Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

13 Врс 2017

Серыйную вытворчасць рухавікоў на заводзе "МАЗ-Вейчай" запусцяць да канца 2018 года

13 верасня, Смалявіцкі раён /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Серыйная вытворчасць рухавікоў на сумесным прадпрыемстве ТАА "МАЗ-Вейчай", якое Мінскі аўтазавод і кітайская кампанія Weichai Power пабудуюць у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", будзе запушчана да канца 2018 года. Аб гэтым паведаміў журналістам пасля цырымоніі закладкі першага каменю на месцы будаўніцтва завода генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелаўтаМАЗ" Дзмітрый Кацярыніч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На новым заводзе, які размесціцца на тэрыторыі 2,5 га, будуць выпускаць дызельныя рухавікі для грузавікоў, спецмашын і аўтобусаў. "8 лістапада 2018 года будзем адкрываць завод, у гэтым жа месяцы будзе выпушчаны першы рухавік. Серыйная вытворчасць пачнецца да канца 2018 года", - сказаў Дзмітрый Кацярыніч.

Ён таксама адзначыў, што МАЗ цяпер - адзін з нямногіх вытворцаў у галіне машынабудавання, які не мае ўласных рухавікоў. "Мы перайшлі да выпуску аўтамабіляў класаў Еўра-5, Еўра-6. Такім аўтамабілям неабходны добрыя сэрвіс і дыягностыка, для гэтага трэба затрачваць вялікія рэсурсы на закупку дыягнастычнага абсталявання. Не маючы ўласнага рухавіка, мы нясём вялікія рызыкі. Будзем разглядаць пытанне аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці не толькі рухавікоў, але і ўсяго сілавога агрэгата", - сказаў Дзмітрый Кацярыніч.

Што датычыцца фінансавання стварэння СП, генеральны дырэктар адзначыў, што, папярэдне, доля МАЗа складзе 30 працэнтаў, сродкі кітайскай кампаніі - 70 працэнтаў. "Мы пайшлі па шляху стварэння вялікага статутнага фонду - $20 млн", - дадаў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін адзначыў, што для МАЗа стварэнне вытворчасці рухавікоў - стратэгічны праект. "Будуць створаны ўсе ўмовы для таго, каб увесці завод у эксплуатацыю ў тэрмін - у лістападзе 2018 года", - запэўніў ён.

Сумеснае прадпрыемства стане рэзідэнтам індустрыяльнага парка і тым самым атрымае прадугледжаныя льготы і прэферэнцыі. Праектная магутнасць завода складзе ад 20 тыс. матораў у год. Першапачаткова прадпрыемства будзе працаваць у адну змену, а калі дасягне гадавога аб'ёму ў памеры 10 тыс. агрэгатаў, пяройдзе на двухзменную работу. Магутнасць агрэгатаў складзе ад 220 к.с да 460 к.с. Маторы будуць больш надзейнымі і трывалымі, чым аналагі: змогуць без рамонту прапрацаваць як мінімум 1,2 млн км прабегу. Аснашчаныя імі грузавікі будуць бясплатна праходзіць тэхабслугоўванне пасля 40 тыс. км - супраць 30 тыс. км у аўтамабіляў з маторамі іншых брэндаў.

СП зможа поўнасцю забяспечыць патрэбнасці Мінскага аўтазавода ў дызельных агрэгатах. Амаль 30 працэнтаў матораў плануецца экспартаваць.

На першым этапе камплектуючыя будуць пастаўляць толькі з Кітая. У далейшым вытворчасць паэтапна лакалізуюць. У Беларусі спачатку пачнуць ствараць знешнія элементы рухавікоў, навясное абсталяванне і аксесуары. У далейшым лакалізацыя закране і базавыя дэталі рухавіка, механічную апрацоўку якіх будуць ажыццяўляць беларускія прадпрыемствы.

Мінскі аўтазавод заснаваны ў 1944 годзе. Прадпрыемства ў рэжыме поўнага вытворчага цыкла выпускае грузавую, пасажырскую, прычапную і спецыяльную тэхніку. Усяго на заводзе распрацавалі і збіраюць больш за 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый аўтамабіляў, звыш 55 мадэлей прычэпаў і паўпрычэпаў.

Першы завод Weichai Power быў заснаваны ў 1946 годзе ў кітайскім горадзе Вэйфан. Цяпер на прадпрыемстве працуюць больш за 12 тыс. супрацоўнікаў, уключаючы 2,5 тыс. інжынераў. Магутнасць вытворчасці - 900 тыс. рухавікоў у год. Кампанія выступае адным з буйнейшых у свеце вытворцаў матораў для грузавых аўтамабіляў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі