Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Feb 2018

Каляндар падзей у Беларусі: сакавік 2018

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"

Калі: 15 чэрвеня 2017 года – чэрвень 2018 года
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў

Маскоўскі цырк Нікуліна на Цвятным бульвары. Праграма ''Лядовая феерыя''

Адзін са старэйшых у Расіі – Маскоўскі цырк Нікуліна на Цвятным бульвары – прадставіць на арэне Белдзяржцырка праграму "Лядовая феерыя". Новае шоу парадуе цэлым калейдаскопам відовішчных нумароў у розных жанрах: акрабаты на дарожцы і эквілібрысты на матацыклах, гімнасты на корд-дэ-парэлі і рэйнскім коле, вясёлыя клоўны і жанглёры... І ўсё гэта феерычнае дзейства разгорнецца на лядовай пляцоўцы. Сярод галоўных герояў – дрэсіраваныя мядзведзі, малпы, сабачкі, папугаі... Імёны артыстаў пакуль трымаюцца ў сакрэце, аднак арганізатары абяцаюць яркае і дынамічнае шоу, у якім спалучыліся прафесіяналізм і артыстызм, галавакружныя трукі і захапляючыя піруэты.

Калі: 7 лютага – 28 сакавіка
Дзе: Мінск, Белдзяржцырк

Выстава графікі Сальвадора Далі "Боская камедыя" ў Мінску

Гравюры легендарнага мастака-сюррэаліста ХХ стагоддзя Сальвадора Далі да "Боскай камедыі" з прыватнай калекцыі ўпершыню прадстаўлены шырокаму колу знатакоў літаратуры і мастацтва ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Юбілейнае выданне адной з найвялікшых кніг Сярэдневякоўя выйшла ў свет у 1965 годзе: да гэтага каля пяці гадоў гравёр Раймон Жаке з асістэнтам уручную выразалі амаль 3,5 тысячы дошак, якія пасля надрукавання ўсяго тыражу былі знішчаны. Яго стварэнню папярэднічала акварэльная серыя, прысвечаная 700-годдзю Дантэ Аліг'еры, у якой іспанскі майстар стварыў па ілюстрацыі на кожную тысячу паэтычных радкоў. У экспазіцыі – 100 арыгінальных работ, прызнаных лепшымі творамі Далі ў галіне кніжнай графікі і ў гісторыі ілюстрацыі бессмяротнай кнігі Дантэ, а таксама тытульны ліст "Боскай камедыі" 1965 года з аўтографам самога мастака.

Калі: з 1 сакавіка
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей

Гастролі Калінінградскага музычнага тэатра ў Мінску

Калінінградскі абласны музычны тэатр, прызнаны ў 2010 годзе нацыянальным здабыткам Расіі, па шматлікіх просьбах зноў вяртаецца з гастролямі ў беларускую сталіцу і парадуе любіцеляў Мельпамены новымі пастаноўкамі. У сакавіцкай афішы сабраны лепшыя спектаклі ў зусім розных жанрах: музычна-фальклорная драма "Беспасажніца", пастаўленая паводле знакамітай п'есы Аляксандра Астроўскага, рок-опера "Хаакін" – унікальная версія легендарнай пастаноўкі "Зорка і Смерць Хаакіна Мур'еты" Аляксея Рыбнікава, музычная меладрама "Мужчынскае танга", галоўнай дзеючай асобай якой стала музыка Рыхарда Вагнера. А для маленькіх гледачоў падрыхтавана займальная праграма, у якую ўвайшлі мюзіклы "Віват, Мюнхаўзен!" і "Чарадзейны пярсцёнак".

Калі: 1 – 4 сакавіка
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр

Кінапраект "Любіць па-італьянску" ў Мінску

Хто ведае пра любоў больш, чым італьянцы? Напярэдадні галоўнага жаночага свята мінчане ўбачаць кінаальманах "Italian Best Shorts 2: Любоў у Вечным горадзе", у які ўвайшлі 7 лепшых кароткаметражак пра любоў. Гледачы ўбачаць гісторыю пра "Хлопчыка з ногцік" Крысціяна Ананія, для якога існуе толькі імгненне "тут і цяпер", паспрабуюць справіцца з залежнасцю ад гаджэтаў разам з героямі сатырычнай камедыі "Заўтра пачынаю новае жыццё", а таксама пачуюць дасціпнае разважанне аб тым, да чаго прыводзіць няшчырасць у адносінах, на "Спатканні" Іленіі Палітана. Асаблівы акцэнт – рамантычны фільм "Любоў у Вечным горадзе", прызнаны лепшым на фестывалях Giffoni Film Festiva і Video Festival Imperia, і меладрама "Самая прыгожая" Алесандра Капітані, якая заваявала ў 2017-м італьянскі "Оскар" – прэмію "Давіда дзі Данатэла" як лепшы кароткаметражны фільм.

Калі: 1 – 7 сакавіка
Дзе: Мінск, кінатэатр "Піянер"

Выстаўка аўтарскага фарфору "Мой ікігай" у Мінску

Ікігай у перакладзе з японскай мовы азначае сэнс жыцця. Таму назва выстаўкі выбрана невыпадкова: ужо каля 15 гадоў мінчанка Аляксандра Баўтрук прафесійна займаецца жывапісам і надглазурным роспісам па фарфоры. Яшчэ ў час навучання ў Санкт-Пецярбургу яна наведвала студыю керамікі і фарфору А. Храмчэнка, а потым стажыравалася ў атэлье вядомага майстра Даніелы Элмігер у Цюрыху. У 2016-м адбылася яе персанальная выстаўка "Белае золата. Цюрых-Мінск" у галерэі "Арт-Хол" РТБД. Сёння работы Аляксандры Баўтрук упрыгожваюць прыватныя калекцыі ў Англіі, Германіі, Швейцарыі, Расіі, Беларусі і Казахстане. Наведвальнікі мінскай выстаўкі ўбачаць каля 70 твораў, якія выкананы ў розных тэхніках і адлюстроўваюць шырокі спектр з'яў – ад еўрапейскай палацавай мастацкай класікі з яе складанымі арнаментамі і кветкавымі кампазіцыямі да абстрактных форм.

Калі: з 1 сакавіка
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей

Выстаўка "The Art of the Brick. Мастацтва лега" ў Мінску

Выстава нью-ёркскага мастака Натана Саваі "The Art of the Brick. Мастацтва лега", што ўвайшла ў топ-10 самых паспяховых і відовішчных праектаў паводле версіі CNN, упершыню прадстаўлена ў Мінску. Усяго ў экспазіцыі, якая пакарыла паклоннікаў у Германіі, Італіі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, прадстаўлена каля 100 твораў, створаных з мільёнаў кубікаў дзіцячага канструктара Lego. Тут можна ўбачыць партрэты славутасцей, рэплікі помнікаў сусветнай архітэктуры і нават аб'ёмныя шэдэўры жывапісу – "Мону Лізу" Леанарда да Вінчы, "Пацалунак" Густава Клімта, "Крык" Эдварда Мунка… Чаго толькі каштуе старажытнагрэчаскі Парфенон з амаль 30000 кубікаў! Выстава складаецца з тэматычных залаў – "Майстэрня мастака", "Сусветная культура", "Эмоцыі і станы", а таксама забаўляльнай і гульнявой зоны.

Калі: 1 сакавіка – 30 мая
Дзе: Мінск, ГЗЦ Galleria Minsk
Даведацца больш

Выстаўка-кірмаш аўтарскіх вырабаў "Млын" у Мінску

Традыцыйная выстаўка-кірмаш "Млын" адкрые вясенні сезон-2018 у Мінску. Буйнейшы салон вырабаў ручной работы збярэ на пляцоўцы сталічнага Палаца мастацтваў рамеснікаў, дызайнераў і майстроў рукадзелля з розных рэгіёнаў краіны. Напярэдадні свят любіцелі handmade змогуць выбраць арыгінальныя падарункі для сябе і дарагіх людзей і набыць аўтарскія вырабы, створаныя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вышыўка, макрамэ, батык, карункапляценне, разьба па дрэве, пляценне з лазы, мастацкая коўка, бондарства), а спецыяльна для любіцеляў рукадзелля будуць арганізаваны тэматычныя сустрэчы, лекцыі, прэзентацыі і майстар-класы. Што датычыцца тавараў, то, паводле слоў майстроў, асаблівым попытам карыстаюцца стыльныя дызайнерскія ўпрыгажэнні і сувеніры, тавары для хобі і творчасці, эксклюзіўныя рэчы для дамашняга інтэр'ера.

Калі: 2 – 4 сакавіка
Дзе: Мінск, Палац мастацтва

Выстава Нікаса Сафронава

Вядомы мастак Нікас Сафронаў праз тры гады ўдалага дэбюту зноў прывёз свае карціны ў Мінск: нагадаем, у сакавіку 2014-га яго персанальную выставу наведала больш за 20 тысяч чалавек! У новую экспазіцыю, якая атрымала назву "Вясна ўражанняў", увайшлі больш за 100 жывапісных і графічных работ: партрэты палітыкаў і сусветных зорак, кампазіцыі ў стылі сімвалізм і кубізм, а таксама палотны, створаныя ў аўтарскім стылі Dreаm vision, унесеным у Кнігу рэкордаў Гінеса. Напярэдадні адкрыцця майстар асабіста наведаў беларускую сталіцу, паразмаўляў з журналістамі і паклоннікамі, расказаў аб ролі Беларусі ў сваім лёсе, а затым прадставіў партрэт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Калі: 3 сакавіка – 22 красавіка
Дзе: Мінск, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Даведацца больш

V Міжнародны фестываль фокуснікаў Magic Show у Гродне

Міжнародны фестываль фокуснікаў Magic Show адсвяткуе першы юбілей маштабнай праграмай і рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў і гасцей. Плануецца, што ў гэтым годзе ў горад над Нёманам прыедуць амаль 100 ілюзіяністаў з краін блізкага і далёкага замежжа. Марафон чарадзейства адкрые конкурсная праграма для маладых фокуснікаў, а потым пройдуць майстар-класы і семінары, дзе мэтры падзеляцца з удзельнікамі і гледачамі некаторымі сакрэтамі поспеху... Самай відовішчнай падзеяй стане гала-канцэрт, удзел у якім прымуць зоркі ілюзійнага мастацтва некалькіх пакаленняў. Сярод іх – уладальнік Гран-пры шоу "Мінута славы" лаўрэат міжнароднага фестывалю "Odyssey of the mind" 18-гадовы ілюзіяніст Ілья Кахновіч і 74-гадовы Васіль Рудэнка – адзіны фокуснік на постсавецкай прасторы, які стаў пераможцам конкурсу Рона Макмілана ў Вялікабрытаніі.

Калі: 3 – 4 сакавіка
Дзе: Гродна, Гродзенскі абласны драматычны тэатр

Джазавая зорка Allan Harris у Мінску

Выдатны амерыканскі спявак, гітарыст і кампазітар Алан Харыс ужо не рэдкі госць у Беларусі: яго дэбютнае выступленне прайшло ў Мінску яшчэ ў 2016-м, калі ён з вялікім поспехам прадставіў альбом Nobody's Gonna Love You Better. Тады беларуская публіка прыняла на "ўра" новую праграму джазмена, які тройчы быў удастоены прэміі New York Nightlife ў намінацыі "Выдатны джазавы вакаліст", а ў снежні 2015-га быў названы "Узыходзячай зоркай" крытыкамі часопіса DownBeat. Уладальнік багатага абертонамі голасу і элегантных манер вяртаецца ў беларускую сталіцу з новай праграмай-прысвячэннем усім жанчынам, у якой прагучаць лепшыя кампазіцыі за ўсю творчую дзейнасць спевака, у тым ліку My Funny Valentine, L.O.V.E, Moody's Mood For Love, You Don't Know What Love Is...

Калі: 6 сакавіка
Дзе: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія

Дыскатэка 80-90-х: Londonbeat, Fancy, Haddaway

Акунуцца ў атмасферу юнацтва і панастальгіраваць пад любімыя мелодыі запрашаюць арганізатары дыскатэкі "Golden Disco 80-90". У музычным свяце прымуць удзел топавыя замежныя выканаўцы 80-х і 90-х гадоў, якія ўзляцелі на самыя высокія радкі сусветных хіт-парадаў і пакарылі сэрцы мільёнаў па ўсім свеце. Упершыню на мінскай сцэне ў адным шоу выступяць галоўныя хітмейкеры таго часу – англа-амерыканская група Londonbeat са сваёй візітнай карткай – легендарнай кампазіцыяй I’ve Been Thinking About You, нямецкі спявак Fancy (Манфрэд Алаіз Зегіт), які ў 1984 годзе літаральна ўзяў штурмам свет, выканаўшы дыска-хіты Slice Me Nice, Chinese Eyes і, вядома, Flames Of Love, якія сам напісаў і спрадзюсіраваў. Дапоўніць праграму ўраджэнец Карыбскіх берагоў Haddaway, які заваяваў папулярнасць пасля рэліза такіх сінглаў як What Is Love, Life, I Miss You.

Калі: 8 сакавіка
Дзе: Мінск, Prime Hall

Канцэрт NAVIBAND у Мінску

Прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні"-2017Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук з групы NAVIBAND – пасля ўдзелу ў прэстыжным песенным конкурсе радуюць паклоннікаў новымі кампазіцыямі. У снежні 2017-га адбыўся рэліз пласцінкі "Адной Дарогай", якая стала чацвёртай у творчай скарбонцы фолк-бэнда і другой, запісанай цалкам на беларускай мове. Тады ж з'явіўся лірычны калядны кліп на свежы трэк "А дзе жывеш ты?". Паводле слоў маладых людзей, вялікая частка кампазіцый з альбома створана на хутары за 300 км ад Мінска, дзе яны адасобіліся пасля выступлення на галоўнай сцэне Еўропы. "Мы проста выстаўлялі інструменты пасярэдзіне поля і рэпеціравалі", – расказалі ўдзельнікі групы. Ацаніць жа яго па заслугах паклоннікі NAVIBAND змогуць на афіцыйнай прэзентацыі ў сталіцы, а пакуль музыканты гавораць, што альбом атрымаўся жывым, вельмі светлым і шчырым, прасякнутым любоўю да роднай мовы і зямлі...

Калі: 9 сакавіка
Дзе: Мінск, Prime Hall

ХIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt. кантакт" у Магілёве

Міжнародны тэатральны форум у гэтым годзе зробіць акцэнт на эксперыментальных пастаноўках: усяго з 23 спектакляў толькі тры паводле класічных твораў, а астатнія – наватарства, музыка, пластыка. Гледачоў чакае шмат сюрпрызаў, напрыклад, зонг-опера "Медэя. Эпізоды" ад "Тэатра Дзі Капуа" з Санкт-Пецярбурга з удзелам групы "Апошнія танкі у Парыжы". На магілёўскай сцэне свае спектаклі прадставяць 22 тэатры з 9 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Славакіі, Германіі, Казахстана. Сярод самых чаканых – "Майстар голаду" знакамітага рэжысёра Эймунтаса Някрошуса, які пакажа тэатр "Мена Фортас" з Вільнюса, і спектакль Міхаіла Цытрыняка "Крык лангуста" пра творчы шлях вялікай актрысы Сары Бернар у выкананні артыстаў Тэатра імя Яўгена Вахтангава.

Калі: 21 – 27 сакавіка
Дзе: Магілёў, Магілёўскі тэатр лялек, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, КЗ "Магілёў"

НАРГІЗ у Беларусі

Фіналістка другога сезона папулярнага шоу "Голас" спявачка Наргіз Закірава, якая выступае пад псеўданімам НАРГІЗ, зноў вяртаецца з вялікім турам у Беларусь. Мінулы год стаў для яе даволі паспяховым: сумесна з вядомым прадзюсарам і кампазітарам Максімам Фадзеевым яна выпусціла кліп на песню "Я буду всегда с тобой", які выклікаў шырокую палеміку ў грамадстве, а дуэт "Вдвоём" пакарыў сэрцы мільёнаў слухачоў і стаў лепшым, заваяваўшы прэстыжныя прэміі "Песня года" і "Залаты грамафон". У буйнейшых гарадах нашай краіны спявачка НАРГІЗ, якую нярэдка называюць узбекскай Мадоннай, прадставіць свае новыя кампазіцыі і ўжо любімыя публікай песні "Я – не твоя", "Ты – моя нежность", "Я не верю тебе!", "Беги", якія запамінаюцца дзякуючы моцнаму вакалу (а спявачка мае голас у пяць актаў!) і асаблівай, часта пранізлівай і драматычнай гісторыі.

Калі, дзе:
23 сакавіка
– Мінск, Палац Рэспублікі
25 сакавіка – Бабруйск, Палац мастацтваў
28 сакавіка – Магілёў, Магілёўскі лядовы палац спорту
29 сакавіка – Віцебск, КЗ "Віцебск"

Оперная спявачка Любоў Казарноўская ў Мінску

Прыма сусветнай оперы народная артыстка Расіі Любоў Казарноўская, якую называюць "самым гарачым сапрана Расіі", у 2016-м адсвяткавала 35-годдзе творчай дзейнасці. Усяго ж яна выканала больш за 50 арый на буйнейшых сусветных сцэнах, сярод якіх Метраполітэн-опера, Ковент-Гардэн, Чыкагская лірычная опера, Опера Сан-Францыска, Ла Скала і Венская опера, Вялікі і Марыінскі тэатры. Менавіта яна стала першай опернай спявачкай у гісторыі Расіі, якую запрасілі выступіць на радзіму Моцарта ў Зальцбург, а потым у яе выкананні прагучалі ўсе 103 рамансы Пятра Чайкоўскага. У праграму мінскага вечара ўвайшлі самыя вядомыя арыі з твораў сусветнага рэпертуару, сярод якіх "Баль-маскарад", "Травіята" і "Сіла лёсу" Джузэпэ Вердзі, "Саламея" Рыхарда Штрауса і "Яўген Анегін" Пятра Чайкоўскага.

Калі: 23 сакавіка
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"

Дзмітрый Калдун у Мінску

Вядомы беларускі спявак і кампазітар, пераможца тэлепраекта "Фабрыка зорак"-6, прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні"-2007 Дзмітрый Калдун па ўжо існуючай традыцыі ў сакавіцкія дні парадуе сваіх паклоннікаў новай праграмай, на гэты раз прымеркаванай да 10-годдзя сольнай кар'еры. Цяпер у яго творчай скарбонцы – 4 альбомы, апошні з якіх – "Манекен" – запомніўся сінгламі "Почему", "Я буду любить тебя" і "Мало тебя". Яшчэ большую папулярнасць спявак заваяваў пасля ўдзелу ў шоу пераўвасабленняў "Точь-в-точь", дзе прадэманстраваў бліскучыя акцёрскія здольнасці і прымераў зорныя амплуа. У мінскім вечары прагучаць свежыя кампазіцыі – "Пьяный ангел" і "Пятница" – і прызнаныя ўжо хіты: "Дай мне силу", "Царевна", "Корабли", "Облака бродяги", "Почему", "Метели"...

Калі: 26 сакавіка
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"

"сНежнае шоу" Вячаслава Палуніна ў Мінску

Тварэнне знакамітага клоўна Вячаслава Палуніна "сНежнае шоу", створанае ў 1993 годзе, пакарыла ўжо мільёны гледачоў і заваявала больш за 20 узнагарод у дзясятках краін, у тым ліку Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Францыі, Іспаніі, ЗША, Канадзе, Мексіцы... Сёння гэта адзін з самых незвычайных і найбольш запатрабаваных камедыйных спектакляў свету, які беларускія гледачы бачылі толькі аднойчы – пяць гадоў таму. Згодна з аўтарскай задумай, спектакль вяртае дарослых да забытых дзіцячых мар. У сваім героі Слава Палунін, знаёмы мільёнам як Асісяй, злучыў лірыку і эпіку, мудрасць і наіўнасць, пяшчоту і страснасць, стварыўшы пры гэтым неймаверна кранальную казку, якая спалучае рысы драмы і камедыі.

Калі: 27 сакавіка – 1 красавіка
Дзе: Мінск, Цэнтральны дом афіцэраў

XXV Міжнародная выстаўка "Ахова здароўя Беларусі"-2018 у Мінску

Буйнейшая выстаўка ў галіне медыцыны і аховы здароўя ў Беларусі, гісторыя якой налічвае больш за 20 гадоў, заваявала прызнанне сярод спецыялістаў з краін блізкага і далёкага замежжа. У 2017-м сваю прадукцыю і тэхналогіі на форуме прадэманстравалі больш за 200 экспанентаў з 14 краін, у тым ліку сусветныя лідары ў вытворчасці медтэхнікі, расходных матэрыялаў, стаматалагічнага абсталявання і фармацэўтычнай прадукцыі. Сёння выстаўка ахоплівае прэзентацыю шырокага спектра прадукцыі – ад найноўшых распрацовак і дасягненняў у стаматалогіі і фармацэўтыцы да прадметаў догляду і гігіены. Акрамя маштабнай экспазіцыі, якая дае магчымасць азнаёміць спецыялістаў з навінкамі медыцынскай індустрыі, інавацыйнымі метадамі дыягностыкі і лячэння захворванняў, у рамках форуму-2018 разгорнуцца навукова-практычныя семінары, канферэнцыі і прэзентацыі.

Калі: 27 – 30 сакавіка
Дзе: Мінск, Футбольны манеж
Даведацца больш

Група БІ-2 у Мінску

Адна з самых паспяховых рок-груп СНД "БІ-2", якая ў 1988 годзе пачынала свой творчы шлях у Бабруйску, вяртаецца ў Мінск у рамках гастрольнага туру. На буйнейшай канцэртнай пляцоўцы краіны Шура і Лёва прадставяць кампазіцыі з новага альбома "Гарызонт падзей", рэліз якога адбыўся восенню 2017-га. Работа над ім вялася на працягу двух гадоў, а самым складаным, па прызнанні саміх музыкантаў, было звядзенне кампазіцый, бо група шукала зусім іншае гучанне. Усяго ж у альбом увайшло 11 песень і 5 бонус-трэкаў, у тым ліку мегапапулярныя "Лайки", "Лётчик", "Алиса", якія заваявалі інтэрнэт і хіт-парады, а таксама сумесны трэк з расійскім рэперам Аксіміронам "Пора возвращаться домой". Пры гэтым музыканты не раскрываюць сэнсу назвы пласцінкі, тым самым пакідаючы прастору для фантазіі паклоннікаў.

Калі: 31 сакавіка
Дзе: Мінск, Мінск-Арэна

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі