У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Снж 2012

Новы год і Каляды ў Беларусі

 

Навагоднія канікулы – цудоўны час для падарожжа ў Беларусь. Тут вас чакаюць незвычайныя святы, унікальныя калядныя абрады, вясёлыя забавы ў сядзібах казачных герояў. І вядома, сапраўдная зіма са снегам, марозам і актыўнымі відамі спорту ў гарналыжных цэнтрах.

Калядныя балі ў Беларусі

Калядныя балі ў Мірскім замку
Знакаміты замак Беларусі запрашае на сапраўдныя балі ў інтэр'ерах XVII стагоддзя.
У Партрэтнай зале 4 студзеня адбудзецца венскі баль. Тут будуць гучаць жывая інструментальная музыка і неапалітанскія напевы, выступяць оперныя дзівы, а гасцей чакаюць свецкія гульні, вальсы і паланэзы...
У Слановай зале 5 студзеня адкрыецца свецкі рэтрасалон – падобны да тых, што ў пачатку XX стагоддзя праводзілі ўладальнікі замка князі Святаполк-Мірскія. У салоне будуць прадстаўлены ўсе атрыбуты таго часу – нямое кіно, свінг, джаз...
Баль для маленькіх дам і кавалераў запрашае гасцей 6 студзеня. Спецыяльна для дзяцей ад 6 да 14 гадоў у інтэр'ерах Слановай хаты будуць арганізаваны калядныя прыгоды з віншаваннем ад Дзеда Мароза і Снягурачкі.
Калі: 4, 5, 6 студзеня
Дзе: Мірскі замак, Гродзенская вобласць

"Калядныя фантазіі" Вялікага тэатра оперы і балета ў Нясвіжы
У Тэатральнай зале знакамітага палаца – рэзідэнцыі князёў Радзівілаў – са святочным канцэртам выступяць зоркі беларускай оперы. Салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь выканаюць фрагменты шэдэўраў сусветнай сцэны і старадаўнія рамансы.
Калі: 4 студзеня
Дзе: Нясвіжскі палац, Мінская вобласць

Святочны вечар у княжацкім палацы
Госці палацавага ансамбля ў Нясвіжы апынуцца ў атмасферы XVIII стагоддзя. Іх сустрэнуць "князь" Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька і яго "жонка" – вядомая паэтэса і драматург Францішка Уршуля Радзівіл, якія раскажуць аб жыцці знакамітай дынастыі Еўропы.
Калі: 5 студзеня
Дзе: Нясвіжскі палац, Мінская вобласць

Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры
Гэты баль ужо стаў традыцыяй галоўнага опернага тэатра Беларусі. Ён адкрыецца бліскучым паланэзам і прадоўжыцца цудоўнай танцавальна-музычнай праграмай. Абавязковая ўмова ўдзелу ў балі – вячэрнія сукенкі для дам, смокінгі або фракі для кавалераў, карнавальныя касцюмы.
Калі: 13 студзеня
Дзе: г. Мінск, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Унікальныя народныя абрады ў Беларусі

Народнае ігрышча "Жаніцьба Цярэшкі"
Гэты старажытны народны абрад – нематэрыяльная каштоўнасць Беларусі. У даўнія часы вясёлае каляднае ігрышча праводзілася напярэдадні Каляд. На адзін вечар кожны малады хлопец станавіўся Цярэшкам і выбіраў сабе спадарожніцу. А потым усе "пары" гулялі жартоўнае вяселле з песнямі, танцамі пад гармонік і гульнямі. Абрад захавалі ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна, куды кожны год запрашаюць гасцей.
Калі: 6 студзеня
Дзе: вёска Аношкі, Лепельскі раён, Віцебская вобласць

Народны абрад "Калядныя цары"
На стары Новы год у беларускай вёсцы Семежава праводзяць унікальны абрад "Калядныя цары", які набыў сусветную славу. Ён уваходзіць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Працэсія "цароў", правобразам якіх былі салдаты царскай арміі, наведвае дамы мясцовых жыхароў і разыгрывае драму "Цар Максімілян".
Калі: 13 студзеня
Дзе: вёска Семежава, Капыльскі раён, Мінская вобласць

Народны абрад "Цягнуць Каляду на дуба"
У даўнія часы ў многіх вёсках Беларусі цыкл калядных святкаванняў завяршаў вясёлы абрад "Цягнуць Каляду на дуба". Сёння ён захаваўся ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. На дуб або любое старое дрэва (ліпу, вярбу) 21 студзеня зацягвалі кола або сноп – так званую Каляду. Беларусы верылі, што гэта прыцягвае багаты ўраджай, поспех і шчасце на ўвесь будучы год.
Калі: 21 студзеня
Дзе: вёска Навіны, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

Сядзібы Дзеда Мароза і іншых навагодніх герояў

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы
Галоўны беларускі Дзед Мароз жыве ў самым старажытным запаведным лесе Еўропы – Белавежскай пушчы. Яго рэзідэнцыя працуе круглы год. Гасцей сустракаюць сам Дзед Мароз, Снягурачка, казачныя героі і экскурсаводы-аніматары, якія знаёмяць з уладаннямі –  пчальніком з чароўным мёдам, ветракамі, што перамолваюць усё дрэннае... У рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза расце самая высокая натуральная навагодняя ёлка Еўропы (больш за 40 метраў). На калядныя святы 120-гадовую лясную прыгажуню ўпрыгожваюць гірляндай з больш як пяці тысяч лямпачак.
Адрас: в. Камянюкі, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Кантакты: +375 1631 56398

Сядзіба Зюзі Паазерскага ў Пастаўскім раёне
У фальклорна-міфалагічным комплексе "Азяркі" Пастаўскага раёна жыве "прадзядуля" Дзеда Мароза Зюзя Паазерскі. Продкі беларусаў верылі ў існаванне бога зімы Зюзю – дзядка з доўгай белай барадой, які ходзіць босы і без шапкі, кіруе сцюжамі і маразамі. У сваёй сядзібе Зюзя і яго памочнікі прапануюць забавы, расказ пра забытыя традыцыі і вераванні продкаў, чароўныя ператварэнні і выкананне жаданняў. Тут ёсць музей ёлак, дзе можна даведацца, адкуль пайшла традыцыя ўпрыгожваць дрэва напярэдадні Каляд і Новага года, якія цацкі былі ў модзе ў канцы XIX - сярэдзіне ХХ стагоддзя, якімі паштоўкамі ў даўніну віншавалі адзін аднаго жыхары Беларусі.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Паставы, вул. Набярэжная, 5 "А"
Кантакты: +375 2155 42203, +375 2155 42777, +375 29 7322777

Сядзіба Дзеда Зімніка ў Налібоцкай пушчы
У калядныя святы адкрываюць сядзібу Дзед Зімнік Налібоцкі і Баба Завіруха, а таксама іншыя чароўныя героі – Міхайла Патапыч, Баба Яга і яе світа. Спачатку госці трапляюць у займальную прыгоду ў казачным лесе: наведваюць мядзведжы бярлог, хатку Бабы Ягі і сховішча лесуна. А потым і сам гаспадар дэманструе чароўныя ўменні. Таксама ў пушчы штодзень праводзяцца спектакль пад адкрытым небам, карагоды. Сядзіба працуе 19-30 снежня, 2-15 студзеня.
Адрас: Налібоцкая пушча, вёска Залейкі, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць

Сядзіба галоўнага Дзеда Мароза Рудабельскай зямлі
У перыяд зімовых свят з 22 снежня па 14 студзеня гасцей чакае тэатралізаваны паказ з Дзедам Марозам, Снягурачкай і іншымі персанажамі з казак і мультфільмаў. Разам з навагоднім чараўніком можна абхапіць "Дуб жаданняў", пакаштаваць стравы кухні Дзеда Мароза: "халадзец люты з яловым соусам", "паравыя сняжынкі", "мятныя ледзяшы ў снежных шматках"...
Адрас: культурна-забаўляльны комплекс "Бубнаўка", Акцябрскі раён, Гомельская вобласць
Кантакты: +375 29 3441372, +375 29 1681400

Рэзідэнцыя мінскага Дзеда Мароза
Домік сталічнага Дзеда Мароза адкрыты ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага з 21 снежня да 7 студзеня. Навагодні герой і яго верныя памочнікі чакаюць юных гасцей – распытваюць пра вучобу, прапануюць гульні і загадкі, віншуюць са святамі.
Адрас: г. Мінск, вул. Фрунзэ, 2, ст.м. "Плошча Перамогі"
Кантакты: +375 17 2944991

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс