Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Май 2018

Каляндар падзей у Беларусі: чэрвень 2018

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"

Калі: 15 чэрвеня 2017 года – чэрвень 2018 года
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў

Інтэрактыўная выстаўка ''Future LIVE'' ў Мінску

Future LIVE – дзіўная прастора, населеная незямнымі істотамі, чароўнымі кветкамі і іншапланетнымі раслінамі, якія створаны з дапамогай такіх сучасных тэхналогій як арт-інсталяцыя і 3D mapping, праекцыйны інтэрактыў, віртуальная і дапоўненая рэальнасць. Наведвальнікі змогуць ажыццявіць сапраўднае "Міжгалактычнае Падарожжа" і азнаёміцца з незвычайнымі арт-аб'ектамі, сярод якіх экран трохметровай вышыні, набор дапоўненай рэальнасці на чатырох чалавек, арэлі з гірадатчыкамі, фламастары вышынёй з  чалавечы рост... Згодна з ідэяй, выставачны праект у фармаце Educatement дае магчымасць вучыцца ў забаўляльнай форме, а інтэрактыўна-мультымедыйныя зоны вучаць узаемадзеянню з навакольнай рэальнасцю, фарміруюць крэатыўнае мысленне і ўражваюць удзельнікаў.

Калі: 15 сакавіка – ліпень 2018 года
Дзе: Мінск, ГЗЦ Dana Mall
Даведацца больш

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад", які ў гэтым годзе адкрывае сёмы сезон, па традыцыі знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-сюррэаліста і графіка Георгія Скрыпнічэнкі, якога нярэдка называюць адной з ключавых фігур у нацыянальным мастацтве 1950-х. Аб многім сведчыць і той факт, што ў 2005-м рашэннем Кембрыджскага ўніверсітэта ён быў удастоены звання "Чалавека года". Для шырокай публікі гэта ўнікальны шанц уласнымі вачыма ўбачыць цэлы збор работ "беларускага Далі": пры жыцці мастак не любіў выстаўляць свае творы, больш таго, некаторыя з іх ён прадаўжаў удасканальваць нават праз 40 гадоў! Чакаецца, што пасля Дня горада ў Мінску – з 20 верасня – жывая выстава пераедзе ў Віцебск.

Калі: 17 мая – 8 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа

Новая праграма "Цырк! Цырк! Цырк!" у Белдзяржцырку

Новая праграма "Цырк! Цырк! Цырк!" запрашае любіцеляў гэтага дзіўнага мастацтва акунуцца ў атмасферу сапраўднага свята. Гледачы ўбачаць гісторыю таленавітага артыста з сусветным імем, які, стаміўшыся ад руціны і сваёй вядомасці, пакінуў любімую справу, а калі зразумеў, што без цырка яму не жыць, зноў вярнуўся ў горад на родную арэну. У новую праграму ўвайшлі відовішчныя нумары ў розных жанрах у выкананні лепшых беларускіх і расійскіх артыстаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і фестываляў, сярод якіх паветраныя гімнасты, экстрэмальныя акрабаты, ілюзіяністы, жанглёры, клоўны, асілкі. Героем праграмы і часткай эфектнага нумара сілавых акрабатаў нават стаў сапраўдны аўтамабіль – красовер беларускай зборкі Geely Atlas. Таксама ў шоу задзейнічаны дрэсіраваныя жывёлы – вярблюды, ламы, малпы, сабачкі. Прадстаўляючы новае шоу, у Белдзяржцырку расказалі, што ўжо рыхтуюцца і да грандыёзнага юбілею галоўнай арэны краіны: яе 60-годдзе будзе адзначацца ў 2019-м. Акрамя таго, дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан анансаваў сюрпрызы ў праграме, якая будзе ісці ў час II Еўрапейскіх гульняў.

Калі: 19 мая – 22 ліпеня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк

XVII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка"

Міжнародны фестываль "Залатая пчолка", які зарадзіўся ў 1996-м напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, за час свайго існавання стаў знакавым для многіх выканаўцаў беларускай эстрады, сярод якіх – пераможца дзіцячага "Еўрабачання-2005" Ксенія Сітнік, удзельніца папулярнага шоу "Галоўная сцэна" Ганна Мушак, прызёры дзіцячага "Еўрабачання" Андрэй Кунец і Лідзія Заблоцкая. Па традыцыі ў асноўную праграму знакамітага форуму дзіцячай творчасці ўвойдуць конкурсы па вакальным і харэаграфічным майстэрстве ў малодшай і старэйшай узроставых катэгорыях, у якіх прымуць удзел юныя таленты ад 9 да 16 гадоў. Акрамя таго, гасцей чакае забаўляльная праграма, а завершыцца фестываль святочным шэсцем, урачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і гала-канцэртам у гарадскім парку.

Калі: 31 мая – 3 чэрвеня
Дзе: Магілёўская вобласць, Клімавічы

XII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне

Знакаміты фестываль нацыянальных культур – а ён праходзіць раз у два гады – збярэ ў старадаўнім горадзе Гродна прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцей пад дэвізам "У агульным карагодзе – быць братэрству, жыць у згодзе". Пачнецца вялікае свята маляўнічым шэсцем удзельнікаў вечарам 1 чэрвеня ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай, дзе адбудзецца цырымонія адкрыцця. І вядома, галоўнай адметнасцю фестывалю па-ранейшаму застануцца падворкі, дзе прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей знаёмяць гасцей са сваімі культурай, традыцыямі, кухняй. У гэтым годзе ў цэнтры Гродна размесцяцца 19 падворкаў, два з якіх будуць шматнацыянальныя – з сімвалічнымі назвамі "Захад" і "Усход". Напрыклад, на гасцінным беларускім падворку, які размесціцца на плошчы Леніна, запросяць на канцэрты лепшых творчых калектываў з усёй краіны, пакажуць самыя каларытныя абрады з розных рэгіёнаў, адзін з яркіх эпізодаў свята прысвецяць Году малой радзімы, а ў фінале прапануюць паўдзельнічаць у флэш-мобе і "абняць" Беларусь вялікім міжнацыянальным карагодам.

Паводле задумы арганізатараў, упершыню мерапрыемствы фестывалю будуць праходзіць адразу на дзвюх сцэнах – беларускай і міжнацыянальнай, а ўвесь цэнтр горада ператворыцца ў вялікую пешаходную зону з вялізнай колькасцю незвычайных мерапрыемстваў, карціннай галерэяй пад адкрытым небам і кірмашом майстроў, каларытнымі танцамі і песнямі на розных мовах, вулічнымі тэатрамі... У начную праграму фестывалю ўключаны паказ кінафільмаў на мове арыгінала з субтытрамі, а таксама 3D-mapping шоу, якое будзе праходзіць у двары Новага замка кожныя 15 хвілін. Упершыню ў гэтым годзе фестываль выйдзе за межы Гродна: трэці святочны дзень вырашана правесці на Аўгустоўскім канале. Тут запланаваны тэатралізаванае шэсце, работа падворкаў з дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні, спаборніцтвы па нацыянальных гульнях...

Калі, дзе:
1–2 чэрвеня, Гродна
3 чэрвеня, Аўгустоўскі канал
Даведацца больш

Фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Эпоха рыцарства"

Беларускі музей-скансэн у вёсцы Азярцо запрашае зрабіць падарожжа ў сярэдневяковыя часы – эпоху рыцарства і высакародных учынкаў у імя прыгожых дам. Ужо чацвёрты па ліку фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Эпоха рыцарства" абяцае здзівіць гасцей разнастайнасцю і відовішчнасцю праграмы, у якую ўвайшлі рыцарскія паядынкі, баі пешых рыцараў (бугурты), турніры конных рыцараў, алебардыстаў і лучнікаў... Акрамя таго, на тэрыторыі ўнікальнага музея пад адкрытым небам размесціцца рыцарскі лагер, кірмаш рамеснікаў, а таксама пляцоўкі для вулічнага і танцавальнага тэатраў, выступленняў сярэдневяковых музыкантаў. Хэдлайнер фэсту – група сярэдневяковай музыкі "Стары Ольса", а дапоўняць музычную палітру "Хардвуд", "Доходяги бэнд", "Трольвальд" і фолк-метал група "Butterfly Temple".

Калі: 2–3 чэрвеня
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Фестываль воднага турызму "Мотальская рэгата"-2018

"Мотальская рэгата" – ужо не менш знакамітая, чым гастранамічны фестываль "Мотальскія прысмакі" – запрашае любіцеляў веславання на байдарках і каноэ прыняць удзел у адкрыцці воднага сезона на рацэ Ясельда. У гэтым годзе экстрэмальная гонка на байдарках-двойках і адзіночках стартуе ў вёсцы Высокае, а завершыцца традыцыйна ў аграгарадку Спорава. Усяго ж у першы дзень удзельнікам фестывалю трэба будзе пераадолець рэкордную дыстанцыю – 52 км! На другі дзень яны будуць спаборнічаць на водным маршруце паміж аграгарадкамі Спорава і Моталь. Пераможцам стане экіпаж, які пакажа лепшы час па выніках экстрэмальнага сплаву. Акрамя водных спаборніцтваў гасцей фестывалю чакае забаўляльная праграма: пляжны валейбол, міні-футбол, дартс, арыентаванне на мясцовасці, фігурнае ваджэнне байдарак і веласіпедаў...

Калі: 2–3 чэрвеня
Дзе: Брэсцкая вобласць, вёска Высокае – аграгарадок Спорава (Бярозаўскі раён) – аграгарадок Моталь (Іванаўскі раён)

Святы нацыянальных культур у Верхнім горадзе ў Мінску

Новы турыстычны сезон стартаваў у Верхнім горадзе яшчэ ў маі, а ў першыя летнія дні ў гістарычным цэнтры Мінска разгорнуцца фестывалі культур і традыцый розных краін. Сярод іх – Расія, Літва, Польшча, Малдова, Азербайджан, Грузія, Арменія, Рэспубліка Карэя, Італія і –упершыню – Эстонія і Вялікабрытанія. Адкрыюць эстафету шведы: 2 чэрвеня ля гарадской ратушы разгорнуцца адукацыйная, культурная, інфармацыйная, спартыўная і дзіцячая пляцоўкі. Госці паўдзельнічаюць у спаборніцтвах па такіх відах спорту, як фларбол, настольны хакей і скандынаўская хадзьба, апрабуюць фірменную шведскую касметыку, пабываюць на майстар-класе па выкарыстанні кухонных прыбораў і гаджэтаў і нават з дапамогай спецыяльных шлемаў зрабіць віртуальнае падарожжа ў гэту паўночную краіну. Завершыцца свята вячэрнім канцэртам, у якім выступіць беларуская рок-група Akute і экс-салістка Ace of Base Ені Бергрэн.

2 чэрвеня – Дзень Швецыі
9 чэрвеня – Дзень Расіі
16 чэрвеня – Дзень Вялікабрытаніі

Калі: 2 чэрвеня – 22 верасня
Дзе: Мінск, Верхні горад
Даведацца больш

Праект "Балетнае лета ў Вялікім"

Летні фестываль-2018 стане эфектным падарункам да 85-годдзя Вялікага тэатра Беларусі і закрыцця сезона: публіку чакаюць лепшыя пастаноўкі, гучныя прэм'еры, любімыя артысты і запрошаныя зоркі сусветнага балета. Адкрые міжнародны форум прэм'ера балета "Пятрушка" з легендарных "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы. А далей у праграме вечароў: візітная картка і самы "мужчынскі" спектакль у рэпертуары – "Спартак", прэм'ера сезона-2018 – балет "Карсар", самы папулярны спектакль – "Лебядзінае возера" і, бадай, самы незвычайны эксперымент – "Ор і Ора" – гісторыя птушак, расказаная мовай танца. Завершыцца фестываль гала-канцэртам зорак сусветнага балета, у якім знакамітыя танцоўшчыкі і ўзыходзячыя зоркі балета прадставяць свае нумары, а таксама выканаюць фрагменты з любімых гледачамі класічных і сучасных пастановак.

Калі: 6–13 чэрвеня
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі

Фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна"-2018

Нацыянальны фестываль "Маладзечна" ўжо на працягу 28 гадоў з'яўляецца цэнтрам прыцягнення для таленавітых спевакоў, музыкантаў і кампазітараў з розных рэгіёнаў краіны. У гэтым годзе асноўныя мерапрыемствы песеннага форуму прымеркаваны да Года малой радзімы. На фестывальных пляцоўках пачнуць работу выстаўкі "Наша малая радзіма вачамі мастакоў свету" і "Меер Аксельрод. Вяртанне дадому", пройдуць туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбудзецца вечарам на сцэне Летняга амфітэатра Маладзечна. Тут пройдзе прэм'ера канцэрта "Мелодыя лесу", прысвечанага 80-годдзю народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка, у выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Завершыцца фестывальны дзень цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў конкурсу і святочным феерверкам. А на другі дзень паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва запрашае музычна-паэтычная гасцёўня "Малая радзіма – пачатак мой і выток".

Калі: 8–9 чэрвеня
Дзе: Маладзечна, Летні амфітэатр, Палац культуры

Міжнародны open air фестываль "Свята Сонца"-2018

Купалле – адно з самых старажытных, прыгожых і рамантычных свят у народным календары беларусаў. Гэтай таямнічай ноччу збіраюць духмяныя палявыя кветкі, плятуць вянкі і пускаюць іх па вадзе, варожачы на будучыню, скачуць праз вогнішча і спальваюць кола-"сонца", спяваюць меладычныя песні і водзяць карагоды... Акунуцца ў атмасферу свята і паўдзельнічаць у аўтэнтычных абрадах і рытуалах запрашае летні open air фестываль "Свята Сонца"-2018. Для гасцей знакамітага этнаграфічнага музея "Дудуткі" разгорнуцца розныя крэатыўныя зоны: этнапляцоўка (рытуалы, гульні, пляценне вянкоў), горад майстроў (майстэрні і майстар-класы), рамесны кірмаш (творы народных умельцаў – посуд, адзенне, упрыгажэнні, вырабы з ільну) і актыўная пляцоўка для ўзнаўлення самабытных абрадаў, правядзення традыцыйных купальскіх гульняў, а таксама для вячэрняга open air канцэрта і вогненнага шоу.

Калі: 16–17 чэрвеня
Дзе: Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Дудуткі

Фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"

Легендарная рэзідэнцыя князёў Радзівілаў у Нясвіжы адзначае юбілей – 435 гадоў з дня свайго заснавання Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам. Пабываць ва ўнікальным замку, унесеным у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, пранікнуцца атмасферай вялікага мінулага і атрымаць асалоду ад шэдэўраў сусветнага опернага і балетнага мастацтва ў выкананні вядучых артыстаў Вялікага тэатра Беларусі запрашаюць арганізатары штогадовага летняга open air фестывалю "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". Праграма-2018 уражвае разнастайнасцю і ўключае сімфанічныя і камерныя канцэрты, балетныя і оперныя спектаклі... Галоўныя мерапрыемствы форуму пройдуць на розных пляцоўках, сярод якіх Нясвіжскі Фарны касцёл Божага цела, унутраны дворык замка, а таксама замкавыя пакоі – Тэатральная і Гетманская залы.

22 чэрвеня
• Праграма "Беларускі рамантызм". Касцёл Божага цела
• Вечар класічнага балета (балет "Санеты" і фрагменты з балетаў "Лебядзінае возера" і "Карсар"). Унутраны двор замка Радзівілаў

23 чэрвеня
• Канцэрт "Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі". Тэатральная зала замка Радзівілаў
• Канцэрт "Вечар рамансаў Сяргея Рахманінава". Тэатральная зала замка Радзівілаў
• Опера "Травіята". Унутраны двор замка Радзівілаў

24 чэрвеня
• Канцэрт "Мілонга з "Серэнадай" у выкананні вядучых салістаў оперы і струннага квінтэта "Серэнада". Тэатральная зала замка Радзівілаў
• Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі. Унутраны двор замка Радзівілаў

Калі: 22–24 чэрвеня
Дзе: Мінская вобласць, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"

Х Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня"

Фестываль "Берагіня", заснаваны ў 1998 годзе і прысвечаны аўтэнтычнай беларускай культуры і традыцыям іншых народаў, прэтэндуе на ўключэнне ў сусветны рэестр лепшых практык нематэрыяльнай спадчыны. У гэтым годзе самабытны фэст ужо дзясяты раз збярэ ў пасёлку Акцябрскі фальклорныя і танцавальныя калектывы з блізкага і далёкага замежжа, фолк-выканаўцаў і музыкантаў, а таксама рамеснікаў і майстроў традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У праграму-2018 увайшлі спаборніцтвы танцавальных пар, турнір дзіцячых фальклорных калектываў, конкурс музычных інструментальных капэл, выступленні этнавыканаўцаў і груп, майстар-класы па народных песнях і танцах. Таксама ў дні фестывалю пройдуць ужо традыцыйныя святы "Рудабельскае Купалле" і "Рудабельскі кірмаш".

Калі: 20–24 чэрвеня
Дзе: Гомельская вобласць, г. п. Акцябрскі

Джазавыя вечары ля мінскай ратушы

За пяць гадоў – а менавіта столькі радуе сталічных меламанаў і гасцей беларускай сталіцы міжнародны праект "Джазавыя вечары" – ужо стала добрай традыцыяй у прамянях вячэрняга сонца адпраўляцца на плошчу Свабоды паслухаць лепшыя мелодыі ў выкананні віртуозаў з усяго свету. Вось і на гэты раз у самым "сэрцы" гістарычнага Мінска пройдуць тры музычныя вечары, кожны з якіх прысвечаны пэўнай тэматыцы, – "Лацінаамерыканскі джаз", "Традыцыі і сучаснасць", "У джазе толькі дзяўчаты". Чакаецца, што на сцэне ля мінскай ратушы выступяць музыканты з Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, ЗША, Ізраіля і Кубы. Пакуль поўны спіс удзельнікаў і імёны выканаўцаў трымаюцца ў сакрэце, але, несумненна, усіх, хто прыйдзе на гэту канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам, чакаюць яркія выхадныя, незабыўныя сустрэчы і толькі прыемныя адкрыцці.

Калі: 23 чэрвеня, 30 чэрвеня і 7 ліпеня
Дзе: Мінск, плошча Свабоды

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі