Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

2 Сак 2015

Тыдзень фінансавай дасведчанасці пройдзе ў Беларусі з 9 па 17 сакавіка

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тыдзень фінансавай дасведчанасці пройдзе ў Беларусі з 9 па 17 сакавіка, паведаміла БЕЛТА начальнік аддзела фінансавай асветы ўпраўлення рэгулявання нябанкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Юлія Саковіч.

Да гэтай падзеі актыўна рыхтуюцца банкі, асацыяцыі фінансавага рынку, іншыя зацікаўленыя арганізацыі. Запланаваны розныя адукацыйныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі ў галіне фінансаў.

Стартуе Тыдзень фінансавай дасведчанасці на Беларускай валютна-фондавай біржы, якая правядзе 9 сакавіка святочную цырымонію адкрыцця таргоў з удзелам дзяцей. Пачатак тыдня будзе азнаменаваны сімвалічным "біржавым" звонам. У 2014 годзе такія цырымоніі прайшлі на валютна-фондавых біржах у 23 дзяржавах свету, у тым ліку на вядучых сусветных біржах: у Нью-Ёрку, Лондане і Бруселі, расказала Юлія Саковіч.

Плануецца, што да правядзення Тыдня далучыцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Нацбанк і БРСМ 13 сакавіка сумесна арганізуюць для беларускай моладзі анлайн-размову на фінансавыя тэмы з равеснікамі з розных краін свету. "Гэта дасць магчымасць прыцягнуць увагу маладых людзей з розных куткоў зямнога шара да тэмы фінансаў, падзяліцца вопытам кіравання асабістымі зберажэннямі. У Беларусі мерапрыемства будзе праходзіць на тэрыторыі навучальных устаноў Мінска", - адзначыла Юлія Саковіч.

У Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі, які адзначаецца 16 сакавіка, на базе Нацыянальнага банка плануецца правесці турнір па эканамічных гульнях сярод студэнтаў.

Яшчэ адной значнай ініцыятывай, запланаванай пасля завяршэння Тыдня, стане трохдзённы навучальны трэнінг па фінансавай дасведчанасці для настаўнікаў устаноў адукацыі Мінска. Педагогі асвояць спосабы арганізацыі і правядзення заняткаў з дзецьмі і моладдзю ад 6 да 18 гадоў, атрымаюць неабходныя навыкі і веды для правядзення факультатыўных заняткаў па фінансавай дасведчанасці. Трэнінг пройдзе 1-3 красавіка ў Нацыянальным банку.

Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі ўпершыню адзначаўся ў 2012 годзе па ініцыятыве некамерцыйнай Міжнароднай арганізацыі фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі CYFI (Children Youth Finance International). Тады яго святкавалі 26 краін, у 2013 годзе - 80, а ў 2014-м - больш за 100. Чакаецца, што ў сакавіку 2015-га да святкавання далучыцца яшчэ большая колькасць дзяржаў. Для Беларусі цяперашнія Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі і Тыдзень фінансавай дасведчанасці - трэція па ліку. Кожны раз у краіне праводзяцца тэматычныя адукацыйныя мерапрыемствы для падрастаючага пакалення.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі