6 лістапада, Мазыр /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць падкрэсліў важнасць правядзення меліярацыйных работ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на адно з актуальных для рэгіёна пытанняў - правядзенне меліярацыі. "Ніхто, ніякі прыватнік сам не будзе будаваць каналы, збудаванні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніхто не будзе, акрамя дзяржавы. Таму мы вельмі моцна ўзяліся за меліярацыю". Перш за ўсё гэта датычыцца аднаўлення меліярацыйных сістэм, якія былі пабудаваны ў савецкія часы. Пачаць такія работы трэба было, вядома, раней, але ўвесь час знаходзіліся нейкія складанасці, у тым ліку фінансавага плана. "Мы вельмі дрэнна часам ставіліся да гэтых пытанняў. І я бачу, ужо зямля прыходзіць у непрыгоднасць - хмызняк, гэтыя каналы (меліярацыйныя. - Заўвага БЕЛТА) зарастаюць. Давялося штурмам браць і гэта пытанне. Таму меліярацыя - гэта пытанне галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, накіроўваючыся з Мінска ў Гомельскую вобласць, агледзеў з верталёта, як ідуць справы з культурай земляробства, у якім стане знаходзяцца землі і сельгасугоддзі, і ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным. "Не магу ні да чаго прыдрацца, акрамя таго, што ў нізкіх месцах кінулі палі і не араце. Гэта дрэнна", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што не задзейнічанымі ў абарот, па сутнасці - кінутымі, застаюцца нават участкі 5-10 гектараў, і гэта ў той час, як дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў меліярацыю дзеля таго, каб зрабіць землі прыдатнымі для сельскагаспадарчай дзейнасці.
Прэзідэнт папярэдзіў, што на гэтым яго "інспекцыя" раёнаў Гомельскай вобласці не завершана: "Я яшчэ пагляджу тут усе раёны. І Ельскі, і Нараўлянскі, і туды, на поўдзень, - Лельчыцы. Я пагляджу, як людзі працуюць".