Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Врс 2019

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНІК 2019

КАСТРЫЧНІК 2019

Фестываль "Архітэктурная восень-2019"

"Архітэктурная восень" стартавала ў Беларусі з пачаткам навучальнага года і ўпершыню прадоўжыцца не тры дні, а ўсе тры месяцы. У новым сезоне ў праграме – восьмае міжнароднае біенале маладых архітэктараў "Леанарда", рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшыя праект і будоўлю, а адкрые мерапрыемства конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных школ. Дарэчы, навінка форуму гэтага года – конкурс архітэктурнага малюнка сярод студэнтаў айчынных ВНУ. Таксама на галоўнай пляцоўцы фестывалю-2019 – у Доме архітэктара – адбудуцца тэматычныя канферэнцыі, выстаўкі і прэзентацыі архітэктараў і дызайнераў, майстар-класы…

Калі: 1 верасня – 30 лістапада
Дзе: Мінск, Рэспубліканскі дом архітэктара

Выстава "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына"

Выставу "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына" прадставіць у НММ Нацыянальны музей Султаната Аман. Выстава прымеркавана да 80-годдзя з дня заснавання беларускай мастацкай скарбніцы. Знатакі тонкай работы ўсходніх майстроў змогуць убачыць больш за 100 экспанатаў і тым самым далучыцца да культуры, звычаяў і традыцый экзатычнай краіны. На выставе гледачы ўбачаць унікальныя касцюмы, ювелірныя вырабы, цырыманіяльную зброю, дываны з вярблюджай шэрсці і нават кінжалы. Іх выраб лічыцца сапраўды філігранным: майстры працуюць са сталлю, дрэвам, вырабамі з рога, тканінай, скурай, а таксама выкарыстоўваюць шматлікія спосабы апрацоўкі серабра.

Калі: 19 верасня – 19 студзеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

IX Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"

"Канцэнтрат" са смелых рэжысёрскіх рашэнняў, правакацыйных ідэй, актуальных тэм, яркага выканання і новых эмоцый прадставіць 9-ы па ліку міжнародны форум "ТЭАРТ". Буйнейшы тэатральны фестываль Беларусі ўключыць замежную праграму, шоукейс Belarus Open і адукацыйную платформу "Школа ТЭАРТа". Гледачы змогуць убачыць восем самых яркіх беларускіх спектакляў апошніх гадоў, у ліку якіх "Песня песняй" Юрыя Дзівакова, "Паляванне на сябе" ад РТБД і спектакль Ігара Казакова, які інтэрпрэтуе раман "Кандыд, або Аптымізм" Вальтэра. Таксама ўпершыню адбудзецца прэзентацыя праектаў "Тэатра сацыяльных даследаванняў", якія разглядаюць тэатр як сацыяльнае выказванне і механізм змяненняў у грамадстве.
 
Калі: 20 верасня – 8 кастрычніка
Дзе: Мінск, сталічныя тэатры

Выстава "Не толькі Banksy. Стрыт-арт з прыватных калекцый"

Акрамя работы загадкавага і сусветна вядомага мастака-графіціста Бэнксі, на выставе будзе прадстаўлена карціна Дзмітрыя Урубеля, аўтара знакамітай кампазіцыі на фрагменце Берлінскай сцяны "Госпадзі! Дапамажы мне выжыць сярод гэтай смяротнай любві". Акрамя таго, экспазіцыя ўключае ў сябе незвычайны матацыкл з V-падобным рухавіком чэмпіёна свету па матацыклетным кастамайзінгу Юрыя Шыфа, чые работы ўдастоены дзясяткаў узнагарод на міжнародных конкурсах. На выставе будуць таксама прадстаўлены работы такіх мастакоў, як Рома Казус, Пётр Ноль і Раман Бурданаў з Расіі, Лізавета Кесауры з Познані, Obsssnnl і Кэтрын Вінаградаў з Лондана, а таксама брастаўчане Дзмітрый Булдакаў і Дзяніс Кавальчук, мінчанка Хрысціна Шкацянок, Alex BigHomie з Пінска.

Калі: 24 верасня – 21 лістапада
Дзе: Мінск, выставачная зала Libra

XXII MANHATTAN SHORT FILM FESTIVAL

Паглядзець з асалодай адборныя кароткаметражкі з усяго свету і заадно выбраць лепшую карціну 2019 года – чым не задавальненне для беларускіх кінаманаў? У гэтым сезоне Мінск 11-ы раз далучыцца да глабальнага фестывалю кароткага метра, і гэта значыць, што фільмы 10 фіналістаў 22-га Манхэтэнскага фестывалю ўбачаць больш як 1000 разоў у больш як 400 гарадах на 6 кантынентах! Маштабы форуму ўражваюць: у шорт-ліст на атрыманне прыза ўвайшлі стужкі з Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Фінляндыі, Канады, Францыі і Ірана. Кожны глядач, атрымаўшы запаветную картку для галасавання, зможа стаць часткай адной вялікай судзейскай калегіі і вызначыць лепшы фільм і акцёра.

Калі: 26 верасня – 6 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі (малая зала)

XIV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ў Мінску

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета робіць нямала сюрпрызаў: у мінулым годзе яго мастацкі кіраўнік Расціслаў Крымер уразіў публіку, правёўшы канцэрт ноччу, ды яшчэ і ў метро, а гэты фестываль абяцае здзіўляць "зорнасцю" запрошаных гасцей. Уверцюрай XIV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску стане выступленне Каралеўскага філарманічнага аркестра Лондана: 27 верасня на сцэне Палаца Рэспублікі лепшыя музыканты свету выканаюць шэдэўры Бетховена, Ліста, Брамса... У Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 2 кастрычніка будзе іграць камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, у склад якога ўваходзяць лаўрэаты самых прэстыжных сусветных конкурсаў і канцэртмайстры вядучых аркестраў планеты. У якасці запрошанага саліста на сцэну выйдзе вядомы піяніст і кампазітар з Турцыі Фазыл Сай. Акрамя зорак класічнай музыкі і ўладальнікаў прэміі "Грэмі" фестываль, як заўсёды, будзе афарбаваны яркімі прэм'ерамі і красовер-праектамі ў незвычайным фармаце.

Калі: 27 верасня – 12 кастрычніка
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі, Белдзяржфілармонія
Даведацца падрабязней

Фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Меч караля"-2019

Акунуцца  ў атмасферу беларускага Сярэдневякоўя запрашаюць арганізатары фестывалю "Меч караля". Свята пройдзе ў Навагрудку на тэрыторыі адзінага ва Усходняй Еўропе сямівежавага замка – аднаго з першых на тэрыторыі ВКЛ. У праграме кожны зможа знайсці што-небудзь даспадобы: масавыя баі пешых (бугурты) і турніры конных рыцараў, спаборніцтвы алебардыстаў, лучнікаў, кірмаш рамеснікаў, рыцарскі лагер, катанне на конях, выступленні сярэдневяковых музыкантаў і вядомых фолк-груп, вулічнага і танцавальнага тэатраў... А на заканчэнне дня госці фэсту змогуць папрысутнічаць на "вянчанні караля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай", якое адбылося ў 1422 годзе ў навагрудскім Фарным касцёле.

Калі: 5 кастрычніка
Дзе: Навагрудак, Навагрудскі замак

Матчы зборнай Беларусі па футболе ў кваліфікацыі ЧЕ-2020

У кастрычніку нацыянальная зборная Беларусі па футболе правядзе дзве дамашнія сустрэчы з камандамі Эстоніі і Нідэрландаў, якія таксама знаходзяцца ў групе С, за выхад у далейшы раўнд чэмпіянату Еўропы-2020. Чакаецца, што паядынкі адбудуцца на мінскім стадыёне "Дынама". Першы кваліфікацыйны матч ЧЕ-2020 каманда правяла на "Барысаў-Арэне" ў чэрвені: тады другое ў гісторыі процістаянне нацыянальных зборных Беларусі і Германіі склалася для нашых футбалістаў няўдала – 0:2.

Калі:
10 кастрычніка – Беларусь – Эстонія
13 кастрычніка – Беларусь – Нідэрланды

Японская восень-2019 у Беларусі

Свята японскай культуры сёмы раз аб'яднае паклоннікаў культуры Краіны ўзыходзячага сонца. Арганізатары фестывалю запрашаюць азнаёміцца з навінкамі японскага кіно, вывучыць некалькі баявых прыёмаў на майстар-класах па айкідо і будзінкане, асвоіць асновы ігры на флейце сякухаці, адпрацаваць вытанчанасць ліній суміэ (жывапіс тушшу), спасцігнуць прамудрасці этагамі (пісьмо з малюнкам), навучыцца лёгкасці папяровага мастацтва арыгамі і раскрыць сакрэты аранжыроўкі кветак (ікебана). Таксама ў праграму ўвойдуць турніры па каратэ SANKER CUP 2019 і рыічы-маджангу Minsk Midori open, рэспубліканскае адкрытае першынство па спачане…

Калі: 11 кастрычніка – 23 лістапада
Дзе: Барысаў, Віцебск, Мінск, Магілёў

Belarusian Fashion Week SS'2020

Буйнейшая падзея ў моднай індустрыі Беларусі адкрывае сезон прэзентацыяй калекцый Spring-Summer 2019. На галоўным подыуме краіны сваім бачаннем сусветных тэндэнцый падзеляцца вядучыя беларускія брэнды Lakbi, Alena Goretskaya, Svetlana Todorskaya, Historia Naturalis, T.Efremova, Юнона, Vesnaletto, Natalia Korzh, Boitsik, Davidova, Condra Deluxe, S.Veles, Devita, Candy Lady, TON-IN-TON, EMSE, NELVA, NIV NIV… Дапоўняць праграму прэзентацыі калекцый маладых дызайнераў Off Schedule BFW і ўдзельнікаў конкурсу New Names BFW, Kids’ Fashion Days BFW і, вядома, лекцыі і майстар-класы ад знакамітых экспертаў, мадэльераў і стылістаў з розных краін.

Калі: 14–20 кастрычніка
Дзе: Мінск, НВЦ "Белэкспа"

Дзень маці ў Беларусі

У календары Беларусі 14 кастрычніка – Дзень маці – кранальнае і пяшчотнае свята, калі ў кожнага з’яўляецца яшчэ адна падстава сказаць галоўныя словы самай блізкай жанчыне на зямлі. І ўся краіна далуецца да святкавання: з 8 па 14 кастрычніка праходзіць ужо традыцыйны Тыдзень маці. У гэтым годзе ён будзе напоўнены яркімі падзеямі, сярод якіх – рэспубліканскі фінал конкурсу "Сям’я года" (12 кастрычніка), урачыстыя прыёмы, узнагароджванні Ордэнам Маці, тэматычныя выставы, канцэрты, конкурсы дзіцячых малюнкаў і творчых работ, дабрачынныя акцыі, сустрэчы і кансультацыі медыкаў па пытаннях аховы здароўя жанчын і дзяцей... У Мінску каля тысячы аматараў бегу выйдуць на дыстанцыі кросу "Бягу за маму", які адбудзецца на беразе Цнянскага вадасховішча. У масавым забегу можна ўдзельнічаць з каляскай, скандынаўскімі палкамі і сабакамі. На працягу трох дзён, 11-13 кастрычніка, у сталічным комплексе "БелЭкспа" будзе сустракаць гасцей выстава "Мацярынства і дзяцінства", у рамках якой запланавана больш за сто мерапрыемстваў для наведвальнікаў усіх узростаў: музычныя выступленні і арт-зоны, майстар-класы і кансультацыі спецыялістаў, інтэрактыўны кірмаш і экспазіцыя разумнай тэхнікі, вялікі гульнявы горад... Адным з самых незвычайных мерапрыемстваў выставы стане шосты фестываль бізнят "Шчасце ўдвая", які пройдзе 12 кастрычніка з 11.00 да 13.00. Мерапрыемства адкрыта для блізнят, двайнят, трайнят і нават чацвярнят, узростам ад немаўлят да 12 гадоў.

Выстава "Мацярынства і дзяцінства": Мінск, пр.Пераможцаў, 14, 11-12 кастрычніка з 10.00 да 19.00, 13 кастрычніка з 10.00 да 18.00
Крос "Бягу за маму": Мінск, Цнянскае вадасховішча, 12 кастрычніка, старты ў 10.00, 10.20, 11.00

"Аўтографы і іміджы. Мая Плісецкая. Прысвячэнне" ў Мінску

Гала-канцэрт зорак сусветнага балета, прысвечаны вялікай расійскай балерыне, харэографу, актрысе і іконе стылю ХХ стагоддзя Маі Плісецкай, упершыню адбудзецца на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Вечар пройдзе ў рамках штогадовага праекта народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы "Аўтографы і іміджы" – своеасаблівай анталогіі творчасці выдатных танцоўшчыкаў XX стагоддзя. Сусветна вядомая прыма-балерына заўсёды цікавілася новымі тэндэнцыямі, смелымі рашэннямі, маладымі талентамі. Менавіта таму ў канцэрце-прысвячэнні на сталічную сцэну выйдуць як маладыя адораныя балерыны і танцоўшчыкі, так і тыя артысты, каго асабліва вылучала сама Мая Міхайлаўна.

Калі: 18 кастрычніка
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр Беларусі

"Асенні салон з Белгазпрамбанкам" у Мінску

150 маладых мастакоў з усёй краіны, адабраных прафесійным журы з больш як 400 прэтэндэнтаў, збярэ буйнейшая выстава выяўленчага мастацтва Беларусі, створаная ў 2015-м па аналогіі з легендарнымі Парыжскімі салонамі на Елісейскіх палях. Маштабны арт-праект Белгазпрамбанка ўсяго за некалькі гадоў стаў пляцоўкай для прэзентацыі тэндэнцый сучаснага беларускага мастацтва, якая дзякуючы адукацыйнай праграме (лекцыі, творчыя сустрэчы, майстар-класы, інтэрактыўныя экскурсіі, квесты, заняткі з дзецьмі) набыла шырокую вядомасць: у мінулым годзе выставу ў Палацы мастацтва наведалі больш як 13 500 чалавек, і гэта далёка не мяжа!

Калі: 18 кастрычніка – 3 лістапада
Дзе: Мінск, Палац мастацтва, галерэя "Арт-Беларусь"

Міжнародны турнір па фігурным катанні Minsk-Arena Ice Star

Ужо восьмы раз у Мінску пройдзе рэйтынгавы турнір Minsk-Arena Ice Star, які прадоўжыць традыцыю правядзення міжнародных спаборніцтваў па фігурным катанні ў беларускай сталіцы. На гэты раз на лёдзе "Мінск-Арэны" пакажуць майстэрства лепшыя фігурысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Іспаніі, Швецыі, Італіі, Фінляндыі... Дарэчы, гэтыя спаборніцтвы адносяцца да серыі чэленджар, а гэта значыць, што ўдзел у такіх турнірах дае магчымасць спартсменам набраць балы напярэдадні адборачных раўндаў на чэмпіянаты Еўропы і свету. На заканчэнне балельшчыкаў чакаюць паказальныя выступленні прызёраў спаборніцтваў і зорных гасцей – алімпійскіх чэмпіёнаў Аляксея Ягудзіна, Таццяны Тацьмянінай і Максіма Марыніна.

Калі: 18–20 кастрычніка
Дзе: Мінск-Арэна

XXII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" 

За сваю 22-гадовую гісторыю магілёўская "Анімаёўка" ўжо стала сапраўдным святам анімацыі для дарослых і дзяцей. Удзельнікамі міжнароднага фестывалю-2019 стануць 62 фільмы з 29 краін. Усяго ж члены журы атрымалі заяўкі ад аўтараў 353 карцін з 49 дзяржаў. Так, у бягучым годзе геаграфія конкурсу істотна пашырылася: упершыню судзейскае журы прагледзела стужкі з Чарнагорыі, Інданезіі, Босніі і Герцагавіны і нават Аўстраліі! У падагульняючы спіс увайшлі шэсць беларускіх карцін. І хоць, паводле слоў экспертаў, адкрыццяў знайсці не ўдалося, вялікая колькасць работ дапамагае ўбачыць асноўныя тэндэнцыі і напрамкі, у якіх развіваецца сучасная анімацыя…

Калі: 24–27 кастрычніка
Дзе: Магілёў

Тыдні Германіі ў Беларусі

Ужо 16-ы сезон асенніх Тыдняў праводзіць пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі. У 12-ці беларускіх гарадах разгорнуцца мерапрыемствы, звязаныя з нямецкай культурай, мовай і грамадствам. Адкрыюцца Тыдні ў беларускай сталіцы канцэртам "...Бо моцнае, як смерць, каханне" Белдзяржфілармоніі, у якім прагучаць музычныя творы эпохі барока на тэксты старазапаветнай кнігі "Песня Песням". Таксама ў праграме – кінапаказы сучасных кароткаметражных стужак, мастацкіх фільмаў на мове арыгінала з рускімі субцітрамі, чытанні з вядомымі нямецкімі аўтарамі, выставы, майстар-класы і лекцыі, творчыя акцыі ў бібліятэках...

Калі: 24–31 кастрычніка
Дзе: Гарады Беларусі
Даведацца падрабязней

Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў у Вялікім тэатры Беларусі

Адна з самых запатрабаваных оперных пар свету – Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў – упершыню выступіць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Многія крытыкі адзначаюць, што сумесныя канцэрты ўнікальнай опернай спявачкі, чыё імя ўвайшло ў спіс самых уплывовых людзей па версіі часопіса Time, і тэнара з сусветным імем Юсіфа Эйвазава вызначаюцца асаблівай кранальнасцю і энергетыкай.

Калі: 25 кастрычніка
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета

Фестываль кельцкай культуры "САМАЙН" -2019 у Батанічным садзе

Фестываль кельцкай культуры трэці раз пройдзе ў Цэнтральным батанічным садзе ў Мінску. Свята "Самайн" лічыцца ў кельцкіх народаў днём пераходу ад восені да зімы, калі жывёльны і раслінны свет "засынае" на час халадоў, каб набрацца сіл і зноў "прачнуцца" вясной. У праграме фэсту – брытанскія і скандынаўскія настольныя гульні, спаборніцтвы па стральбе з лука, арбалета, а таксама з сярэдневяковых асадных гармат, кіданне піўной бочкі, варажба друідаў, квест, вялікі рынак майстроў-рамеснікаў і фуд-корты.

Калі: 26 кастрычніка
Дзе: Мінск, Батанічны сад

Група "The Rasmus" у Мінску

Багаты на юбілейныя шоу кастрычнік завершыцца канцэртам, прысвечаным 15-годдзю альбома Dead Letters групы Rasmus. Фінскі рок-бэнд выступіць з пятым з дзевяці выдадзеных альбомаў – самым паспяховым з усіх. Пласцінка Dead Letters будзе перавыдадзена на CD і LP носьбітах у эксклюзіўным падарункавым выданні. Паклоннікі калектыву змогуць атрымаць аўтограф, што зробіць гэты альбом сапраўдным фанацкім трафеем.

Калі: 31 кастрычніка
Дзе: Мінск, Prime Hall

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі