Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Жнв 2020

Каляндар падзей у Беларусі: ВЕРАСЕНЬ 2020

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не закрыла граніцы і не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Чэмпіянат Беларусі па футболе-2020

У сакавіку 2020 г. 30-ы чэмпіянат Беларусі па футболе стаў адзіным у Еўропе і адным з нямногіх у свеце, які стартаваў па плану і не спынены ў сувязі з каранавірусам. Першыя туры прыцягнулі ўвагу аматараў народнай гульні з розных краін: матчы ішлі ў прамым эфіры шэрага спартыўных каналаў і анлайн. Рашэнне не адмяняць пачатак першынства кіраўніцтва АБФФ прыняло па выніках кансультацый з удзелам УЕФА. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, турнір праходзіць у два кругі (30 тураў). Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў вышэйшай лізе, выбываюць у першую лігу, а клубы, якія заваявалі 1 і 2 месцы ў першай лізе, атрымліваюць права на выхад у вышэйшую лігу. У ліку прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна Беларусі і Суперкубак называюць лідараў мінулага года – брэсцкае "Дынама", БАТЭ, "Шахцёр", мінскае "Дынама", "Іслач" і "Тарпеда-БелАЗ".

Дзе: стадыёны 12 гарадоў Беларусі
Калі: 19 сакавіка – снежань 2020 года

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

Анлайн-забег Stop COVID-19

Брэсцкі паўмарафон у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне перанесены з 5 ліпеня на восень. Аднак арганізатары заклікалі ўсіх заставацца актыўнымі і падтрымліваць здаровы лад жыцця, прапанаваўшы жадаючым прыняць удзел у анлайн-забегу Stop COVID-19. Для таго, каб далучыцца да ініцыятывы, трэба прайсці рэгістрацыю на сайце брестполумарафон.бел. Прабегчы можна любую дыстанцыю – ад 1 км да 21 км. Потым неабходна адправіць скрыншот або фота з фіксацыяй свайго маршруту (трэкера).

Калі: 9 мая – 1 верасня 

"Мастак і горад": #100UNOVIS

У бягучым годзе любімы сярод мінчан і гасцей сталіцы выставачны праект "Мастак і горад", які праходзіць ужо 9-ы раз, упершыню адкрыты анлайн. Жадаючым наведаць экспазіцыю дастаткова зайсці на сайт і адправіцца ў віртуальны тур па плошчы Якуба Коласа. Тэма 2020-га – 100-годдзе знакамітага аб'яднання УНОВІС. Усе мастакі, прадстаўленыя на выставе, з'яўляюцца паслядоўнікамі ідэй і асноўных прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча. У экспазіцыі – 32 работы, частка з якіх напісана жывапісцамі творчага аб'яднання "Квадрат", якое па праву можна назваць спадчыннікам сцвярджальнікаў новага мастацтва. Сярод аўтараў – Аляксандр Малей, Мікалай Дундзін, Віктар Шылко, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў, Валерый Чукін. Выставачны праект запусцяць і ў афлайн-фармаце, як толькі гэтаму будзе садзейнічаць эпідэміялагічная сітуацыя. Таксама ў планах пераезд экспазіцыі з Мінска ў Віцебск – горад, дзе зарадзілася творчае аб'яднанне УНОВІС.

Калі: 14 мая 7 лістапада
Дзе: наведаць анлайн

"Трыенале сучаснага мастацтва" ў Мінску

Лепшыя работы прадстаўнікоў сучаснага беларускага мастацтва змогуць убачыць мінчане і госці горада ў час "Трыенале сучаснага мастацтва". Выстава арганізавана па выніках конкурсу "Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва" ў 2019-2020 гадах. Усяго ў экспазіцыі – 92 работы, якія былі вызначаны адборачнай камісіяй з 358 заявак па 10 намінацыях. У час выставы прафесійнае журы вызначыць лаўрэатаў конкурсу. А госці – атрымаюць асалоду ад мастацтва!

Калі: з 22 ліпеня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

"Спадчына Беларусі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

Выстава, якая прадстаўляе вынікі праекта "Спадчына Беларусі", раскрывае маштабы работы яго суаўтараў – Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча, якія з 2001 года аб'ехалі ўсю краіну і адлюстравалі сапраўды бясцэнную спадчыну. У цэнтры ўвагі – аднайменная кніга-альбом – а гэта 320 старонак і больш за 4000 фатаграфій, – якая перавыдавалася 18 разоў. Сёння друкаваная "Спадчына" ёсць у гендырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Папы Рымскага, брытанскай каралевы... Дапоўніў праект 31 дакументальны фільм, дзе аўтарам удалося аднавіць партрэты выдатных людзей беларускай зямлі – Ефрасінні Полацкай, Марка Шагала, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча.

Калі: з 23 ліпеня
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. Карла Маркса, 12, Мінск

Выстава "Рэнэ Магрыт. Вераломства вобразаў" у Мінску

Калі: 24 чэрвеня – 4 кастрычніка
Дзе: галерэя Libra, пр. Незалежнасці, 37, Мінск

 

 

 

Выстава лялек "Анёлы душы маёй" у Мінску

Вінілавыя лялькі ручной работы з калекцыі Ларысы Мяжэвіч "Zawieruszynski Dolls" упершыню ўбачаць мінчане і госці горада на выставе "Анёлы душы маёй". На працягу больш як 25 гадоў жонка і муж Соф'я і Генры Заверушынскі ствараюць лялькі з шоўку, бавоўны або шэрсці, вобразы якіх прадуманы да дробязей – стыльныя прычоскі, сукенкі з натуральных тканін, упрыгожаныя вышыўкай, аксесуары з паўкаштоўных камянёў і металаў. Пры гэтым у кожнай з іх не толькі свой ідэнтыфікацыйны нумар і сертыфікат сапраўднасці, але і ўнікальны лёс. Так, у 2018 годзе лялькі Габрысія, Папялушка і Ліберці Грэйс атрымалі ўзнагароду Dolls Awards of Excellence – "Выбар індустрыі" на International Dolls and Teddy Show у Арланда.

Калі: 21 жніўня – 4 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пр. Незалежнасці, 47, Мінск

Арт-фестываль "Самаізаляцыя OFF" у Мінску

Праект #самаізаляцыяoff аб'яднаў творчых людзей краіны, якія адлюстравалі ў сваім мастацтве гістарычны феномен пандэміі і самаізаляцыі з-за COVID-19. І нягледзячы на тэму, маштабы фестывалю ўражальныя: 75 удзельнікаў, 184 арт-аб'екты, больш за 30 творчых майстар-класаў, звыш 10 перформансаў, тэатральныя і харэаграфічныя пастаноўкі, лекцыі і воркшопы, кінапаказы і эксклюзіўныя праекты... У цэнтры ўвагі крэатыўнага праекта – выстава сучаснага беларускага мастацтва. Госці мерапрыемства змогуць не толькі атрымаць асалоду ад убачанага, але і набыць работы вядомых і маладых айчынных і замежных мастакоў.

Калі: 4–26 верасня
Дзе: арт-прастора "МАФ", вул. Куйбышава, 22, Мінск

XXVІІ Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

Бялыніцкая зямля ўпершыню прыме знакамітае свята нацыянальнай культуры – Дзень беларускага пісьменства. У аснове канцэпцыі ўрачыстасцей, якія пройдуць ужо 27-ы раз, – непарыўнае адзінства друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа. Напярэдадні ўрачыстасцей у Бялынічах устанавілі скульптурную кампазіцыю "З'яўленне абраза". Яе аўтар Аляксандр Мінькоў стварыў гранітнага анёла, які трымае ў руках бронзавы абраз – сімвал адной з самых шанаваных, але, на жаль, страчаных рэліквій Беларусі. Галоўнымі акцэнтамі Дня беларускага пісьменства-2020 стануць гісторыя і багатая спадчына краю, а таксама 90-годдзе выдатнага пісьменніка ХХ стагоддзя Уладзіміра Караткевіча. Асноўныя падзеі разгорнуцца на адкрытай пляцоўцы перад будынкам музея імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, які ў бягучым годзе адкрываецца ў новай прасторы і ўпершыню прадставіць бясцэнныя артэфакты – уцалелыя фрэскі разбуранага Бялыніцкага манастыра кармелітаў. Таксама мерапрыемствы фестывалю будуць праходзіць на вуліцы Савецкай і ў старадаўнім гарадскім парку "Ліпавы гай".

Калі: 6 верасня
Дзе: Магілёўская вобласць, г. Бялынічы

X Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" у Гомелі

Юбілейны міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва збярэ ў горадзе над Сожам аматарскія калектывы народна-сцэнічнага, эстраднага, фальклорна-бытавога танца, сучаснай харэаграфіі, выканаўцаў бальна-спартыўных танцаў, тэатры агню і святла. Акрамя конкурснай праграмы госці творчага фэсту "Сожскі карагод"-2020 убачаць цырымоніі адкрыцця і закрыцця, тэатралізаванае касцюміраванае шэсце яго ўдзельнікаў, выступленні калектываў на гарадскіх канцэртных пляцоўках, міжнародны турнір па бальна-спартыўных танцах на кубак Гомеля "Залатая Рысь", спектаклі балетных тэатраў, выступленні прафесійных калектываў, салістаў, тэатраў агню і святла...

Калі: 11–13 верасня
Дзе: Гомель

Прэм'еры ў Вялікім тэатры Беларусі – "Пер Гюнт" і "Вілісы. Фатум''

Новы 88-ы тэатральны сезон на галоўнай акадэмічнай сцэне краіны адкрыецца 8 верасня прэм'ерай балета "Пер Гюнт" Эдварда Грыга ў пастаноўцы маладога харэографа Сяргея Мікеля. А ўжо 11 верасня паклоннікаў чакае яшчэ адзін сюрпрыз – рэжысёрскі дэбют знакамітай опернай дзівы Аксаны Волкавай "Вілісы. Фатум" на музыку Джакама Пучыні. Гледачы павінны былі ўбачыць гэтыя цудоўныя прэм'еры яшчэ вясной, але з-за пандэміі каранавіруса і ранняга закрыцця сезона яны былі перанесены на восень. Урэшце, інтрыга захоўвалася і толькі падагравалася. Дзякуючы дню адкрытых дзвярэй, які ў бягучым годзе прайшоў у фармаце анлайн, гледачы з усяго свету маглі зазірнуць на рэпетыцыі і прымерку касцюмаў, пачуць анонсы з вуснаў саміх артыстаў. Напрыклад, пра свой дэбют у якасці рэжысёра і выбар пастаноўкі расказала і сама Аксана Волкава: "Для мяне гэты кампазітар самы рамантычны, самы меладычны, і ў мяне душа пачынае заміраць, калі я слухаю гэту музыку". У спектаклі задзейнічаны тры оперныя галасы, танцавальную партыю выканае народная артыстка Беларусі – прыма Вялікага тэатра Вольга Гайко.

Калі:
Балет "Пер Гюнт" – 8 і 9 верасня
Опера "Вілісы. Фатум" – 11 і 25 верасня
Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Дзень танкіста

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй ужо любімы мінчанамі і гасцямі грандыёзны Дзень танкіста вымушаны мяняць фармат. Кампанія Wargaming у гэтым годзе ўпершыню правядзе яго ў анлайн-рэжыме. Стартуе праграма віртуальным турнірам "Стальны паляўнічы-2020. Турнір блогераў": на асобным серверы за грашовы прыз пазмагаюцца адразу 20 фіналістаў. Прадоўжаць эстафету мацнейшыя прадстаўнікі RU- і EU-рэгіёна – кланы [MERCY] No Mercy і [FAME] Deal with it, якія сыдуцца ў паядынку "Кланавага суперкубка". Пра аматараў пазмагацца ў індывідуальным паядынку арганізатары таксама не забылі: цяпер стаць пераможцам асабістага заліку, прымеркаванага да Дня танкіста, можна непасрэдна на сайце кампаніі.

Калі: 13 верасня
Дзе: анлайн

Фестываль маладзёжнай усходнеазіяцкай культуры WE15

Фестываль сучаснай усходнеазіяцкай культуры, які традыцыйна з'яўляецца часткай праекта "Японская восень у Беларусі", адзначае юбілей: вось ужо 15 гадоў ён збірае беларускіх паклоннікаў коміксаў, камп'ютарных гульняў, вулічнай моды, музыкі і іншых сучасных напрамкаў, папулярных у Японіі, Карэі, Кітаі... Галоўным акцэнтам маладзёжнага фэсту з'яўляецца касплэй – касцюміраванае выступленне, у час якога кожны канкурсант стараецца максімальна дакладна перадаць вобраз і характар свайго персанажа. Таксама ў праграму ўваходзяць дэфіле-выступленні, песенныя і танцавальныя каверы, сцэнічныя пастаноўкі і мініяцюры, выставы малюнкаў, фатаграфій, інсталяцый з шарнірнымі лялькамі.

Калі: 19 верасня, 11.00
Дзе: Мінскі гарадскі палац культуры, вул. Маякоўскага, 129, Мінск

Рэспубліканскі экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю"

Экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю", якое праводзіцца з 2012 года, стала адным з брэндаў Мёрскага краю і ўсёй Віцебшчыны. Менавіта тут можна пакаштаваць смачную асеннюю ягаду – журавіны і паназіраць за пералётнымі птушкамі: кожны год больш за 4000 шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей у час сезоннай міграцыі спыняюцца на адным з буйнейшых верхавых балот Беларусі і Еўропы ў ландшафтным заказніку "Ельня". Прайсці па экасцежцы, убачыць чароды грацыёзных птушак і зрабіць незвычайныя фота, паўдзельнічаць у экалагічных гульнях, выбраць "Мёрскую журавінку" і вызначыць лепшую сядзібу Мёрскага краю, набыць сувеніры ад мясцовых майстроў і паласавацца журавінавым морсам і ласункамі – вось праграма-мінімум на асеннія выхадныя.

Калі: 19 верасня
Дзе: Віцебская вобласць, Мёры, рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня"

"Цырк вялікіх зорак" у Гомелі

Новую праграму ў Гомельскім цырку прадставяць зоркі з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Узбекістана, Асеціі. У шоу выступяць акрабаты на турніках пад кіраўніцтвам Уладзіміра Яроменкі (Украіна), артыст цырка Нікуліна на Цвятным бульвары жанглёр Аляксандр Кулакоў (Расія), ілюзіяніст Інгвар (Расія), паветраны дуэт – Вераніка Рыбчонак і Максім Вінаградаў (Беларусь) і "Джыгіты Асеціі" пад кіраўніцтвам Сяргея Муратава. Адзін з самых моцных людзей свету рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Фахрыдзін Ахназараў (Узбекістан) прадэманструе, як падняць 500 кг адным мезенцам! Гледачы ўбачаць вярблюдаў у "Караване з Усходу" Сяргея Югая (Узбекістан) і аркестр малпаў Андрэя Цяплыгіна (Беларусь). Цудоўны настрой створыць дуэт з Лас-Вегаса "CLUB HOUSE" – Бэла і Алекс Шэр.

Калі: 19 верасня – 18 кастрычніка
Дзе: Гомельскі дзяржаўны цырк, вул. Савецкая, 27, Гомель

OLYMPIA CLASSIC: легендарныя хіты 1980-х, 1990-х і 2000-х

Легендарныя хіты трох дзесяцігоддзяў прадставіць камерны аркестр "Алімпія класіка", створаны маэстра Міхаілам Снітко. У новую праграму ўвайшлі вядомыя кампазіцыі, якія раней займалі першыя радкі чартаў, а сёння з'яўляюцца класікай сучаснай музыкі. У інструментальным выкананні прагучаць кампазіцыі Europe, Haddaway, Joan Osborne, Sting, Queen, Phil Collins, The Hooters, Status Quo, Evanescence, Chris De Burgh, R.E.M., Eagles, Snap, Roxette і многіх іншых. Не абыдзецца і без сюрпрызаў: у канцэрце прымуць удзел харавая група і саксафаністка Дар'я Бабко – лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта, лаўрэат міжнароднай Еўразійскай прэміі BELBRAND AWARD.

Калі: 20 верасня
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

XXXIII Нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка"

Фестываль бегу "Языльская дзясятка", які ўключаны ў міжнародны каляндар турніраў і спаборніцтваў, з году ў год збірае прафесійных спартсменаў і аматараў бегу розных узростаў з Беларусі і краін блізкага замежжа. У 2019-м яго ўдзельнікамі сталі больш за 2,5 тыс. чалавек. У праграму цяперашняга сезона ўваходзяць забегі: "Пяцісотка" (500 м), "Карпаратыўны забег" (2500 м), "Школьны камандны забег" (2500 м), "Языльская дзясятка" (10 км), "Сямейная эстафета 3х500 м", а для самых юных – "Старадарожскія забегі" (60 м).
 
Калі: 26 верасня
Дзе: Мінская вобласць, г. Старыя Дарогі

CHRIS NORMAN у Мінску

Легендарны саліст Крыс Норман з папулярнай у 1970-я групы Smokie выступіць у Мінску з юбілейным канцэртам. Калектыў з брытанскага Брэдфарда, у якім ён выступаў з Тэры Атлі, атрымаў фенаменальную папулярнасць у Еўропе і ЗША. Аднак пасля распаду групы Крыс пачаў сольную кар'еру – і першы ж хіт "Midnight Lady", пабіў усе папярэднія дасягненні. Апошні альбом "Don't Knock The Rock" выйшаў у верасні 2017 года, усяго на рахунку рок-музыканта – больш за 20 сольных пласцінак.

Калі: 30 верасня
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Міжнародны фестываль "ТЭАРТ"-2020

Нягледзячы на ўсе складанасці 2020 года, юбілейны 10-ы тэатральны форум "ТЭАРТ" зноў падорыць свята аматарам Мельпамены. У праграме прадстаўлены спектаклі з Беларусі, Германіі, Францыі, Літвы і Грузіі. Жанравая палітра – ад прывычных оперы, харэаграфічнага і дакументальнага спектакляў да такіх крэатыўных, як "не камедыя", танец-спектакль, акт у адной дзеі, падарожжа, прэзентацыя і аўдыявізуальная інсталяцыя. Адкрые эстафету пастаноўка магілёўскага рэжысёра Ігара Казакова "Кандзід, або аптымізм" на сцэне Маладзёжнага тэатра ў Мінску. Асаблівай увагі дастойны "Адысея" гамбургскага Тэатра Талія, французскі "Піксель" у выкананні Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра Крэтэя і Валь-дэ-Марн, "Плошча герояў" Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатра і "Сталінград" Тэатра Рэзо Габрыядзэ.

Калі: 2 – 24 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, ДК "МАЗ", пляцоўка ОК16, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі