20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентаваў вучоных і работнікаў вытворчасці на сумесную дзейнасць з абавязковымі канкрэтнымі вынікамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 20 лістапада, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У мяне з вамі сёння кароткая, мужчынская размова, - папярэдзіў Прэзідэнт, звяртаючыся да новых кіраўнікоў ДКНТ, ВНУ і МТЗ. - Настаў час канкрэтных спраў". Дзейнічаць, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба згодна з прынцыпам "прыйшлі, убачылі, далі вынік". Тады можна весці размову і аб заслужаным узнагароджанні. "Дастань і пакладзі (гэта значыць прадастаў вынік. - Заўвага БЕЛТА) - атрымай столькі, колькі захочаш. Але калі няма чаго дастаць, няма аб чым і размаўляць", - вобразна растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
"Я вельмі хацеў бы, каб у вас быў вынік. Ва ўсіх. І ў вучоных, і ў работнікаў вытворчасці. А лепш - разам", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў пра нядаўнія звароты да яго наконт павышэння статусу вучоных у краіне і неабходнасці нейкіх рашэнняў з боку дзяржавы для гэтага. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што статус вучонага залежыць перш за ўсё ад дзейнасці самога вучонага. І калі яна эфектыўная, значная, то гэта заканамерна вядзе да росту аўтарытэту і самога вучонага, і тых людзей, з кім ён працуе.
"Вучоны павінен рабіць сябе сам, - упэўнены беларускі лідар. - Калі вучоныя заўтра (у ходзе намечанай вялікай размовы Прэзідэнта з прадстаўнікамі навуковай грамадскасці. - Заўвага БЕЛТА) прыйдуць з завываннямі і філасофіяй, што трэба статус павысіць, яшчэ нечага - лепш да мяне не хадзіць".


Такі ж прынцып прымяніны і ў адносінах да прадстаўнікоў вытворчай сферы. "Тое ж магу сказаць пра такія кампаніі, як МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" і гэтак далей. Ідзіце да вучоных. Без навукі вы не будзеце рухацца. Стаўце перад імі задачы, заказвайце свае распрацоўкі, фарміруйце праграмы - і патрабаваць будзем з вучоных", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
У тым, што датычыцца агульнай каардынацыі навуковай дзейнасці ў краіне, усе рашэнні прыняты, сістэма створана, гэтыя функцыі ўскладзены перш за ўсё на ДКНТ, які можна назваць своеасаблівым камітэтам дзяржкантролю ў навуцы. "Нічога выдумляць не трэба. А то некаторыя ўжо адышлі ад навукі (накіраваліся так, што іх адышлі адтуль), і яны цяпер гатовы выбудоўваць вертыкаль і кіраваць. У нас ёсць ДКНТ для таго, каб фарміраваць практычныя задачы перад вучонымі, фінансаваць і патрабаваць. Ажыццяўляйце кантроль, арганізацыю, кіруйце і давайце вынік", - паставіў задачы Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб перастаноўках у кіраўніцтве ДКНТ і назначэнні старшынёй Дзяніса Каржыцкага, які працаваў раней на пасадзе першага намесніка, Прэзідэнт абазначыў некаторую насцярожанасць: "Мы прыйшлі да высновы, што цяперашні кіраўнік не спраўляецца, яго трэба замяніць. А першы намеснік, ён што, да таго, што адбываецца ў ДКНТ, не мае дачынення? - спытаў кіраўнік дзяржавы. - Вы маеце непасрэднае дачыненне да тых правалаў і вялікіх перамог, якія сёння ў ДКНТ. Я прашу гэта мець на ўвазе. І ніякіх разважанняў, што там быў кіраўнік, а я вось на другіх ролях, таму не адыгрываў ніякай ролі, быць не можа".
"Вы вучоны чалавек, вы эліта нашага грамадства. Калі бачылі, што недзе нешта не так, на сваёй пасадзе першага намесніка вы павінны былі інфармаваць і стукацца ва ўсе дзверы, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Запомніце, гэта вам урок як маладому чалавеку". Цяпер у новага кіраўніка ёсць усе магчымасці праявіць сябе, і ад яго чакаюць канкрэтных вынікаў. "Не справіцеся - нідзе не ўладкуецеся ў краіне і за мяжой. Вось адзінае, што я вам скажу", - папярэдзіў Прэзідэнт.