20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам аб аперацыі па затрыманні зламыснікаў, якія займаліся незаконнай дастаўкай цыгарэт за граніцу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кубракоў (міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. - Заўвага БЕЛТА) мне далажыў аб завяршэнні аперацыі. Яны затрымалі пяць нашых беларускіх кантрабандыстаў непасрэдна на граніцы. Нашы знялі дом пустуючы - у некага са сваякоў купілі, заплацілі нейкія капейкі. У гэтым доме - пачкі цыгарэт, балон, якім запраўлялі, зонды... Усё для перакідвання. Міліцыя іх затрымала. Бандыты, яны былі асуджаны не адзін раз. Сапраўдныя бандзюганы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.


Размова аб гэтым зайшла ў кантэксце таго, што афіцыйны Вільнюс абвінавачвае Мінск у кантрабандзе цыгарэт з дапамогай метэазондаў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў, што на тэрыторыі самой Літвы знаходзяцца тыя, хто гэтыя незаконныя грузы прымае. Акрамя таго, у перакідванні тавараў з беларускай тэрыторыі задзейнічаны і самі літоўцы. "У мяне пазіцыя: вы санкцыі ўвялі. Цяпер што, мы павінны лавіць гэтых кантрабандыстаў тут, якія наш тавар купляюць за грошы добрыя і перакідваюць людзям, якія маюць патрэбу ў Літве? - задаў заканамернае пытанне беларускі лідар. - Але я абяцаў: мы паглядзім і ў Беларусі, хто тут чым займаецца".
Аляксандр Лукашэнка, прадаўжаючы тэму метэазондаў, звярнуў увагу, што яны наўрад ці могуць паралізаваць работу аэрапортаў. Хоць ад Літвы гучалі заявы аб тым, што шары з кантрабанднымі таварамі нібыта ўплываюць на работу паветранай гавані Вільнюса. "Узляцеў самалёт, чыста ўзляцеў. Відаць, што шарыкаў няма на ўзлётнай паласе. Узляцеў, і ён высока - 10-11 км. А там шарыкі не лятаюць", - падкрэсліў Прэзідэнт. Па гэтым пытанні былі праведзены кансультацыі з пілотамі, якія пацвердзілі, што гэтыя шары не ўяўляюць сабой сур'ёзнай праблемы.