1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь здымае абмежаванні на перасячэнне сваёй граніцы. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў адпаведную пастанову, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Дакументам здымаюцца абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай граніцы як замежнымі грамадзянамі, так і грамадзянамі Беларусі ў наземных пунктах пропуску.
Таксама пастановай рэгулююцца ўмовы вызвалення замежных грамадзян ад прадастаўлення ПЛР-тэстаў пры ўездзе ў Беларусь.
Дакумент уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржпагранкамітэт расказаў, якія змяненні адбудуцца ў сувязі са зняццем з 3 красавіка часовых абмежаванняў на перасячэнне беларускай граніцы, паведамляе БЕЛТА.
Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 31 сакавіка 2022 года нумар 197 адменены раней уведзеныя абмежаванні на перасячэнне граніцы ва ўмовах COVID-19.
З 00.00 3 красавіка для грамадзян Беларусі ўезд у краіну і выезд не абмежаваны. ПЛР-тэст (сертыфікат аб вакцынацыі) не патрабуецца.
Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ўезд у Беларусь і выезд таксама не абмежаваны. Разам з тым для ўезду іншаземцам неабходны ПЛР-тэст (сертыфікат аб вакцынацыі).
У ДПК адзначылі, што неабходнасць наяўнасці ПЛР-тэста (сертыфіката) для ўезду ў Беларусь не распаўсюджваецца на іншаземцаў, якія прыбываюць у краіну ў сувязі з сацыяльна-палітычнай абстаноўкай ва Украіне, у тым ліку якія накіроўваюцца транзітам праз тэрыторыю іншых краін. Таксама замежным грамадзянам, якія едуць з Украіны да месца пастаяннага пражывання, дазволены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі да 15 красавіка ўключна.
Грамадзянам Расіі для ўезду ў Беларусь праз беларуска-расійскі ўчастак граніцы ПЛР-тэст (сертыфікат) не патрэбны.
У ведамстве нагадалі аб тым, што пагранічны кантроль на беларуска-расійскай граніцы беларускімі пагранічнікамі не ажыццяўляецца як на наземным участку, так і ў аэрапортах.