Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Крс 2018

Каляндар падзей у Беларусі: май 2018

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"

Калі: 15 чэрвеня 2017 года – чэрвень 2018 года
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў

Выстаўка "The Art of the Brick. Мастацтва лега" ў Мінску

Выстава нью-ёркскага мастака Натана Саваі "The Art of the Brick. Мастацтва лега", што ўвайшла ў топ-10 самых паспяховых і відовішчных праектаў паводле версіі CNN, упершыню прадстаўлена ў Мінску. Усяго ў экспазіцыі, якая пакарыла паклоннікаў у Германіі, Італіі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, прадстаўлена каля 100 твораў, створаных з мільёнаў кубікаў дзіцячага канструктара Lego. Тут можна ўбачыць партрэты славутасцей, рэплікі помнікаў сусветнай архітэктуры і нават аб'ёмныя шэдэўры жывапісу – "Мону Лізу" Леанарда да Вінчы, "Пацалунак" Густава Клімта, "Крык" Эдварда Мунка… Чаго толькі каштуе старажытнагрэчаскі Парфенон з амаль 30000 кубікаў! Выстава складаецца з тэматычных залаў – "Майстэрня мастака", "Сусветная культура", "Эмоцыі і станы", а таксама забаўляльнай і гульнявой зоны.

Калі: 1 сакавіка – 30 мая
Дзе: Мінск, ГЗЦ Galleria Minsk
Даведацца больш

Інтэрактыўная выстаўка ''Future LIVE'' ў Мінску

Future LIVE – дзіўная прастора, населеная незямнымі істотамі, чароўнымі кветкамі і іншапланетнымі раслінамі, якія створаны з дапамогай такіх сучасных тэхналогій як арт-інсталяцыя і 3D mapping, праекцыйны інтэрактыў, віртуальная і дапоўненая рэальнасць. Наведвальнікі змогуць ажыццявіць сапраўднае "Міжгалактычнае Падарожжа" і азнаёміцца з незвычайнымі арт-аб'ектамі, сярод якіх экран трохметровай вышыні, набор дапоўненай рэальнасці на чатырох чалавек, арэлі з гірадатчыкамі, фламастары вышынёй з  чалавечы рост... Згодна з ідэяй, выставачны праект у фармаце Educatement дае магчымасць вучыцца ў забаўляльнай форме, а інтэрактыўна-мультымедыйныя зоны вучаць узаемадзеянню з навакольнай рэальнасцю, фарміруюць крэатыўнае мысленне і ўражваюць удзельнікаў.

Калі: 15 сакавіка – ліпень 2018 года
Дзе: Мінск, ГЗЦ Dana Mall
Даведацца больш

XХII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі"

Буйнейшы міжнародны форум сродкаў масавай інфармацыі збярэ ў Мінску больш за 50 экспанентаў – прадстаўнікоў амаль 300 перыядычных выданняў, тэлеканалаў, радыёстанцый, інфармацыйных агенцтваў і інтэрнэт-парталаў Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Турцыі, КНР... У праграму-2018 увайшлі прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі... Сярод самых чаканых падзей – прэс-мерапрыемства ў гонар 100-годдзя БелТА, прэзентацыі праектаў да Года турызму Беларусі ў Кітаі, круглы стол "Сёння: учора і заўтра", прысвечаны 65-годдзю часопіса "Маладосць", а таксама выступленні прадстаўнікоў вядучых беларускіх і замежных выданняў, сярод іх – "Глабальныя трэнды для новых медыя" ад прадстаўніка МІА "Расія сёння" Наталлі Лосевай.

Калі: 3 – 5 мая
Дзе: Мінск, пр. Пераможцаў, 14, НВЦ "БелЭкспа"

Фінал "Міс Беларусь-2018" у Мінску

Галоўная інтрыга конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2018" вырашыцца ў Мінску: фінальнае гала збярэ ў сталічным Палацы спорту 30 прэтэндэнтак на карону і вялікі грашовы прыз, адабраных з больш як 700 прыгажунь з усёй краіны. Паводле слоў арганізатараў, гледачоў чакае высакакласнае еўрапейскае шоу, у якім будуць задзейнічаны найноўшыя тэхналогіі і ўвасобяцца самыя незвычайныя рэжысёрскія задумкі. Галоўнымі акцэнтамі маштабнага beauty-шоу, у якім злучацца чатыры стыхіі – агонь, зямля, вада і паветра, стане тэма малой радзімы, якой прысвечаны бягучы 2018 год і маючыя адбыцца II Еўрапейскія гульні. Упершыню ў гэтым годзе зменіцца фармат мерапрыемства: замест прывычнага дэфіле гледачы ўбачаць відовішчнае шоу, у якое ўвойдуць маляўнічыя і арыгінальныя харэаграфічныя пастаноўкі.

Калі: 4 мая
Дзе: Мінск, Палац спорту

Фестываль "Дударскі рэй"-2018 у Глыбокім

Другі фестываль "Дударскі рэй" збярэ ў горадзе Глыбокае – "вішнёвай" сталіцы Беларусі – лепшых дудароў з Беларусі, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Партугаліі. Акрамя традыцыйных выступленняў дудароў, у праграму фестывалю ўвайшлі ўрачыстае шэсце дудароў, выстаўкі, прысвечаныя гісторыі выцінанкі і дуды – старадаўняга музычнага інструмента, крэатыўныя майстар-класы, вечарынкі, а завершыць праграму гала-канцэрт і ўрачыстая служба ў касцёле Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела. "Дударскі рэй"-2018 прысвечаны вядомаму заснавальніку беларускага прафесійнага тэатра, ураджэнцу Віцебшчыны Ігнату Буйніцкаму, які ўключыў у сваю трупу дудара па імені Адам Шульга. Удзельнікі сёлетняга свята пабываюць на яго малой радзіме – у вёсцы Празарокі, а таксама правядуць майстар-класы і падзеляцца сакрэтамі свайго майстэрства з юнымі музыкантамі Глыбоччыны...

Калі: 4 – 6 мая
Дзе: Глыбокае, Віцебская вобласць

Міжнародны велакарнавал "Viva Rovar-2018" у Мінску

Веласезон-2018 у Мінску адкрыецца маштабным парадам: тысячы веласіпедыстаў калонай праедуць па сталічным праспекце Пераможцаў ад стэлы "Мінск – горад-герой" да "Мінск-Арэны" і назад. Паводле слоў арганізатараў, цікавасць да мерапрыемства з боку моладзі расце: толькі ў мінулым годзе міжнароднае спартыўнае свята наведалі звыш 7,5 тысячы веласіпедыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі... І гэта далёка не мяжа! Акрамя таго, у другой палове дня аматараў актыўнага адпачынку і гасцей маляўнічага "Viva Rovar-2018" чакае традыцыйны вялікі велафестываль, які адбудзецца ў парку Перамогі: на яго тэрыторыі разгорнецца канцэртная пляцоўка, дзе выступяць вядучыя артысты і творчыя калектывы краіны, а таксама адкрыюцца забаўляльныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

Калі: 12 мая
Дзе: Мінск, праспект Пераможцаў, парк Перамогі

X Міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску

Юбілейны, дзясяты міжнародны форум прадставіць 14 спектакляў з сямі краін, у тым ліку з Беларусі, Расіі, Францыі, Ізраіля... Сярод дэбютантаў форуму-2018 – тэатральныя калектывы з Балгарыі, Іспаніі і Ірана. Усяго ж за гісторыю лялечнага фэсту на мінскай сцэне свае пастаноўкі паказалі больш за 60 тэатраў з розных куткоў свету. Дарэчы, упершыню большасць пастановак адрасавана дарослай аўдыторыі, а ў праграме дамінуюць спектаклі, якія ўяўляюць сабой смелае спалучэнне сучаснай харэаграфіі, пантамімы і класічных форм тэатра. Для маленькіх гледачоў пакажуць кранальныя пастаноўкі – "Кравец" (Ізраіль) і "Умка" Беларускага тэатра "Лялька" (Віцебск). Праграму дапоўняць майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі, а таксама вечар тэатральнай музыкі ад групы "Нагуаль".

Калі: 18 – 21 мая
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек
Даведацца падрабязней

Томас Андэрс у Мінску

Спявак, акцёр і кампазітар, экс-удзельнік Modern Talking Бернд Вайдунг, які выступае пад творчым псеўданімам Томас Андэрс, вяртаецца ў Мінск з новым канцэртным шоу. Легенда поп-музыкі 1980-90-х і сёння, праз два дзесяцігоддзі пасля распаду групы, прадаўжае здзіўляць паклоннікаў новымі кампазіцыямі і музычнымі эксперыментамі. Сольную кар'еру спявак пачаў у 1989-м, выпусціўшы першы студыйны альбом Different, а потым былі Whispers, Down On Sunset, Barcos de cristal, Souled, This Time, Songs Forever, Strong, Christmas for You, History і свежы цалкам нямецкамоўны альбом Pures Leben. У мінскім канцэрце прагучаць залатыя хіты Modern Talking, а таксама сінглы з сольных альбомаў: "Everybody Wants To Rule The World", "Take the Chance", "Lunatic", "Stay With Me", "Love Is In The Air"...

Калі: 24 мая
Дзе: Мінск, Палац спорту

Акустычны канцэрт групы ''J:Морс'' у Мінску

Адзін з самых папулярных музычных калектываў Беларусі – група "J:Морс" – за сваю творчую дзейнасць (а гэта 19 гадоў!), заслужыў аўтарытэт сярод прафесіяналаў і паклоннікаў сапраўднага рока. Сёння дыскаграфія калектыву на чале з нязменным лідарам Уладзімірам Пугачам – восем студыйных альбомаў, два канцэртныя альбомы, два сінглы і некалькі зборнікаў... У 2016 годзе музыканты прадставілі праект "Беларускае золата", створаны сумесна з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Віктара Бабарыкіна. На гэты раз група "J:Морс", якая славіцца энергічнымі выступленнямі, паўстане ў новым амплуа, зрабіўшы акцэнт на дамашняй, камернай атмасферы і "вялікай акустыцы": верныя паклоннікі пачуюць залатыя хіты любімага калектыву, а таксама кампазіцыі са свежага альбома "Паветра".

Калі: 25 мая
Дзе: Мінск, Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў

Творчы вечар Уладзіміра Познера ў Мінску

Расійскі журналіст і тэлевядучы Уладзімір Познер за больш як 50 гадоў кар'еры запомніўся прафесіяналам і шырокай аўдыторыі як стваральнік аўтарскіх праграм, сувядучы тэлемастоў, аўтар дакументальных серыялаў і кніг, а галоўнае – як таленавіты інтэрв'юер, які сустракаўся з выдатнымі людзьмі планеты, сярод якіх Міхаіл Гарбачоў, Анатоль Чубайс, Эдвард Радзінскі, Андрэй Канчалоўскі, Марк Захараў. Аднак сапраўды значным для яго праектам стала аўтарская перадача "Познер", якая вось ужо на працягу дзесяці гадоў штотыдзень выходзіць у прамы эфір. Пасля творчага вечара ў 2016 годзе, калі знакаміты тэлежурналіст адказаў на дзясяткі пытанняў слухачоў, ён зноў вяртаецца ў беларускую сталіцу, каб падзяліцца разважаннямі і раскрыць сакрэты прафесійнай дзейнасці...

Калі: 29 мая
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Ларыса Рубальская "Жанчына, якая ПАЭТ"

Вядомая паэтэса і перакладчыца Ларыса Рубальская за ўсё жыццё напісала больш за 600 песень для зорак савецкай і расійскай эстрады, сярод якіх Ала Пугачова, Філіп Кіркораў, Таццяна Аўсіенка, Іосіф Кабзон, Ірына Алеграва, Міхаіл Баярскі, Алсу, Мікалай Карачанцаў... Яе творчым дэбютам стала кампазіцыя "Успамін", напісаная ў суаўтарстве з Уладзімірам Мігулем, якую выдатна выканала Валянціна Талкунова. Кожная песня Ларысы Рубальскай – маленькая гісторыя кахання, якая ў руках таленавітай паэтэсы набывае асаблівую "агранку" – тую самую ўнікальную інтанацыю, на якую адклікаецца душа, адкрытая для сапраўднага пачуцця. Гасцей мінскага вечара чакае шчырая, даверная размова: паэтэса падзеліцца гісторыямі са свайго жыцця, а таксама раскажа пра сакрэты сваіх паэтычных твораў...

Калі: 29 мая
Дзе: Мінск, Цэнтральны Дом афіцэраў

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі