ІТ у Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Вядзенне бізнесу | ІТ у Беларусі

ІТ у Беларусі


Развіццё IT-індустрыі, курс на пабудову IT-краіны і пераход да лічбавай эканомікі, а таксама галоўны цэнтр беларускай IT-сферы – Парк высокіх тэхналогій. Лічбы і факты аб самай дынамічнай у развіцці  галіне Беларусі – у матэрыяле.

IT-сфера Беларусі: стаўкі растуць

Гісторыя развіцця інфармацыйных тэхналогій у Беларусі налічвае дзесяцігоддзі. Яшчэ ў савецкі час у краіне была створана моцная школа матэматыкаў, інжынераў, праграмістаў. І, зразумела, гэтыя спецыялісты станавіліся рухаючай сілай самых прагрэсіўных праектаў і ўкаранення інавацый ва ўсе галіны эканомікі.

Прадаўжаючы традыцыі, на гэты час у Беларусі амаль чвэрць ад агульнай колькасці студэнтаў ВНУ атрымліваюць адукацыю па STEM-спецыяльнасцях, у тым ліку каля 70 IT-спецыялізацыях. Не сакрэт, што ў паспяховых IT-кампаніях усяго свету працуе нямала беларусаў розных пакаленняў. Але, вядома, галоўны кадравы патэнцыял сканцэнтраваны ў краіне.

У суверэннай Беларусі IT-індустрыя – самая дынамічная ў развіцці галіна, і з кожным годам ператвараецца ва ўсё больш магутны драйвер эканомікі краіны, сферу стратэгічнага значэння. Беларускай "Крэмніевай далінай" стаў створаны ў 2005 годзе Парк высокіх тэхналогій. Урэшце, адна з яго галоўных асаблівасцей – прынцып экстэрытарыяльнасці, які дае магчымасць рэзідэнтам размяшчаць офіс у любым населеным пункце краіны.

У сусветных і рэгіянальных рэйтынгах, што ацэньваюць дасягненні IT-сектара, Беларусь, ПВТ і кампаніі-рэзідэнты, якія ўваходзяць у яго, усё часцей займаюць высокія пазіцыі. Як і распрацоўкі спецыялістаў з Беларусі нярэдка становяцца прыкметнымі навінамі са свету IT.

Лічбы і факты – коратка

У рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі Measuring Information Society Report, які дае ацэнку развіццю ІКТ, Беларусь займае 32-е месца (2017).

На долю ІКТ прыпадае 6,2 працэнта ВУП Беларусі (па выніках 2019 г.). Беларусь мае намер павялічыць долю сектара ІКТ у ВУП да 7,5 працэнта ў 2025 годзе.

Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце ІТ-паслуг на душу насельніцтва. З 2005 па 2016 год экспарт IT-паслуг і прадуктаў вырас у 30 разоў, а доля IT-экспарту ў агульным аб'ёме экспарту тавараў і паслуг вырасла з 0,16% да 3,25%.

У 2017 годзе экспарт ПВТ упершыню ў яго гісторыі перасягнуў $1 млрд ЗША: аб'ём экспарту склаў $1,025 млрд і вырас на 25% (у 2016 годзе – $820 млн) пры імпарце паслуг $5 млн. Агульны аб'ём вытворчасці Парка высокіх тэхналогій склаў Br2 млрд 153 млн (больш за $1,08 млрд), рост у параўнанні з 2016 годам 20%. У 2019 годзе экспарт ПВТ склаў рэкордныя $2 млрд 195 млн з тэмпам росту 155%. Экспарт Парка высокіх тэхналогій у 2020 годзе перавысіў $2,7 млрд і забяспечыў больш за 20 працэнтаў усяго экспарту паслуг Беларусі. 

Асноўныя продажы беларускія IT-кампаніі ажыццяўляюць на замежных рынках. Больш за 90% вырабляемага ў ПВТ праграмнага забеспячэння экспартуецца: 49,1% – у краіны Еўропы, 44% – у ЗША і Канаду, 4,1% – у Расію і іншыя краіны СНД.

Шэсць кампаній – рэзідэнтаў ПВТ увайшлі ў спіс лепшых правайдараў паслуг аўтсорсінгу (рэйтынг 2017 Global Outsourcing 100): Bell Integrator, Ciklum, EPAM, IBA Group, Intetics і Itransition.

10 кампаній з рэйтынгу буйнейшых сафтверных кампаній свету Software 500 маюць офісы распрацоўкі ў Беларусі: EPAM (107), Bell Integrator (281), IBA (281), Itransition (368), Coherent Solution (393), SoftClub (409), Artezio (416), Intetics (419), Oxagile (456), IHS (482).

Беларускія распрацоўшчыкі аказваюць IT-паслугі буйнейшым карпарацыям і арганізацыям свету (Samsung, HTC, Лонданская фондавая біржа, Сусветны банк, Microsoft, Coca-Cola, Toyota, Google, British Petroleum і інш.).

Мабільныя дадаткі, створаныя рэзідэнтамі беларускага Парка высокіх тэхналогій, выкарыстоўвае звыш мільярда людзей больш як у 190 краінах свету. Сярод іх – Viber, MSQRD, MAPS.ME, Flo і многія іншыя.

Распрацаваная ў Wargaming (беларускі цэнтр распрацоўкі – СТАА "Гейм Стрым") гульня World of Tanks – адна з пяці самых прыбытковых MMO-гульняў свету з больш як 160 млн (2020 г.) зарэгістраваных карыстальнікаў.

Беларусь уваходзіць у нешматлікі "клуб" краін, якія ствараюць суперкамп'ютары.

За першыя два дзесяцігоддзі развіцця IT-індустрыі ў суверэннай рэспубліцы беларускія кампаніі заваявалі рэпутацыю першакласных распрацоўшчыкаў, якія дзейнічаюць пераважна па аўтсорсінгавай мадэлі, але паступова арыенціры змяняюцца.

Сёння сярод галоўных прыярытэтаў – развіццё IT-сферы па прадуктовай мадэлі, прыцягненне ў Беларусь вялікіх сусветных карпарацый, тэхналагічных лідараў IT і – шырэй – лічбавізацыя эканомікі. Пры гэтым стаўка робіцца не толькі на інтэлектуальны патэнцыял айчынных спецыялістаў. Дзяржавай прыняты беспрэцэдэнтныя рашэнні на заканадаўчым узроўні, прызначаныя стварыць у Беларусі самы спрыяльны клімат для IT-бізнесу. А ў перспектыве – ператварыць краіну ў свабодную фінансавую гавань са зручнымі, выгаднымі ўмовамі для тых, хто хоча працаваць і зарабляць.

У красавіку 2017-га, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, кіраўнік дзяржавы паставіў маштабныя задачы. "Штучны інтэлект, беспілотныя аўтамабілі, тэхналогіі блокчэйн, лічбавыя валюты... Наша задача – прадаставіць такія ўмовы, каб сусветныя лідары ў гэтых сферах адкрывалі ў Беларусі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Сёння нашым Паркам высокіх тэхналогій, IT-супольнасцю вядзецца абагульненне лепшай сусветнай практыкі, збіраюцца ўсе ідэі, якія дадуць магчымасць устараніць любыя перашкоды на шляху развіцця IT-сферы", – заявіў Прэзідэнт.

Дэкрэт №8  "Аб развіцці лічбавай эканомікі"

У сакавіку 2018 года пачаў дзейнічаць падпісаны Прэзідэнтам Беларусі і названы экспертамі "рэвалюцыйным" дакумент, які дае сур'ёзныя канкурэнтныя перавагі ў стварэнні лічбавай эканомікі ХХІ стагоддзя і развіцця Беларусі як IT-краіныдэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Яго мэты – не толькі прыцягненне сусветных IT-кампаній і падтрыманне ўнікальнага дзелавога клімату для прадстаўнікоў сферы, але і стварэнне камфортнай абстаноўкі для жыцця людзей ва ўмовах імклівага росту тэхналогій.

Дакумент, што атрымаў неафіцыйную назву "Дэкрэт аб ПВТ 2.0", стаў ключавым для беларускага Парка высокіх тэхналогій, які дзякуючы шырокай дзяржпадтрымцы з'яўляецца адным з прыярытэтаў эканамічнага развіцця краіны. Спецыяльны прававы рэжым тут замацаваны да 2049 года.

Прыняцце дэкрэта абумовіла актыўную цікавасць да ПВТ: за першае паўгоддзе 2018-га ў Парк прыйшло больш за 100 новых рэзідэнтаў – абсалютны рэкорд. Гэтаму садзейнічала і адмена віз для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ.

Эксперты адзначаюць: прыняты дэкрэт адкрывае новыя магчымасці для развіцця інавацый у Беларусі, дасягненняў у самых перадавых сферах ад штучнага інтэлекту да віртуальнай рэальнасці.

Ключавыя перавагі

Пашыраны сферы дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ

Новы дакумент значна пашырыў пералік дазволеных відаў дзейнасці для рэзідэнтаў ПВТ, якія могуць як распрацоўваць ПЗ, так і ствараць уласныя высокатэхналагічныя прадукты з высокай дабаўленай вартасцю. У абноўленым спісе – распрацоўкі ў сферы біятэхналогій, медыцыны, авіяцыйных і касмічных тэхналогій, сістэмы беспілотнага кіравання транспартам, кіберспорт, біржы крыптавалют і многае іншае. Пры гэтым адсутнічаюць абмежаванні на аб'ём выручкі ад дадатковых відаў дзейнасці.

Спецыяльны рэжым ПВТ замацаваны да 2049 года

Дэкрэт прадоўжыў дзеянне спецыяльнага падаткова-прававога рэжыму ПВТ да 1 студзеня 2049 года. Сярод галоўных пераваг – зніжаная (да 9%) стаўка падаходнага падатку, вызваленне ад падатку на прыбытак і ПДВ. Акрамя таго, для заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ і наймаемых на работу замежных грамадзян адменены візы, дазвол на прыцягненне рабочай сілы з-за мяжы таксама не патрабуецца.

Важна! 1 студзеня 2021 г. уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2020 г. №72-З "Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь", які змяшчае істотныя новаўвядзенні.

Згодна з дакументам, уведзена павышэнне стаўкі падаходнага падатку з даходу фізічных асоб, атрыманых па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, рэзідэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і (або) сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", з 9% да 13%. Павышаныя стаўкі будуць дзейнічаць да 1 студзеня 2023 г. Як адзначаюць у Міністэрстве па падатках і зборах, названая мера накіравана на кансалідацыю даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19. Пры гэтым асноўны пакет інвестыцыйных ільгот для рэзідэнтаў ПВТ і "Вялікага каменя" захоўваецца.

Нагадаем, стаўка падаходнага падатку 13% сёння з'яўляецца базавай для ўсіх фізічных асоб Рэспублікі Беларусь.

Легалізаваны крыптавалюты, ICO, смарт-кантракты

З прыняццем дэкрэта Беларусь фактычна стала першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн, першай дзяржавай, якая легалізавала смарт-кантракты. У ПВТ могуць працаваць крыптабіржы і крыптаабменнікі, а ў грамадзян і юрыдычных асоб ёсць магчымасць майніць, купляць, дарыць, абменьваць крыптавалюту. Да 2023 года дзейнасць па майнінгу, набыцці і адчужэнні токенаў для фізічных асоб і рэзідэнтаў ПВТ не абкладаецца падаткамі.

Работа IT-кампаній спрошчана

Дэкрэт №8 стаў сур'ёзным крокам па дэбюракратызацыі IT-бізнесу. Дакумент дазваляе заключаць знешнеэканамічныя здзелкі ў электронным выглядзе з выкарыстаннем інтэрнэту. Таксама рэзідэнты ПВТ маюць права праводзіць аперацыі з электроннымі грашамі без шэрага абмежаванняў. Адменены дазвольны парадак на адкрыццё рахункаў у банках-нерэзідэнтах.

Укаранёна выкарыстанне інстытутаў англійскага права

Юрыдычныя новаўвядзенні таксама закранулі дзейнасць рэзідэнтаў Парка. Дэкрэт дазваляе выкарыстоўваць шэраг інстытутаў англійскага права: канверсоўную пазыку, апцыён і апцыённы дагавор, пагадненне аб неканкурэнцыі і забароне пераманьвання, кампенсацыю маёмасных страт.

Падтрымка IT-адукацыі і падрыхтоўка кадраў для галіны

Беларусь зрабіла стаўку на развіццё IT-галіны і лічбавую трансфармацыю эканомікі, таму якасць падрыхтоўкі спецыялістаў – задача першараднай важнасці. І дэкрэт №8 афіцыйна замацаваў права рэзідэнтаў ПВТ займацца адукацыйнай дзейнасцю ў сферы ІКТ.

Цікава

Штогадовы выпуск ІТ-спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у Беларусі складае амаль 7 тысяч. Іх падрыхтоўку вядзе 21 ВНУ краіны.

Асноўныя пастаўшчыкі ІТ-спецыялістаў у Беларусі:

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі
  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
  • Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт
  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

З 2016 года ў Беларусі па ініцыятыве кампаній-рэзідэнтаў ПВТ і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі запушчаны праект па навучанні школьнікаў 2-6 класаў навыкам праграмавання ў асяроддзі Scratch. І сёння гэту мову вывучаюць тысячы дзяцей.

У 2018 годзе ва Узброеных Сілах Беларусі створана рота інфармацыйных тэхналогій. Яе мэта – распрацоўка праграмнага забеспячэння, спецыяльных і прыкладных праграм сумесна з падраздзяленнямі Ваеннай акадэміі, іншымі навуковымі і навучальнымі ўстановамі. Сярод напрамкаў для распрацовак IT-роты – мадэляванне ваенных дзеянняў, навігацыйнае забеспячэнне, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання і радыёлакацыі і г.д.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі