжае сын вялікага артыста – заслужаны артыст Расіі Дзмітрый Куклачоў, які развівае справу свайго бацькі і гастралюе з новымі шоу па розных краінах. На гэты раз ён раскажа дзіўную гісторыю пра тое, як ішоў да сваёй запаветнай мары стаць вядомым артыстам у кэтс-шоу "Клоўн і кошкі!": новы спектакль пабудаваны на мностве відовішчных акрабатычных трукаў, а задзейнічаны ў ім як кошкі-цыркачы, так і сабакі, якія зладжана дзейнічаюць у камандзе са сваімі "вусатымі" напарніцамі.

Калі: 20–21 кастрычніка
Дзе: Мінск, Цэнтральны дом афіцэраў

BrainStorm у Мінску

Латвійскі калектыў BrainStorm (Prata Vetra) ужо больш за два дзесяцігоддзі трывала ўтрымлівае за сабой статус самай вядомай рок-групы Прыбалтыкі. Цікава, як гісторыя чатырох сяброў дзяцінства, якія захапляліся музыкай і выступалі ў актавай зале роднай школы, перарасла ў даволі паспяховую сумесную музычную кар'еру ўжо на сусветным узроўні. Менавіта яны ў 2000 годзе сталі першымі, хто прадставіў Латвію на "Еўрабачанні" і нават узяў бронзу па выніках папулярнага песеннага конкурсу. Сёння візітная картка папулярнага бойз-бэнда – лірычныя кампазіцыі, цудоўнае пачуццё гумару і абаянне ў спалучэнні з прыгожым тэмбрам голасу Рэнарса Каўперса. У беларускай сталіцы BrainStorm прадставяць новую, ужо 13-ю па ліку пласцінку "Wonderful Day", у якую ўвайшлі кампазіцыі на латышскай, рускай і англійскай мовах. На мінскай прэзентацыі альбома латышскія рамантыкі выканаюць як свежыя, так і ўжо любімыя нашай публікай хіты – Maybe, Colder, My Star, Thunder Without Rain…

Калі: 21 кастрычніка
Дзе: Мінск, Prime Hall

Канцэрт піяніста Пітэра Бенса (Bence Peter) у Мінску

Самы хуткі піяніст у свеце – венгерскі музыкант Пітэр Бенс – у свае 24 гады літаральна ўзарваў інтэрнэт фенаменальнымі аранжыроўкамі хітоў Майкла Джэксана, Queen і Sia. Цікава, што сваю кар'еру выдатны піяніст пачаў у чатыры гады, а ўжо цяпер ён з'яўляецца паспяховым музыкантам, кампазітарам, мастаком-пастаноўшыкам і прадзюсарам. Яго імя ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як піяніста-рэкардсмена па хуткасці паўтараемага націску адной клавішы (765 нот у хвіліну!). Ён дасягнуў сенсацыйнага поспеху сваім вострым і выразным стылем, які разбурыў межы паміж класічнай і папулярнай музыкай. Дзякуючы ўнікальным здольнасцям Бенс быў залічаны ў сучасную школу ў Бостане, а з 2012 года ён гастралюе па краінах Амерыкі, Еўропы і Азіі са сваім альбомам і сольнай праграмай "Awesome Piano", якую віртуоз прадставіць і на мінскай сцэне...

Калі: 22 кастрычніка
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"

Стас П'еха з юбілейнай праграмай "П'еха.15" у Беларусі

Вядомы расійскі спявак унук народнай артысткі СССР Эдзіты П'ехі – пачаў сваю музычную кар'еру на "Фабрыцы зорак-4". Менавіта там у яго выкананні прагучалі дэбютныя "Одна звезда" і "Отпусти меня" ў дуэце з Валерыяй, якія стварыў для яго зорны "бацька" і першы прадзюсар Віктар Дробыш. Атрымаўшы "фабрычную" бронзу, П'еха выпусціў сольны альбом і адправіўся пакараць вяршыні музычных тэлешоу "Голас краіны", "Зоркі ў Оперы", "Дзве зоркі", "На Выхад!", "Хіт", "Ты супер!"... На гэты момант у творчым багажы 38-гадовага спевака – 3 альбомы, 12 відэакліпаў, запамінальныя дуэты з Валерыяй, Рыгорам Лепсам і Ірынай Дубцовай, а таксама 10 прэмій "Залаты грамафон" і такія ўзнагароды, як "Песня года" і "MTV Music Awards". У вялікім гастрольным туры, прысвечаным 15-годдзю музычнай кар'еры, Стас П'еха прадставіць юбілейную праграму, у якой прагучаць такія хіты, як "О тебе", "Она не твоя", "Ты грустишь", "Старая история", "На ладони линия", "Я с тобой", "Счастье"…

Дзе, калі:

24 кастрычніка – Магілёў, Палац культуры вобласці
25 кастрычніка – Гомель, ДК Чыгуначнікаў
27 кастрычніка – Бабруйск, Палац мастацтваў
28 кастрычніка – Мінск, Палац Рэспублікі

Шоу-канцэрт "Сімфанічнае Кіно"

У юбілейны для групы "Кіно" 2018 год (культаваму альбому "Група крыві" – 30 гадоў, легендарнаму гітарысту групы Юрыю Каспарану – 55) у Мінску прадставяць новы погляд на песні Віктара Цоя. Гледачоў чакае арыгінальная – сімфанічная – інтэрпрэтацыя хітоў айчыннай рок-музыкі ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Удзельнікам праграмы стане гітарыст "Кіно" Юрый Каспаран, дзякуючы якому ў незвычайных аранжыроўках застануцца галоўныя музычныя акцэнты і настроі арыгінальных песень.

Калі: 27 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Three Days Grace ў Мінску

Прэзентацыя новага альбома "Outsider" і лепшыя хіты знакамітай канадскай рок-групы прагучаць 27 кастрычніка ў Мінску. Шостая пласцінка Three Days Grace і другая – таленавітага вакаліста Мэта Уолста стала галоўнай значнай работай бэнда за апошнія гады (папярэдні альбом "Human" выйшаў у 2015 годзе). Паводле слоў удзельнікаў групы, новы рэліз прысвечаны адной галоўнай думцы: неабходна ўзяць перапынак, "зрабіць крок назад ад вар'яцтва жыцця". Альбом і ствараўся ў атмасферы адзіноты і творчай працы: у час работы група пераехала на ферму барабаншчыка Ніла Сандэрсана, дзе і нараджаліся новыя трэкі – пад акампанемент акустычных гітар каля вогнішча.

Калі: 27 кастрычніка
Дзе: Мінск, Prime Hall

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі