Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Чэр 2021

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIПЕНЬ 2021

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIПЕНЬ 2021

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Выстава "Тадэвуш Касцюшка як мастак"

4 лютага споўнілася 275 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуша Касцюшкі. У гэты дзень на малой радзіме выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча – у мемарыяльным музеі-сядзібе ва ўрочышчы Мерачоўшчына горада Косава – разгарнулася ўнікальная выстава-праект, якая раскрывае знакамітага генерала ў творчай іпастасі. Наведвальнікі могуць убачыць 16 рэпрадукцый работ Касцюшкі, выкананых ім у розныя перыяды жыцця. Тут прадстаўлены і першыя палотны – пераважна копіі работ іншых мастакоў, зробленыя ў час вучобы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Францыі, і рэплікі карцін больш позняга перыяду. Нягледзячы на тое, што Тадэвуш Касцюшка звязаў жыццё з ваеннай справай, ён прадаўжаў займацца жывапісам і пасля паўстання 1794 года, а ў Амерыцы набыў славу партрэтыста.

Калі: 4 лютага – 31 снежня
Дзе: Мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі, Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, Косава, вул. Т.Касцюшкі, 108
Даведацца падрабязней

 Фестываль Vytoki ў Беларусі

Маштабны фестываль, які прадоўжыцца з мая па жнівень і ахопіць адразу шэсць гарадоў – Ліду, Оршу, Кобрын, Мазыр, Бабруйск, Жодзіна – стане аб'яднальнай падзеяй у Год народнага адзінства. Арганізатары прапануюць тэматычныя пляцоўкі па розных напрамках. Цэнтрам прыцягнення стане спартыўны "Крок да Алімпа", дзе кожны жадаючы зможа прыняць удзел у спаборніцтвах і конкурсах алімпійскага квеста, праверыць свае сілы ў розных відах спорту. Запланавана і маштабная культурна-адукацыйная праграма. Напрыклад, выстаўка "Кола часу" азнаёміць з творамі беларускіх мастакоў, а напярэдадні адбудзецца лекцыя-прэзентацыя па сучасным выяўленчым мастацтве. Госці фестывалю змогуць наведаць канцэрт арганнай музыкі, развучыць рухі старадаўніх беларускіх танцаў і сучасных харэаграфічных напрамкаў на майстар-класах ад прафесіяналаў. Завершыцца свята ў кожным горадзе вячэрнім гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў. А фінальным акордам стануць танцавальныя флэш-мобы і дыскатэка ад лепшых дыджэяў Беларусі.

Калі: май–жнівень
Дзе: Ліда, Орша, Кобрын, Мазыр, Бабруйск, Жодзіна

Праграма "Амаль сур'ёзна" ў Белдзяржцырку

Белдзяржцырк і Маскоўскі цырк Юрыя Нікуліна на Цвятным бульвары падрыхтавалі сумесны праект, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння вялікага артыста. Новая праграма "Амаль сур'ёзна" прадставіць  калейдаскоп нумароў, сярод якіх экстрэмальныя ("Бразільскае кола смеласці" і "Мотакаскадзёры з Бразіліі "Fire riders"), відовішчныя ("Эквілібрысты на канаце" і "Акрабаты на мачце"), рамантычныя ("Сола на палотнах" і "Паветраны ланцуг") і заснаваныя на дрэсуры жывёл – коней ("Вышэйшая школа верхавой язды" і "Свабода коней"), мядзведзяў, сабачак і нават коз! Не абыдзецца і без спрытных рук: на манежы выступіць жанглёрскі дуэт Уладзіслава Біляўэра і Веранікі Расохінай. Забаўляць публіку будзе клоўн Канстанцін Герасіменка.

Калі: 15 мая – 1 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад" адкрыў 10-ы сезон, атрымаўшы прапіску на Камсамольскай вуліцы, аднак не страціў сваю місію – знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-пейзажыста – Леаніда Шчамялёва. У студзені 2021-га народнага мастака не стала, але яго творы будуць жыць. Карціны захоўваюцца ў многіх музеях, у тым ліку Нацыянальным мастацкім і абласных краязнаўчых. Госці мінскай галерэі пад адкрытым небам азнаёмяцца з гісторыяй стварэння пейзажаў і палотнаў, прысвечаных малой радзіме аўтара, пры дапамозе аўдыягіда.

Калі: з 28 мая
Дзе: бульвар па вул. Камсамольскай, Мінск

IX Міжнародны фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі "Кінемо"

Міжнародны open air фестываль нямога кіно ў Мінску адкрывае 9-ы сезон шэдэўрамі 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя ад мэтраў сусветнага кінематографа. Публіка ўжо атрымала задавальненне ад карцін з чэрвеньскай праграмы cinema-форуму – "Сем шансаў" Бастэра Кітана, "Асфальт" Джо Мэя, наперадзе – "Парыж заснуў" Рэнэ Клера (1 ліпеня), "Кабінет доктара Калігары" Роберта Вінэ (8 ліпеня). Праграму дапоўняць "кароткія метры" з музыкай маладых беларускіх і польскіх кампазітараў – пераможцаў прафесійнага конкурсу "Кінемо". Адметнасцю фестывалю нямога кіно стане жывое музычнае суправаджэнне: у час паказаў прагучаць аўтарскія кампазіцыі і арыгінальныя мелодыі тапёраў у інтэрпрэтацыі сучасных беларускіх і замежных музыкантаў.

Калі: 17 чэрвеня – 15 ліпеня
Дзе: унутраны дворык Музея-майстэрні З.І. Азгура, вул. Азгура, 8, Мінск

"ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны" ў Мінску

Унікальны сумесны праект Музея гісторыі Мінска і галерэі Libra, прысвечаны лічбаваму мастацтву, аб'яднаў вядомых аўтараў з Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі. Экспазіцыя, у якую ўключаны 70 прафесійных твораў у розных напрамках, адлюстроўвае магчымасці камп'ютарнай графікі і дае магчымасць зрабіць падарожжа праз віртуальны свет, народжаны фантазіяй таленавітых мастакоў. Таксама тут прадстаўлены работы вядомых беларускіх аўтараў і аўтараў-пачаткоўцаў, сярод іх – віцябчанка Дар'я Матросава, пераможца конкурсу Федэрацыі еўрапейскіх фатографаў, прызнаная лепшым прафесійным еўрапейскім фатографам – 2020.

Калі: 24 чэрвеня – 29 жніўня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск

Будслаўскі фэст-2021

Будслаўскі фэст, унесены ЮНЕСКА ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, у гэтым годзе адбудзецца, нягледзячы на нядаўнюю трагедыю: у маі касцёл Ушэсця Прасвятой Дзевы Марыі сур'ёзна пацярпеў пры пажары. Яшчэ вырашаецца пытанне з размяшчэннем Будслаўскага абраза Божай Маці, каб вернікі змаглі падысці да святыні і памаліцца. У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай у краіне традыцыйныя паломніцкія туры і пешыя пілігрымкі адменены, а ўрачыстыя літургіі і еўхарыстычная працэсія са свечкамі і копіяй абраза адной з найбольш шануемых каталіцкіх святынь Беларусі адбудуцца каля храма.

Калі: 2-3 ліпеня
Дзе: аграгарадок Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць

TheatreHD: трансляцыі лепшых сусветных спектакляў у Мінску

У ліпені трансляцыі лепшых пастановак са сцэн свету прадоўжацца ў сталічным кінатэатры "Цэнтральны". У праграме – драма, опера, балет, а таксама дакументальнае кіно аб мастацтве і выдатных жывапісцах – #АртЛекторийВкино.

3 ліпеня – балет "Сабор Парыжскай Божай Маці" ў пастаноўцы Ралана Пеці

7 ліпеня – спектакль "Нічыя зямля" паводле п'есы брытанскага абсурдыста Гаральда Пінтэра

10 ліпеня – дакументальны фільм Дэвіда Бікерстафа "Дзіўны свет Іераніма Босха"

14 ліпеня – спектакль "Globe: Бура" ў пастаноўцы Джэрэмі Херына

17 ліпеня – Ганна Нятрэбка і Франчэска Мелі ў оперы Дж. Вердзі "Жанна д’Арк"

21 ліпеня – спектакль "Від з моста" ў пастаноўцы Іва ван Хове

24 ліпеня – дакументальны фільм Філа Грабскі "Рэнуар – невядомы мастак"

28 ліпеня "Рамэа і Джульета" ў пастаноўцы брытанскага рэжысёра Кенета Брана

31 ліпеня"Загадкавае начное забойства сабакі" ў пастаноўцы Мэрыэн Эліят

Калі: 3 – 31 ліпеня
Дзе: кінатэатр "Цэнтральны", VOKA CINEMA by Silver Screen, Мінск

Пласіда Дамінга ў Мінску

Легенда опернай сцэны і адзін з самых уплывовых спевакоў у сусветнай гісторыі – Пласіда Дамінга – выступіць у Мінску. Ураджэнец іспанскага Мадрыда, першыя крокі на шляху да свайго прызвання зрабіў у Нью-Ёрку, стаўшы салістам опернага тэатра, а праз год дэбютаваў на сцэне "Метраполітэн-опера". Як удзельніку праекта "Трох тэнараў" у кампаніі Лучана Павароці і Хасэ Карэрасам ён раскрыў новыя грані і ўзняў опернае мастацтва на музычны Алімп. Рэпертуар Пласіда Дамінга налічвае 150 партый, дыскаграфія – больш за 100 опер, альбомаў з арыямі, дуэтамі і праграмамі ў стылі красовер, якія прынеслі яму 12 прэмій Грэмі, у тым ліку тры лацінскія, а таксама спявак зняўся больш як у 50 музычных кліпах і атрымаў дзве прэміі Эмі.

Калі: 4 ліпеня
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Stereo Weekend з Новым Радыё ў Мінску

Батанічны сад стане адной з самых дынамічных летніх пляцовак сталіцы. Stereo Weekend з Новым Радыё ў дэбютным 2018-м сабраў каля 17 тысяч гасцей і сапраўды зорны склад – тады на мінскай сцэне выступілі Іван Дорн, Monatik, GusGus, ATL, "Брава", Lucille Crew,    
On-The-Go. І як вынік – музычны фэст атрымаў статус лепшай падзеі года. Адной з яго асаблівасцей з'яўляецца разнастайнасць музычных напрамкаў – звыш дзясятка артыстаў выступаюць на дзвюх сцэнах. Каманда праекта ставіць амбіцыйную мэту – абазначыць Беларусь на фестывальнай карце Еўропы. 

Калі: 10 ліпеня, 14.00
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава 2в, Мінск

Свята "Купалле": "Александрыя збірае сяброў"

Рэспубліканскае свята "Купалле" ў Александрыі, якое ўжо стала адной з самых відовішчных падзей лета, у гэтым годзе чакае звыш 2,5 тысяч гасцей. У першы дзень адбудзецца праграма "Галасы будучыні" з удзелам юных талентаў Магілёўшчыны, канцэрт калектываў з розных рэгіёнаў "Люблю Беларусь", прэзентацыя мюзікла на аснове народных абрадавых стылізаваных песень і мелодый, аўтарскіх твораў – "Вянок на вадзе", а таксама ўзнагароджанне пераможцаў праекта "Уладар сяла".

Відовішчным шоу стане цырымонія адкрыцця фестывалю. Удзел у гала-канцэрце прымуць Алёна Ланская, Жанет, Ірына Дарафеева, група "Аўра", ансамблі "Песняры", "Бяседа", арт-група "Беларусы"… Упершыню арганізатары ўкаранілі звычаі і традыцыі ў праграму, тэатралізаваныя элементы, а таксама з'явяцца дзве маладзёжныя лакацыі. 

Прадоўжыць вечар паказ ільняных калекцый беларускіх вытворцаў, праграма "Неба над Магілёўшчынай" ад Вольгі Гарнічар, канцэрт Вікторыі Алешка і караоке-праграма, прысвечаная Году народнага адзінства – "Песні, якія нас яднаюць…" Эфектным завяршэннем стане "народнае" шоу "Песні маёй краіны" і святочны феерверк.

Калі: 10-11 ліпеня
Дзе: аграгарадок Александрыя, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць

Даведацца падрабязней

Х Міжнародны марафон дружбы "Друскінінкай – Гродна"

Перанесены ў 2020-м годзе дзясяты, юбілейны беларуска-літоўскі марафон аб'яднае больш за паўсотню спартсменаў. Сярод жадаючых заваяваць галоўны прыз – грамадзяне Беларусі, Германіі, Італіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Францыі. Адзіны ў Еўропе трансгранічны марафон праводзіцца на тэрыторыі дзвюх краін з 2011 года з бесперашкодным перасячэннем дзяржаўнай граніцы. У гэтым годзе зыходнай кропкай на карце маршруту стане знакаміты літоўскі горад-курорт Друскінінкай. Удзельнікам трэба будзе за 6 гадзін пераадолець дыстанцыю 42 км і 195 м і фінішаваць па другі бок граніцы - у цэнтры старадаўняга Гродна.

Калі: 11 ліпеня
Дзе: г. Друскінінкай (Літва) – г. Гродна (Беларусь)

Прэм'ера ў Вялікім: Дзікае паляванне караля Стаха

"Дзікае паляванне караля Стаха" па матывах гістарычнага дэтэктыва Уладзіміра Караткевіча ўжо стала нацыянальнай музычнай класікай. Яшчэ ў 1989 годзе оперны спектакль, створаны кампазітарам Уладзімірам Солтанам, выклікаў захапленне публікі і стаў сапраўднай сенсацыяй у тэатральным жыцці краіны. Праз год аўтар і выканаўцы галоўных партый – Наталля Касценка, Віктар Скорабагатаў і Уладзімір Экнадзівосаў – былі ўдастоены дзяржпрэмій. Адной з галоўных задач новай версіі спектакля, паводле слоў рэжысёра-пастаноўшчыка Ганны Маторнай, з'яўляецца перадаць менталітэт і нацыянальны характар беларусаў, няўлоўную містыку, закладзеную Караткевічам. І, калі першы спектакль быў створаны ў натуральных дэкарацыях Траецкага прадмесця, то на гэты раз у афармленні сцэны публіка ўбачыць колеры і матывы слуцкіх паясоў і старадаўніх замкаў. 

Калі: 11-12 ліпеня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Даведацца падрабязней

Волатфэст-2021 | VOLATMAN 2021

Трыятлон набірае папулярнасць у непрафесіяналаў, аматараў актыўнага ладу жыцця і спаборніцтваў на адкрытым паветры. "Волатфэст" у новым сезоне аб'яднае адразу тры спаборніцтвы – адкрыты чэмпіянат Беларусі па трыятлоне на сярэдняй дыстанцыі, адкрытыя першынство і чэмпіянат Мінска і этап Кубка Балтыі па трыятлоне-2021. Гэта маштабныя спаборніцтвы, якія праводзяцца ў маляўнічых мясцінах і вызначаюцца вялікім выбарам дыстанцый, а таксама прафесіяналізмам суддзяў і валанцёраў.

Калі: 11 ліпеня
Дзе: вадасховішча "Дразды", каля аквапарка "Лебядзіны", Мінск

Уверцюра да фестывалю: "Агонь і лёд" у Віцебску

Унікальны падарунак да 30-годдзя міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" зробяць артысты Дзяржаўнага балета на лёдзе Санкт-Пецярбурга. Пераможцы і прызёры сусветных спартыўных пяршынстваў па фігурным катанні пакажуць шоу "Агонь і лёд" пад купалам Летняга Амфітэатра. Спецыяльна для гэтага на галоўнай сцэне ўстановяць лядовую пляцоўку памерам 10 м на 15 м. Заснаваны ў 1967-м выдатным харэографам Канстанцінам Баярскім Санкт-Пецярбургскі балет на лёдзе з'яўляецца прадаўжальнікам традыцый рускай класічнай школы. Сёння ў яго рэпертуар уваходзяць такія пастаноўкі, як "Лебядзінае возера", "Шчаўкунок", "Рамэа і Джульета", "Папялушка", "Спячая прыгажуня"… На віцебскай сцэне артысты выступяць у суправаджэнні Concord Orchestra пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора Фабіа Пірола.

Калі: 14 ліпеня, 20.00
Дзе: Віцебск, Летні Амфітэатр

ХХХ Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску"

30 гадоў спаўняецца самаму яркаму і насычанаму міжнароднаму фестывалю Беларусі. За сваю гісторыю "Славянскі базар у Віцебску" не толькі стаў адным з самых пазнаваемых брэндаў Беларусі, але і паслужыў трамплінам для юных зорак у іх творчым шляху. Юбілейны форум парадуе гасцей цэлым калейдаскопам падзей – традыцыйныя канцэрты, лядовае шоу, тэатральныя мерапрыемствы і вулічнае мастацтва. Паводле слоў арганізатараў, галоўная стаўка юбілейнага фестывалю – на камерную абстаноўку, цёплую і дружалюбную атмасферу. Асноўнымі падзеямі стануць урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця, канцэрт "Саюзная дзяржава запрашае…", дарослы і дзіцячы музычныя конкурсы. Парадуюць паклоннікаў праекты – "Залаты хіт", "Рытмы лета", гала-канцэрты "Шансон ТБ - усе зоркі", гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі.

Калі: 14-19 ліпеня
Дзе: Летні Амфітэатр, канцэртная зала "Віцебск", Віцебск

Даведацца падрабязней

Рыгор Лепс у Мінску

"Я – шчаслівы, як ніхто!" – менавіта так спявае расійскі кампазітар і выканаўца Рыгор Лепс. Цяпер у мінскай публікі ёсць шанц павіншаваць куміра з 58-годдзем, паколькі яго канцэрт адбудзецца якраз напярэдадні дня нараджэння. Поспех прыйшоў да Рыгора Лепса, калі яму было за 30 гадоў, аднак цяпер дзякуючы надзвычайнай харызме і арыгінальнай манеры выканання ён з'яўляецца адным з самых пазнаваемых выканаўцаў расійскага шоу-бізнесу. Запамінальныя і яго дуэты з калегамі па артыстычным цэху, напрыклад, "Лондан" і прэм'ера 2020 года – "З чыстага ліста", запісаныя з Цімаці. Адным з самых яркіх стаў рэліз кампазіцыі з назвай "Адзенне паміж", што расказвае пра страсць паміж мужчынам і жанчынай…

Калі: 15 ліпеня
Дзе: Мінск-Арэна, пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Вішнёвы фестываль-2021 у Глыбокім

"Вішнёвая сталіца" Беларусі горад Глыбокае – зноў запрашае аматараў духмянай ягады на самабытны фестываль, які з'яўляецца візітнай карткай краю. Уверцюрай да смачнага фэсту стане прэстыж-сустрэча "У гасцях у Вішнёвай каралевы", а вечарам на цэнтральнай пляцоўцы адбудзецца цырымонія адкрыцця свята.

У другі дзень спартыўны турнір "Вішня аб'ядноўвае сяброў" збярэ на гарадскім стадыёне актыўныя сем'і. Таксама ў праграме – этна-вечарынка "У вішнёвым садзе", "Вішнёвы батл" па вырабе лялькі-мотанкі, майстар-клас "Вішнёвы падарунак сваімі рукамі", інтэлектуальна-прыгодніцкі гарадскі квест "Вішнёвая дзявятка".

У трэці дзень пад знакам "Вішнёвай жамчужыны" адбудзецца ўрачыстае шэсце "У гасцях у Вішні", прэзентацыя падворкаў "Вішнёвы смак", рэгістрацыя маладых "Вішнёвае вяселле", конкурс гарманістаў, баяністаў, акардэаністаў "Вішнёвыя найгрышы", гала-канцэрт "Вішнёвая квецень сяброўства", аўкцыён "Вішнёвы пірог".

Калі: 22-24 ліпеня
Дзе: г. Глыбокае, Віцебская вобласць

VIVA BRASLAV OPEN AIR 2021

Браслаўшчына – папулярны напрамак адпачынку для беларусаў і не толькі дзякуючы маляўнічым ледніковым азёрам (не дарма гэты край называюць "блакітнымі каралямі" краіны). Таксама ён славіцца летнімі фестывалямі, адным з якіх з'яўляецца музычны Viva Braslav Open Air, які традыцыйна збірае звыш 20 тысяч чалавек! Праз год браслаўскі фестываль вяртаецца, прэтэндуючы на тое, каб пабіць уласны рэкорд: так, у 2019-м яго наведалі 26 тысяч меламанаў! У жніўні-2021 гасцей чакае пляцоўка 230 000 м², буйны маляўнічы кемпінг, разнастайнасць фуд-кортаў і зон забаў і гарачыя навінкі ад самых папулярных выканаўцаў!

Калі: 23-24 ліпеня
Дзе: гарадскі пляж "Дрывяты", Браслаў, Віцебская вобласць

Freaky Summer Party 2021 у Мінску

Арт-пікнік Freaky Summer Party, які ў гэтым годзе атрымае назву FSP XX, запрашае акунуцца ў атмасферу сапраўднага гарадскога свята. На фестывальнай пляцоўцы – а лакацыя трымаецца ў сакрэце – разгорнуцца крэатыўныя "астраўкі": 5 музычных сцэн, адукацыйная пляцоўка Edutainment, лакальны крафт-маркет, маштабны фуд-корт, дзіцячая пляцоўка Kidsters і інтэрактыўныя зоны для экстрэмальных забаў. Госці змогуць наведаць лекцыі па медыярынку, рэкламным менеджменце, сямейным бізнесе і гарадскім грамадскім харчаванні. Наведвальнікаў таксама чакаюць арт-інсталяцыі, майстар-класы па стрыт-арце, fashion-маркет, гульні, конкурсы, вечарынкі і канцэрты.

Калі: 24-25 ліпеня
Дзе: Мінск

Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва ў Гродне

Біг-міні-фестываль у Гродне стане кропкай прыцяжэння артыстаў вулічнага мастацтва з розных краін свету. Утульныя вуліцы старога горада па традыцыі стануць дэкарацыямі для крэатыўнага фэсту: менавіта тут, пад адкрытым небам, разгорнецца маштабная пляцоўка, дзе выступяць артысты, якія працуюць у жанры пантамімы, эксперыментальныя тэатры, музыканты, аніматары, мастакі, фокуснікі, майстры фаер-шоу… Акрамя асноўнай шоу-праграмы, усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у майстар-класах па танцах, гукавой медытацыі, ігры на музычных інструментах, хадзьбе на хадулях, тактыцы і стратэгіі сцэнічнага бою, а самых смелых чакае майстар-клас па рабоце з агнём.

Калі: 31 ліпеня, 15.00
Дзе: Гродна, вуліцы старога горада

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі