Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

18 Sep 2019

Славакія плануе інвесціраваць 15-20 млн еўра ў сельскагаспадарчы праект у Беларусі

Славакія плануе інвесціраваць 15-20 млн еўра ў сельскагаспадарчы праект у Беларусі

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Славакія плануе рэалізаваць у Беларусі буйны інвестыцыйны праект у галіне сельскай гаспадаркі. Паводле папярэдніх ацэнак, сума інвестыцый можа скласці ад 15 да 20 млн еўра. Аб гэтым паведаміў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі Ёзеф Мігаш да пачатку беларуска-славацкага эканамічнага форуму, які адбыўся сёння ў Мінску ў час Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Адна з тэм (двухбаковага супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА), якая стала актуальнай у апошнія гады, - гэта стварэнне сумесных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Інвестар гатовы, сёння ён будзе гаварыць аб гэтым праекце. Размова ідзе аб Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Калі нам удасца рэалізаваць такі праект, гэта будзе самая вялікая славацкая інвестыцыя. Размова ідзе аб суме прыкладна 15-20 млн еўра", - расказаў пасол. Такое буйное фінансаванне абумоўлена тым, што інвестару неабходна будзе стварыць інавацыйную тэхналагічную базу.

Паводле слоў Ёзефа Мігаша, сёння гэта пытанне абмяркоўваецца ўжо на ўзроўні віцэ-прэм'ера, губернатараў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. "Шчыра кажучы, перагаворы няпростыя, паколькі такога аб'ёму інвесціравання ў сельскую гаспадарку яшчэ не было ў Беларусі", - прызнаўся пасол. Ён адзначыў, што перш чым прыняць канчатковае рашэнне, бакам трэба ўсё добра прадумаць і ўзважыць, выбудаваць бізнес-планы.

У беларускага боку, паводле слоў дыпламата, ёсць пэўныя ўмовы. У прыватнасці, захаванне рабочых месцаў, а таксама сельскагаспадарчага профілю. "Славацкі бок гатовы выканаць гэтыя патрабаванні, і я спадзяюся, калі ўсё гэта ўдасца, можна будзе араць і сеяць ужо вясной", - падкрэсліў Ёзеф Мігаш.

Што датычыцца іншых напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння, то на сёння ў славацкага боку ёсць шэраг мікрагрантаў, якія звязаны з гуманітарнай дзейнасцю, сацыяльнымі пытаннямі, адзначыў пасол. Так, напрыклад, будуць рэалізаваны праекты па аказанні дапамогі школам і іншым дзіцячым адукацыйным установам у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Намеснік міністра замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Парызек Лукаш таксама адзначыў добрыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы з Беларуссю. "У вас вялікі вопыт у гэтай галіне. Таксама Беларусь вядома сваімі IT-спецыялістамі, таму і ў гэтай галіне я бачу патэнцыял", - дадаў ён.

Беларуска-славацкі эканамічны форум быў арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з пасольствам Славакіі ў Беларусі і Славацкім агенцтвам па развіцці інвестыцый і гандлю (SARIO). Яго ўдзельнікі разгледзелі перспектывы двухбаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, інструменты падтрымкі бізнесу і інвестыцый. Былі прадстаўлены паспяхова рэалізаваныя інавацыйныя праекты, падпісаны дакументы. Прадстаўнікі кампаній Беларусі і Славакіі правялі перагаворы аб супрацоўніцтве ў сферах машынабудавання, харчовай, хімічнай прамысловасці, экалогіі і энергазберажэння, дрэваапрацоўкі, энергетыкі, вытворчасці сістэм вентыляцыі і кандыцыянавання паветра, электрамантажных работ і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі