23 верасня, Рыга /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Тавараабарот паміж Беларуссю і Латвіяй па выніках 2010 года можа дасягнуць $1 млрд. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Рызе прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў дакрызісны перыяд дасягаў $2 млрд. Сяргей Сідорскі выказаў упэўненасць, што ранейшы аб'ём адновіцца. За першае паўгоддзе бягучага года тавараабарот дасягнуў амаль $500 млн., і цалкам рэальна давесці гэты паказчык да $1 млрд. да канца года.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, штогод беларускі і латвійскі бакі прымаюць шэраг рашэнняў для пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва, прыцягнення дзелавых колаў у новыя сумесныя праекты. Амаль 300 латвійскіх прадпрыемстваў працуюць у Беларусі і 600 беларускіх прадпрыемстваў функцыянуюць у Латвіі. Яны ўмацоўваюць эканоміку дзвюх краін, забяспечваюць занятасць насельніцтва.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў асаблівую значнасць для латвійскай эканомікі беларускіх экспартных грузаў. Напрыклад, амаль 20 працэнтаў перапрацоўваемых у латвійскіх партах грузаў з'яўляюцца беларускімі. Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку па пастаўках у Латвію сельгастэхнікі, павелічэнню паставак калійных угнаенняў, экспарту кар'ерных самазвалаў.
Шмат для пашырэння беларуска-латвійскіх адносін ужо зроблена, сказаў прэм'ер. Запушчаны сучасны кантэйнерны поезд "Зубр", які злучае Мінск і Рыгу. У далейшым плануецца прадаўжэнне яго маршруту да Эстоніі з падключэннем грузапатокаў з Украіны. Рэгулярна забяспечваюцца і авіязносіны паміж дзвюма краінамі, што вельмі важна для развіцця дзелавога супрацоўніцтва паміж бізнес-супольнасцю дзвюх краін.
Сяргей Сідорскі адзначыў, што Беларусь і Латвія падпісалі шэраг двухбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў сацыяльнай сферы, у тым ліку пагадненне паміж Мінпрацы і сацабароны, Міністэрствам аховы здароўя, Мінфінам Беларусі і Міністэрствам дабрабыту Латвіі аб парадку прымянення дагавора аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Заключана таксама пагадненне паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб супрацоўніцтве ў сферы падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў у магістратуры. Усе гэтыя пагадненні дадуць магчымасць умацаваць адносіны паміж дзвюма краінамі. "Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва выйдзе на больш высокую прыступку, што выгадна дзвюм дзяржавам", - дадаў Сяргей Сідорскі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|