Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Крс 2023

Каляндар падзей у Беларусі: МАЙ 2023

Каляндар падзей у Беларусі: МАЙ 2023

Мерапрыемства "Лошыцкая сядзіба ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў"

Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа. У час экскурсіі па сядзібе наведвальнікі не толькі ўбачаць стылізаваныя інтэр'еры, у якіх жылі знакамітыя ўладальнікі Яўстафій Прушынскі, Іван і Яўстафій Любанскія, але і даведаюцца пра іх лёсы, прывычкі, уклад жыцця, сакрэты, якія захоўваюць гэтыя сцены. Музычнымі ілюстрацыямі да экскурсіі стануць паланэз дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай", твор Напалеона Орды "Серэнада", п'еса са зборніка "Полацкі сшытак", творы нямецкага кампазітара-лірыка Іаганеса Брамса і рускага кампазітара-філосафа Аляксандра Скрабіна.

Калі: кожную нядзелю ў 15.00 і 17.00
Дзе: Музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск

CINEMASCOPE: рэтраспектыва фільмаў Новага Галівуда

06 мая – "Жанчына не ў сабе" (1974)
13 мая – "Аліса тут больш не жыве" (1974)
20 мая – "Дні жніва" (1978)

Калі: 15 красавіка – 20 мая
Дзе: прастора "Манахром", вул. Кастрычніцкая, 16/3, Мінск

Пяты рэспубліканскі фестываль Gastrofest. КНІГІ – 2023

На гэты раз Gastrofest збярэ прыхільнікаў кухні розных эпох і літаратурных бестселераў. У цэнтры ўвагі фестывалю смачнай ежы – сучасныя і класічныя творы мастацкай літаратуры. Шэф-повары ўстаноў-удзельніц прапануюць зрабіць падарожжа ў часе і апынуцца за сталом з героямі любімых кніг. Напрыклад, прадэгуставаць міжземнаморскія дэлікатэсы, якім аддаваў перавагу Джакама Казанова, атрымаць асалоду ад "Перакусаў Вар'яцкага Капялюшніка" з "Алісы ў Краіне цудаў", адправіцца на цэнтральны рынак французскай сталіцы XIX стагоддзя, апісаны Эмілем Заля ў рамане "Чэрава Парыжа"

Калі: 20 красавіка – 7 мая
Дзе: Мінск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў

"Свята птушак" у Нацыянальным парку "Прыпяцкі"

Бёрдвотчынг, або назіранне за птушкамі ў натуральным асяроддзі, аб'ядноўвае мільёны аматараў арніталогіі па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. "Свята птушак" у гэтым сезоне адбудзецца ў Нацыянальным парку "Прыпяцкі", які мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Тут жыве 256 відаў птушак (а гэта 79% арнітафаўны ўсёй краіны), 65 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Да таго ж пойма ракі Прыпяці – буйнейшае міграцыйнае рэчышча пералётных птушак у Еўропе. Госці фестывалю адправяцца назіраць за птушкамі на Тураўскі луг, дзе іх чакаюць займальныя экскурсіі, майстар-класы і забавы.

Калі: 30 красавіка – 1 мая
Дзе: Нацыянальны парк "Прыпяцкі", аграгарадок Ляскавічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць

Рэтра-канцэрт "Чорна-белае кіно" ў Белдзяржфілармоніі

Эпоха ад першага 48-секунднага фільма, прадстаўленага ў 1895 годзе братамі Люм'ер, да стварэння ў 1935-м каляровай кароткаметражкі авеяна асаблівым шармам і эстэтыкай нуара, які да нашых дзён выклікае настальгію ў паклоннікаў мастацтва сінема. Музыканты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча запрашаюць перанесціся ў эпоху чорна-белага кіно і зноў адчуць яго праз любімыя кампазіцыі таго часу. У праграме прагучаць мелодыі і песні з савецкіх кінафільмаў 1930-70-х гадоў: "Дзеці капітана Гранта", "Дзяўчаты", "Сцеражыся аўтамабіля", "Тры таполі на Плюшчысе", "17 імгненняў вясны"…

Калі: 3 мая
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Артысты Башкірскай оперы ў Вялікім тэатры: опера Джакама Пучыні "Турандот"

Опера Джакама Пучыні пра каханне жорсткай прынцэсы Турандот і прынца Калафа ўпершыню была прадстаўлена беларускаму гледачу ў 2013 годзе. На гэты раз у партыі Калафа выступіць саліст Башкірскага тэатра оперы і балета – народны артыст Татарстана Ільгам Валіеў. За дырыжорскім пультам будзе ўжо вядомы беларускай публіцы народны артыст Башкортастана Арцём Макараў. Глядач мінскага Вялікага з цеплынёй прымае галоўнага дырыжора Башкірскай оперы з самай першай сустрэчы ў час пастаноўкі "Макбет" Джузэпэ Вердзі.

Калі: 4 мая
Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

HANS ZIMMER'S UNIVERSE ў "Мінск-Арэне"

Сімфанічны аркестр Imperial Orchestra прадставіць новы праект на буйнейшай пляцоўцы Беларусі. Hans Zimmer's Universe – гэта трыб'ют самаму паспяховаму галівудскаму кампазітару, які стаў легендай сучаснага кінематографа. У яго творчым багажы – саўндтрэкі больш як да 200 фільмаў, сярод якіх "Гладыятар", "Пёрл Харбар", "Місія невыканальная", "Кароль Леў", "Піраты Карыбскага мора", "Пачатак", "Апошні Самурай", "Дзюна", "Код да Вінчы", "Бэтмен", "Інтэрстэлар"... Шоу ад стваральнікаў Cinema Medley – гэта ўнікальны шанц акунуцца ў атмасферу любімых фільмаў і зноў перажыць незабыўныя эмоцыі пад акампанемент віртуозных музыкантаў Imperial Orchestra і хору з Санкт-Пецярбурга.

Калі: 4 мая
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Міжнародны злёт рэтра і класічных аўтамабіляў "Рэтра-Мінск 2023"

Адзін з буйнейшых на постсавецкай прасторы фестываляў аўтамабіляў "Рэтра-Мінск", які праводзіцца з 2008 года, запрашае ўладальнікаў рэдкіх аўто, з моманту выпуску якіх мінула больш за 40 гадоў. Асноўная праграма адбудзецца 6 мая: удзельнікі праедуць калонай ад Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы" да выставачнага цэнтра на сталічным праспекце Пераможцаў (працягласць прабегу складзе 35 кіламетраў). Затым пасля ўрачыстага адкрыцця злёту і гадзіннай экспазіцыі (11:00–12:00) пад адкрытым небам яны адправяцца да плошчы Перамогі. Зрабіўшы ганаровы круг ля манумента, рэтрааўтамабілі праедуць да Кастрычніцкай плошчы, дзе разгорнецца выстаўка-прэзентацыя.

Калі: 5–7 мая
Дзе: выставачны цэнтр "БелЭкспа" – Плошча Перамогі – Кастрычніцкая плошча, Мінск

Вясенні абрад "Юр'еўскі карагод" у Гомельскай вобласці

Вясенні народны абрад "Юр'еўскі карагод", уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, праводзіцца ў нашы дні ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Традыцыя адзначаць Юр'еў дзень (святы Юрый лічыўся заступнікам пастухоў і сельскай гаспадаркі) вядома з даўніх часоў, калі нашы продкі ўпершыню пасля зімы выводзілі жывёлу на пашу, абыходзілі пасевы азімых, аралі першую баразну і – у часы язычніцтва – задобрывалі бога ўрадлівасці, вясны і любові Ярылу. Менавіта з гэтым прыгожым вясеннім абрадам беларускія сяляне звязвалі надзеі на шчодры ўраджайны год.

Калі: 6 мая
Дзе: в. Пагост, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць
Даведацца падрабязней

Спаборніцтвы па трофі-рэйдзе "Целяханская дрыгва"

Трофі-рэйд "Целяханская дрыгва", які ўжо 15-ы раз адбудзецца ў Івацэвіцкім раёне, прыцягвае каля сотні гоншчыкаў на пазадарожніках і квадрацыклах. Правілы простыя: усяго за 24 гадзіны ўдзельнікам экстрэмальнай гонкі трэба будзе пераадолець 100 кантрольных пунктаў па лясах і балотах – а гэта дыстанцыя агульнай працягласцю амаль 200 км! "Целяханская дрыгва" цікавая для ўдзельнікаў перш за ўсё складанасцю трасы, бо тут сустракаецца сапраўдная багна. Для гледачоў акрамя старту прадугледжана некалькі кантрольных пунктаў, дзе можна паназіраць за гонкамі.

Калі: 6–7 мая
Дзе: г.п. Целяханы (возера Волькаўскае), Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць

9 мая – Дзень Перамогі

Галоўнае свята месяца краіна адзначае мноствам мерапрыемстваў – ускладаннем кветак да манументаў і помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, кранальнымі сустрэчамі з ветэранамі, канцэртамі, выстаўкамі ваеннай тэхнікі. Па традыцыі вечарам 9 мая ў Мінску неба расквеціць святочны салют. Залпы дадуць у шасці пунктах сталіцы:

  • у парку Янкі Купалы (Цэнтральны раён); 
  • у парку імя Паўлава (Маскоўскі раён); 
  • у парку імя Уга Чавеса (Фрунзенскі раён); 
  • на набярэжнай вадасховішча Дразды (Цэнтральны раён); 
  • ля "Чыжоўка-Арэны" (Заводскі раён); 
  • ля Нацыянальнай бібліятэкі (Першамайскі раён).

Дзе: усе гарады Беларусі, мемарыяльныя комплексы, музеі

Выстава "Арт-Мінск 2023"

Новыя імёны адкрываюць на фестывалі беларускага сучаснага мастацтва "Арт-Мінск": буйнейшая выстава года прадстаўляе больш за 450 твораў аўтараў з усёй краіны ў актуальных мастацкіх напрамках. Упершыню за пяць гадоў існавання форуму на ўдзел было пададзена звыш 1000 заявак і 3000 работ! Тут як знакамітыя творцы, так і маладыя мастакі-эксперыментатары. Матэрыяламі для твораў паслужылі тэкстыль, папяровыя ручнікі, пустыя палотны і нават шкарлупіна. Наведвальнікі могуць не толькі купіць работы, якія спадабаюцца (90% з іх даступны на анлайн-платформе Artcenter.by), але і падтрымаць мастакоў пры дапамозе галасавання.

Калі: 12 мая – 18 чэрвеня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

Летні музычна-турыстычны сезон у Мінску

У гістарычным цэнтры Мінска – Верхнім горадзе, на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў – 13 мая стартуе летні музычна-турыстычны сезон, які прадоўжыцца да верасня. Важнай асаблівасцю гэтага года стане правядзенне Дзён культуры гарадоў-пабрацімаў беларускай сталіцы, у ліку якіх Санкт-Пецярбург, Калуга, Ніжні Ноўгарад, Новасібірск і іншыя. Сумесна з пасольствам КНР і артыстамі з Паднябеснай 27 мая на пляцоўцы "Верхні горад" пройдзе маштабнае культурнае мерапрыемства "Свет чаю". Арганізатары абяцаюць, што ў сезоне-2023 прадоўжаць работу любімыя мінчанамі і гасцямі праекты. На адкрытай тэрыторыі атэля "Манастырскі" з 20.00 да 22.00 па суботах у рамках праекта "Тэатральны дворык" будуць праходзіць паказы студэнцкіх аматарскіх калектываў, а таксама выступленні прафесійных акцёраў тэатраў сталіцы. "Бібліятэка пад адкрытым небам" па суботах з 13.00 да 17.00 запрашае на інтэрактыўныя сустрэчы з пісьменнікамі для дзіцячай і дарослай аўдыторыі. З мая запрашае на канцэрт вулічных музыкантаў праект "Пешаходка".

Калі: 13 мая – верасень
Дзе: гістарычны цэнтр Мінска

XV Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя сустрэчы"

Міжнародны фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы" з моманту свайго ўзнікнення падтрымлівае галоўныя каштоўнасці – мір, гуманізм, сяброўства і, вядома, любоў. У розныя гады яго сцэна прымала вядучыя тэатральныя калектывы Мінска, Кіева, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Смаленска, Бранска, Разані, Таганрога, Кішынёва, Адэсы, Кракава, Вільнюса, іншых гарадоў блізкага і далёкага замежжа. У гэтым годзе форум пройдзе ў Гомелі пад дэвізам "Тэатр – міру. Мір тэатру!".

Калі: 16–21 мая
Дзе: Гомельскі абласны драматычны тэатр, пл. Леніна, 1, Гомель

Міжнародная акцыя "Ноч музеяў" у Беларусі

Калі: 18–28 мая
Дзе: музеі, этнаграфічныя комплексы, замкі, палацы, радавыя сядзібы

Акцыя "Ноч музеяў", якая ўпершыню адбылася ў 1997-м у Берліне, заваявала сэрцы і беларускіх знатакоў. Адкрые музейную эстафету–2023 НАК Беларусі, які запрашае адправіцца ў падарожжа па алімпійскай гісторыі краіны. Госці ўбачаць калекцыю факелаў, змогуць патрымаць у руках важкія ўзнагароды і пазнаёміцца з іх уладальнікамі – вядомымі спартсменамі, прызёрамі Алімпійскіх і Еўрапейскіх гульняў.

Далей да марафону далучацца знакамітыя славутасці Беларусі.

Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей 19 мая ў 18.30 азнаёміць наведвальнікаў з беларускай міфалогіяй, захопіць інтэрактыўнымі пляцоўкамі, віктарынамі і гульнямі, а потым адправіць у рамантычную прагулку па горадзе. На наступны дзень у доме-музеі Адама Міцкевіча адбудзецца паэтычны вечар.

Нясвіжскі замак 20 мая (19.00–22.00) акуне ў містычную атмасферу тайных пакояў, калідораў і падзямелляў былой рэзідэнцыі князёў Радзівілаў. Гасцей чакаюць тэатралізаваная экскурсія з гістарычнымі персанажамі, а таксама музычная праграма – выступленні фартэпіяннага Trio Time і ансамбля "Харошкі".

Гальшанскі замак 20 мая (19.00–22.00) запросіць аматараў містыкі і гістарычных дэтэктываў палятаць "На крылах музыкі, гісторыі, кахання", пабываць на "Тэрыторыі прывідаў" у час інтэрактыўнай экскурсіі, а потым атрымаць асалоду ад прагляду фільма Міхаіла Пташука "Чорны замак Альшанскі" паводле рамана Караткевіча пад адкрытым небам.

Гомельскі палац Румянцавых і Паскевічаў 20 мая (19.00–22.00) прапануе гасцям зазірнуць у закуліссе музейнага свету і на час стаць яго захавальнікам. У праграме – выставачныя праекты, светлавыя шоу, музычныя выступленні, парад архітэктуры, паэтычны праменад, маляванне пяском, экскурсіі, гульні, салонныя забавы.

Лідскі замак прадставіць 26–27 мая музейны трыпціх "Магія агню і святла". У старажытных сценах размесціцца выстава рэдкіх аўто "Экзотык "Нясвіж-Ліда", выступяць тэатры агню і сольныя артысты, адбудуцца майстар-класы ад лепшых фаершчыкаў.

Ноч музеяў–2023 у Мінску

Нацыянальны мастацкі музей 20 мая (16.00–24.00) прадстаўляе "Музейны квАРТал". І ў гэты ж дзень адкрывае выставу "Станіслаў Жукоўскі. Пункт прыцягнення – сядзіба", запрашае на лекцыю па гісторыі мастацкіх музеяў, майстар-класы па кітайскай каліграфіі, жывапісе, ксілаграфіі, лінаграфіцы. Таксама адбудуцца канцэрты барочнай і джазавай музыкі, паэтычны перформанс "Менш за адзінку" ад акцёра Аляксандра Міцкевіча і, вядома, экскурсіі, квесты па музеі, open talks, гульні для дзяцей.

Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва адзначае адразу два юбілеі – 20-годдзе з дня стварэння і 100-годдзе з дня нараджэння народнага мастака і заснавальніка музея. Вечарам 20 мая (19.00–23.00) знатакі творчасці змогуць атрымаць асалоду ад выставы жывапісу і графікі, а таксама азнаёміцца з творамі мастакоў-франтавікоў і зазірнуць на арт-гутарку з жонкай майстра Маргарытай Шчамялёвай.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча 20 мая (17.00–02.00) акуне ў свет творчасці. Госці навучацца ствараць мультфільмы, пройдуць літаратурны квіз, памераюцца сіламі ў адгадванні беларускіх загадак, атрымаюць асалоду ад канцэрта Міхаіла Бараноўскага на вершы Караткевіча, Багдановіча і Наўроцкага, азнаёмяцца з гісторыяй лялечнага тэатра і нават паспрабуюць сябе ў ролі батлейшчыка!

Музей землязнаўства БДУ 18–20 мая (11.00–21.00) запрашае зрабіць "Дзіўнае падарожжа ў чароўны свет мінералаў", даведацца больш пра "Народжаных у космасе" метэарытах, асвоіць тэхніку дыягностыкі мінералаў, навучыцца апрацоўцы янтару, убачыць яго ў разнастайнасці відаў, а ў час экскурсіі паспрабаваць раскрыць тайны планеты Зямля і пазнаёміцца з маўклівымі сведкамі розных геалагічных эпох.

Музей гісторыі горада Мінска 20 мая (20.00–24.00) прапануе перанесціся на планету М – па назве сталіцы. Галоўнай падзеяй стане касмічны квест, дзе на шляху да мэты ўдзельнікам трэба будзе ўступіць у кантакт з дроідам і гуманоідам, зрабіць падарожжа ў часе і ўбачыць горад у розныя эпохі. У канцы падарожжа адбудзецца лекцыя на тэму "Космас у сусветным кінематографе", якая пакажа, як з цягам часу змяняўся візуальны вобраз космасу. І, вядома ж, на працягу вечара кожны зможа падняцца на балкон ратушы і паглядзець на зіхатлівы агнямі Мінск.

Спартыўна-культурны фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу"-2023

Любімы многімі беларусамі і гасцямі краіны спартыўна-культурны фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу" адкрывае свой трэці сезон. Месцам старту выбраны "Горад металургаў" Жлобін. У пятніцу 19 мая адбудуцца вулічны мастацкі інтэрактыў "Гуляйце з намі – малюйце самі" ад сталічнай галерэі "АртХаос", а таксама вячэрнія паказы – мюзікла-прытчы Маладзёжнага тэатра эстрады "Як ноч стала дзяўчынай" і спартыўнай стужкі ў кінатэатры пад адкрытым небам. Асноўныя падзеі разгорнуцца ў суботу 20 мая. Гасцей чакаюць цырымонія адкрыцця, алімпійскі квест, займальныя пляцоўкі больш як па 25 відах спорту, фінал абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта "Вытокі. Quiz", прэзентацыя калекцый адзення "Роднае-моднае" беларускіх прадпрыемстваў і дызайнераў. Акрамя таго, у трэцім сезоне культурная праграма прадстаўляе новы конкурс песеннага тэксту "Вершы пра галоўнае". Таксама ў рамках фестывалю журы вызначыць лепшых маладых выканаўцаў у вакальным конкурсе. Завершыць праграму вячэрні гала-канцэрт з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады.

Калі, дзе:
19-20 мая
– Жлобін
2-3 чэрвеня – Баранавічы
16-17 чэрвеня – Слонім
23-24 чэрвеня – Глыбокае
18-19 жніўня – Касцюковічы
25-26 жніўня – Барысаў

Канцэрт старадаўняй беларускай музыкі ў Нясвіжскім замку

Рэзідэнцыя княжацкага роду Радзівілаў запрашае акунуцца ў эпоху барока пад мелодыі са знакамітага зборніка "Полацкі сшытак". У ім сабрана старадаўняя свецкая музыка аўтараў XVI–XVII стагоддзяў – больш за 200 канцон і танцаў эпохі Рэнесансу і барока. Героі харэаграфічнага спектакля ў выкананні ансамбля "Харошкі" нібыта сышлі з жывапісных палотнаў і гравюр – магнаты, гараджане, рамеснікі, беднякі, вольныя акцёры... Госці вечара атрымаюць асалоду ад гучання самабытных інструментаў, вакальнага і харэаграфічнага майстэрства, віртуознага выканання кампазіцый і, вядома, раскошных сцэнічных касцюмаў. У праграме прагучаць "Скамарохі", "Менестрэлі", "Сакалінае паляванне", "Капрычыа", "Танец рамеснікаў", "Свята ў прадмесці", "Князёўна", "Дзе б ты ні была, кахана", "Песня да Ружанцовай Маці Божай"…

Калі: 20 мая
Дзе: Нясвіжскі замак, вул. Замкавая, 2, Нясвіж

Свята "Мядовы фальварак" у Гомельскай вобласці

Адзін са старажытных промыслаў жыхароў Палесся – лясное бортніцтва – у 2017 г. атрымала статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, а ў 2020-м "Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы" ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Жывыя формы бортніцтва практыкуюцца ў нашы дні ў вёсках Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, якія знаходзяцца па берагах ракі Убарці. Тут беражліва захоўваюць сакрэты продкаў, выкарыстоўваючы інструменты і прыстасаванні для пад'ёму на дрэвы, прыёмы для прынады і догляду пчол у дуплах дрэў. А вуллі-калоды ў лесе перадаюць нашчадкам і дораць на вяселле як самы дарагі падарунак... Свята "Мядовы фальварак", прысвечанае ўнікальнаму промыслу, запрашае гасцей у аграгарадок Сіманічы. Сакрэты мясцовых бортнікаў, дэгустацыі духмянага мёду ва ўсёй яго разнастайнасці, прадукты пчалярства (пярга, праполіс, воск) – усё гэта, зразумела, будзе на фестывалі. Акрамя таго, у праграме – майстар-класы ад рамеснікаў і майстроў дэакратыўна-прыкладнога мастацтва, выступленні артыстаў, смачныя пачастункі з мёдам.

Калі: 21 мая
Дзе: аграгарадок Сіманічы, Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць

Абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы" ў Гомельскай вобласці

Адзін з самабытных рэгіянальных абрадаў Гомельскай вобласці – "Ваджэнне і пахаванне стралы" – з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Гэты рытуал праводзіцца ў чацвер на 40-ы дзень пасля Вялікадня і цесна звязаны з урадлівасцю зямлі, уміласціўленасцю прыроднай стыхіі – маланкі-стралы. У гэты дзень жанчыны апранаюць святочнае ўбранне, збіраюцца ў цэнтры вёскі і пачынаюць вадзіць карагоды, а потым дзеляцца на шарэнгі і з песнямі, трымаючыся за рукі, накіроўваюцца да пшанічнага поля. Тут адбываецца кульмінацыя – пахаванне стралы: удзельніцы абраду бяруць гузікі, манеты, іншыя металічныя прадметы і закопваюць іх у зямлю, загадваючы пры гэтым жаданні. З гэтага моманту лічыцца, што вясна заканчваецца, таму жанчыны вяртаюцца ў вёску з летнімі і пазаабрадавымі песнямі.

Калі: 25 мая
Дзе: аг. Неглюбка, в. Казацкія Балсуны, аг. Стаўбун, аг. Янова, Веткаўскі раён, Гомельская вобласць

"Ноч пажыральнікаў рэкламы"–2023 у Мінску

"Ноч пажыральнікаў рэкламы" – гэта шоу-паказ рэкламных ролікаў з усяго свету, які ўжо амаль 40 гадоў стварае эксцэнтрычны і крэатыўны француз Жан Мары Бурсіко. Дзякуючы намаганням заснавальніка, рэклама паўстае перад гледачом як самастойная форма крэатыўнага кантэнту, поўная ідэй, інсайтаў і мастацкіх шэдэўраў. Кожны год "Ноч пажыральнікаў рэкламы" становіцца культурнай падзеяй, прызначанай стаць крыніцай добрага настрою і прафесійнага натхнення. У праграме 2023 года прадстаўлены тэма гумару розных краін, мастацтва і творчасць, сацыяльная рэклама. Гледачы ўбачаць відэаролікі з самых экзатычных краін свету, упершыню ў праграме будуць прадстаўлены рэкламныя работы беларускіх рэжысёраў.

Калі: 26 мая, 22.00
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

"Неверагодны атракцыён" у Белдзяржцырку

На летні перыяд Белдзяржцырк ператворыцца ў "Неверагодны атракцыён", дзе адбываюцца дзіўныя з'явы: "Кола агляду" становіцца захапляючым "Колам смеласці", а прывычны "Цір" – экстрэмальным "Кіданнем нажоў"! Толькі тут магчыма "немагчымае": кошкі выконваюць трукі ў паветры, а матацыкламі кіруюць мядзведзі, чалавек мацнейшы за аўтамабіль... У праграму новага шоу ўвайшлі такія нумары, як эквілібр на канаце, паветраная гімнастка на корд-дэ-парэлі, акрабатычная дарожка, гімнасты ў коле і на трапецыі, сілавы атлет. Таксама на манежы з'явяцца любімыя дзецьмі дрэсіраваныя мядзведзі, кошкі і поні.

Калі: 26 мая – 19 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Шляхецкі фэст "Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх"

Жамыслаўльская зямля славіцца сваёй выдатнай мясцінай – палацам-рэзідэнцыяй княжацкага роду Умястоўскіх, якому ўжо больш за 140 гадоў. Гаспадары маёнтка – Уладзіслаў Умястоўскі і Яніна Астрог-Садоўская – у канцы XIX стагоддзя нават стварылі побач з палацам на рацэ Гаўе ўласную Венецыю, праклаўшы спецыяльныя каналы, абрамленыя дрэвамі. У цудоўным парку стаяў млын, а ў каналах і прудзіках плавалі лебедзі і качкі... Госці майскага свята азнаёмяцца з гісторыяй архітэктурнай жамчужыны краю і лёсам яе ўладальнікаў, прагуляюцца па старадаўнім парку, убачаць літаратурна-тэатралізаваны паказ, канцэртную праграму ад мясцовых аматарскіх калектываў, навучацца танцам, традыцыйным відам рамёстваў на майстар-класах, а таксама наведаюць выстаўку-продаж народнай творчасці і сувенірнай прадукцыі.

Калі: 27 мая
Дзе: аграгарадок Жамыслаўль, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць

Свята народнай творчасці "Аўгустоўскі канал запрашае сяброў"–2023

"Аўгустоўскі канал запрашае сяброў" на адкрыццё летняга турыстычнага сезона-2023, а гэта значыць, што гасцей зноў чакае запамінальная забаўляльная праграма. Адкрыецца фэст шэсцем з удзелам творчых калектываў Гродзенскага раёна і канцэртам народных ансамбляў, будуць разгорнуты падворкі мясцовымі дамамі культуры. Галоўны дэвіз сцэнічнай пляцоўкі свята – "Больш музыкі! Больш песень і танцаў!". Гасцей чакаюць экскурсійныя праграмы па маляўнічых мясцінах з наведваннем музея канала, падарожжа па водным маршруце, а для ўмельцаў прадугледжаны майстар-класы па ганчарнай справе, саломапляценні, вышыўцы, размалёўцы.

Калі: 27 мая
Дзе: Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка, Гродзенскі раён

Марафон па бегу "Налібокі"-2023

Лёгкаатлетычны аматарскі марафон "Налібокі" 15-ы раз збярэ энтузіястаў і прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця. Асаблівасцю марафону з'яўляецца вялікі выбар дысцыплін. Напрыклад, пераадоленне дыстанцыі на веласіпедзе – вела-ультрамарафон (200 км), веламарафон (100 км), вела-паўмарафон (42 км). Прадугледжаны бегавыя дыстанцыі – трэйл-ультрамарафон (100 км), трэйл-марафон (42 км), трэйл-паўмарафон (21 км), а таксама водны марафон 40 км. Для аматараў змешаных відаў у праграме заяўлены мультымарафон, які спалучае веласіпедную гонку (100 км), трэйл (42 км) і сплаў. Юныя атлеты ва ўзросце ад 0 да 15 гадоў могуць паўдзельнічаць у дзіцячым трэйле на 1 км.

Калі: 27–28 мая
Дзе: экалагічная сцежка Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Налібоцкі", каля в. Белакорац, Валожынскі раён, Мінская вобласць

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі