3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2025 годзе на ЗАТ "БНБК" пачалі перапрацоўку беларускага зерня пшаніцы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Ложачнік.
Адным з дасягненняў 2025 года кіраўнік ЗАТ "БНБК" назваў пачатак супрацоўніцтва з айчыннымі гаспадаркамі па пастаўцы зерня пшаніцы на перапрацоўку. Сыравіна неабходнай якасці ў 2025 годзе закуплялася ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, раней яна імпартавалася з некалькіх расійскіх рэгіёнаў.
"Год 2025-ы быў для нас няпростым, але стабільным. Шмат удалося вырашыць задач, у тым ліку і па пастаўках сыравіны. У бягучым годзе мы нарыхтавалі палавіну зерня пшаніцы неабходнай якасці менавіта беларускай вытворчасці, добра спрацаваўшы з нашымі аграрыямі. Біятэхналагічная вытворчасць загружана на 100 працэнтаў, аграпрамысловая набірае абароты. Вырашылі ў цэлым пытанні пастаўкі беларускага збожжа, аграрыі адгукнуліся, ім гэта цікава. Самае важнае, што гэта можна рабіць у нас у рэспубліцы. Мы падключылі Акадэмію навук, там распрацавалі рэкамендацыі, як гэта збожжа вырабляць. Таксама хачу адзначыць, што ў нашым партфелі партнёраў у 2025 годзе з'явіліся флагманы сельскагаспадарчай вытворчасці, якія сёння закупляюць нашу прадукцыю", - расказаў Сяргей Ложачнік.
У планах ЗАТ "БНБК" - пашырэнне вытворчасці. У прыватнасці, на прадпрыемстве павінна пачацца ажыццяўленне праекта па будаўніцтве трэцяй чаргі: тут з'явяцца заводы як па выпуску амінакіслот, лінейка якіх будзе яшчэ пашырана (цяпер прадпрыемства вырабляе тры віды амінакіслот у чатырох формах), так і іншай прадукцыі.